Quo Vadis
Шрифт:
Нэрон адчыніў яе і, выняўшы нашыйнік з буйных перлаў, гавора: — Во каштоўнасці, годныя сянняшняга вечара.
— Іграе на іх зарніца, — адзываецца Папея, перакананая, што нашыйнік ёй прызначаны.
Цэзар то падымаў, то спушчаў ружовыя каменні, урэшце кажа: — Вініць, падаруеш ад мяне гэны нашыйнік маладой лігійскай каралеўне, з якою загадваю табе звянчацца.
Поўныя гневу і раптоўнага здзіўлення вочы Папеі пранізвалі то цэзара, то Вініція, а ў канцы ўрэзаліся ў Пятронія. А той, перагнуўшыся абыякава праз поручча крэсла, вадзіў рукою па грыфе гарфы, як бы жадаючы вывучыць ягоную форму. Прамеж таго Вініць, падзякаваўшы за падарунак, падыйшоў да Пятронія і сказаў: — Чым я табе адудзячуся за ўсё тое, што ты для мяне сяння зрабіў?
— Ахвяруй пару лебедзяў Эўтэрпе, — адказвае Пятроні, — хвалі песні цэзара і смейся з прачуцця. Спадзяюся, што рык львоў ад гэтае пары не будзе муціць сну ані табе,
— Не, — запэўнівае Вініць, — цяпер я зусім спакойны.
— Хай жа Фартуна будзе вам ласкавай. Але цяпер зважай, бо цэзар бярэ зноў формінгу. Устрымай дыханне, слухай і рані слёзы.
І праўда, цэзар узяў формінгу, падняў вочы ўгару. У залі замерла гутарка, прысутныя сядзелі без руху, як скамянелыя. Толькі Тэрпнас і Дыядор, цэзаравы акампаніятары, цікавалі то на сябе, то на ягоныя вусны, чакаючы першых тонаў песні.
Нараз у прадсенні закіпела бегатня й гоман, цераз момант з-за парт’еры выскаквае цэзарскі вызвольнік Фаон, а за ім тут жа консул Лекан.
Нэрон нахмурыў бровы.
— Выбачай, боскі імператар! — адазваўся зазяханы Фаон. — Рым гарыць!
Большая частка гораду ў моры агню!..
На гэны даклад усе пазрываліся на ногі. Нэрон паклаў формінгу і ўголас: — О, богі!.. Убачу пажар гораду і скончу «Троіку»!
І воміг звяртаецца да консула: — Ці, выехаўшы зараз, паспею яшчэ ўбачыць пажар?
— Уладару! — адказвае бляды, моў сцяна, консул. — Над горадам адно мора полымя, дым душыць людзей, млеюць, з роспачы кідаюцца ў вагонь… Рым гіне!
Хвіліна мёртвай цішыні, нечакана Вініць на ўвесь голас: — Vae misero mihi!..
І малады юнак, скінуўшы тогу, у самай туніцы выбег з палацу.
А Нэрон падняў вочы да неба і дэкламуе: — Гора табе, святы градзе Прыяма!..
XLII
Вініць ледзь паспеў узяць з сабою некалькіх нявольнікаў, ускочыў на каня і паімчаўся глыбокаю ноччу праз пустыя вуліцы Анцыюма ў кірунку Лаўрэнтума. Страхотная вестка выклікала ў ягонай душы як бы стан шалу здзічэння, былі моманты, калі не мог уцеяць, што з ім дзеецца, меў такое ўражанне, быццам на тым самым кані за плячыма ягонымі сядзіць ліха і крычыць яму ў вуха: «Рым гарыць!», сцёбае яго самога і каня ды гоніць іх у той агонь. Палажыўшы без накрыцця голаў на карку каня, імчаўся навослеп у самай туніцы, не гледзячы наперад і не зважаючы на перапоны, аб якія мог рассадзіць голаў. Сярод цішы, сярод спакойнай і чорнай начы коннік і конь, аблітыя месячным бляскам, рабілі ўражанне соннае мары. Ідумейскі вогір, стуліўшы вушы і выцягнуўшы шыю, ляцеў бы страла, мінаючы непарушныя цыпрысы і белыя, паўтуляныя сярод іх, віллы. Грукат капытоў аб каменныя пліты тут і там будзіў сабак, якія браханнем праводзілі спагудную з’яву, пасля, раздражненыя ейнаю нагласцю, пачалі выць, падносячы пашчу на месяц. Нявольнікі, едучыя за Вініціем, хутка пачалі адставаць ззаду, бо мелі горшыя коні. Ён сам, як бура, праімчаўся праз спячы Лаўрэнтум, завярнуў да Ардэі, у якой так, як у Арыцыі, Бовілі і Устрынуме, трымаў ад часу прыезду да Анцыюма расстаўленыя коні, каб магчы найпрыдчэй праязджаць прастору, аддаляючую яго ад Рыму. Памятаючы пра гэта, выдабываў з каня астанкі сіл. За Ардэяй паказалася яму, быццам на паўночна-ўсходнім баку неба завалакло ружовым загаравам. Магла гэта быць зараніца, бо было ўжо позна, а дзень у ліпені рабіўся заране. Але Вініць не мог паўстрымаць крыху роспачы і злосці, бо выдавалася яму, што гэта загарава пажару. Прыпомніліся яму словы Леканія: «Горад увесь у вагні», — і праз момант змагаўся з хваляй шалёнасці, бо згубіў надзею на выратаванне Лігіі, а нат даехання ўпору. Ягоныя думкі выперадзілі бег каня, імчаліся перад ім бы статак чорнага птаства — роспачныя, страхотныя.
Не ведаў, у якой частцы гораду пачаўся пажар, думаў аднак, што затыбранскі квартал, густа забудаваны, поўны складоў дрэва і драўляных будаў, дзе прадавалі нявольнікаў, быў першай ахвярай агню. У Рыме пажары здараліся даволі часта, падчас якіх здараліся часта і гвалты, рабаўніцтвы, злашча ў кварталах, заселеных паўбарбарскім пралетарыятам, дык што магло дзеецца на такім Затыбры, гняздзе галіты, паходзячай з усіх канцоў свету? Тут праз голаў Вініція прамігнуў магут Урсус, але што ж мог зрабіць хоць бы не чалавек, а тытан з пякельнай сілай агню? Пагроза бунту нявольнікаў была таксама злыбядою, якая ад давён-даўных душыла цэлы Рым. Расказвалі, што сотні тысяч тых людзей лятуціць аб часах Спартакуса і чакае толькі нагоды, каб збройна выступіць супраць гныбіцеляў. І вось нагода падаспела! Магчыма таму, што ў горадзе разам з пажарам кіпіць разня і вайна. Можа, нат і прэторыяне па загаду цэзара кінуліся на горад і мардуюць. Валасы сталі дыбам на галаве Вініцію. Прыгадаў сабе ўсе гутаркі аб гарадскіх
Хто яе вырве з агню, хто выратуе? Вініць аж прылёг да каня, ушчаміўшы пальцы ў грыву, гатовы быў кусаць конскі карак. У пэўным моманце нейкі коннік, што гнаўся з процілеглага боку да Анцыюма, крыкнуў, мінаючы яго: «Рым гіне!» — ды паімчаўся далей. Да вушэй Вініціевых даляцела толькі шчэ слова «багі», рэшту заглушыў тупат капытоў. Тое слова ацвярозіла яго. Багі!.. Вініць падняў голаў, выцягнуў рукі да зорнага неба і пачаў маліцца: «Не вас заклікаю, якіх святыні валяцца, але Цябе!.. Ты сам цярпеў, Ты адзін міласэрны! Ты адзін разумеў людскі боль! Ты прыйшоў на свет людзей навучаць літасці, дык акажы ж яе цяпер! Калі Ты такі, якім называюць Цябе Пётр і Павал, дык паратуй мне Лігію. Вазьмі яе на рукі і вынесі з полымя! Ты можаш гэта! Аддай мне яе, а я Табе аддам кроў. А калі не хочаш мне гэтага зрабіць, дык зрабі гэта для яе. Яна Цябе мілуе і на Цябе спадзяецца. Абяцаеш жыццё і шчасце пасмяротнае, але шчасце пасмяротнае не ўцячэ, а яна паміраць яшчэ не хоча, дай жыццё ёй!
Вынесі яе з Рыму на сваіх руках. Ты ж можаш, хіба не жадаеш!..»
Перапыніў, бо чуў, што далейшая малітва магла змяніцца ў пагрозу, а баяўся абразіць Боства тады, калі ласка і літасць Ягоная найбольш была патрэбнай.
Спалохаўся такое думкі і, каб не дапусціць да галавы ані ценю гразьбы, пачаў зноў сцёбаць каня, тым болей, што белыя муры Арыцыі на палове дарогі да Рыму засвяцілі ўжо перад ім у месячным водбліску. Незабаўна пралятаў міма святыні Мэркура ў гаю перад горадам. Відаць, ужо ведалі тутака пра няшчасце, бо перад святыняй панавала суталака. Вініць пралётна згледзеў на сходах і між калюмнамі рой людзей з светачамі ў руках, якія ціснуліся пад апеку боства. Дарога не была так парожная і вольная, як за Ардэяй. Натаўп ішоў, праўда, да святыні бакавымі сцежкамі, але і на галоўным гасцінцы стаялі грамады, якія хутка ўцякалі перад разгоненым ездаком. З гораду далятаў гоман. Вініць уляцеў туды, бы віхар, паваліўшы й сталачыўшы на дарозе некалькі людзей. Навокал цяпер акружылі яго крыкі: «Рым гарыць! Горад у вагні! Багі, ратуйце Рым!»
Конь спатыкнуўся, стрыманы моцнаю рукою Вініція, і асеў назад перад гасподаю, дзе стаяла змена. Нявольнікі, казаў бы спадзеючыся гаспадара, стаялі перад гасподай і на ягоны загад рушылі навыперадкі па новага каня, а Вініць, бачачы аддзел дзесяці конных прэторыянаў, якія, мабыць, ехалі да Анцыюма з весткамі, падбег да іх і пачаў пытаць: — Каторая частка гораду гарыць?
— А ты хто такі? — спытаў дзясятнік.
— Вініць, вайсковы трыбун і аўгустыянін! Адказвай, галавой рызыкуеш!
— Пажар, спадару, пачаўся ў крамах пры Вялікім Цырку. Як мы выязджалі, быў ужо ў вагні цэнтр гораду.
— А Затыбра?
— Агонь туды дацяпер не дайшоў, але з непаўстрыманай сілай абыймае штораз новыя кварталы. Людзі гінуць ад жару і дыму, і ніякі ратунак немагчымы.
У тым моманце падалі Вініцію новага каня. Малады трыбун ускочыў на яго і панёсся далей. Ехаў цяпер да Альбанума, пакідаючы направа Альбалонгу і ейнае чароўнае возера. Гасцінец да Арыцыі йшоў пад гару, якая зусім засланяла далягляд і Альбанум на другім баку. Вініць ведаў, аднак, што з гары ўбачыць не толькі Бовілу і Устрынум, дзе чакалі на яго свежыя коні, але й Рым, бо за Альбанумам ляжала па абодвух бакох Апійскай дарогі роўная нізкая Кампанья, па якой беглі толькі да места аркады аквадуктаў, і нічога ўжо не засланяла віду.
— З гары ўбачу полымя, — казаў сабе.
І пачынаў сцёбаць каня. Яшчэ не даскочыў на вяршыню гары, як пачуў на твары подых ветру з дымам і ўбачыў вяршыню азалочанай.
— Загарава! — падумаў Вініць.
Ноч сівела ўжо даўно, золак пераходзіў у світанне, і на ўсіх блізкіх узгорках таксама свяціў ружовы і жоўты бляск, могучы быць і ад пажэжы і ад зарніцы. Вініць выехаў на вяршыню гары, і тады жудаснае відовішча залунала перад ягонымі вачыма.
Уся даліна пакрыта была вялізнаю хмараю дыму, ахутваючаю сялібы, аквадукты, віллы, дрэвы, а ў канцы гэнай шэрай жудаснай пакрывы гарэла на ўзгорках места.