Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Некаторыя з вас хочуць уцячы. Калі сабака ўцякае, то яго прывязваюць. Так прывязваюць, каб не сарваўся. У добрага гаспадара заўжды добры аброжак і добры ланцуг. У нас таксама гэткага дабра хапае.
Я з нянавісцю глядзеў на яго. Выматвае кішкі. Лічыць, што мы сабакі. «Сам ты сабака. Астрыжаны і бясхвосты», — рупіла крыкнуць мне. І абавязкова крыкнуў бы, калі б на пляц, засопшыся, не ўляцеў Сіні Нос.
— Паэт Карней ідзе, — гукнуў ён. — Будзе свае вершы чытаць.
Пан Бадзей ураз перамяніўся. Ягоны твар выцягнуўся, як лісіная морда.
— Сам паэт Карней ідзе. Хоча пацешыць
З-за рога барака паказаўся паэт Карней. Пан Бадзей пайшоў яму насустрач.
— Добры дзень паэту Карнею, — здаля прывітаўся.
А паэт Карней у адказ:
— Добры дзень пану Бадзею. Слаўлю, слаўлю гэты час, калі ўбачыў вас.
Пан Бадзей усміхнуўся, нібы яму зорку з неба дасталі, далі.
— Паэт Карней без вершаў не можа жыць.
— Хоць нялёгка ношка гэта, ды радзіўся я паэтам, — прагаварыў паэт Карней.
Пан Бадзей узяў яго пад руку, падвёў да нашай калоны. Паэт Карней выняў з кішэні хусцінку, выцер успацелы лоб.
— Дарагія мае! Суайчыннікі! Вы, вядома, ведаеце мяне. Ведаеце?
У адказ дружна запляскалі ў ладкі.
— Дзякую, дарагія! Дзякую, суайчыннікі! Я прыйшоў да вас, каб прачытаць свае вершы. Паслухайце верш-карацельку.
Слава, слава валадарам, Бо даюць свабоду вам.Паэт Карней думаў, што зноў запляскаюць у ладкі. Ён нават уперад падаўся, прыслухоўваючыся. Але людзі стаялі моўчкі, апусціўшы вочы. Нават такія, як каратканогі даносчык.
Паэт Карней азірнуўся, як воўк, якога абклалі.
— Прачытайце яшчэ верш-карацельку, — падахвоціў яго пан Бадзей. — Не дайшло да іх.
Паэт Карней адным духам выпаліў:
Радуйся, народ. Капай агарод, Каб расло, буяла, Каб спела, красавала.На гэты раз запляскалі ўсе як адзін. І я пляскаў, не шкадуючы далоняў. Смешным здаўся мне гэты вершык. Смешны быў і паэт Карней, які яго прыдумаў.
Калі ў калоне крыху супакоіліся, паэт Карней аб'явіў:
— Цяпер прачытаю верш, прысвечаны вашаму прафілакторыю.
Зноў людзі апусцілі вочы. А паэт Карней, не заўважаючы гэтага, усклікнуў:
Вы народ, і я народ, Хоць вам жывецца без клапот. Ноччу вам даюць паспаць, Днём пускаюць пагуляць.Во дае! Цэлым народам сябе лічыць. І як такое ўлезла яму ў галаву? Лічыць, што тут жыццё бесклапотнае, што гуляем, нібы па праспекце. Вось каб сам пахадзіў па вострых каменьчыках. У некаторых нявольнікаў усе падэшвы ў крыві. Зноў ноччу будуць стагнаць. Складае свае вершыкі, лежачы ў ложку.
І насмажаць, і навараць, І у лазні вас папараць. Вас пускаюць загараць, ТварыкНе сонцу, а пану Бадзею. Каб рэзнуў. Насмажаць, навараць… Яго б сюды хоць на адзін тыдзень. Пайшоў бы па розум у галаву, калі б пасмактаў хвост ад селядца.
А прырода тут такая, Што проста вочы адбірае. Ветрык ціха тут бяжыць, Не шалее, не крычыць. Пан Бадзей вас дужа любіць, Калі трэба, прыгалубіць. Пра сябе зусім не дбае: Доля ў беднага такая.Пан Бадзей заківаў галавою. Цікава, што паэт Карней папросіць у яго за свае вершыкі? Проста так не прывык чытаць. Мабыць, мы сёння і хвастоў ад селядцоў не ўбачым.
Трэба й вам яго любіць, Трэба й вам ім даражыць. Не бурчаць і не спрачацца, А прыязна ўсміхацца. Вось і я ўсю ноч стараўся, Калі верш пісаць узяўся. Але ўсё-ткі напісаў, Ад душы вам прачытаў.— Ура паэту Карнею! — загарлапаніў пан Бадзей.
— Ура-а!.. — падхапілі стражнікі.
І ў нашай калоне найбольш старанныя закрычалі:
— Ура-а!..
Паэт Карней паднёс да вачэй хусцінку.
— Дарагія мае! Суайчыннікі! Цяпер пра сваё жыццё раскажу, сваю біяграфію вам абмалюю.
Памятаю сябе, калі яшчэ быў немаўляткам. Усе дзеці плачуць як прыйдзецца. А я плакаў па-асабліваму, у рыфму. Пасля сваімі ножкамі патупацеў. І таксама пачаў хадзіць не так, як усе, а ў рыфму.
— А яму някепска жывецца. У рыфму, — заўважыў Пятрусь.
— Неўзабаве першы верш напісаў і на ўвесь горад праславіўся. Нялёгка пісаць вершы. Асабліва цяжка рыфму падабраць. Не верыце? Падбярыце рыфму да слоў «гэй, гэй, гэй».
Здзівіў нас паэт Карней. Немаўляткам у рыфму плакаў, вучыўся хадзіць у рыфму. А цяпер просіць, каб да слоў «гэй, гэй, гэй» рыфму падабралі. З гэтых жа слоў пачынаецца карацелька, якая на прафілакторыі. Кожны нявольнік яе бачыў.
— Ну, што? Цяжка падабраць рыфму? — сказаў паэт Карней. — Вершы складаць — не тварыкі сонцу падстаўляць.
— Не бойся ты чарцей, — гукнуў Пятрусь.
— Вельмі кепска, — скрывіўся паэт Карней. Не даспадобы, што Пятрусь рыфму падабраў.
Яму думаецца, што мы з каменнага веку.
— Няхай жыве Карней, — крыкнуў каратканогі.
Паэт Карней увесь засвяціўся.
— А гэта някепска.
Вельмі захацелася мне, каб ён горкую пілюлю праглынуў. Фанабэрыцца. Стаіць, як певень. Калі б было пер'е, то распусціў бы. Што ж зрабіць? Абазваць? Непрыгожа. А калі верш пра яго скласці, каб пачынаўся з гэтых «гэй, гэй, гэй»? Зноў скрывіцца. Трэба скласці, трэба. Ага, нешта рыфмуецца… Зараз паскачаш.