Quo Vadis
Шрифт:
— Можаш выступіць тут, у Рыме і Ахайі. Падзіўляў я цябе цэлым сэрцам і душою, боскі! — адказаў Пятроні.
— Ведаю, на пахвалы ты занадта лянівы. І шчыры ты, як Тулій Сэнэцыё, але больш знаешся, чым ён. Скажы, што ты думаеш пра музыку?
— Як слухаю паэзіі, як гляджу на квадрыгу, кіраваную табою ў цырку, на стройную статую, прыгожую святыню або малюнак, як агортваю суздрам усё, што бачу, адчуваю, як у маім захапленні змяшчаецца ўсё, што гэтыя рэчы могуць даць. А вось як слухаю музыкі, злашча тваёй, адкрываецца перада мною штораз новая краса і раскоша. Бягу за імі, лаўлю іх, але не паспею іх успрыняць у сябе, як наплываюць новыя, бы марскія, хвалі, плывучыя з бязмежжа. Дык вось кажу табе, што музыка ёсць як мора. Стаімо на адным беразе і бачым далячынь, а другога
— Ах, які з цябе глыбокі знаўца! — дзівіцца Нэрон.
Хвіліну шпацыраваў моўчкі, толькі шафран ціха шуршэў пад нагамі.
— Ты выказаў мае думкі, — адазваўся ўрэшце Нэрон, — і дзеля таго кажу заўсёды, што ў цэлым Рыме ты адзін толькі патрапіў мяне зразумець. Так.
Тое самае і я думаю пра музыку. Як граю ці пяю, бачу такія рэчы, аб якіх не ведаў, што існавалі ў маёй дзяржаве або на свеце. Вось я — цэзар, свет мой, усё магу. Аднак жа музыка адкрывае мне новыя краіны, новыя горы й моры ды новыя раскошы, якіх не ведаў дагэтуль. Часам не ўмею ні назваць іх, ні зразумець, адчуваю толькі іх. Адчуваю багоў, бачу Алімп. Нейкі засветны павеў ахінае мяне; ледзь дабачваю, бы ў мгле, нейкую бязмерную веліч, а супакойную ды так ясную, як узыход сонца… Уся сфэра наўкол мяне гучыць музыкай, і павінен табе сказаць, — тут голас Нэрона захваляваў сапраўдным здзіўленнем, — я, цэзар і бог, чуюся тады малым, як пылінка. Дасі веры?
— Так. Толькі вялікія артысты могуць пачувацца ў абліччы мастацтва малымі… — Сяння ноч шчырасці, дык адкрыю перад табою душу, як перад прыяцелем, і скажу табе болей… Няўжо думаеш, я сляпы ці не маю глузду? Думаеш, я не ведаю, што ў Рыме выпісваюць на сценах чарнату на мяне, што завуць мяне маткабойцам і жонабойцам… што ўважаюць мяне за дзікуна і людаеда за тое, што Тыгэлін дастаў ад мяне некалькі прысудаў смерці на маіх ворагаў… Так, мілы, завуць мяне людаедам, і я ведаю пра гэта… Удаўблі мне лютасць да таго, што сам часта сябе пытаю: няўжо ж я такі люты?.. Але яны таго не ўцеюць, што ўчынкі чалавека часамі могуць быць лютымі, а чалавек можа і не быць такім. Эх, ніхто не паверыць, а можа, і ты, мой дарагі, не паверыш, як часамі, калі музыка хвалюе душу, я чуюся так добры, бы дзіцянё ў калысцы. Прысягаю табе на гэныя зоры, што іскрацца над намі, кажу шчырую праўду: людзі не ведаюць, колькі дабра тоіцца ў гэтым сэрцы і якія сам я бачу ў ім скарбы, калі музыка адчыніць да іх дзверы.
Пятроні, які не меў найменшага сумніву аб тым, што Нэрон у данай хвіліне гаварыў шчыра і што музыка іставетна можа выдабываць наверх розныя шляхотнейшыя схільнасці з ягонай душы, загачаныя гарамі эгаізму, распусты й злачынства, кажа: — Цябе трэ знаць так блізка, як я. Рым ніколі не ўмеў цябе ацаніць.
Цэзар абапёрся мацней на плячы Вініція, казаў бы ўвагнуўся пад цяжарам несправядлівасці, і адказаў: — Тыгэлін далажыў мне, што ў сенаце шэпчуць сабе на вуха, быццам Дыядор і Тэрпнас лепей за мяне йграюць на цытрах. Не хочуць прызнаць мне нат і гэтага! Але ты, які заўсёды гаворыш праўду, скажы мне шчыра: ці яны лепш за мяне йграюць, ці так сама, як я?
— Ты маеш салодшы дотык, а і больш сілы. У табе пазнаецца артыста, а ў іх — рамесніцтва! Так! Паслухаўшы іхняе музыкі, лепш можна скеміць, кім ёсць ты.
— Калі так, дык хай сабе жывуць. Не здагадаюцца ніколі, якою ты іх у гэнай хвіліне абдарыў паслугай. Хоць яно ўсё роўна: калі б іх пазбыўся, дык на месца іх трэ было б узяць іншых.
— Дый людзі ў дадатку гаварылі б, што з упадобы да музыкі — музыку нішчыш. Не глумі ніколі музыкі для музыкі, боскі.
— Які ж ты іншы ад Тыгэліна! — дзівіўся цэзар. — Але бачыш, я на ўсё мастак, і калі музыка адкрывае прада мною прасторы, якіх існавання не дадумоўваўся, адкрывае краіны, якімі не валадаю, раскошу й шчасце, якіх не перажываў, дык я не магу жыць жыццём абыдным. Яна мне гаворыць, што існуе надзвычайнасць, і вось шукаю яе ўсёю магутнасцю ўлады, якую багі аддалі ў мае рукі. Часам здаецца мне, што каб дацягнуць да тых алімпійскіх светаў, трэ выканаць нешта такое, чаго дагэтуль ніхто шчэ не даканаў, трэ перавышыць людское пагалоўе дабром або злом, ведаю, што людзі магчымуць назваць мяне
— Што манішся зрабіць?
— Пабачыш, пабачыш хутчэй, чым табе здаецца. А тым часам ведай, што ёсць двух Нэронаў: адзін такі, якога ведаюць людзі, а другі — артысты, якога адзін толькі ведаеш, і які, калі забівае, як смерць, ці шалее, як Бахус, дык менавіта таму, што яго давіць шэрасць і ліхоцце абыднага жыцця, і жадаў бы яго скараніць хоць бы й агнём ці жалезам… Ох! Які станецца нудны гэты свет, як мяне не стане!.. Ніхто не здагадваецца, нават ты, дарагі, які з мяне мастак! Але якраз таму й сумую, кажу табе шчыра: душа ўва мне бывае часамі так сумнай і маркотнай, як тыя цыпрысы, што там чарнеюцца ўдалечыні. Цяжка чалавеку адначасна насіць найвышэйшую ўладу і найбольшы талент!..
— Спачуваю табе, цэзар, цэлым сэрцам, а са мною зямля і мора, не лічачы Вініція, які ў душы цябе абажае.
— І ён заўсёды быў мне мілым, — сказаў Нэрон, — хоць служыць Марсу, не музам.
— Ён перад усім служыць Афрадыце, — паправіў Пятроні.
І вырашыў за адным замахам заладзіць справу сястрынца ды аддаліць усе небяспекі, якія маглі яму пагражаць.
— Ён закаханы, як Троіл у Крэсыдзе, — кажа. — Дазволь яму, доміне, паехаць у Рым, бо ссохне. Ці ведаеш, што тая лігійская закладніца, якую ты падараваў яму, знайшлася, і Вініць, выязджаючы да Анцыюма, пакінуў яе пад апекай нейкага Ліна? Не згадваў я табе пра гэта, бо ты ўкладаў свой гімн, а гэта важнейшая рэч над усім. Вініць маніўся з яе зрабіць сабе каханку, але, як аказалася цнатліваю, бы Лукрэцыя, раскахаўся ў ейнай цноце і цяпер жадае звянчацца з ёю. Гэта каралеўская дачка, дык дызгонару не будзе, але ж ён — вось існы ваяк — уздыхае, сохне, енчыць, аднак чакае на дазвол свайго імператара.
— Імператар не выбірае жанок ваяком. Нашто яму той дазвол?
— Я ж казаў табе, доміне, ён цябе абажае.
— Дык тым больш можа быць пэўны майго дазволу. Гэта ўдалая дзяўчына, хоць завузкая ў клубох. Аўгуста Папея скардзілася мне на яе, што ўракла нам дзіця ў Палатынскім парку… — Але я сказаў Тыгэліну, што боствы не паддаюцца ліхім прырокам. Памятаеш, боскі, як ён быў сумеўся, і як сам ты крычаў: «Habet!»
— Памятаю.
Тутка звярнуўся да Вініція: — Кахаеш жа яе так, як кажа Пятроні?
— Кахаю, доміне! — адказаў Вініць.
— Дык выдаю загад зараз ехаць узаўтра ў Рым, звянчацца з ёю і не паказвацца мне на вочы без вянчальнага пярсцёнка.
— Дзякую табе, доміне, з сэрца і душы.
— О, як міла ўшчасліўляць людзей! — адазваўся цэзар. — Не жадаў бы нічога іншага праз усё жыццё рабіць.
— Зрабі нам яшчэ адну ласку, боскі, — просіць Пятроні, — і асвець гэну волю сваю перад аўгустай: Вініць не асмеліўся б ніколі ажаніцца з асобай, якой не рада аўгуста, але ты, доміне, разгоніш адным словам ейныя ўпярэджанні, аб’яўляючы, што сам так загадаў.
— Добра, — кажа цэзар. — Табе і Вініцію не ўмеў бы нічога адмовіць.
І завярнуўся да віллы, а яны за ім, рады з перамогі. Вініць мусіў устрымоўвацца, каб не кінуцца на шыю Пятронію, бо цяпер усе перапоны й небяспекі быццам былі аддалены. У атрыюме віллы малады Нэрва і Тулій Сэнэцыё забаўлялі аўгусту гутаркай, Тэрпнас і Дыядор строілі цытры. Нэрон, увайшоўшы, сеў на ўзорыстым крэсле і, шапнуўшы штось на вуха прыбочнаму грэцкаму хлапчаняці, чакаў. Хлапчанё воміг вярнулася з залатою скрынкаю.