Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Аднекуль музыка палілася, прыпеўкі… І памролася, што па прыступках ад Палацу культуры да яго батлейшчык колішні Болбут збягае, бадзёра адмерваючы ап'янелы спеў:

Я й казак, я й гуляк, Што здабыў, то й прапіў. А сарочку вошы зьелі Ды і ту прапіць хацелі…

І тады ён вочы заплюшчыў, і знік Болбут…

Перад ім і Ігнатоўскім зноў старац Вярхоўскі сядзеў.

–  А ці прыгадаеце, як раней Слуцак выглядаў? — гэта цяпер Ігнатоўскі спытаў.

–  Чаму ж не… Апавядалі мне, ды і мапы даўнія бачыць даводзілася… Вот, скажам, у Слуцак вы з захаду Нясвіжскім трактам уязджалі б… З правага боку за Случчу пушча разлягалася. Туды на паляванні князі выбіраліся.

А ў 1826-м вялікая бура пушчай пракацілася. Во-то дрэваў наваляла! І тады местачкоўцам дазволілі вывозіць вываратні. Так пушчу хутка зноў ачысцілі. Дык вось… (Старац нагу пакратаў — зацякла, пэўна). Далей тым Нясвіжскім трактам вы б у прадмесце Трайчаны ўехалі б. Назву сваю яно ад кляштару Святой Троіцы атрымала. Йшчэ там рачулка Тройча колісь цякла ў Случ… Пасярод вялікага пляцу, агароджанага разложыстымі дрэвамі, узвышалася мураваная царква Святога архід'якана Сцяпана. Купалы зіхоткія мела… Дзве вежы. У царкве — золатам абрамлены іканастас. Праваруч — труна княжны Сафіі Радзівілавай, апошняй з дому Алелькавічаў. На вечку надпіс па-беларуску быў:

«Сафія, княгіня Слуцкая і Капыльская, Альгердавага племені, прыставілася 1612 року».

Бліжэй да іканастасу, у неглыбокай мармуровай нішы — трумэнка Габруэла, закатаванага праз ў мястэчку Заблудаве. Ягонае цела, сколатае й прабітае, выслалі ў Слуцак… Народ наш ушаноўваў памяць княжны Сафіі й дзіцяці-мучаніка. У часы лютых хваробаў случакі святымі мошчамі-парэшткамі абносілі горад, молячы нябёсы аб заступніцтве…

Злева ад царквы стаяў драўляны палац для рэзідэнцыі біскупа. Пры мне біскупства перанеслі ў Менск, а ў палацы тым месціліся кіраўніцтва рускай семінарыі і бібліятэка. А за царквой, над ракою — старажытная званіца з адным вялікім і некалькімі малымі званамі. Набажэнствы ў Святой Троіцы праходзілі вельмі святочна. Голас вялікага Трайчанскага звону разліваўся далёка па рэчцы, і ягонае дабравесце дапаўнялі ўсе храмы места! А на свята Тройцы туды збіраўся люд з усяго горада й ваколіцаў. Хор царкоўны спяваў… Кірмаш ладзіўся… Будынак духоўнай семінарыі і праваслаўны манастыр і цяперака стаяць. Манастыр — праўда ж? — незвычайны, — як палац у вялікім горадзе! [9]

9

 Праз некалькі гадоў і будынак духоўнай семінарыі, і Траецкі манастыр ператвораць у казармы для пяхотнага палка Чырвонай арміі, а пазней - знішчаць.

Праз Трайчаны адзіная вулка йшла. Крыху наўзбоч ад яе праваслаўная семінарыя была. Яе навучэнцы ў местачкоўцаў кватэравалі. А як семінарыю ў Менск перанеслі, дык і Трайчаны абязлюднелі. У 1655 року ў вайну Расіі з Польшчай князь Трубяцкой, выціснуты са Слуцку, спаліў і Трайчаны, і другое прадмесце — Востраў… (Старац Вярхоўскі, бачна было, стаміўся. Папрасіў падаць яму вады. А глытнуў — сілы быццам зноў аднавіліся. Нават гаварыць хутчэй пачаў).

У горад жа дарогі вялі праз чатыры брамы: Віленскую (ці Нясвіжскую), Капыльскую, Астроўскую і Новамейсцавую. Апроч апошняй усе мураванымі былі. З вежамі, адкіднымі мастамі, якія ланцугамі на ноч падымаліся. Астроўская брама ацалела аж да 1835 року, астатнія раней паразбіралі… Сам жа горад колісь авальную форму меў. Доўгім ровам абнесены быў. Валамі землянымі ўзмоцнены, бакштамі. Недзе я змалёўваў старую мапу, то пазней, можа, і знайду, пакажу вам… Пасярод жа, на ўзвышку, — драўляны Замак ганарліва застываў, рэзідэнцыя Алелькавічаў…

Дык во-то ж увойдзем у горад праз Віленскую браму. (Старац раптам вочы заплюшчыў — нібыта ўяўляў сабе, пра што ціхмяным гасцям апавядаў). Злева — дзявочы каталіцкі кляштар Святога Іллі Прарока. За ягонай агароджай — дзве драўляныя цэрквы: летняя, большая, і зімняя… Званіца… Я часта хадзіў да цэркваў тых. З клопатаў пані Кахановічавай летнюю царкву новым іканастасам уаздобілі. На набажэнствах з дзесятак чарніц прысутнічала. Ох, багатым колісь кляштар іхні быў… Алелькавічы нічога не шкадавалі для яго! Затым жа ўрад расійскі ўсё багацце ў казну сваю забраў… У 1852 року большую царкву адцалі ўланам. А ў кляштар пазвозілі манашак-уніятак, якія па скасаванні уніі не схацелі прыняць праваслаўя. Тут яны і паміралі…

Далей па Віленскай вуліцы раскінуліся дворыкі гарадцовых мяшчанаў, пры маіх часах дужа збяднелых. А было, распавядалі, гандаль з Вільняй ды Кіевам вялі. Цяперака ж справу іхнюю Ёкшы й Шмоні ў свае рукі перахопвалі. Раней, пры Рэчы Паспалітай, ім забаранялася купляць пляцы ў некаторых частках горада. Калі ж край пад Маскву забралі, скасавалі той «прывілей». Паволі лепшыя пляцы, двары, рамёствы, цэхі, крамы ў рукі габрэяў пераходзіць пачалі. Прадаваў мешчанін цішком свой дворык, а сам падалей выязджаў, зямлёй пачынаў займацца, за плуг браўся, а то й за чарку… Яшчэ за маёй памяццю жылі нашчадкі Якімовічаў, заможных нашых мяшчан. На Каляды малым бачыў іх

у доўгіх лісіных футрах з брандэбурамі, слуцкімі пасамі падперазаных, у высокіх каўпаках на галаве. Як пройдзе — аж зямля, здаецца, дрыжыць!.. Каля кляштару на Віленскай, знаць, Якімовічы жылі, і гандаль добра вялі. А праз дзесяць рокаў па свеце ледзь не пайшлі, і дом прадалі свой, і маёмасць… (Старац перарваў аповяд. Дакульгаў да старой шафы, утахторанай кнігамі, паперамі, картонкамі. Доўга шукаў штось, затым, разгублена цмокнуўшы, прысеў зручней, галавой пахітаў і зноў працягваў).

Па той жа Віленскай у партыкулярным доме быў тэатр. Выступала там, на маіх вачах шчэ, вандроўная трупа пана Клакоцкага. У адзін з сезонаў далучылася да трупы акторка адна… Стэфаніяй, здэцца, звалі. Дужа ж пекнай была! А як слічна таньчыла!.. У яе закаханымі было не толькі вучнёўства старэйшае, але й некаторыя гімназічныя настаўнікі. Вершы ёй пісалі…

І вось нарэшце мы ў рынак упіраемся. Помню яго застаўленым драўлянымі габрэйскімі крамкамі. Мяшчане ж прадавалі толькі абаранкі, пернікі, макоўнікі, талкачыкі грэчныя, гуркі ды іншую драбноціну… Йшчэ ў 1441 року кароль Казімір Ягелоньчык дараваў гораду Магдэбургскае права, а праз 200 рокаў кароль Ян Казімір яго пацвердзіў і надаў прывілей торгу на два дні ў тыдзень ды два кірмашы ў год. Пры мне на рынку былі два багатыя гандлёвыя дамы Ейны і Таўбэ. Пазней шчэ адзін адкрыўся — яго выйгралі па варшаўскай латарэі, і праз гэта называлі яго Скорабагатым… Во! Пра Ваньку ледзьва не забыў! Рускі купец Ванька наймаў на слуцкім рынку краму. Ён першы пазнаёміў случакоў з чаем і самаварамі! Дываны прывозіў, балыкі з асятрыны, футра вёз…

–  А што гэта — балыкі? — Алесь упяршынь гэтае слова пачуў.

–  Штось кшталту паляндвіцы нашай… Толькі з рыбы. Вой і смашная была! За дзень раскуплялі. На рынку й аптэка была… А далей, калі па той жа Віленскай трымацца, да старога Замка і дойдзем… Таемным, валадарным нечым ад яго праменіла… А на ўзвышку, бліжэй да цытадэлі — праваслаўны Сабор. Яго візантыйскі стыль не можа не зачараваць, сам Сабор не можа не ўразіць. Паглядзіце на яго здалёк — чым не старадаўні рыцар… па грудзі ў зямлі… магутныя плечы-дах сталёвай цвержай абцягнуты… зіхоткі шлем-купал на галаве… аркавыя вокны-прылбіцы… Як затрапеча вецер ліпы вакол яго — то і прымроіцца, што вось-вось сабор-рыцар узварухнецца, закрэхча — і на ногі ўстане! (Вярхоўскі зрабіў доўгую пярэрву і пачаў ужо, быццам час даганяючы, з іншага).

Самуэль Аскерка, пісар, а затым суддзя земскі, які за Яна Казіміра шведаў біў, збудаваў над Случчу, насупраць Замку, драўляны касцёл для бернардынцаў і кляштар. У 1815 року касцёл згарэў, і тады з добраахвотных складак пабудавалі ўжо мураваны касцёл… На тым жа мейсцы. А каля кляштару студня з чысцюткай вадою была. Агарод вялікі, сад, што славіўся грушамі бэрамі. Іх яшчэ бэрнардынкамі звалі, бэры ж — у скароце… Духмяныя, сакавітыя, ого! У Пецярбурзе ўдвая даражэй крымскіх ці іншых якіх каштавалі! А вывозілі садавіны са Случчыны колісь безліч — у год, бывала, на дваццаць пяць тысячаў залатых рублёў… Ага… Збіўся штось я. Гэта ж пра кляштар пачынаў… Пазней яго на казарму перарабілі… А йшчэ крыху вышэй ад рэчкі, к Замку, дзве царквы красаваліся… Уваскрасення Хрыстова і Святой Вялікамучаніцы Варвары. Шчэ далей — фара, ці рымска-каталіцкі касцёл парафіяльны… Ад храмаў тых вуліца да Астроўскай брамы вяла. Наўзбоч яе ліплі дамы гарадчукоў. Справа па ёй ацалелая царква Раства Хрыстовага стаяла. За ёй — драўляны касцёл Святога Духу. Калі мне рокаў з дваццаць пяць было… ужо пры новых маскоўскіх уладах… касцёл разабралі. І Астроўская брама пры мне існавала. Малымі на яе высокую вежу лазіць любілі… А з паўвярсты за брамай той могілкі пачыналіся. Праваслаўныя, з цэркаўкай, каталіцкія з каплічкай і кальвінска-лютаранскія… На ваколіцах, па капыльскіх і нясвіжскіх дарогах, і цяперака курганы высяцца. Лесам толькі паўросталі. Татарчукоў хавалі там. Казалі, што і пракаветныя курганішчы былі сярод іх… А за брамай прадмесце Востраў раскідвалася. Люднае колісь, вясёлае. Яго як удзельнае слуцкаму княжычу Аляксандру перадалі. Пры мне там ужо габрэйскія дамы й корчмы былі. Там і царква драўляная, яшчэ старых часоў, стаяла — Святых Канстанціна й Алены. Паблізу — дом мураваны, колісь ложа франка-масонаў. Там яны на сходкі свае тайна збіраліся… А яшчэ я не ўзгадаў пра Саборную царкву Святога Міколы Цудатворца, каля рынку… А за ёй, бліжэй да Капыльскай брамы — лютаранская кірха… Мураваную сінагогу збудаваў у Слуцку багаты купец Еўна. Апроч яе ў кварталах меншыя ціснуліся…

Калі ж край да Масквы забралі, на паўднёвай частцы горада імператар Павел І загадаў будаваць казармы для вайсковага гарнізону і астрог. Новыя пабудоўцы панаехалі… Калі ж пазней утрымліваць войска ў горадзе перасталі, у гмінах тых месціліся паліцыя, магістрат, кагал, павятовы й ніжні земскія суды, казначэйства… Астрог жа застаўся астрогам. Частка казармы да дому інвалідаў адышла, што ў войнах 1800 - 1815 рокаў пакалечыліся… Апекаваў іх капітан Шахуневіч, з літоўскіх татараў, пачцівы чалавек…

Поделиться:
Популярные книги

Наследник 2

Шимохин Дмитрий
2. Старицкий
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.75
рейтинг книги
Наследник 2

Буревестник. Трилогия

Сейтимбетов Самат Айдосович
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Буревестник. Трилогия

Под Одним Солнцем

Крапивин Владислав Петрович
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Под Одним Солнцем

Секреты серой Мыши

Страйк Кира
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.60
рейтинг книги
Секреты серой Мыши

Газлайтер. Том 2

Володин Григорий
2. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 2

Контракт на материнство

Вильде Арина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Контракт на материнство

Жестокая свадьба

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
4.87
рейтинг книги
Жестокая свадьба

Санек

Седой Василий
1. Санек
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
4.00
рейтинг книги
Санек

Всемирная энциклопедия афоризмов. Собрание мудрости всех народов и времен

Агеева Елена А.
Документальная литература:
публицистика
5.40
рейтинг книги
Всемирная энциклопедия афоризмов. Собрание мудрости всех народов и времен

Случайная жена для лорда Дракона

Волконская Оксана
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Случайная жена для лорда Дракона

Охотник за головами

Вайс Александр
1. Фронтир
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Охотник за головами

Измена дракона. Развод неизбежен

Гераскина Екатерина
Фантастика:
городское фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Измена дракона. Развод неизбежен

Золушка вне правил

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.83
рейтинг книги
Золушка вне правил

Саженец

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Хозяин дубравы
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Саженец