Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Назаўтра ранiцай некаторыя лiтоўскiя, у iх лiку Янук i Антось, пасьпяшылi ў мястэчка. Па вулiцах ляжалi пабiтыя конi, трупы людзей. Антось i Янук iшлi памалу, разглядалiся. Воддаль пабачылi групу людзей, што пад наглядам Немцаў сьцягвалi хлам. У паветры яшчэ стаяў смурод гару, паленага мяса.
— Глядзi, каб нас да такой работы нi забралi, — перасьцярог Антося Янук.
— Ты праўду кажаш, — згадзiўся Антось. — Давай лепi ля гародаў пойдзiм.
— А куды гэта?
— Да Падгайскага.
Здавалася, што Антось добра ведаў усе сьцежкi паўз агароды. Наўмысна пайшлi
Падгайскага ў дварэ знайшлi. Ён гаварыў да дзядзькi з запрэжанай каляскай, на якой сядзела жанчына й стаялi кошыкi.
— Едзьце на памiдоры й пачынайце зьбiраць ад чыгункi. Тамака вышэй дык сьпялейшыя. А чаму Юхневiчаў няма?
— Казаў, што iз бабай посьля прыйдзiць. Учорака бандзiты чаго швагру нi закатавалi, дык ён у яго…
Падгайскi пабачыў лiтоўскiх. Змораны аграномаў твар распрамянiўся i ён хутка сказаў селянiну: — Ну дык едзьце.
— Антось, Янук, як я рад вас вiдзiць.
Прывiталiся, мацней чым звычайна, сьцiскаючы рукi.
— Добра, што прыйшлi, хоць i час ня той, знаiця… Прысядзьце.
Селi на лаўцы пад кустамi бэзу.
— Дык апавядай, — сказаў Антось.
— Быў у мястэчку, цi полем iшоў? — спытаў Падгайскi.
— Быў i ня быў, iшлi ля агародаў, - адказаў Антось.
— Дык вось, як я мяркую, хацелася бандытам узяць вакзал, але замiж, каб проста ўдарыць па iм з другога боку чыгункi, дык яны прыйшлi гэтта праз Бабiчы, разьбiлi школу, пасьял дэпо й на палiцыю напалi. Я чуў ужо ад свайго чалавека, што тамака многа палiцыi пабiлi. I знаеш, нямнога iм аставалася, каб на вакзал прарвацца i цалкам станцыю зьнiшчыць. Але-ж, ведаеш, як мне расказвалi, iдуць кучай, многа зь iх п'яных. Дык Немцы зайшлi iм з двух бакоў ды як упсяюрылi зь мiнамётаў, от-жа налажылi iх, як гною. Усiроўна, мусiць, занялi-б яны тут i станцыю ўсю й вакзал, надта-ж многа iх было, проста цьма-цьмушчая… Але-ж з Глыбокага падасьпелi панцыры iзь сьвежым войскам, ды яшчо праездам стаяў гэтта эшалон гарматаў i танкаў, дык i тыя мяса налажылi.
Падгайскi спынiўся пасьля на разных цiкавых дэталях.
— Дык гэта гэныя цыгане, як iх у нас называлi, цi радыёнаўцы з бальшавiкамi злучылiся? — спытаўся Антось.
— Ага, злучылiся. Яны-ж пазаўчорака Докшыцы забралi й нашых усiх там перабiлi.
— I нашага Мiколу з канём забралi.
— Мiколу й Захарука, — паправiў Антось. — Я дык дзiўлюся, як Захарук папаўся. Праўда, ён зараз каля бальшака, дык, мусiць, ня меў часу ўцячы. Ну а дзе ты быў у часе бою?
— Каля дому, — адказаў аграном. — Ведаеш, я-ж тут на водшыбе. Праўда, думаў, што вось-вось налятуць, ажно не. Вiдзiў, як Немцы акапалiся з кулямётам на маей мяжы, каб падыход адрэзаць…
— А Докшыцы яшчо ў iхных руках?
— Чуў,
Гаварылi спакойна, бязь нiякага паднечаньня цi зьдзiўленьня.
— Слухай, Антось, я цяперака ўжо сёе-тое думаў. Самааховы тутака нам нiяк ня ўдасца сарганiзаваць, сам знаiш. Нiма сваiх афiцэраў. А от цяперака палiцыю пераняць у свае рукi можна. Iх многа выбiлi. Кумекаiш?
— Ты, мусiць, тое думаеш, што i я думаю.
— Ага.
— А як Левандоўскi? Уцалеў?
— Нiякi чорт яго нi ўзяў.
— А калi яны будуць людзей набiраць?
— Ды хоць i зараз. Начальнiк быў сягоньнiка ранiцай у мяне й казаў, значыцца пытаўся, цi магу каго пасулiць яму…
— От як, — дзiвiўся Антось.
— Падумай, ды не марудзь. Найболi пару дней. Я яму параю сваiх людзей. Хачу, каб i ты там быў.
— Буду. Але яшчо зь Нiнай пагавару.
Аграном сьпяшыўся. Антосль i Янук хутка разьвiталiся зь iм. Назад iшлi ўжо вулiцай i дакладней прыглядалiся сьлядом учарашняга бою.
На трэцi дзень вярнуўся дамоў Мiкола. Без каня. У хату прынёс вялiкую радасьць. Змораны, галодны, ён сьпярша пад'еў, а тады цэлы вечар апавядаў пра свае прыгоды, як «цыганскае войска» злучылася з бальшавiкамi, ды як падчас наступленьня апынуўся ён у хвасьце «баявой» армii. Як Немцы пачалi нацiскаць, а «цыгане» й «тая брыда» завярнулi ў лес, удалося яму зноў застацца ў хвасьце. Каня застрэлiлi. За дзень прыкульгаў дадому. Захарук вярнуўся дадому назаўтра, таксама без каня. Апавядаў, што зацягнулi яго далей у пушчу, але, ведаючы, што з возам уцячы ня ўдасца, пакiнуў каня й сам абхiтрыў «начныя ўлады».
Якi тыдзень цi два пасьля баёў у Докшыцах i Гацях, у Глыбокае наехалi спэцыяльна вышкаленыя для забiваньня безбаронных людзей латыскiя адзьдзелы. На працягу двух дзён яны лiквiдавалi ўсё насельнiцтва жыдоўскага «гетто». Жыды спрабавалi адбiвацца зброяй i тады латышы пачалi iх выпальваць. Гэткiм чынам выгарэў вялiкi кут гораду побач Вiленскай вулiцы на захад ад галўнага рынку. Жыдоўскае пытаньне ў Глыбокiм было «канчаткова разьвязана».
30
Песьня прылятала дзесьцi зь левага боку, з трэцяй цi чацьвертай камэры. У маладым мужчынскiм тэнары — зьнямога й разам сквапнасьць нязьведанага, бадзёрасьць i сумлевы. I песьнi гэнай, i тэнару таму цесна ў менскай вязьнiцы таксама, як цесна там i Януку. Усё ягонае цяперашняе навакольле чатыры, некалi зялёныя, а цяпер шэрыя, запэцканыя сьцены камэры й круглы «ваўчок» у дзьвярох. А з другога боку. пад самай стольлю, пядзя неба праз краты.