Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Народны цар Іванка, — шапнуў мне Пятрусь, паказваючы на яго вачыма.
Кажа, што Іванка. Але ж на партрэтах малады. А тут зусім стары: твар маршчыністы, галава лысая.
— Чаму цар тут стары? — вырвалася ў мяне ўголас.
Пан Бадзей штурхнуў мяне ў бок.
— На партрэтах яго вялікасць намалявалі такім, якім быў у маладосці.
Вось як прыдумаў гэты народны цар! Хоча, каб болей любілі яго, няйначай. Бач, які карцёжнік. Лупіць картамі па стале, не зважае, што мы стаім.
— Давай!
Справа ад цара сядзеў маленькі дзядок. Такому толькі за кій трымацца. І галава, і рукі трасуцца.
— Галоўны міністр, — шапнуў пан Бадзей. — Сёння яму сыплюць. Будзе дурнем.
Міністр. Ды яшчэ галоўны. Яму на цёплай печы сядзець, а не кіраваць. Няўжо на такую пасаду маладзейшага не знайшлі?
— Сып! — зноў крыкнуў народны цар Іванка.
— Я дам. У мяне валет бубей, — прагаварыў тонкі, як жэрдка, мужчына, які сядзеў злева ад народнага цара Іванкі.
— Пан палкоўнік Катовіч. Начальнік нашага прафілакторыя, — прамовіў пан Бадзей.
— Якога прафілакторыя? — запытаў Пятрусь.
— Таго, дзе прафілактыку праходзяць. Убачыш. Не хвалюйся.
Я ведаў, што ў нас ёсць нямала прафілакторыяў, якія розныя прадпрыемствы будуюць для сваіх рабочых. Там можна і адпачываць, і лячыцца. Няўжо і ў іх падобныя? Не верыцца.
— Прыме. Наш галоўны міністр прыме, — затросся ад смеху народны цар Іванка.
Сыплюць і сыплюць. Не шкадуюць. Няшчасны дзядок ледзь паспявае забіраць.
— Давай! Давай! Або грай, або грошы аддай, — усклікнуў народны цар Іванка.
А пан Катовіч ляпнуў картай па стале.
— Даю. Туз у мяне.
Дуюць у адну дудку. І нашто гэты дзядок сеў з імі гуляць? Ён, напэўна, картаў не бачыць. Вочы чырвоныя, слязяцца. А народны цар Іванка і пан Катовіч чамусьці толькі да яго ходзяць.
— Дурань! Дурань! — галёкнуў на ўсю залу народны цар Іванка.
Пан Катовіч падскочыў.
— Хто? Я?
— Наш галоўны міністр дурань! — запляскаў у ладкі народны цар Іванка.
— Дурань! Дурань! — падхапіў пан Катовіч. Гарлапаняць, нібы канец свету. Народны цар
Іванка аж цвіце ад радасці. Відаць, гэтак жа радаваўся, калі па ягоным загадзе першага сабаку пастрыглі.
Галоўны міністр хацеў устаць з крэсла, ды не змог, упаў.
— Ваша вялікасць народны цар Іванка, — прамармытаў ён.
— Што?
У зале стала ціха-ціха. Пан Бадзей прысеў, а пан Катовіч уціснуўся ў крэсла.
— Я — дурань? — усхліпнуў галоўны міністр.
— Яшчэ які дурань. Набіты.
— Я верай і праўдай служыў. Я стараўся. Я з сіл выбіваўся. я…
— Ты прайграў. А мы дамовіліся: хто прайграе, той будзе з мядзведзем барукацца. Сядзіць Мішка ў клетцы, чакае цябе. Тры дні не кормлены. Ідзі, пабарукайся з ім. Калі пастараешся, то адужаеш. Пан Катовіч, як ты
— Адужае. Мядзведзя тры дні не кармілі, а галоўны міністр сем разоў на дзень есць.
Народны цар Іванка ўсміхнуўся.
— Твая праўда. Мядзведзь ад голаду з ног валіцца.
Што ж яны кажуць? Галодны мядзведзь, як відаць, зусім раз'юшыўся. Пацяшаюцца з дзядка.
— Ваша вялікасць народны цар Іванка, — усхліпнуў галоўны міністр, — я верай і праўдай служыў і яшчэ паслужу.
— А хто нядаўна казаў, што мяне з трона трэба зваліць? Хіба не ты?
Галоўны міністр споўз з крэсла, упаў на калені.
— Спаў я. Праз сон вырвалася. Язык без касцей. Пан Катовіч падслухаў. Ведаю. Ён мяне падкусіў. Людзі спяць, а ён ходзіць, прыслухоўваецца.
Пан Катовіч сядзеў бы каменны. Ніводзін мускул не здрыгануўся на твары. Уявілася, як ноччу крадзецца да ложка, на якім спіць галоўны міністр. Вакол ціха, а ён падыходзіць на дыбачках, крывая ўсмешка на вуснах. Галоўны міністр шэпча праз сон: «Трэба зваліць з трона народнага цара Іванку. Сам сяду». Не бачыць, хто побач.
Зразумела, чаму народны цар Іванка так хацеў яго дурнем зрабіць. Не сёння задумаў на пагібель паслаць. Ды не паказвае, што помсціць. За стол небараку пасадзіў, прымусіў у карты гуляць.
— Ваша вялікасць!.. — загаласіў галоўны міністр.
Народны цар Іванка паморшчыўся, як ад зубнога болю.
— Стражнікі! Забраць. Да мядзведзя ў клетку.
У залу ўляцелі два стражнікі ў шырокіх шараварах, падхапілі галоўнага міністра пад рукі, павалаклі. Ён хацеў нешта сказаць, але стражнікі кулакамі па спіне і за дзверы.
— Каго галоўным міністрам прызначыць? — звярнуўся народны цар Іванка да пана Катовіча.
Пан Катовіч апусціў вочы.
— Не асмельваюся сказаць… Я стараюся… Не, не асмельваюся… Ніхто так не стараецца, як я.
— Цябе і прызначаю.
Пан Катовіч падскочыў з крэсла, схапіў народнага цара Іванку за руку, пацалаваў.
— Не спадзяваўся. Не думаў. Апраўдаю ваш давер. Я вас і ў сне буду славіць. Ваша вялікасць!.. Рады старацца. Вельмі рады.
— Сядай. Каго ж на тваё месца прызначыць, начальнікам прафілакторыя? Сядай, сядай…
Пан Катовіч сеў на самы краечак крэсла.
— Можна пана капітана Бадзея.
Пан Бадзей, як пачуў гэткае, дык аж галавою страсянуў.
— Пана капітана? — прагаварыў народны цар Іванка.
— Яго, ваша вялікасць. Ён пастараецца. Ён гэтых хлопчыкаў злавіў. Мы іх на прыцэл узялі, калі яны толькі ў наш горад увайшлі. Мы данеслі вам. Вы загадалі, каб іх сюды прывялі. Вы іх пакуль не дапытвалі. Вы таго дурня хацелі дурнем зрабіць. А пан капітан пастараецца.
— Пан Бадзей у нас прасіў, каб далі торбу золата. Абяцаў, што адпусціць, — прамовіў Пятрусь.