Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
Два цені, чорны і белы, стаялі асобна ад натоўпу і сачылі, хто выйдзе яшчэ. Кандрат паспрабаваў быў зрабіць крок, але яго раптам моцна сціснулі з бакоў. Ён пакасіўся: цяжка сапучы ад бегу, стаялі побач з ім бацька і Юрась.
– Галава яловая, – сказаў змрочны бацька.
Кандрат ірвануўся быў – сціснулі. Андрэй раптам пачаў пхаць яго назад, у натоўп.
– До, – сказаў ён. – Ты што, не бачыш? Пастка.
Строгія сінія вочы Андрэя сустрэліся з ягонымі вачыма.
– Хадзем адсюль, – сказаў Андрэй шэптам. –
Падкова пачырванела на Кандратавым ілбе. Але сваякі моцна прыціснулі яго да глухой сценкі нейкай пуні.
Мусатаў стаяў трохі вышэй за мора агню. Рукі ягоныя, учэпістыя рукі ў рабацінні, нервова абмацвалі паяс.
Мусатаў не адчуваў ранейшай упэўненасці. I менавіта дзеля таго, каб яна вярнулася, спытаў:
– Яшчэ хто?
– Я, – рушыў з натоўпу Брона.
Ён аддаў штуцэр суседу і пайшоў, топчучы поршнямі снег.
– Хто такі? Адкуль?
– А ты не ведаеш? Дарэмна. Давялося-такі табе памучыцца з намі пад Глінішчамі.
У Мусатава перасмыкнулася шчака. I гэты лясны.
– Т-так, – працягнуў ён і, паколькі ўпэўненасць не прыходзіла, загадаў: – Салдаты, бярыце іх.
Траіх людзей схапілі за рукі.
– Гэта што ж? – спытаў Паківач. – А абяцанне?
– Лясным бандзюкам не абяцаюць.
– Людзі! – крыкнуў Брона. – Бачыце?!
– Ты што ж гэта робіш?! – закрычаў нехта з натоўпу.
Мусатаў узняў руку:
– Народ! Гэтыя людзі ўпэўняцца, што ніякага маніфеста ў царкве няма, і там жа будуць чакаць, пакуль прыйдзе расплата.
Кандрат Кагут адбіваўся ля сценкі. Яго трымалі.
– Пусціце! Бачыце, як яны! Пусцціе!
Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці.
– Цягніце яго, хлопцы, цягніце адсюль.
За Кандратавымі нагамі цягнуліся два снегавыя разоры. Ён напінаўся і роў.
– Раю вам разысціся, – шчэцістыя бакенбарды капітана дрыжалі. – Сюды ідзе яшчэ дзве роты. Па-шкадуйце сваё жыццё.
Натоўп завагаўся. Корчак з адчаем бачыў, як трох чалавек цягнуць да брамы. Веска маўчала, глядзела цёмнымі вокнамі. Напэўна, за некаторымі з іх былі вочы, але нават не каля саміх каламутных шкельцаў, а ў глыбіні хаты.
– Хлопцы! – крыкнуў Корчак. – Ды што ж гэта яны, ірады? Выганяйце іх з хат. Паходню ў страху, калі не выйдуць.
Мужыкі пачалі біць у вокны і дзверы, выганяючы гарыпяціцкіх на вуліцу. Іх цягнулі з хат. Натоўп быў у ярасці: хаваліся за цёмнымі вокнамі, і ў кожнага, хто стаяў з паходняй, было таму страшна і сіратліва на сэрцы. А хіба тыя, што з паходнямі, зладзеі? Яны хацелі толькі ўпэўніцца ў хлусні.
– Корчак! – крыкнуў Мусатаў. – Не здзекуйся з людзей!
– Адпусці ўзятых, доўбня! – крычаў Корчак. –
Валтузня вакол Броны, Марты і Паківача на хвіліну прыпынілася.
– Людзі! – крыкнуў Мусатаў.
– Мы табе не людзі, а быдла, – адказаў Корчак. – А і вы нам не людзі, а ваўкі.
Навісла маўчанне.
...На загуменні бацька, Андрэй і Юрась трымалі, сапучы, Кандрата.
– Здрадніка з мяне робіце, – сіпеў той.
Вуліцай, прыгуменнямі, садкамі павольна, па адным, па тры адлучаліся ад натоўпу людзі.
– Бачыш? – сказаў Юрась, і раптам голас ягоны перасекся. – Бачыш? Вось табе гэты бунт. То ты што, у гульні хацеў галаву скласці?
Кандрат круціў галавою, як загнаны конь.
– Сорам, перад братамі сорам, – ён зноў пачаў вырывацца.
Андрэй схапіў яго за валасы і моцна, так, што Кандрат крыкнуў, павярнуў ягоную галаву да садкоў.
– Глянь! Ану, глянь! Унь яны, браты!
Ад вогненнага возера адрываліся і плылі садкамі агеньчыкі. То адзін, то другі з іх рабіў у цемры зыркае паўкола – зверху уніз, – і потым адтуль далятала сычэнне згасаючай паходні, якую совалі ў сакавіцкі, нямоцны нават уначы, снег.
У Юрася нешта клекатала ў горле.
– Братка... – захлынаючыся, сказаў ён. – Братка, ты не думай. Мы пачнем не так. Калі мы пачнем – зямля пад імі ўсімі закурэе. Пачакай да таго часу, братка.
– Калі пачнецца сапраўднае – першы пайду з табою, – сказаў Андрэй.
– Мы з-пад іх зямлю рванем, – усё паўтараў Юрась. – Гэта ўжо скора. Вер мне, я людзей ведаю. Кандрат зноў ірвануўся з-пад іх.
Ён глядзеў, як сычэлі і сычэлі ў снезе згасаючыя паходні, як меншала і меншала – на вачах, агнёў. Сутарга раптам прабегла па Кандратавым целе, і ён, ірвучыся, закрычаў нема і страшна.
– Панеслі, – сказаў Юрась.
Андрэй ускінуў на плячо братава цела, і Кагуты рушылі зарасцямі вішняку, а потым узлобкам далей ад Гарыпяцічаў. Кандрат пагойдваўся на плячах, нерухома-цяжкі, як мёртвы.
На ўзгорку, перад тым як спусціцца ў яр, Юрась і Андрэй спыніліся. Агні ўсё яшчэ згасалі ў лагчыне, але сычэння не было чуваць: далёка.
– Нічога, мы ім гэта ўспомнім, – сказаў Андрэй.
Брат не сказаў нічога, але Андрэю стала страшна, калі ён убачыў сціснутыя Юрасёвы кулакі.
“Давялі, – падумаў ён. – Ваўкоў з людзей парабілі. I дзіва што...”
Натоўп радзеў. Засталіся толькі Корчакавы людзі і ўзброеныя мужыкі з вёсак Хаданскага, ды яшчэ гарыпяціцкія, якім не было куды ўцякаць.
Але Мусатаў усё адно адчуваў дзіўную слабасць.
...Натоўп тым часам усё яшчэ стаяў у нерашучасці. I салдаты стаялі перад ім таксама нерухома. I на тварах салдат, якія трымалі Брону, Марту і Паківача, была нерашучасць.
Часам у натоўпе выбухаў крык:
– Пусціце іх!