Quo Vadis
Шрифт:
Разжанеце туман! Бо мне казалі яшчэ й тое: «Грэцыя стварыла мудрасць і красу, Рым — моц, а яны што прыносяць?» Дык скажэце, што прыносіце?
Калі за дзвярыма вашымі ёсць яснасць, дык адчынеце мне.
— Прыносім любоў, — адказаў Пётр.
А Павал з Тарсу дадаў: — Калі б гаварыў мовамі людскімі й анёльскімі, а любові б не меў, быў бы як медзь бразготная… Расчулілася сэрца старога Апостала над душою ў пакутах, якая, моў птушына, замкнёная ў клетцы, рвалася на паветра й сонца, дык выцягнуў да Вініція рукі й сказаў: — Хто стукае, адчыніцца яму, і ласка Госпадава ёсць над табою, дык багаслаўляю цябе, тваю душу ды тваё каханне ў імя Збавіцеля свету.
Вініць, які й без таго быў
Уцешыўся й Пётр, бо зразумеў, што ягонае зерне зноў упала на адзін загон больш, што ягоная рыбацкая сець загарнула зноў адною душою больш.
Прысутныя, не менш уцешаныя гэным яўным знакам пашаны для Божага Апостала, адазваліся ў адзін голас: — Хвала Табе, Божа, на небе!
Вініць устаў з распрамененым абліччам і гавора: — Шчасце, бачу, жыць можа між вамі, бо чуюся шчаслівы і думаю таксама, пераканаеце мяне і ў іншых справах. Але мушу сказаць вам, што станецца гэта не ў Рыме; цэзар едзе да Анцыюма, а я мушу з ім, бо маю загад. Ведаеце ж: не паслухаць — гэта смерць. Але, калі ласка, едзьце са мною і будзеце вучыць мяне вашай праўды. Беспячней там будзе вам, як мне, у тым вялікім натаўпе людзей магчымеце навучаць пры самым двары цэзара. Актэ, кажуць, ёсць хрысціянкай, а між прэторыянамі ёсць хрысціяне, я сам бачыў, як ваяк станавіўся перад табою, Пётра, на калені ля Намэнтанскае брамы. У Анцыюме маю віллу, у якой будзем збірацца, і пад бокам Нэрона слухацімем вашае навукі. Казаў мне Глаўк, што вы для аднэй душы гатовы йсці на канец свету, дык зрабеце гэта для мяне, як для тых, для якіх прыйшлі сюды з Юдэі, зрабеце, не пакідайце душы мае.
Яны, чуючы гэта, пачалі нарайвацца, з радасцю згадваючы пра трыумф свае навукі ды значэнне, якое меціме для паганскага свету вера аўгустыяніна й нашчадка аднаго з найстарэйшых рымскіх родаў. Гатовы былі сапраўды йсці для аднае людское душы на край свету, дый ад смерці Вучыцеля больш нічога й не рабілі, дык адмоўны адказ нат і праз думку ім не прайшоў. Але Пётр быў пад гэну пару пастырам усяе масы, дык ехаць не мог, а вось Павал, які нядаўна быў у Арыцыі і ў Фрэгеле, а выбіраўся зноў у далёкую дарогу на ўсход, каб адведаць тамтэйшыя касцёлы ды ажывіць іх новым духам веры, згадзіўся ехаць з маладым трыбунам да Анцыюма, бо адтуль лягчэй было пусціцца ў Грэцыю.
Вініць хоць быў сумны, што Пётр, да якога чуў такую ўдзячнасць, не магчыме таварышыць, падзякаваў, аднак, ветліва і звярнуўся да старога Апостала з просьбай.
— Ведаючы кватэру Лігіі, — кажа, — мог бы я сам пайсці да яе і спытаць, як прыстоіць, ці захоча быць маёй сужаніцай, калі я стану хрысціянінам, але лепей прасіць цябе, Апостале: дазволь мне пабачыцца з ёю або ўвядзі мяне да яе. Не ведаю, як доўга мне прыйдзецца быць у Анцыюме, і памятайце, што пры цэзары ніхто ня ёсць пэўны заўтрашняга дня. Ужо й Пятроні мне казаў, што не меціму тамака бяспечнасці. Дык хай хоць перад тым пабачуся з ёю, хай нацешу ёю вочы й папытаю: ці мне зло даруе і ці дабро са мною падзеліць.
Апостал Пётр ласкава ўсміхнуўся й сказаў: — А хто ж бы табе належнае радасці забараняў, мой сыне!
Вініць зноў нахіліўся да ягоных рук, не мог ужо цалкам расчуленага сэрца ўстрымаць, а Апостал, песліва дакрануўшыся да ягонага твару, кажа: — Ды ты цэзара не бойся, бо запэўніваю цябе: волас з галавы тваёй не спадзе.
Пасля выслаў Мырыям па Лігію, загадваючы ёй, каб не казала, каго між імі застане, каб і красуні тым большую зрабіць радасць. Было недалёка, дык цераз нядоўгую часіну прысутныя ў каморы ўгледзелі між міртамі агароду Мырыям,
Вініць хацеў выскачыць на спатканне, але шчасце адняло яму сілы, і стаяў са скачучым сэрцам, без дыху, ледзь трымаючыся на нагах, сто разоў болып праняты, чым тагды, як першы раз пачуў над сабою свіст ваенных стрэлаў.
Яна ўбегла, нічога не спадзеючыся, і, згледзеўшы яго, затрымалася таксама як укопаная. То чырванела, то бялела, пазіраючы трывожлівымі вачыма на прысутных. Але наўкола сябе бачыла пагодныя, поўныя дабрыні, міны, а Апостал Пётр падыйшоў да яе ды кажа: — Лігія, ці кахаеш ты яго заўсёды?
Маўчанне. Губкі дрыжаць, як у дзіцяці, якому пад сэрца падступае жаль, бо пачуваецца да віны й бачыць, што трэба прызнацца.
— Кажы, — асмяляе Апостал.
Тады пакорна-баязліва вышаптала, асоўваючыся да Пятровых ног: — Так… Вініць у той жа хвіліне становіцца на калені пры ёй, а Пётр кладзе рукі на іхнія галовы й гавора: — Кахайцеся з Богам і на славу Яму, няма граху ў каханні вашым.
ХXXIV
Шпацыруючы ў садочку, Вініць расказваў ёй кароткімі, вырванымі з сэрца словамі тое, што нядаўна вызнаў Апосталам: неспакой у душы, перамены ў ягонай удачы і, урэшце, тую няўтульную тугу, якая пасля побыту ў Мырыям амарочыла яму жыццё. Прызнаўся Лігіі, што спрабаваў забыць пра яе, але не мог. Думаў аб ёй цэлымі днямі й начамі. Прыгадаў той крыжык, які звязала яму з галузак, як хавае яго ў лярарыюме, як мімаволі аддаваў яму пашану боскую. І тужыў штораз мацней, бо каханне было сільнейшае за яго і ўжо ў Аўлаў цалкам авалодала ягонай душою… Іншым прадуць ніткі жыцця Паркі, а яму снавала ейнае каханне, туга і сум. Нядобрыя былі ягоныя ўчынкі, але пабуджала іх каханне. Кахаў яе ў Аўлаў і на Палатыне, і як глядзеў на яе ў Острыянуме, слухаючы слоў Пятровых, і як ішоў на поймы яе з Кратонам, і як даглядала яго ў хваробе, і як збегла ад яго. І вось прыйшоў Хілон, які выследзіў ейную кватэру і раіў адабраць, але ён палічыў за лепшае ўкараць Хілона ды пайсці да Апосталаў прасіць праўды й яе… І багаславіў хвіліну, якая прыслала яму такую думку, бо дзякуючы гэтаму ён вось пры ёй, а хіба ж яна не будзе ўжо больш уцякаць ад яго так, як апошні раз уцякла з дому Мырыям… — Я не ад цябе ўцякла, — адазвалася Лігія.
— Дык чаму ж так зрабіла?
А яна падняла на яго ірысавыя вочанькі, потым спусціла сарамяжліва голаў і кажа: — Ты ведаеш… Вініць змоўк на момант, перапоўнены шчасцем, а пасля гаварыў далей: як паволі пераконваўся, што яна цалкам адметная ад рымлянак, хіба да аднае Пампоніі падобная. Не ўмеў ёй добра расталкаваць, бо й сам не цяміў сваіх адчуванняў, бачачы, што ў асобе ейнай прыходзіць на свет зусім іншая краса, якое да гэтых пор зусім не бывала, і якая не толькі ёсць мармуравым архітворам, але й душою. Сказаў прымеж таго і тое, як ён кахаў яе нат за ейныя ўцёкі ад яго, ды што будзе святою яму пры вогнішчы. Хапіў пасля яе за руку і, не могучы далей гаварыць, толькі любаваўся ёю з захапленнем, як знойдзеным шчасцем, ды паўтараў ейнае імя, казаў бы жадаў упэўніцца, ці знайшоў яе, ці ёсць яна пры ім: — Ах, Лігія! Лігія!..
У канцы пачаў яе распытваць пра ейныя перажыванні, а яна прызналася яму, што яго пакахала яшчэ ў Аўлаў, што была б сазналася ў каханні, калі б адвёў назад яе з Палатыну, і памагла б яму іх перапрасіць.
— Я прысягаў табе, — кажа Вініць, — што мне і ў голаў нат не прыходзіла адбіраць цябе ў Аўлюсаў. Пятроні некалі скажа табе, тады ж яшчэ прызнаваўся яму я, што кахаю цябе і хачу звянчацца. Сказаў яму гэтак: «Хай намасціць мае дзверы воўчым тукам і засядзе пры маім вогнішчы!» Але ён выкпіў мяне і падсунуў цэзару думку, каб зажадаў цябе як заложніцы ды аддаў мне.