Quo Vadis
Шрифт:
XXXI
Прэторыяне акружалі берагавы гай над ставам Агрыпы, каб натоўп не перашкаджаў цэзару і гасцям ягоным, усё бо, што толькі было ў Рыме багацейшае, культурнейшае ці прыгажэйшае, пагалоска прыцягнула на той банкет, якому роўнага йшчэ не было ў дзеях гораду… Тыгэлін намагаўся цэзару адудзячыцца за адложанае падарожжа ў Ахайю і адначасна перавышыць усіх гасціннасцю перад Нэронам ды даказаць яму, што ніхто так яго не патрапіць весяліць. Дзеля гэнай мэты, будучы яшчэ з цэзарам у Неапалі, а пасля ў Бэнэвэнце, рабіў падрыхтоўку, высылаў загады, каб з найдальшых краёў свету дастаўлялі звяры, птаства, рэдкія рыбы й расліны, не забываючы пра дарагі посуд і тканіны, якія меліся ўпрыгожыць баль. Даходы з цэлых правінцыяў ішлі на аплату шалёных помыслаў, але магутны фаварыт на гэта не патрабаваў аглядацца. Уплывы ягоныя раслі з кожным днём. Тыгэлін,
Пятроні далёка перавышаў яго элеганцыяй, розумам, досціпам і ў гутарках лепш умеў весяліць цэзара, але, на сваё няшчасце, перавышаў у гэтым і цэзара, дык разбуджаў у ім зайздрасць. Не ўмеў таксама быць ува ўсім знадобным, і цэзар баяўся ягонага суду, дзе расходзілася пра густ, а з Тыгэлінам чуўся свабадней. Самае прымавіска — arbiter elegantiarum, якім адзначалі Пятронія, дражніла Нэронава самалюбства, бо і каму ж, калі не яму самому, яно павінна належацца? Тыгэлін меў, аднак, настолькі толку, што ўсведамляў сабе свае недахопы і, не могучы канкураваць ані з Пятроніем, ані з Люканам, ані з іншымі паходжаннем, талентамі, навукай — пастанавіў закасаваць іх прадажнасцю сваіх слуг, а найбольш збыткоўнасцю, каб і ўява Нэрона была тым ачаравана.
Банкет загадаў урыхтаваць на прасторным плаваючым пароме. Берагі яго былі прыбраныя ў маляўнічыя перліста-радульныя слізяніцы. Па бакох групкі пальмаў, гайкі лотасу й расцвіўшых ружаў, з-пад якіх б’юць пахнідлавыя вадалівы, статуі бостваў ды залатыя або срэбныя клеткі, поўныя рознаколернага птаства. Пасярэдзіне высіцца велізарны з сірыйскае пурпуры на высокіх (каб не захіляць, бач, віду) срэбных слупох балдахін, а пад ім блішчаць, моў сонца, сталы, прыгатаваныя для бяседнікаў, яны аж угінаюцца ад александрыйскага шкла, крышталяў і сталовага проста бясцэннага знадоб’я, нарабаванага ў Італіі, Грэцыі й Малой Азіі. Паром, выглядаючы з сваімі зараснікамі на нейкі востраў ці плаваючы парк, звязаны быў залатымі і пурпуровымі шнурамі з лодкамі на манер рыбаў, лебядзяў, фламінгаў і чаек, у якіх пры каляровых вёслах сядзелі нагія весляры і вясляркі чароўнай красы, з валасамі, укарбаванымі на ўсходні манер або аплеценымі залатымі сеткамі. Прыбывае Нэрон з Папеяй і аўгустыянамі, падплывае да галоўнага плыта і садзіцца пад пурпуровым навесам, лодкі ўзварушаюцца, вёслы ўдараюць па вадзе, напружыньваюцца залатыя шнуры, і паром з банкетнікамі пачынае паволі плаваць кругом па сажалцы. Акружаюць яго і іншыя плыты, поўныя цытрыстак і гарфістак, ружовае цела якіх на блакітнай асноведзі неба й вады з залатымі водблескамі інструментаў, казаў бы, усмоктвае ў сябе тыя блакіты й водбліскі, лілавее, цвіце, бы кветкі. З прыбярэжных гаяў і дзівосных буданоў, папрыбудоўваных знарок у гушчарах, адазваліся таксама водгукі музыкі і песні. Зайграла ваколіца, зашумелі гаі, рэха разнесла тоны труб і рагоў. Сам цэзар, седзячы між Папеяй і Піфагорам, дзівячыся ўцешліва, злашча з маладых нявольнічак, паўбіраных за сырэны ў зялёнай, сеткавай лушцы, не шкадаваў пахвалы Тыгэліну. Паводле звычкі паглядаў, аднак, на Пятронія, каб пачуць ацэну «арбітра», але той не надта захапляўся, а запытаны, адказаў сухадушна: — Я думаю, доміне, што дзесяць тысяч нагіх дзявіц робіць меншае ўражанне, чым адна.
Цэзару ўсё ж такі падабаўся «плаваючы банкет», бо ён быў навіною. І стравы былі так збыткоўна-вынайдаваныя, што і мудронасць Апіцыя самлела б, на іх гледзячы; а віна столькі гатункаў, што Атон, які падаваў яго ў васьмідзесяці гатунках, ад сораму пад ваду схаваўся б, каб угледзеў такую пышнату. За стол апрача жанчын заселі самі аўгустыяне, сярод іх Вініць, зацьмяваючы ўсіх сваёю красою. Калісь постаць і твар ягоны занадта выглядалі па-ваяцку, памундуроваму, цяпер жа перажыванні душы ды фізічны боль настолькі надавалі выразнасці ягоным рысам, як бы прайшла па іх далікатная рука рэзьбяра. Скура ягонага твару згубіла даўнейшую цьмянасць, але засталіся ейныя залатыя полыскі нумідыйскага мармуру. Вочы пабольшалі ды пасумнелі.
Толькі торс застаўся той жа самы, статны, магутны, як бы створаны пад панцыр, а над гэным торсам легіяністага віднела галава грэцкага бога або прынамсі вырафінаванага патрыцыя з адухоўленым і распрыгожым тварам. Пятроні, кажучы яму, што ніякая з аўгустыянак і не патрапіць і не захоча ад яго бараніцца, гаварыў як знаўца. Пажыралі яго цяпер вачыма ўсе, не вылучаючы ані Папеі, ані вясталкі Рубрыі, якую цэзар жадаў мець на банкеце.
Марожанае ў горскіх снягох віно хутка разагравала сэрцы й галовы бяседнікаў. З прыбярэжнай гушчары высоўваліся штораз новыя лодкі ў форме палявых конікаў і бабак. Блакітная
Вадзяная гладзь хвалявала ад рытмічных пад музыку веславых удараў, у паветры ані лягонькага подыху ветру, гаі стаялі непарушна, бы заслуханыя й загледжаныя ў тое, што дзеелася на вадзе. Плытва кружыла ўсцяж па сажалцы, несучы штораз больш п’яных і разгамоненых бяседнікаў. Яшчэ не адбылося й паловы банкету, а ўжо госці не пільнавалі парадку, у якім заселі пры стале. Сам цэзар паказаў прыклад, бо, устаўшы, загадаў Вініцію аддаліцца ад Рубрыі, з якой ён сядзеў, і, заняўшы ягоны трыклініюм, пачаў ёй штось нашэптваць на вуха. Вініць апынуўся ля Папеі, якая зараз выцягнула да яго руку, просячы, каб запяў ёй адхіленую накідку, а калі выканаў гэта крыху дрыжачымі рукамі, здарыла яго з-пад сваіх доўгіх век як бы сарамяжлівым зірком і страпянула сваёй залатой галованькай, моў пярэчачы нечаму. Тым часам сонца станавілася штораз большым, чырванейшым і паволі кацілася за вяршаліны гаяў; госці па большай частцы былі зусім п’яныя.
Паром кружыў ужо ля самых берагоў, на якіх сярод зараснікаў і кветак відаць былі грамады людзей, паўбіраных за фаўнаў ці сатыраў, граючых на флейтах, мультанках і бубянцох, а таксама гурткі красуняў, прадстаўляючых німфы, дрыяды і гамадрыяды. Сутунела. Падняліся воклічы на гонар Луны.
Гаі азарыліся тысячамі лямпаў. З прыбярэжных люпанарыяў бухнулі касулі святла, на тэрасах паказаліся новыя грамады гэтаксама паўнагіх жон і донек першарадных рымскіх родаў, прыманьваючыя любоснымі ківомігамі бяседнікаў. Плытва прыстала ўрэшце да берагу. Цэзар і аўгустыяне разбегліся па гаёх, люпанарыях, альтанах, акрытых гушчарою, утуленых у пячурах, крыніцах і вадалівах. Апанаваў усіх шал; ніхто не ведаў, дзе дзеўся цэзар, хто сенатар, хто рыцар, хто танцор або музыкант. Сатыры і фаўны пачалі ганяць распешчаных німфаў. Ламацілі тырсамі лямпы, каб загаслі. Некаторыя закуткі гаю агарнула ўжо цемра. Усюды крыкі, рогат, шэпт, стогн ззяханых людскіх грудзей. Рым іставетна падобных рэчаў яшчэ не бачыў.
Вініць не быў так п’яны, як калісь на банкеце цэзара, дзе была Лігія, але і яго зачаравала і ўпаіла ўсё, што тут чаўплося, авалодала ім жада раскошы.
Выбегшы ў лес, імчаўся разам з іншымі, цікуючы-любуючы, каторая з дрыядаў пакажацца яму прыгажэйшай. Імчаліся перад ім з песнямі й крыкам штораз новыя іхнія статкі, ганяныя фаўнамі, сатырамі, сенатарамі, рыцарамі ды адгалоссем музыкі. Згледзеўшы ўрэшце карагод любак на чале з адною, прыбранаю за Дыяну, скочыў да іх, каб бліжэй прыгледзецца багіні. І нагла сэрца яму замерла ў грудзёх — здалося яму, быццам стаіць перад ім з месяцам на галаве ў арэоле багінькі Лігія.
Малодухны акружылі яго карагодам, а цераз момант, жадаючы, мабыць, заманіць яго ўдагонкі за імі, пусціліся наўцёкі, бы статак сарнаў. Але ён ані дрыгнуў з мейсца, стаяў, сэрца ў ім іграла, замёр оддых, бо хоць пазнаў, што Дыяна не была Лігіяй і зблізку не была нат да яе падобнай, моцнае ўражанне спаралізавала яму сілы. Нараз агарнула яго туга па Лігіі так магутная, якой ніколі яшчэ ў жыцці не меў, і каханне хлынула яму новай хваляй у сэрца. Ніколі яму не выдавалася Лігія больш даражэйшай, нявіннай і так каханай, як у гэным лесе дзікае распусты. Нядаўна сам жадаў піць з гэнае чары і занурыцца ў разнузданасці й бессаромнасці, а цяпер вось напоўніла яго брыдасць і загіджанне. Чуе, як душу ягоную цісне агіда, грудзі шукаюць паветра, а вочы — зорак, не зацененых гушчарою таго страшнага гаю, і вырашыў уцякаць. Але ледзь крануўся з мейсца, забягае дарогу нейкая постаць з захіленаю галавою, хапае даланямі за плечукі яго й пачынае абліваць гарачым шэптам яму твар: — Люблю цябе!.. Хадзі!.. Ніхто нас не ўгледзіць, хутчэй!
Вініць схамянуўся: — Хто ты?
Прытулілася да яго грудзьмі і налягае далей: — Хутчэй! Глядзі, нікога няма, а я цябе люблю! Хадзі!
— Хто ж ты? — паўтараў Вініць.
— Згадай!..
Гэта кажучы, прыціснула праз заслону вусны да ягоных вуснаў, цягнучы адначасна да сябе ягоную галаву, аж урэшце з недахопу паветра адарвала вусны ад яго.
— Ноч кахання!.. Ноч забыцця!.. — гаварыла, ловячы паветра. — Сяння — можна!.. Бяры мяне!..
Вініція той цалунак апёк і напоўніў яго новай абрыдай. Душа і сэрца ягоныя былі не тут, нічога на цалюсенькім свеце для яго не існавала, апрача Лігіі. Дык, адсунуўшы рукою замаскаваную постаць, кажа: — Хто б ты ні была, я кахаю іншую, не хачу цябе.