Пляц Волі
Шрифт:
– А накавальню пяленгаваць не развучыўся?
– Ня смейся…
Так Міця Буба стаў палкавым кавалём. І нарадавацца на яго не маглі: і вінтоўку даробіць, і каня падкуе. І сам змяніўся, ажыў нібыта, усміхацца пачаў, заспяваў нават… А аднаго разу Русака перастрэў:
– А ты ж мяне ў паперу не ўпісаў…
– Якую паперу?
– Усіх ты алоўкам перапісваў і подпіс ставіць прасіў!
– А… — Узняў у сподзіве Русак бровы, пачухаў за вухам — і з кішэні аркушык дастаў, прытуліў да дзвярэй. — То як цябе запісваць?
– Гэта… — Міця зніякавела адклаў малаток, неяк разгублена і спалохана стаў выціраць аб нагавіцы далоні, паветра напоўніцу ў грудзі набраў… - Жалязовіч!
Русака як токам працяла.
– Малайчына, браце, малайчына! На вось, падпішыся…
Міця крэмзнуў штось няўмела там, куды паказваў палец Русака, і бадзёра зноў малаток узняў — і так па ўжо астылай загатоўцы мянтоліць пачаў, што з яе ажно іскры пырснулі…
Незвычайна сонечны ранак. Апаў мароз, хоць і пашчыпваў яшчэ за вушы. Доўгія шыхты абодвух палкоў брыгады ўціскаліся ў невялікі семежаўскі рынак і цягнуліся па шырокай вуліцы. Неяк тужліва-ўзрушна і ўадначас велічна на душы. І не ў аднаго яго — тое ж казалі і вочы сяброў. Усё ж правільна зрабіў Русак, што сабраў «папараць-кветаўцаў» супольна: «Разам не толькі бацьку лацьвей біць!»
Ды і больш упэўнена каля яго пачувалася хлопцам: як-ніяк тры гады ў царскай арміі ўнтэр-афіцэрам праслужыў, і на Першым усебеларускім кангрэсе ўдзел браў, і на з'ездзе Случчыны старшыняваў — хоць усяго на нейкіх чатыры гады й старэйшы.
Іх адзьдзел стаяў на тэрыторыі рынку, акурат пасяродку — побач з палкавым сцягам. Алесю й Лістападу трымаць і ахоўваць яго даручылі, і Алесь моцна сціскаў сцягавае дрэўка — нібыта руку Людзіну.
«Ну й малайцы дзяўчаты нашы!» — думаў.
І Бусел поруч стаяў (пасур'ёзнеў яшчэ больш, паспакайнеў — не Клекатун ужо, не!), хлопцы з колішніх «пяцёрак». Сярод іх — і Юрка Харытончык, надзейны і сведамы сябар. Па гадах роўня Русаку, нарадзіўся ён непадалёк ад Грозава. З восені да вясны хадзіў у школу, летам пасвіў кароў. Пасля смерці бацькі сам вёў гаспадарку. У васемнаццаць гадоў застаўся поўным сіратой — з дзвюмя малодшымі сёстрамі. У 1915-м забралі ў войска, прайшоў вучобу і стаў зводным у рангу капрала. У снежні 1917-га, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся дамоў, з сабою прывёз… кулямёт, тры вінтоўкі і рэвальвер. Зброю аддаў у «пяцёрку». Вясной 1919 года зноў патрапіў пад мабілізацыю — ужо бальшавіцкую. З селавым прыгаворам (сірата, апякуе дзвюх меншых сясцёр, трымае гаспадарку, мусіць быць вызваленым ад войска) з'явіўся ў Слуцак да камісара Лебедзя.
– Трэба йсці бараніць свабоду, бо йнакш прыйдуць белыя дзянікінцы, — быў адказ камісара.
І тады й выпаліў упарта Юрка:
– Не пайду — датуль, пакуль апошніх гаспадароў не пабяруць!
– Ах, то ты шабатажнічаеш! — ускіпеў Лебедзь, рэвальвер выхапіў.
– Арыштаваць!
Але мабілізаваныя не дазволілі ўчыніць гэта з сіратою. Юрка падаўся на гарадскі рынак, а там якраз — мітынг супраць бальшавіцкага вайсковага пабору.
– Далоў камуну! Хай жыве вольная Беларусь! — крычалі ў натоўп абураныя юнакі. Абудзіліся й сяляне. Аглоблі ў рукі пабралі (у некаторых і зброя была) — і пабілі чырвоных міліцыянтаў. Непакорцаў утаймавалі толькі два панцырных аўтамабілі, што спешка прыкацілі на рынкавую плошчу…
Пасля гэтага па вёсках пачалі наведвацца карныя аддзелы — вышуквалі «дэзерціраў» і «контраў». У Папоўцах у чэрвені двух хлопцаў злавілі й расстралялі. Абураныя мужчыны ў лес пачалі сыходзіць, у партызанку.
А ў канцы ліпеня палякі ў краі запанавалі. Юрка вярнуўся ў вёску, — а ў хляве ні каровы, ні свіней, — усё ў абоз чырвоны пабралі. Дзякуй Богу, сёстры ў суседзяў перахаваліся…
А з тыдзень таму Юрка Харытончык далучыць да іхняга ланцуга папрасіў і Ўладзю Жылку з братам. І яны побач узбуджана выструньваліся…
Загаварылі прамоўцы — пра становішча ў краі, пра тое, што бальшавікі ў Слуцку ўжо раскашуюць і да іх збіраюцца.
У Семежава прыехалі сябра
Зрабіў даклад і Цярэшчанка, адзначыў вялікі розгалас пачатай случакамі справы, крануўся апісання слуцкага чыну ў газэтах — у прыватнасці, у гарадзенскім «Беларускім слове» (а пазней ад Якубецкага Алесь пачуе і пра апошнія дні Гаруна: у БВК прыйшоў урадавы ліст з кракаўскага вайсковага шпіталя — вестка пра Гарунову смерць. БВК пастанавіла дэлегаваць некага ў Кракаў, каб даведацца пра абставіны смерці песняра й змагара, адшукаць ягоную магілку. Ехаць напрасілася Паўліна Мядзёлка — ейны муж, Тамаш Грыб, эмігрантам жыў у Лодзі. Па звароце Мядзёлка і расказала, што Гарунова магілка — на пахаванні польскіх жаўнераў, на ёй толькі просты драўляны крыж з таблічкаю ўсяго на два словы: «Аляксандр Прушынскі»).
І Русак тады слова казаў, хораша казаў:
– …У Рызе ангельскія й французскія арбітры польска-савецкага канфлікту вырашылі мяжу па рэчцы Лані пазначыць. Зноў новы шнар на целе Бацькаўшчыны нашай будзе! Гэта яшчэ адзін нам напамінак, што лепшую долю сваю мы толькі самі здабыць можам. На чыёсь заступніцтва — няма надзеі! Адраклася ад нас і Польшча, не падтрымала справаю Беларускую Народную Рэспубліку, на некалькі месяцаў раней за саму незалежную Польшчу абвешчаную… Не дадуць паслабкі й бальшавікі — бачыце, як сквапна кінуліся яны займаць пакінутыя землі. Але ж мы ўжо, самі бачыце, сіла! І мы йшчэ паглядзім, хто каго!..
І Русак заспяваў «Ад веку мы спалі», паўслупка цягнуў адзін, а далей - нібыта апамятаўшыся, песню падхапілі дзесяткі іншых галасоў, сотні — і ўзнеслі-акрылілі над асыпаным сонцам мястэчкам.
А пазней і парад адбыўся: люднай вулкай адмаршыраваў узвод «бэвэкоўцаў», заместа пагонаў у якіх былі бела-чырвона-белыя нашыўкі. Расчулены Цярэшчанка, казалі, плакаў…
Назаўтра, 26 лістапада, вырашана было выступаць супраць бальшавікоў. А вечарам «папараць-кветаўцы» (іхні аддзел увайшоў у 2-гі батальён Грозаўскага палка пад камандаваннем штабс-капітана Мацэлі, Алесевага «бліжэйшага» земляка, — Мацэля нарадзіўся ў Малой Млынцы Цароўскай воласці) сабраліся ў адной хаце — і ноч не маглі заснуць. І чакалі змагання — а яно ўсё ж нечаканым падбіралася. І ўсё ўяўным, прытрызненым падавалася, нібыта гульню хлопцы нейкую ўсчынялі…
Тады ж Алесь упершыню загаварыў з Жылкам:
– Гэта ж ты вершы пішаш?
Крыху здзівіўся той, усміхнуўся:
– Спрабую…
– То дай Божа ўсім такія спробы! Гэта ж да цябе Лістапад з Буслом прыязджалі? Гэта ж тваё ў «Беларусі» надрукавана было? — І Алесь гучна - на ўсю хату — задэкламаваў, і бачыў, як сцяліся, баючыся варухнуцца, хлопцы:
Пад штандар бел-чырвона-белы Гартуйся, раць, адважна, смела Адважных, храбрых ваякоў!..Калі ён скончыў чытаць, маўчанне колькі хвілінаў пульсавала ў хаце, за жывое кранулі радкі гэтага ціхмянага хлопца, душу ўсю ўзварушылі. З той хвілі не толькі яны, але — з іх расказаў — і ўсе ў батальёне моцна палюбілі Жылку, павагаю ахінулі.
А ён таго вечара нясмела падзякаваў Алесю, што «Покліч» ягоны запомніў, руку паціснуў — далікатны, невялікага росту, хударлявы, вочы наболеныя, стомленыя…
Боек даўні цяг…