Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Сказаўшы гэта, палажыў далоні на ейнай галаве і, узнёсшы ўгару вочы, багаславіў яе. З аблічча ягонага свяціла надземная дабрыня.

Супакораны Крысп пачаў апраўдвацца: — Зграшыў я супраць міласэрнасці, — гаварыў, — але я думаў: дапушчаючы да сэрца зямную любоў, здрадзіла Хрыста… А Пётр патлумачыў: — Я выракся Яго тройчы, аднак дараваў мне і загадаў пасвіць баранкі свае.

— …І таму, — канчаў Крысп, — што Вініць ёсць аўгустыянінам… — Хрыстус яшчэ цвярдзейшыя сэрцы паконваў, — адказаў Пётр.

На гэта Павал з Тарсу, які дагэтуль маўчаў, паказваючы на сябе, сказаў: — Я той, хто праследаваў і лавіў на смерць слугі Хрыстовыя; я падчас каменавання Сцяпана пільнаваў адзежы тых, што каменавалі; я маніўся выкараніць Праўду па ўсёй зямлі, дзе толькі жывуць людзі, аднак бач — мне прызначыў Госпад, каб шырыў яе на ўсёй зямлі. І я аглашаў яе ў Юдэі, у Грэцыі, на атоках і ў гэтым бязбожным горадзе, калі першы раз як вязень тут прабываў. А цяпер на пакліканне Пятра, майго загадчыка, увайду ў гэны дом, каб схіліць тую гордую галаву да Хрыстовых ног і кінуць зерне ў гэную камяністую раллю, якую ажыццяплодзіць Госпад, каб дала добры ўраджай.

І ўстаў. Крыспу гэны малы гарбаты чалавек паказаўся ў гэтай хвіліне тым, чым быў іставетна — волатам, які зрушыць свет і загорне землі й народы.

XXVIII

Пятроні — Вініцію: «Будзь ласкавы, carissime, не наследуй у пісьмах ані лакадэмонаў, ані Юлія Цэзара. Каб жа хоць так, як ён, мог напісаць: veni, vidi, vici! [43] — разумеў бы йшчэ лаканізм. Але тваё пісьмо канчаткова азначае: veni, vidi, fugi [44] ; а што такі канец справы нясвомы тваёй натуры, што быў паранены ды што ўрэшце дзееліся з табою рэчы незвычайныя, дык пісьмо вымагае тлумачэння. Я вачам сваім не верыў, як прачытаў, што той ліг так лёгка задушыў Кратона, бы каледонскі сабака воўка ў гарах Гіберніі. Той чалавек варты столькі золата, колькі сам важыць, і ад яго толькі залежала б стацца ўлюбенцам цэзара. Як вярнуся дамоў, мушу з ім пазнаёміцца і загадаю выліць яго сабе з бронзы. Рудабароды лопне з цікавасці, як скажу яму, што гэта з натуры. І сапраўды атлетычныя людзі здараюцца і ў Італіі,

і ў Грэцыі штораз радзей; пра Ўсход няма чаго й казаць, а германы хоць рослыя, ды салам налітыя, і больш вялізныя, чым дужыя. Даведайся ад ліга, ці гэта ён адзін толькі такі ў сваім краі, ці ёсць шмат яму падобных. Ануж табе або мне прыйдзецца калісь ех officio [45] рабіць ігрышчы, добра было б ведаць, дзе шукаць асілкаў.

Але хвала багом усходнім і заходнім, што ты застаўся з душою, выйшаўшы з падобных рук. Ацалеў ты напэўна дзеля таго, што ты патрыцый і сын консула, але ўсё, што спаткала цябе, здзіўляе мяне вельмі: і той магільнік, дзе ты прабываў між хрысціян, і яны самі, дый учынак іхні з табою, і пасля ўцёкі Лігіі, і ўрэшце той нейкі сум і трывожнасць, якія веюць з твайго кароткага ліста. Растлумач мне, бо шмат рэчаў не цямлю, а калі праўду любіш, скажу табе адкрыта: не разумею ані хрысціян, ані цябе, ані Лігіі. І не дзівіся, што я, якога па-за ўласнаю асобаю мала што больш на свеце цікавіць, дапытваюся пра ўсё гэта так сквапна. Бо я ж прычыніўся да ўсяго таго, што сталася, дык гэта вось жа й мая справа. Пішы безадкладна, бо не магу прадбачыць, калі ўбачымся. У галаве Рудабародага змяняюцца намеры, бы вясеннія вятры. Цяпер, седзячы ў Бэнэвэнце, мае ахвоту ехаць проста ў Грэцыю і вяртацца ў Рым. Тыгэлін, аднак, раіў яму, каб вярнуўся хоць на кароткі час, бо народ вельмі тужыць па ім (чытай: па хлебе ды йгрышчах) і можа ўзбурыцца. Вось жа, немаведама як будзе. Калі Ахайя пераважыць, дык мо пасля захочацца нам Егіпту.

Раіў бы прыехаць сюды, бо для цяперашняга стану твае душы падарожжа і нашыя забавы былі б лекам, але мог бы нас не застаць. Падумай, аднак, можа, лепш было б супачыць у сваім маёнтку на Сіцыліі, чым сядзець у Рыме. Пішы мне падрабязна аб сабе і — бывай! Ніякіх жаданняў, апрача здароўя, гэтым разам табе не залучаю, на Палукса! Не ведаю, чаго табе пажадаць!»

43

Прыйшоў, убачыў, перамог! (лац.).

44

Прыйшоў, убачыў, збег (лац.).

45

Паводле афіцыйнага абавязку (лац.).

Вініць, атрымаўшы гэны ліст, не меў спачатку ахвоты адпісваць. Меў нейкае пачуццё, што не варта адказваць, гэта на нівошта нікому не прыдасца, нічога не вытлумачыць і нічога не вырашыць. Авалодала ім знеахвота, пустальга і пачуццё марнасці жыцця. Пры тым здавалася яму, што Пятроні ні за што яго не зразумее, ды што іх быццам нешта пачало ад сябе аддаляць. Не мог прыйсці да ладу нат і сам з сабою. Вярнуўшыся з Затыбра ў сваю раскошную інсулю на Карынах, быў яшчэ слабы, зняможаны і ў першых днях быў задаволены з адпачынку, выгоды й дастатку, які акружаў яго. Але хутка пачуў, што ён у паражнечы, а ўсё тое, што да гэтых пор станавіла для яго інтарэс жыцця, або зусім не існуе, або змалела да ледзь прыкметных памераў. Меў такое самапачуццё, быццам у ягонай душы падцятыя тыя струны, якія дасюль злучалі яго з жыццём, а новыя не навязаны. Думка аб Бэнэвэнце і Ахайі ды аб жыццёвых раскошах і шалёных выбрыках не выклікала ніякага смаку. «Пашто? Які мне з таго прыбытак?» — вось былі першыя пытанні, што прасунуліся яму праз голаў. Гэтаксама першы раз у жыцці падумаў: ну а каб паехаў, дык гутарка Пятронія, ягоны досціп, бліскотнасць, яго вымудраваныя сказы, думкі й падбор трапных слоў для кажнае ідэі маглі б яму цяпер быць нуднымі.

З другога боку, пачала таксама дакучаць яму й самота. Усе ягоныя знаёмыя прабывалі з цэзарам у Бэнэвэнце, дык мусіў дома сядзець сам, з галавою, поўнаю думак, і сэрцам, поўным пачуццяў, з якіх не мог сабе здаць толку. Прыходзілі, аднак, іншы раз часіны, у якіх думалася яму, што калі б мог з кімколечы пагутарыць аб усім тым, што з ім дзеецца, дык, можа, сам здолеў бы гэта ўсё судумаць, упарадкаваць ды распазнаць лепш. Пад уплывам тае надзеі па некалькіх днях раздумы пастанавіў, аднак, адпісаць Пятронію і, хоць не быў пэўны, ці пісулю вышле, улажыў яе наступна:

«Хочаш, каб пісаў абшырней, дык добра; ці патраплю ясней, не ведаю, бо і сам не ўмею многіх вузлоў развязаць. Даносіў я табе аб маім побыце сярод хрысціян, аб іх абыходжанні з ворагамі, да якіх мелі права залічыць і мяне і Хілона, урэшце аб спагаднасці, з якою мяне даглядалі, і аб знікненні Лігіі. Не, дарагі, не таму мяне ашчадзілі, што я сын консулаў. Такія рацыі для іх не існуюць, адыж бо даравалі й Хілону, хоць я сам заахвочваў іх, каб закапалі яго ў агародзе.

Гэта людзі, якіх дагэтуль не бачыў свет, гэта навука, якое дасюль не чуў свет. Нічога больш табе аб іх не магу сказаць, і хто б жадаў іх мераць нашаю меркаю — прамахнецца. Скажу табе замест таго, што, каб прыйшлося мне ляжаць з зламанаю рукою дома і каб мяне дагэтуль даглядалі мае людзі або нат мая радня, меў бы, пэўна, большыя выгады, але не меў бы ані паловы такое рупнае спагады, як між імі. Ведай таксама й тое, што Лігія ёсць такою, як усе яны. Каб была маёю сястрою ці жонкаю, не магла б клапаціцца пра мяне чулей. Радасць не раз залівала мне сэрца, бо думаў, што толькі каханне можа натхніць падобнаю чуласцю. Не раз я вывучаў ейны пагляд, выраз твару і, ці паверыш, сярод тых прасцякоў, у сціплай хаце, дзе была разам і кухня, і трыклініюм, пачуваўся я шчаслівейшым, чым дзе йнакш. Не, не была яна да мяне сухадушнай, і сяння йшчэ, здэцца мне, іначай нельга думаць. А аднак тая самая Лігія збегла ад мяне з памешкання Мырыям. Сяджу вось цяпер цэлымі днямі з галавою ў жмені і разважаю, чаму яна гэтак зрабіла? Ці я табе пісаў, што сам прапанаваў ёй вярнуць яе Аўлюсам? Праўда, адказала мне, што гэта ўжо немагчыма і з увагі на тое, што Аўлы выехалі на Сіцылію, і з увагі на небяспеку розгаласу на Палатыне праз нявольнікаў. Цэзар мог бы яе зноў адабраць у Аўлаў! Яна, аднак, ведала, што больш нахабства над ёю рабіць не буду, што выракаюся прымусу, а не могучы ні перастаць яе кахаць, ні жыць без яе, увяду яе ў дом праз увенчаныя дзверы ды пасаджу на абрадавай скуры пры вогнішчы… Аднак, бач, збегла! Чаму? Нічога ж ужо ёй не пагражала. Калі мяне не кахала, магла адапхнуць.

Напярэдадні нашае апошняе разлукі пазнаў я дзіўнага чалавека, нейкага Паўла з Тарсу, які гутарыў са мною аб Хрысце і ягонай навуцы, гаварыў так магутна, што здавалася, кожнае слова міма волі прамоўцы ў пыл крышыць усе падставы нашага свету. Той самы чалавек адведваў мяне і дома і казаў мне: «Як Бог адкрые табе вочы на святло і здыме з іх бяльмо так, як зняў бяльмо з маіх, тагды адчуеш, што паступіла слушна, і тады, можа, яе знайдзеш». І вось ламлю голаў над гэнымі словамі, як бы іх чуў ад пытыі ў Дэльфах. Часамі здаецца мне, як бы штось ужо зразумеў. Яны любяць людзей, але ненавідзяць нашага жыцця, нашых багоў і… нашых праступкаў, дык яна, знача, збегла ад мяне, як ад чалавека, жывучага ў гэным свеце, з якім мусіла б дзяліць жыццё, уважанае праз хрысціян за нягоднае. Скажаш мо: калі магла мяне адапхнуць, дык не патрабавала ўцякаць. А калі яна мяне кахае? Тады, знача, уцекла ад кахання. На ўспамін аб гэтым хочацца выслаць нявольнікаў ува ўсе завулкі Рыму і загадаць ім, каб гукалі па хатах: «Вярніся, Лігія!» Але не ў змозе я ўцяміць, чаму яна гэта зрабіла. Я ж бы ёй не забараняў верыць у ейнага Хрыстуса, і сам паставіў бы Яму алтар у атрыюме. Што мне шкодзіў бы адзін новы Бог болей? І чаму б не верыць у яго мне, што не надта веру ў старых? Ведаю напэўна, што хрысціяне ніколі не лгуць, а цвердзяць, што ўваскрос! Чалавек жа гэтага не мог бы зрабіць. Той Павал з Тарсу, які ёсць рымскім грамадзянінам і які, як жыд, ведае старыя гебрайскія кнігі, казаў мне, што прыйсце Хрыста было запавешчана прарокамі перад тысячамі гадоў. Усё гэта рэчы незвычайныя, але ці ж незвычайнасць не акружае нас з усіх бакоў? Адыж не перасталі яшчэ расказваць і аб Апалонію з Тыяны.

Цверджанне Паўла, што няма цэлае грамады багоў, а ёсць толькі адзін, выдаецца мне талковым. Дык жа й Сэнэка тае самае думкі ды многія ягоныя папярэднікі. Хрыстус жыў, даў сябе ўкрыжаваць дзеля збаўлення ўсяго свету і ўваскрос.

Усё гэта зусім магчыма, дык чаму б не паставіць Яму алтара так, як, напрыклад, Сэрапісу? Не цяжка мне было адрачыся й іншых багоў, бо кожны разумнейшы чалавек і так у іх не верыць. Але здаецца, што гэтага ўсяго яшчэ для хрысціян мала. Мала аддаць шанаванне Хрысту, трэ яшчэ жыць паводле ягонай навукі; і тут вось затрымоўваемся, бы над берагам шырокага мора, якое прапануюць табе перайсці пехатою. Каб і абяцаў ім гэта, самі б чулі, што гэта пустаслоўе. Павал сказаў мне гэта адкрыта. Табе ж ведама, як я кахаю Лігію, і ведама, што ўсё гатовы для яе зрабіць. Адыж не мог бы нат на жаданне ейнае падняць на руках Сорактэ ці Везувій, ані змясціць у прыгаршчах Тразымэнскага возера, ані змяніць вачэй маіх з чорных на блакітныя, як вочы лігаў. Калі б дамагалася гэтага, хацеў бы, але ж гэта неўмагату мне. Я не філязоф, але ж і не такі ўжо дурны, як табе мо не раз здаецца. Вось жа скажу табе: не ведаю, як хрысціяне даюць сабе раду ў жыцці, але ведаю, што там кончыцца Рым і ягонае ўладства, дзе зачынаецца іхняя навука, канчаецца розніца між пераможнікамі й пераможанымі, багатымі й беднымі, панамі й нявольнікамі, канчаецца цэзар, права і цэлы парадак свету, а замест гэнага ўсяго прыходзіць Хрыстус і нейкая міласэрнасць, дагэтуль нязнаная, і нейкая дабрыня, нясвомая людскім і нашым рымскім інстынктам. Мяне, праўду кажучы, Лігія больш цікавіць, чым цэлы Рым з ягоным панаваннем, і хай бы хоць свет заваліўся, абы толькі магчыма было мець яе ў сваім доме. Але гэта іншая рэч. Для іх, для хрысціян, мала слоўнае згоды, трэба яшчэ пачуваць, што так ёсць добра, а не інакш. А я — багі мне сведкамі! — не магу. Ці кеміш, што гэта значыць? Нешта ў душы маёй уздрыгаецца на гэтую навуку, і хоць бы вусны мае яе славілі, хоць бы прынаравіўся да яе ды ейных прынцыпаў, розум і душа падказвацімуць мне, што гэта раблю толькі дзеля кахання, для Лігіі, каб не яна, дык усё гэта было б мне агідным. І надзіва, такі Павал з Тарсу гэта разумее. Разумее міма цэлае свае прастаты і нізкага паходжання таксама і той стары тэўрг, старшыня іхні, Пётр, вучань Хрыстовы. І ведаеш, што робяць?

Моляцца за мяне, просяць для мяне нечага, што называецца ласкай, а на мяне выходзіць толькі неспакой і штораз большая туга па Лігіі.

Здэцца ж я пісаў табе, што яна адыйшла ўкрадкам, але, адыходзячы, пакінула мне крыж, які сама звязала з галінак букшпану. Я, прачнуўшыся, знайшоў яго пры ложы. Маю цяпер яго ў лярарыюме, і сам не магу ўцяміць, што мяне так да яго цягне, як бы ў ім было штось боскае, пачуваю да яго і страх і павагу. Цаню яго, бо ейныя рукі яго вязалі, але ненавіджу, бо ён нас разлучае.

Часамі здаецца, як бы ў гэтым усім былі нейкія чары, што тэўрг Пётр, хоць называе сябе простым рыбаком, ёсць важнейшы і ад Апалонія, і ад усіх ягоных папярэднікаў, і гэта ж ён аблытаў іх усіх, Лігію, Пампонію ды мяне.

Ты пішаш, што ў маім папярэднім лісце відаць нервы і сум. Мусіць быць сум, бо зноў згубіў яе, мусіць быць і неспакой,

бо нешта, аднак, ува мне змянілася. Шчыра кажу табе, няма для натуры нічога агіднейшага, як гэта навука, аднакава ж ад тае пары, калі з ёю сустрэўся, не магу сябе самога пазнаць. Чары ці каханне?.. Кірка [46] змяняла дотыкам цела людское, а мне змянілі душу. Адна хіба Лігія магла гэта зрабіць, або дакладней, Лігія праз тую дзіўную навуку сваю. Ніхто вяртання майго дома не спадзяваўся. Думалі, што я ў Бэнэвэнце, і што не хутка вярнуся, дык застаў дома нялад, п’яных нявольнікаў, гулянкі, спраўляныя ў маім трыклініюме. Смерці больш спадзяваліся, чым мяне, яе менш бы жахаліся. Ты ж ведаеш, у якіх цуглях трымаю мой дом, дык усё жывое кінулася на калені, а некаторыя памлелі са страху. А я ведаеш як паступіў? У першай хвіліне хацеў крычаць: розаг! жалеза! агню! Але хутка пасля ахапіў мяне нейкі сорам і — ці дасі веры? — нейкі жаль бядоты; ёсць між імі старыя нявольнікі, якіх яшчэ дзед мой М. Вініць прывёў за часаў Аўгуста з-над Рэйну.

Замкнуўся сам у бібліятэцы, і там прыйшлі ў голаў яшчэ дзіўнейшыя думкі: пасля ўсяго таго, што чуў і бачыў сярод хрысціян, няслед мне паступаць з нявольнікамі так, як дагэтуль, яны ж таксама людзі. Яны праз некалькі дзён дрыжалі ад трывогі, гадаючы сабе, што адкладаю кару, каб выбраць больш страшнейшую, а я не караў, бо не мог. Склікаўшы іх на другі дзень, кажу: «Дарую вам, толькі старайцеся вернаю службаю направіць віну!» Пачуўшы гэта, пападалі на калені, заліваючыся слязьмі, выцягаючы з плачам рукі ды завучы мяне панам і бацькам, а я — сорамна табе сказаць — раскулешыўся. Здалося мне, што ў той часіне бачу салодкае аблічча Лігіі і ейныя чароўныя слёзныя вочы, дзякуючыя за такі ўчынак. А — pro pudor! [47] — чую, і мне набеглі слёзы… Ведаеш, што я табе скажу: от не магу сабе даць рады без яе, дрэнна мне самому, я папросту няшчасны, мой сум большы, чым табе здаецца… А нявольнікі, дзіўная рэч, не толькі не распусціліся горай, але сталіся шмат вярнейшымі; прабачэнне, знача, абудзіла ў іх удзячнасць і лепш падзейнічала на іх, чым кара. Не то служаць, але наўзаперадкі адгадваюць мае жаданні. Прыгадваю табе аб гэтым таму, што калі на дзень перад адыходам ад хрысціян я сказаў Паўлу, што свет распырхнецца ад ягонай навукі, моў бочка без абручоў, ён адказаў: «Міласць ёсць мацнейшым абручом, чым пагроза». І вось паказалася, што часамі гэта ёсць праўдай. Аб гэтым я пераканаўся таксама і з маіх адносінаў да кліентаў, якія, даведаўшыся аб маім вяртанні, збегліся з прывітаннямі. Ведаеш жа, ніколі я не быў для іх сквапным, але яшчэ бацька мой дзеля звычаю паступаў з імі па-панску і мяне так вучыў. Вось жа цяпер, бачачы гэныя вышмуляныя світкі й галодны выгляд, зноў пачуў у сабе як бы літасць. Загадаў даць ім есці, а нат гутарыў з імі; назваў некаторых па іменю, некаторых пытаў пра жонак і дзяцей, ды зноў бачыў слёзы ўваччу, ізноў стаяла перад вачыма ўявы задаволеная Лігія… ці мой розум пачынае блытацца, ці каханне муціць мне почувы — не ведаю, перакананы толькі, што яна цікуе на мяне здалёк, дык баюся зрабіць што-небудзь такое, што магло б яе абразіць або засмуціць. Так, Каю! Перайнакшылі мне душу, і часам добра мне так, а часам пакутна, баюся бо, што аднялі ад мяне тую мужнасць, даўнюю энергію і што мо няздатны я ўжо не толькі да рады, суду, банкетаў, але нат і да вайны. Няйначай, гэта чары! І так моцна мяне пераіншылі, што скажу табе й тое, аб чым думалася мне яшчэ тады, як ляжаў у іх хворы: калі б Лігія была падобнай да Нігідыі, да Папеі, да Крыспінілы ды да іншых нашых разлучніц, калі б была так плюгаваю, неміласэрнаю ды папускною, як яны, дык я б не кахаў яе так, як кахаю яе за тое, што нас дзеліць. Дадумаешся, які хаос родзіцца ў маёй душы, у якім блукаюся раздарожжы, не ведаючы, што з сабою рабіць? Калі жыццё льго прыраўняць да крыніцы, дык у маёй крыніцы замест вады — немарасць. Жыву надзеяй, што мо яшчэ ўгледжу яе, і часам здаецца мне, што мусіць быць… Ды што будзе са мною за год, за два — цяжка згадаць. З Рыму не выеду. Не мог бы стрываць таварыства аўгустыянаў, а пры тым адна думка прыносіць мне польгу ў маім горы, што тут блізка Лігія, што праз лекара Глаўка, які абяцаў мяне адведаць, або праз Паўла з Тарсу, можа, часамі што-небудзь аб ёй даведаюся. Не! Не кінуў бы Рыму, хоць бы мне ахвяравалі ўладства над Егіптам. Ведай таксама, што я загадаў рэзьбяру абрабіць камень на магілу Гула, якога забіў у прыпадку гневу. Запозна я абдумаўся, што ён жа мяне на руках насіў і першы вучыў, як закладаць у лук стралу. Не ведаю, чаму цяпер абудзіўся ўва мне жаль па іх… Калі дзівіціме цябе тое, што пішу, адкажу табе, што мяне гэта дзівіць не менш, але пішу табе шчырую праўду. Бывай!»

46

Кірка (Цырцэя) — персанаж старажытнагрэцкай міфалогіі (гл. каментарыі).

47

На сорам! (лац.).

XXIX

На гэтае пісьмо Вініць не меў адказу, бо Пятроні не адпісваў, спадзеючыся, мабыць, хуткага павароту з цэзарам у Рым. І праўда, незабаўна разыйшлася па горадзе вестка, уздымаючая радасць затужанае па йгрышчах ды харчовых дапамогах вулічнае талакі. Геліюс, вызвольнік Нэрона, абвясціў урэшце ягоны паварот у сенаце. Нэрон, сеўшы разам з дваранамі на караблі ў атоцы Мізэнум, паволі вяртаўся, візытуючы надбярэжныя гарады дзеля адпачынку ці выступленняў у тэатрах. У Мінтурнэ, дзе зноў пяяў публічна, затрымаўся на дзён колькінаццаць, а нат надумоўваўся, ці не вярнуцца ў Неапаль ды не чакаць надыходу вясны, якая запавяшчалася ранняю і цёплаю. Праз цэлы той час Вініць жыў сам-насам дома з думкаю аб Лігіі ды аб тых усіх рэчах, якія напаўнялі яму душу і ўносілі чужыя новыя пачуцці і паняцці. Час ад часу толькі спатыкаўся з Глаўкам, адведзіны якога напаўнялі яго заўсёды радасцю, бо мог з ім пагутарыць аб Лігіі. Глаўк, праўду сказаць, не ведаў, дзе яна знайшла сабе прыстанішча, але запэўніваў, што старшыны апякуюцца ёю добра. А раз, спачуваючы сумнаму Вініцію, сказаў, што Апостал Пётр зганіў Крыспа за тое, што страшыў Лігію суровымі дакорамі за зямную любоў. Малады патрыцый збялеў, як пачуў гэта. І яму не аднойчы здавалася, што Лігія кахае яго, але часта таксама сумняваўся, а цяпер вось першы раз пачуў пацвярджэнне сваіх жаданняў і надзеі з чужых вуснаў, а да таго — хрысціянскіх. У першым парыве ўдзячнасці маніўся бегчы да Пятра, але, даведаўшыся, што няма яго ў Рыме, бо навучае ў ваколіцы, заклінаў Глаўка, каб завёў яго да Пятра, абяцаючы за тое шчодра абдарыць убогіх гміны. Здавалася яму цяпер, калі Лігія кахае яго, дык тым часам няма перашкодаў між імі, бо аддаць павагу Хрысту гатовы быў у кожнай хвіліне. Але Глаўк, паміма моцнага нагавору да хросту, не смеў заручаць яму, ці праз тое заваюе сабе Лігію, бо хросту трэ пажадаць для самога хросту і для любові Хрыста, не для іншых мэтаў. «Трэба мець і душу хрысціянскую», — казаў яму. А Вініць, дарма кожная перашкода ўзбурала яго, пачынаў ужо разумець, што Глаўк, як хрысціянін, гаворыць тое, што павінен гаварыць. Сам сабе ён яшчэ не ўяўляў аднае з найглыбейшых перамен у ягонай натуры, менавіта: даўней мераў людзей толькі меркаю собскага эгаізму, цяпер жа паволі асвойваўся з думкай, што іншыя вочы могуць глядзець іначай, іншыя сэрцы інакш пачуваць, і што слушнасць не заўсёды адназначная з асабістаю карысцяй.

Брала яго ахвота пабачыцца таксама з Паўлам, словы якога зацікавілі яго, не даючы супакою. Укладаў сабе ў душу доказы, якімі збіваціме ягоную навуку, упіраўся яму ў думках, а хацеў аднак жа пабачыцца з ім ды паслухаць. Але Павал выехаў у Арыцыю і, калі Глаўк стаў прыходзіць штораз радзей, Вініція пачала мучыць самота. Тады зноў пачаў абягаць завулкі на Субуры і вузкія вулачкі Затыбра, спадзеючыся хоць здалёк угледзець Лігію, але як і гэта не дапамагло, агарнула яго нуда і нецярплівасць. Дзякуючы гэтаму адазвалася ў ім яшчэ раз даўнейшая натура з такою сілай, з якою хваля пасля адплыву вяртаецца на бераг, з якім нядаўна развіталася. Ці не дурны ж, думаў сабе, нашто непатрэбнымі рэчамі, давёўшымі мяне да нуды, турбую сабе голаў, ці не павінен браць ад жыцця, што дасца? Вырашыў забыць пра Лігію, а прынамсі шукаць раскошы забыцця па-за ёю. Адчуваў, аднак, што гэта была апошняя спроба, дык кінуўся ў вір жыцця з усёю сляпою, яму свомаю, энергіяй і палкасцю. Жыццё само быццам заахвочвала яго да гэтага. Замёршы і вылюднены праз зіму горад пачаў ажыўляцца надзеяй хуткага прыезду цэзара. Рыхтавалі яму вялікае спатканне. Ішла вясна: снягі пад цёплым ейным подыхам хутка знікалі з Альбанскіх гор. Гарадскія траўнікі пакрыліся кветкамі. Марсавае поле і рынкі зараіліся народам, шукаючым сонца. На дарозе Апія, якая была заўсёды месцам шпацыру, запанаваў рух багата ўпрыгожаных калясніц. Былі ўжо экскурсіі ў Альбанскія горы. Малодухны пад прэтэкстам складання пашаны Юноне ў Лянавіюме або Дыяне ў Арыцыі вымыкаліся з дому, каб за горадам шукаць уражанняў, таварыства, спатканняў і раскошы. Тут Вініць сярод важных рыдваноў прыкмеціў аднойчы пышную, папераджаную двума малосамі, каруку Пятроніевай Хрызатэміс, акружаную вянком моладзі і старых сенатараў, якіх абавязак затрымаў у горадзе. Хрызатэміс сама кіравала чатырма карсіканскімі куцамі, раздаючы навакол усмехі і злёгку ляскаючы залатою пугай, злавіўшы вачыма Вініція, затрымала коні, забрала яго ў карэту, а пасля дадому на банкет, які трываў праз цэлую ноч. Вініць так спіўся на гэным банкеце, што не памятаў нат, калі даставілі яго дамоў, прыпомніў сабе аднак, што калі Хрызатэміс спытала была яго пра Лігію, абразіўся і, будучы ўжо п’яны, выліў ёй на голаў коўш фалерну.

Прыгадваючы гэта на цвярозую галаву, адчуваў яшчэ гнеў. Але днём пазней Хрызатэміс, відаць забыўшыся аб знявазе, адведала яго дома і забрала зноў на вія-Апія дзеля шпацыру, потым была ў яго на вячэры, падчас якое прызналася, што не толькі Пятроні, але й лютніст ягоны знудзялі ўжо ёй даўно і што сэрца ейнае вольнае. Праз тыдзень хадзілі разам, але зносіны не абяцалі трываласці.

Хоць ад здарэння з фалернам імя Лігіі не было ані разу прыгадвана, Вініць усё ж такі не мог абараніцца ад думак пра яе. Меў заўсёды ўражанне, быццам вочы ейныя глядзяць на яго, і ўражанне гэтае праймала яго трывогай. Крывіўся сам на сябе, не мог, аднак, збыць жаласнае думкі: быццам крыўдзіць яе. Па першай сцэне зайздрасці, якую Хрызатэміс паказала з прычыны дзвёх купленых сірыйскіх дзяўчат, прагнаў яе грубіянскім спосабам. Не перастаў, праўда, адразу нурацца ў распуснай раскошы, рабіў гэта быццам на злосць Лігіі, але ў канцы агледзеўся, што думка аб ёй не адступае ад яго ані на хвіліну, што гэта яна выклікае так благія, як і добрыя ўчынкі ды што сапраўды апрача яе нічога на свеце яго не цікавіць. Апанавалі яго гідлівасць і знямога. Раскоша яму абрыдла, пакідаючы па сабе копаць згрызотаў. Называў сябе ў думцы нягоднікам, дзівячыся, чаму даўней прымаў за добрае ўсё, што яму дагаджала. Урэшце, згубіў пачуццё свабоды, самапэўнасці, паддаўся немарасці, з якое не магла яго абудзіць нат думка аб прыездзе цэзара. Нічога ўжо яго цяпер не цікавіла, а нат да Пятронія не выбраўся аж датуль, пакуль той сам не прыслаў па яго сваёй лектыкі.

Пры спатканні, нягледзячы на радаснае прывітанне, адказваў на пытанні з нехаццю, аж пакуль доўга хаваныя пачуцці і думкі не выбухнулі ды не паплылі з вуснаў разліўною ракою слоў. Яшчэ раз расказаў падрабязна гісторыю сваіх пошукаў Лігіі ды побыту між хрысціянамі, усё, што там бачыў і чуў, усё, што яму праходзіла праз голаў і сэрца, і ўрэшце пачаў наракаць, што патануў у хаосе, які глынуў ягоную спакойнасць, здольнасці ўсякага разумнага дазнання. Вось жа нішто яго не цікавіць, нішто не смакуе, не ведае, чаго пільнавацца і як паступаць. Гатовы аддаваць пашану Хрысту і пераследваць Яго. Разумее высокую вартасць навукі Ягонай і чуе адначасна непакананую гідзь. Упрытамняе сабе, што хоць бы й асягнуў Лігію, дык не здабудзе яе цэлае, бо мусіцьме дзяліцца ёю з Хрыстом. Жыццё ягонае не ёсць жыццём, бо без надзеі, без заўтра, без веры ў шчасце, а навакол атуляе яго цемра, выхаду з якое шукае вобмацкам ды не можа знайсці.

Поделиться:
Популярные книги

Свет Черной Звезды

Звездная Елена
6. Катриона
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Свет Черной Звезды

Судьба

Проскурин Пётр Лукич
1. Любовь земная
Проза:
современная проза
8.40
рейтинг книги
Судьба

Советник 2

Шмаков Алексей Семенович
7. Светлая Тьма
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Советник 2

Чехов. Книга 2

Гоблин (MeXXanik)
2. Адвокат Чехов
Фантастика:
фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Чехов. Книга 2

Младший сын князя

Ткачев Андрей Сергеевич
1. Аналитик
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Младший сын князя

Жена неверного ректора Полицейской академии

Удалова Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
4.25
рейтинг книги
Жена неверного ректора Полицейской академии

На границе империй. Том 10. Часть 5

INDIGO
23. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 5

Институт экстремальных проблем

Камских Саша
Проза:
роман
5.00
рейтинг книги
Институт экстремальных проблем

(Бес) Предел

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.75
рейтинг книги
(Бес) Предел

Аргумент барона Бронина 2

Ковальчук Олег Валентинович
2. Аргумент барона Бронина
Фантастика:
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Аргумент барона Бронина 2

Измена. Он все еще любит!

Скай Рин
Любовные романы:
современные любовные романы
6.00
рейтинг книги
Измена. Он все еще любит!

Морской волк. 1-я Трилогия

Савин Владислав
1. Морской волк
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Морской волк. 1-я Трилогия

На границе империй. Том 7. Часть 4

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 4

Леди для короля. Оборотная сторона короны

Воронцова Александра
3. Королевская охота
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Леди для короля. Оборотная сторона короны