Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:
А ў вачах яе між тым плескануўся такі жах, змешаны з такой вар'яцінкай, што я пашкадаваў, нашто я абудзіў яе ад гэтага.
— Надзея Раманаўна! Супакойцеся, калі ласка! Не трэба больш, усё-ўсё будзе добра, светла для вас на зямлі.
Яна не разумела. Чорны цень поўз аднекуль з кута да яе (відаць, хмара засноўвала месяц), і яна глядзела на яго, і зрэнкі, і вочы яе ўсё шырыліся, шырыліся, шырыліся.
Вецер раптам загрукацеў недзе напаўадарванай аканіцай, завыў, заскуголіў у коміне. І гэта было так неймаверна падобна на далёкі грукат капытоў дзікага палявання, на нялюдскі крык: «Раман!
Гэта было так падобна на ўсё гэта, што я здрыгануўся.
А яна раптам закрычала, прыціснулася да мяне так, што я адчуваў яе грудзі, калені пад тонкім флёрам, учапілася за мяне, і я, падначалены нястрымнаму жаданню, прыціснуў яе ўсю да сябе.
— Клятыя грошы. Клятыя грошы! Забярыце, забярыце мяне адсюль, забярыце!… Моцны, вялікі чалавек мой, уладар, забяры мяне адсюль! Тут так жахліва, так холадна, так змрочна! Я не жадаю, не жадаю паміраць…
Я перанёс яе на ложак, лёгкую, як дзіця. «Капыты» ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль.
— Забярыце, забяры мяне!… Я не магу, я не магу.
І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі.
Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль.
Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок.
Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме.
Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй — я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся?
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай.
Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.
— Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я.
Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:
— Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. —
Я абняў яе за тонкія плечы:
— Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.
Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.
І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.
Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.
Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы.
Я скочыў з воза.
— Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца?
— Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое.
Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку.
— Гэта вам, Надзея Раманаўна… Можа, паставіце дзе… успамінаць будзеце…
Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага.
— Будучай жонцы тваёй.
Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою.
— Бывайце вы… Бывайце, лепей, хутчэй… А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба… Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі.
Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы.
— Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе.
Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах.
— Го, няхай паспрабуе!…
І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся.
— Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства — лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым.
— І я веру ў гэта, — проста сказаў я.
Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!…
Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць…
І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня.
Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні — зусім іншая эпоха, іншыя звычаі.
Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта!…
Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз.