Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Мокрая пляма на падлозе, там, дзе невядомая суседка прыбрала за Лін, паступова падсыхала, засталіся толькі сляды мыла на даўно не мытай падлозе, і калі праз месяц ён па просьбе Нэлы вяртаўся ў Германію, у пакоі ўсё яшчэ стаяў кубак без ручкі, у якім Лін распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, у кубку заставалася белая клейкая сумесь, і пазней ён уцяміў, што ў газетным паведамленні і ў надмагільным надпісе на невялікім крыжы стаяла яе дзявочае прозвішча — міс Ганігэн і што манашкі на памінальным абедзе ўпарта называлі яго мужам міс Ганігэн.

Брат Лін узяўся дапамагчы яму знайсці работу ў Манчэстэры, бацькі Лін, з якімі ён быў у добрых адносінах, запрасілі яго пераехаць да іх у Ірландыю на ферму — «там заўсёды хопіць работы і ежы», — усе былі цвёрда перакананы, што неўзабаве пачнецца вайна і што ў Германію яму лепш не вяртацца. Ён нікому не расказаў, як Лін шаптала яму: «Едзь у Ірландыю». Ён доўга вагаўся, а сам працягваў жыць у лонданскім пакоі і

атрымаў нават добры ганарар за льва з гарчыцай, і след мыла так і застаўся на тым месцы, дзе нехта прыбраў за Лін. Ён яшчэ вагаўся, але лісты Нэлы рабіліся ўсё больш настойлівымі, і адным такім днём, калі ён жыў, нечага чакаючы, ён адаслаў вялікі карабок з малюнкамі ў Германію на адрас Рая. Ён зрабіў гэта неяк ўвечары, калі вярнуўся з могілак, дзе Доўга разважаў, ці павінен ён выканаць просьбу Лін. Ужо седзячы ў аўтобусе, ён цвёрда вырашыў паехаць у Германію, і калі ён вызваляў пакой і разбіраў ложак Лін, з-пад матраца выпалі дзве рэчы — пілка для пазногцяў і чырвоны бляшаны карабочак з цукеркамі ад кашлю.

Ён пачуў, што хлопчыкі ў двары з некім размаўляюць, і расчыніў акно. Генрых стаяў насупраць Больдзінага пакоя і крычаў:

— Добра, мы будзем больш асцярожнымі!

А Больда зверху адказвала:

— Я сама бачыла, як вы зламалі дзве кветачкі.

Альберт высунуўся з акна, задраў галаву і крыкнуў Больдзе:

— Яны больш не будуць.

Хлопчыкі засмяяліся. Больда таксама засмяялася і крыкнула:

— Ну ты ўжо… па табе дык хай яны хоць усё тут растопчуць.

Ён пакінуў акно расчыненым і пачаў парадкаваць малюнкі — мноства тонкіх лісцікаў — іх было некалькі соцень. Тут ён раптам падумаў, што трэба было б неяк напісаць бацькам Лін, — яны заўсёды дасылалі яму шынку, чай і табаку, а ён за ўвесь гэты час не сабраўся з духам, каб напісаць ім падрабязнае пісьмо, а толькі коратка дзякаваў ім ды дасылаў кнігі.

10

Было проста жахліва, калі бабуля брала яго з сабой у рэстаран. Праўда, яна рэдка выходзіла з дому, але менавіта таму яе добра ведалі ў некаторых рэстаранах, і, заўважыўшы яе, афіцыянты пачыналі неяк дзіўна ўсміхацца. Марцін ніколі не мог зразумець, кпіны гэта ці шчырая павага. Яна любіла цяжкую і багатую ежу, любіла тлустыя супы — рудыя, вязкія, адзін іх пах выклікаў у яго млосць, і потым яна заўсёды патрабавала паставіць маянэз на лёд, каб пасля гарачага тлушчу атрымаць асалоду ад ледзянога соусу. Яна заказвала вялізныя кавалкі смажаніны, абнюхвала іх, нажом і відэльцам правярала іх мяккасць і бесцырымонна адпраўляла іх назад, калі мяса не адпавядала яе смаку. Затым ішлі пяць розных салатаў, якія яна сама ўдасканальвала шляхам доўгіх маніпуляцый з прыправамі, якія ёй падавалі ў бутэлечках, у загадкавых срэбраных гарлачыках, у медных кропельніцах, і гэтакіх жа доўгіх перагавораў з афіцыянтамі пра ўласцівасці прыпраў. Паратункам была толькі талерка з гарой нарэзанага вялікімі лустамі хлеба, што ўзвышалася на сярэдзіне стала, але марна было яму чакаць тут бульбы — гэта адзінае, што ён бы з задавальненнем еў, акрамя хлеба. Бела-жоўтыя дымячыя бульбіны, з маслам і соллю, ён вельмі любіў, але бабуля пагарджала бульбай.

Бабуля піла віно і патрабавала, каб ён піў яблычны ліманад — напітак, які яна любіла ў дзяцінстве. Яна вельмі засмучалася, калі ён адмаўляўся піць ліманад: яна не магла зразумець, як можа яму не падабацца тое, што ёй у дзяцінстве здавалася такім смачным. Ён еў мала: салату, суп і хлеб, і яна, якая глытала ўсё, як удаў, глядзела на гэта, ківаючы галавой. Перад ядой яна заўзята жагналася: размахваючы рукою, як вятрак, яна біла сабе далонню па лбе, грудзях і жываце. Але не толькі гэта прыцягвала да яе агульную ўвагу, кідаўся ў вочы і яе ўбор: цяжкі чорны шоўк і палаючая, як агонь, чырвоная блузка, якая вельмі пасавала да яе квітнеючага твару. Афіцыянт, метрдатэль і буфетчыца лічылі яе рускай эмігранткай, але яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў найвялікшай бядноце. Падчас добрага абеду яна любіла расказваць, як кепска ела яна ў дзяцінстве: уголас, так, што прыслухоўваліся людзі за суседнімі столікамі, бабуля расказвала пра прыкры салодкі смак параных буракоў, пра горыч падгарэлага супу са знятага малака, дакладна апісвала салату з крапівы, кіслы чорны хлеб, які яна ела ў дзяцінстве, і тут жа пераможна разломвала лусту белага хлеба.

На бульбу яна вылівала плойму праклёнаў, называла яе мучністай атрутай, прусацкім хлебам і рознымі незразумелымі зняважлівымі мянушкамі на дыялекце свайго дзяцінства. Затым яна брала кавалак белага хлеба, мачала яго ў соус, і ў яе яркіх сініх вачах загараўся дзікаваты агеньчык, які палохаў яго.

Ён пачынаў разумець, чаму баіцца яе, калі яна пачынае апісваць, як у іх дома білі трусоў. Ён яўна чуў трашчанне далікатных костачак, бачыў выкачаныя вочы і кроў; найдакладным чынам бабуля расказвала, што і як рабілі з вантробамі, з цёмна-чырвоным месівам з лёгкіх, печані, сэрца; расказвала і пра тое, як яе заўжды падманвалі

галодныя старэйшыя браты і сёстры. I зараз яна трэслася ад злосці, калі ўспамінала свайго брата Маціаса, які пяцьдзесят гадоў назад заўсёды ўхітраўся забраць сабе трусінае сэрца; яна называла яго падлюкам і нягоднікам, хоць Маціас ужо больш за дваццаць гадоў спачываў на могілках у іхняй роднай вёсачцы. Марцін чуў адчайнае кудахтанне курэй, якія пачыналі насіцца па бедным дворыку, калі там з’яўляўся бабулін бацька з сякерай у руках. «Былі ў нас худыя птушкі, годныя толькі на суп», — гаварыла бабуля. З сумам успамінала яна, як хадзіла па багатых дварах, калі там білі скаціну, выпрошвала міску крыві і цягнула дадому — тлустую, густую, у камяках. Калі яна даходзіла да гэтага месца, ён ведаў, што неўзабаве пададуць дэсерт і што яго абавязкова званітуе, таму што мясныя стравы яна завяршала барановай адбіўной, мяккай, з крывёй, — яна разразала яе, праглынала вялікія кавалкі, нахвальваючы далікатнасць мяса; а яму бачыліся забітыя і асвежаваныя дзеці, і, чакаючы асалоды ад марожанага, кавы і пірожных, ён усё ж цвёрда ведаў, што яго званітуе і што потым ён нічога не зможа есці. Усе пададзеныя на стол стравы мільгацелі перад вачамі — тлусты, вогненна-гарачы суп, салаты, кавалкі мяса і соусы падазрона чырвонага колеру; ён з агідай глядзеў на бабуліну талерку, дзе кроў перамешвалася з тлушчам, кроў з вочкамі тлушчу. На працягу ўсяго абеду каля яе ў попельніцы ляжала дымячая цыгарэта, і час ад часу яна зацягвалася і пераможна азірала залу.

Ён думаў пра тое, што Брылах і Берэндт гуляюць зараз у футбол у іхнем садзе, п’юць халодны, як лёд, ліманад, ядуць хлеб з павідлам, а пасля Альберт павязе іх некуды і пачастуе марожаным — магчыма, ка мосце або ўнізе, каля Рэйна, дзе можна проста з-за столікаў кідаць каменьчыкі ў ваду і назіраць, як рабочыя выцягваюць з ракі пакрытыя ржой карабельныя абломкі. А тут прыходзіцца сядзець сярод ненажэр і любавацца, як задаволеная бабуля мачае кавалкі хлеба ў крывавы тлушч.

Кожнага разу ён занадта доўга раздумваў, як бы паспець дабрацца да туалета, як яго занудзіць, але бабуля заўсёды садзілася каля самага ўвахода, і каб трапіць у туалет, трэба было прайсці міма пяці, шасці, сямі вялікіх сталоў. Ён нясмела пералічваў іх, руда-чырвоная дарожка, здавалася, праходзіла ўздоўж бясконцага рада ненажэрных людзей. Ён ненавідзеў іх, як ненавідзеў бабулю, іх разгарачаныя твары здаваліся каля белых сурвэтак яшчэ больш чырвонымі. Дымячыя судкі, храбусценне костак, дзіцячых костак, кроў з вочкамі тлушчу, халодныя, прагныя вочы худых ненажэр і гарачыя, налітыя крывёй, да брыдкасці лагодныя вочы тоўстых ненажэр; а афіцыянты ўсё падносілі і падносілі ад буфетнай стойкі забітых, скрамсаных дзяцей, і тыя, у каго на сталах яшчэ не было талерак, праводзілі афіцыянтаў прагнымі вачамі.

Дабірацца да туалета трэба было вельмі доўга. Толькі аднойчы ён паспеў дабегчы туды. Хістаючыся, прайшоў між радамі ненажэр, з кожным крокам усё больш няўпэўнена, але ўсё ж паспеў: белыя каменныя пліткі, пах мачы, пах лімоннай эсэнцыі і мыла. Столік прыслужніка, на ім — стракатыя пакецікі, грабянцы, сурвэткі і ўсё тыя ж ненажэры перад яго вачамі: яны падвойваюцца, яны — ў люстэрку і ў натуры. Здвоены рад забойцаў — яны корпаюцца ў зубах, надуваюць шчокі, каб праверыць, ці гладка яны паголены, праводзяць языком па зубах.

Расшпіленыя гузікі, белыя кашулі, вось нарэшце вольнае месца. Ён нахіліўся над ракавінай, і рэзкі пах мачы ўзмацніў млосць, яму хацелася толькі, каб хутчэй усё гэта скончылася і настала жаданая палёгка. Каля яго ўзнікла свежая ружовая фізіяномія.

— Засунь палец у рот, засунь палец у рот, — пачуў ён.

Добразычлівая назойлівасць гэтага чырванамордага ненажэры выклікала агіду, і яму нясцерпна захацелася ўбачыць каля сябе дзядзьку Альберта, маці, просты скуласты твар Глума, чорныя як смоль гладкія валасы Больды і яе белы твар, захацелася пагуляць у футбол з Брылахам і Берэндтам. Але ён злоўлены, ён згубіўся сярод рыгаючых ненажэр, ён запёрты ў гэтай знішчальна чыстай, белай кафлянай турме, асуджаны навек удыхаць толькі пах мачы і адэкалону. Цёплая мяккая далонь прыслужніка легла на патыліцу, і расплыўчаты лагодны твар схіліўся над ім.

— Што з табой, хлопчык?

Але тут у мужчынскую ўборную ўварвалася бабуля, і вочы лагоднага прыслужніка акругліліся ад жаху. Мужчыны збянтэжана пачалі зашпільвацца.

— Што з табой, дзіця маё, што здарылася?

Рукі яе лёгкія, але ўпэўненыя, яна прымусіла яго нахіліць галаву і засунула яму ў рот, хоць ён і крычаў з перапуду, свой доўгі жоўты палец, і ўсё ж яго не званітавала, — жалезны камяк млосці, безвыходны, сударгавы жах стаіўся недзе ў страўніку; праз рады ненажэраў бабуля пацягнула яго назад у залу, але якраз тут усё і здарылася: калі ён праходзіў міма століка аднаго жывадзёра, які драпежным рухам нажа з асалодай рассякаў ружовае дзіцячае мяса, што сачылася крывёй, ён адчуў, як жах падымаецца ў горла і шукае выйсця. Hi сораму, ні шкадавання ён не перажыў — толькі халодную радасць. Цяпер, калі страўнік яго апаражніўся ад жаху, ён змог нават усміхнуцца.

Поделиться:
Популярные книги

Рейвенор. Омнибус

Абнетт Дэн
12. Цикл книг про инквизиторов Эйзенхорна и Рейвенора
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Рейвенор. Омнибус

Крутой маршрут

Гинзбург Евгения
Документальная литература:
биографии и мемуары
8.12
рейтинг книги
Крутой маршрут

Реванш. Трилогия

Максимушкин Андрей Владимирович
Фантастика:
альтернативная история
6.73
рейтинг книги
Реванш. Трилогия

Купец V ранга

Вяч Павел
5. Купец
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Купец V ранга

Гарри Поттер (сборник 7 книг) (ЛП)

Роулинг Джоан Кэтлин
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Гарри Поттер (сборник 7 книг) (ЛП)

(Бес) Предел

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.75
рейтинг книги
(Бес) Предел

Котенок. Книга 3

Федин Андрей Анатольевич
3. Котенок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Котенок. Книга 3

Цусима — знамение конца русской истории. Скрываемые причины общеизвестных событий. Военно-историческое расследование. Том II

Галенин Борис Глебович
Научно-образовательная:
военная история
5.00
рейтинг книги
Цусима — знамение конца русской истории. Скрываемые причины общеизвестных событий. Военно-историческое расследование. Том II

Фиктивный брак

Завгородняя Анна Александровна
Фантастика:
фэнтези
6.71
рейтинг книги
Фиктивный брак

Усадьба леди Анны

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Усадьба леди Анны

Кодекс Крови. Книга V

Борзых М.
5. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга V

Дочь Хранителя

Шевченко Ирина
1. Легенды Сопределья
Фантастика:
фэнтези
9.09
рейтинг книги
Дочь Хранителя

Шериф

Астахов Евгений Евгеньевич
2. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
6.25
рейтинг книги
Шериф

Шайтан Иван

Тен Эдуард
1. Шайтан Иван
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Шайтан Иван