Quo Vadis
Шрифт:
— Адважная з яе аўгуста!
— Адважная іставетна, бо можа цябе згубіць без ратунку. А бадай бы Венус натхніла яе іншым каханнем, але пакуль ёй хочацца цябе, мусіш быць вельмі асцярожным. Рудабародаму яна ўжо забрыднела, жадае сяння ўжо Рубрыю або Піфагора, але праз уласнае сабетніцтва спагнаў бы мсту на вас.
— У гаю я не ведаў, што гэта яна да мяне прыставала, але ж ты падслухоўваў і ведаеш, што я адказаў ёй — кахаю іншую, не хочу яе.
— Заклінаю цябе на ўсе багі, не губі тае крошкі толку, якую табе йшчэ хрысціяне пакінулі. Як можна сумнявацца, маючы выбар між згубаю праўдападобнаю і пэўнаю? Ці ж я табе ўжо не казаў: калі зраніш самагоднасць аўгусты, няма ратунку? На Гадэс! Калі табе жыццё згоркла, дык лепш падрэж сабе зараз жылы або кінься на меч, бо як абразіш Папею,
Вініць слухаў, як бы думаючы аб чым іншым, урэшце кажа: — Я мушу бачыцца з ёю.
— З кім? З Лігіяй?
— З Лігіяй.
— А ведаеш жа, дзе яна?
— Не.
— Дык пачнеш зноў шукаць яе па старых магільніках ды на Затыбры?
— Не ведаю, але мушу яе бачыць.
— Добра. Хоць яна хрысціянка, але можа аказацца разважнейшай за цябе, а акажацца напэўна, калі не хоча твае гібелі.
Вініць паціснуў плячыма.
— Выратавала мяне з Урсусавых рук.
— Дык спяшайся, Рудабароды бо выезду адкладаць не будзе. Прысуды смерці можа выдаваць і з Анцыюма.
Але Вініць не слухаў. Напаўняла яго толькі адна думка — пабачыцца з Лігіяй, дык пачаў разважаць аб спосабах. Тым часам здарылася нагода, якая магла адхіліць усе цяжкасці. Назаўтра прыходзіць неспадзявана Хілон. Прыйшоў замораны і абдзёрты, з воўчым голадам уваччу. Служба аднак, маючы даўнейшы загад пускаць яго ў дом кажнай парою дня і ночы, не смела яго затрымоўваць, так што ўвайшоў проста ў атрыюм і, затрымаўшыся перад Вініціем, вітае: — Хай багі дораць цябе несмяротнасцю і дзеляцца з табою ўладаю над светам!
Вініць спершку меў ахвоту выкінуць яго за дзверы, але падаспела думка, што грэк мае звесткі пра Лігію, і цікавасць змагла абрыду.
— Гэта ты? — спытаў. — Што з табою дзеецца?
— Дрэнна, сынку Ёвіша, — адказвае Хілон. — Сапраўдная цнота — гэта сяння тавар без попыту, і сапраўдны мудрэц мусіць быць рад і з таго, калі мае за што раз на пяць дзён абгладаць баранюю лабаціну на паддашшы, запіваючы слязьмі. Ах, спадару! Усё, чым ты мяне абдарыў, выдаў на кніжкі ў Атракта, а потым абакралі мяне, знішчылі: нявольніца, што мелася спісваць маю навуку, уцякла, забраўшы астанкі. Жабрак я, але падумаў сабе: да каго ж пайду, калі не да цябе, Сэрапісе, якога люблю, абагаўляю і за якога жыццём стаю!
— Чаго ж прыйшоў ды што прынёс новага?
— Па ўспамогу, Баалю, а прыношу табе маю нэндзу, мае слёзы, маю прывязанасць і ўрэшце весткі, якіх з любасці да цябе назбіраў. Памятаеш, спадару, што я табе калісь казаў, як адступіў нявольніцы боскага Пятронія адну нітку з пояса Венеры з Пафоса?.. Даведваўся цяпер, ці ёй дапамагло, і ты, сыну сонца, блізкі тамтэйшаму дому, ведаеш, кім ёсць Эўніка. Маю яшчэ адну такую нітку. Захаваў яе табе, спадару.
Тут замоўк, спанатрыўшы гнеў у нахмураных бровах Вініція, і, хочучы ўпярэдзіць гром, пачаў хутка з другое бочкі: — Ведаю, дзе жыве боская Лігія, пакажу табе дом і завулак.
Вініць паўстрымліва пытае: — Дзе ж яна?
— У Ліна, старшага святара хрысціян. Яна там разам з Урсусам, а той па-ранейшаму ходзіць на працу да млынара, які завецца так, як твой вызвольнік, спадару, Дэмас… Так, Дэмас!.. Урсус працуе начамі, дык на тую прыгоду можа яго не быць… Лін стары… а ў доме, апрача яго, ёсць толькі яшчэ дзве пажылыя жанчыны.
— Скуль гэта ўсё ведаеш?
— Памятаеш, спадару, як хрысціяне мелі мяне ў руках і ашчадзілі. Глаўк памылкова думае, быццам я спрычыніў яму няшчасце, але, кажу, ашчадзілі мяне!
Дык няма дзіва, што ўдзячнасцю напоўнілася маё сэрца. Я чалавек з даўных лепшых часаў. Вось жа, падумаў сабе: не гадзіцца заняхаць сваіх прыяцеляў і дабрадзеяў. Ці ж не было б грубасцю з майго боку, каб ніколі не папытаў пра іх, не праведаў, што дзеецца з імі, дзе жывуць ды як здаровыя? На Пасінунцкую Цыбулу! Не я да гэтага здольны. Устрымоўвала мяне спачатку гадка, каб не зразумелі пахібна маіх намераў.
Кроў хлынула Вініцію ў голаў. Спакуcа раз яшчэ ўздрыганула ягонай істотай. Так! Гэта быў спосаб, і гэтым разам спосаб пэўны. Хай раз урэшце здабудзе Лігію, хто ж яе ў яго здолее адняць? Хай раз урэшце Лігія станецца ягонай каханкай, нічога іншага ёй не застанецца, як быць ёю назаўсёды! Паляндра бяры тады ўсе навукі! Што яму тады значыцімуць хрысціяне разам з іхняй міласэрнасцю і пасумнаю верай! Ці ж не пара атрахнуцца ўжо ад гэтага ўсяго?
Ці ж не пара пачаць жыць, як усе жывуць? Што рабіціме Лігія, як узгодніць сваю долю з сваёю навукай, дык таксама няважна. Гэта ўсё дрэнь! Важней за ўсё тое, што яна будзе ягонай ды яшчэ сяння. А гэта йшчэ пытанне, ці ў ейнай душы астоіцца тая навука, як пакаштуе новага жыцця, новае раскошы й настрояў, якім мусіціме паддацца? А стацца гэта можа яшчэ сяння. Даволі затрымаць Хілона і выдаць на змярканні загады. І потым — раскоша бясконцая! «Бо чым было маё жыццё? — гадаў Вініць. — Ныдзеннем, няўгашанай жадою, безадказным пытаннем». Такім спосабам ператне гэта і — канец усяму. Прыгадаў сабе, праўда, што даў ёй слова не падымаць на яе рукі. Але на што ж прысягаў? Не на багоў, бо ў іх ужо не верыў, не на Хрыста, бо ў Яго яшчэ не верыў. А калі б пачувалася пакрыўджанай, звянчаецца з ёю і такім чынам аплаціць ёй крыўду. Так! Мусіціме гэта зрабіць, бо яна ж уратавала яму жыццё. Тут у памяці той дзень, калі з Кратонам зрабіў на яе напад; вачамі ўявы ўгледзеў над сабою гіганцкі кулак Урсуса ды ўсё, што было потым. Уявіў яе над сваёю пасцеллю, у нявольніцкай вопратцы, прыгожую, моў боства, песлівую, раздобраную. Вочы ягоныя мімахоць пабеглі ў лярарыюм, дзе той крыжык-памятка. Няўжо за ўсё гэта адплаціць ёй новым нахабствам? Няўжо цягаціме яе за косы ў кубікулюме, бы нявольніцу? Ён патрапіць гэта зрабіць, ён, што не толькі пажадае, але й кахае яе, а кахае за тое менавіта, што яна такая, а не інакшая? І нагла зразумеў, што мала яе мець дома ды моцна прытуляць, ягонае каханне хоча нечага болей, хоча ейнае згоды, ейнае душы, ейнага кахання. Шчаслівы гэны дах, калі яна ўвойдзе пад яго дабраахвотна, шчаслівы дзень той, шчаслівае жыццё! Тады шчасце абаіх будзе як мора безбярэжнае, як сонца. Узяць яе сіламоц — гэта значыла б навекі забіць такое шчасце, сплюгавіць, загідзіць тое, што найдаражэйшае ў жыцці, наймілейшае.
Жудзь праняла яго на ўспамін аб гэтым. Зірнуў на Хілона, які, вытрашчыўшы на яго вочы, чухаўся пад лахманом неспакойна. Парвала яго страшэнная абрыда й жада растаптаць нагою такога дарадчыка, як гада. Маланкай бліснула воміг у гарачай суровай рымскай галаве думка: — Не зраблю гэтага, што мне суліш, а каб не адыйшоў ты без адплаты, на якую заслужыў, загадаю зараз дамавым эргастулам даць табе трыста розаг.
Хілон збялеў. У прыгожым абліччы Вініція было столькі халоднае заўзятасці, што ані крошанькі нельга было сумнявацца ў сур’ёзнасці ягоных слоў. Дык у тым жа моманце ўпаў Хілон на калені і, сагнуўшыся ў клубок, пачаў енчыць: — Як гэта, перскі валадару? За што?.. Піраміда ласкі! Калосе міласэрнасці! За што?.. Мне, старому, галоднаму, бяздольнаму… Я ж служыў табе… Так адудзячваешся?..
— Як ты хрысціянам, — адказаў Вініць і заклікаў вызвольніка.
Хілон кінуўся да ягоных ног і, канвульсыйна абняўшы іх, маліў, смяротна бледны.
— Доміне, доміне!.. Я стары! Пяцьдзесят, не трыста… Даволі пяцьдзесят!.. Сто, не трыста!.. Злітуйся! Злітуйся!
Вініць адкапынуў яго нагою і выдаў загад. У адно імгненне ўбегла за вызвольнікам двух дужых квадаў, якія, схапіўшы Хілона за астанкі валосся, акруцілі яму голаў ягоным жа лахманом і патарабанілі ў эргастул.
— У імя Хрыста!.. — крычаў грэк у дзвярах.