Чорны павой
Шрифт:
Адвячоркам ён садзіўся ў аўтобус са сваім неразлучным партфелем, у якім ляжаў новы дэтэктыў.
Выйшаў Туманоўскі з аўтобуса на перакрыжаванні шашы з гравійкай. Тут жа, у паднавесіку-прыпынку, прачытаў расклад і ўпэўніўся, што апошні аўтобус, якім можна было даехаць да Рудні, пайшоў больш чым паўгадзіны назад. Цяпер аставалася спадзявацца на якую-небудзь познюю калгасную машыну.
Туманоўскі стаў на ўзбочыне пры сваім бывалым партфелі. Змяркалася. Машын не было. Зрэдку толькі праносіліся матацыклісты, пакідаючы за сабой пылок і ядавіты смурод. Толькі калі добра ўцямнела, Туманоўскі згадзіўся з тым, што нідзе не падзенешся, кіламетраў дванаццаць трэба адтупаць пяшком. У гэтым вялікага
Праваруч гравійкі вільготна, у нізкі туманок сплываў вялікі капусны агарод — асушаныя калектары. Злева браўся ў колас ячмень. Цяпер і самому не верылася, што некалі тут былі балоты і прабіраліся па іх толькі па кладках. А немцы не адважваліся да іх цераз гэтае балота нават зімой. Цяпер часам пачынае здавацца, што ўсё перажытае і не з ім было. Вайна асталася за плячыма як нешта вялікае, жудаснае, чаго, здаецца, на свеце і не можа быць.
Не стала і балот, усё менш і менш тых, з кім разам партызанілі. Ён маладзейшы, яму тады было толькі семнаццаць. Тады і Кухта здаваўся яму дзядзькам, хаця быў старэйшы гадоў на дзесяць.
Гравійка пайшла пад узгорак. Тут некалі сярод балота быў грудок — палянка, — парослы лесам. Ён так і астаўся, гэты лясок, рассечаны напал белым нажом гравійкі.
Заняты ўспамінамі, супакоены летняй палявой цішынёй, пахам збажыны, палынку збоч дарогі, Туманоўскі ішоў спорнай хадой, рады забытай радасцю ўсяму гэтаму. У гэтай радасці было нейкае спадзяванне на будучае такое светлае жыццё, якое толькі пачнецца, якое ўсё яшчэ наперадзе. Спадзяванне было адтуль, з юнацтва яшчэ, якое пачыналася з лютасці партызанскіх дзён і начэй, з жаху і знішчанай карнікамі сям'і…
Туманоўскі аж схамянуўся ад нечаканасці: за метраў трыццаць наперадзе з-за кустоў выйшаў чалавек, стаў пасярод дарогі і чакаў. Чалавек рослы, шыракаплечы, сінтэтычная скураная куртка паблісквала чарнатою пры месяцавым святле. Ён стаяў цвёрда, расставіўшы ногі. Інстынктыўна, толькі на пару крокаў, Туманоўскі прыцішыў хаду, чамусьці падумаў, што ў кішэні няма нават складанага ножыка. З белае дарожнае паласы нельга было ўцякаць. Туманоўскі ўжо бачыў, што на дарозе не мужчына, а хлопец, з цяперашніх акселератаў.
— У Стараселлі музыка чутна? — папытаўся хлопец.
— Чутна.
Туманоўскі ўспомніў, што чуў музыку, калі праходзіў паўз вёску.
— А вы куды?
— У Рудню.
— Мо падвезці?
— Не, дзякуй, ісці добра.
— Як хочаце, а мы на танцы.
Туманоўскі цяпер заўважыў, што за кустамі ляжаў не адзін матацыкл і там былі яшчэ людзі. Хлопец пайшоў да іх.
Калі Туманоўскі выходзіў ужо з ляска, ззаду рванулі цішыню матацыклетныя маторы. Матацыклістаў было трое, з пасажырамі на задніх сядзеннях.
Ён не заўважыў, што міжволі прыбавіў ходу.
Праз хвілін сорак Туманоўскі звярнуў на Рудню. Вёска спала. Толькі ў драўляным кароўніку на краі вёскі свяцілася акно. Дзверы будыніны былі адчынены, каровы ляжалі ў загарадзе на двары. Не гарэў над вуліцаю ніводзін ліхтар. Пад месячным святлом густою купаю над хатамі стаялі прысады — старыя раскідзістыя клёны і вязы. Ад іх нават у самую спякоту на вуліцы быў цень і халадок.
Туманоўскі спыніўся перад Кухтавай хатай пад разложыстым клёнам. Злавіў сябе, што не верыць у тое, што не Міхаіл адамкне яму дзверы. Варотцы зашчэпленыя. Прасунуў руку між штыкецін, зайшоў на двор, пастаяў. Пад месячным святлом холадна адсвечвалі шыбы вокан. Усё роўна як хата запуставала. Але пры дарозе стаяла вядро з вадой, карытца. Толькі ля парога Туманоўскі здагадаўся, чаго не хапае, — сабакі. Міхаіл заўсёды
Туманоўскі пастукаў ціха, потым мацней, пастаяў, паслухаў. Цішыня панавала такая, што было чутно нават, як адчыніліся дзверы з хаты ў сенцы.
— Вера, адамкні, гэта я, Туманоўскі.
— Ты, Іванка? Шахнула замыкла.
Вера першая вярнулася ў хату, пратупала цераз кухню ў зал і выйшла адтуль да Туманоўскага ўжо ў сукенцы.
Гэта была вясковая старэнькая бабка з цёмным маршчыністым тварам, сівымі валасамі.
— Бач, як састарэла я. Даўно мы не бачыліся.
— Не маладзець, а старэць і далей будзем, — толькі і знайшоўся адказаць Туманоўскі.— Маю тыдні два. Думаю, прыеду, пагасцюю. На Міхаілаву магілу зайду.
— Зараз я табе перакусіць чаго гляну. Ты ж з дарогі.
— Не трэба.
— На газе хутка, ты прысядзь.
Туманоўскі прысеў на табурэтку, выцягнуў ногі. З непрывычкі яны аж гудзелі ад хадзьбы.
Потым Туманоўскі вячэраў, а Вера ціха расказвала яму пра сваё:
— Пчол прадала: няма каму глядзець. Хаджу пакрысе на работу. Карову дзяржу, хоць цяжка, але дзяржу. Думаю, можа, хлопец сюды з арміі вернецца меншы. Хай бы тут аставаўся, не ехаў у гэты горад.
Паслала спаць Вера Туманоўскаму на ложку пры акне. Цела гуло ад стомленасці, халодная бялізна прыемна студзіла яго. Але не засыналася. Замінала цішыня. Ён усміхнуўся, рады гэтай разгадцы, і адразу ж пачаў нібы апускацца ў цёплы малочны туман… Але апусціцца так да канца і не змог, прахапіўся ад утробнага рову на вуліцы, зірнуў у акно: пры месячным святле мільгнулі белыя шлемы. Матацыклісты кучаю праляцелі па вёсцы, падняўшы пылу, як чарада кароў, і маторы доўга былі яшчэ чутны за вёскай у палявой цішыні, нудныя, як цыркулярная піла.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
пра здарэнне ў горадзе, якое не мае пакуль што дачынення да Туманоўскага.
Малодшы сяржант Іванчык паволі ішоў па набярэжнай. У гэтым раёне ён апынуўся выпадкова, не па службе. Тут ён хадзіў, калі патруляваў разам з дружыннікамі. Але то была работа. А цяпер ён глядзеў на высаджаны паўз рэчку сквер. За скверам, цераз вуліцу, стаялі новыя дамы, а ў двары ў іх пааставаліся старыя сады, якія прыгожа цвілі вясной.
Раён ціхі, на ўсю вуліцу адзін бар. Публіка збіралася ў яго не тая, што круціцца ля розных там «гадзючнікаў».
Пайсці ў міліцыю Іванчыка ўгаварыў пасля арміі сусед. Ён служыў у ДАІ і пераконваў, што лепшай работы, чым служба ў міліцыі, быць не можа. Ён і дапамог Іванчыку. Пакуль што Іванчык жыў на кватэры ў цёткі, чакаў месца ў інтэрнаце. Пасля строгае ваеннае дысцыпліны ён цешыўся сваёй самастойнасцю, вялікім горадам, які быў для Іванчыка прываблівым і загадкавым.
Калі прызнацца шчыра, то Іванчыка цікавілі і гэтыя гарадскія хлопцы ў туга абцягнутых на сцёгнах джынсах, рослыя, дагледжаныя, якія цэлымі вечарамі маглі сядзець у барах, нібыта гэта была ў іх галоўная работа. І дзяўчаты былі пад іх — гэтакія ж выгледжаныя, з аголенымі рукамі і спінамі. Яны адчувалі сябе гаспадарамі і на міліцэйскі нарад не звярталі ўвагі, толькі злёгку касавурыліся. Прыходзілі і кампаніі дзяўчатак па дзве-тры, сядзелі цэлыя вечары за столікамі, пастрэльваючы вачыма. Да іх падсядалі таксама джынсавыя, але ўжо лысаватыя і таўставатыя, нібы крыху пакамечаныя кавалеры і заказвалі кактэйлі… І хоць розніца ў гадах у паненак і кавалераў была дабраватая, але перад закрыццём бара дзяўчаткі выходзілі разам з новымі кавалерамі пахіхікваючы. Праз некалькі дзяжурстваў Іванчык заўважыў, што дзяўчаткі былі прыкладна адны і тыя ж і што кавалераў яны мянялі даволі лёгка і ўсё пахіхіквалі…