Карычневая магiя
Шрифт:
* * *
Вянчанне адбылося ў каплiцы Клеры. Пышнага вяселля не рабiлi. Маладыя паехалi ў Судан, бо Геркул Дзюрук хацеў праверыць там свае плантацыi. Палкоўнiк, якому зяць пакiнуў пенсiю, вызвалiўся ад службы ў "Прамысловым клубе" i перабраўся на радзiму сваёй жонкi каля Арманцьера. Калi маладыя Дзюрукi вярнулiся, некалькi асоб, у тым лiку натарыус Пельто, запрасiлi iх на абед.
– Ну, i як яны?
– запытаў я ў натарыуса.
– На маю думку, - адказаў той, - яны кахаюць адно аднаго... I ўсё ж, на яе месцы, я не быў бы спакойны... У гэтым чалавеку, пры ўсiх яго культурных манерах, ёсць нешта дзiкае.
– А пра свае
– зусiм натуральна пацiкавiўся я, паколькi i сам уклаў невялiкую суму грошай у "Таварыства бавоўна-каўчук".
– Ну, вядома... Але ўсё куды горш, чым я меркаваў спачатку... Баюся, што праз некаторы час мы расчаруемся... Ёсць рахункi, якiх я проста не разумею.
Так да канца нiхто i не разабраўся ў дзейнасцi Геркула Дзюрука. Пэўнымi з'яўляюцца тры факты: акцыянеры не атрымалi нi аднаго су прыбытку, "Таварыства", праiснаваўшы некалькi цяжкiх гадоў, збанкруцiлася, сам жа Геркул застаўся пры сваiм багаццi. Гэтая нячыстая камбiнацыя адшыла ад мулата ўсiх, хто некалi добра ставiўся да яго. Геркул i Бланш замкнулiся ў сваiм замку i нiкуды не выязджалi.
Гадоў праз чатыры, а можа, праз пяць пасля iх жанiцьбы, дакладна не памятаю, мяне ўпершыню запрасiлi ў Клеры. Бланш Дзюрук нейк дзiўна змянiлася. Гэта слаўная жанчына, што была для мяне ўвасабленнем сiлы i стойкасцi, страшэнна схуднела. Яна стала нервовай, яе фламандскi румянец знiк, вочы ўвалiлiся i палiнялi. Я не знаходзiў нi праяў туберкулёзу, нi слядоў iншых захворванняў. Парушэнняў арганiчных функцый не назiралася, але фiзiчныя прычыны гэтай змены вызначыць было няцяжка. Яе муж, чалавек ненасытнай пажадлiвасцi i, па ўсiм вiдаць, наравiсты i люты, яе вельмi стамiў. Некалькi разоў яна была цяжарнай, але дабром гэта не канчалася.
А тут яшчэ дадалiся сардэчныя трывогi. З таго часу як Бланш пачала трацiць сваю прывабнасць, ён стаў здраджваць ёй. Спачатку, калi Дзюрук лавiў сельскiх дзяўчат, Бланш прыкiдвалася, што не бачыць, спадзеючыся, паправiўшы сваё здароўе, вярнуць i мужа. Потым ён пусцiўся ў залёты да маладой жанчыны з Пон-дэ-Лёра Мацiльды Фраман, удавы архiтэктара. Я яе добра ведаў, жанчына сумленная, але Геркул Дзюрук прыставаў як смала. Бланш увесь час пыталася ў мяне пра сваю сапернiцу, горка плакала i скардзiлася. Я прапiсваў ёй для супакаення няшкодныя бромiстыя кроплi.
Так мiнула яшчэ два гады.
Вечарам у студзенi 1897 года з Клеры прымчаўся на веласiпедзе слуга, пазванiў у мой дом i папрасiў мяне як мага хутчэй з'явiцца ў замак. "Панi вельмi дрэнна", - паведамiў ён. Як я нi пытаўся, ён мне нiчога не растлумачыў, сказаў, што сам не ведае, што яго разбудзiў пан, загадаў мяне адшукаць, i толькi. Я прыехаў у брычцы i знайшоў маю клiентку распасцёртай на ложку. Яе сэрца не бiлася. Бланш сканала гадзiны дзве назад. Нiякiх сiмптомаў, больш-менш сур'ёзных, што я назiраў у яе дагэтуль, я не мог прыгадаць, каб вытлумачыць раптоўную смерць такой маладой жанчыны, i, натуральна, без асаблiвага давер'я пачаў распытваць яе мужа, спакой i вытрымка якога мяне вельмi ўразiлi:
– Скажыце, нарэшце, што тут здарылася?
– Я сам не разумею, доктар... Вечарам Бланш, як звычайна, зайшла ў туалетны пакой. Перад сном яна заўсёды доўга прычэсваецца... Яна не вярталася, але я спачатку не прыдаў гэтаму значэння. I толькi праз гадзiну, занепакоiўшыся, паклiкаў яе. Адказу не было, i я ўвайшоў... Яна сядзела непрытомная, з распушчанымi валасамi... Побач на падлозе валяўся грэбень... Каб не спiнка крэсла, яна б упала таксама.
–
– Напэўна, была, бо да свядомасцi яна так i не прыходзiла. Але тады я не здагадваўся. Я перанёс яе ў нашу спальню. Яна не паварушылася.
– Скажыце, апошнiмi днямi ёй зрабiлася горш?
– Не, доктар... Наадварот, учора за абедам яна была нават весялейшая.
– Як вы думаеце, былi ў яе карыстаннi яды, наркотыкi? Магла яна прыняць што-небудзь такое?
– Нi ў якiм разе, доктар... Толькi з майго дазволу.Я ўважна агледзеў спальню i туалетны пакой i не знайшоў нi флакона, нi цюбiка, нiякага прадмета, якi выклiкаў бы падазрэнне. Лякарствы, што захоўвалiся ў белай шафцы, былi ўсе прапiсаны мною. Я абследаваў цела. Нi драпiны, нi сiняка... Нiякiх пашкоджанняў. I я прыняў рашэнне.
– Пан Дзюрук, - сказаў я з горыччу.
– Гэта вельмi сумна, але я не магу без экспертызы выдаць вам пасведчанне... Зрабiўшы так, я меў бы сур'ёзныя непрыемнасцi ад органаў цывiльнага нагляду. Прыйдзецца труп анатамiраваць з удзелам доктара-крымiналiста.
– Так, так, гэта неабходна, - адказаў ён.
– Я сам хачу ўсё высветлiць.
Анатамiраванне дало адмоўныя вынiкi. Сэрца жанчыны не было кранута. Не знойдзена слядоў нi закупоркi сасудаў, нi разлiцця крывi. Нiякiх доказаў натуральнай смерцi. З другога боку, нiякiх слядоў атруты ў вантробах, нiякiх раненняў, а значыцца, нiякiх падстаў, каб прызнаць гвалтоўную смерць.
Вывад экспертаў быў аднагалосны: прычына смерцi - паралiч сэрца, што магло задаволiць закон, але не ўмяшчалася ў розум.
Пахаванне было ўрачыстым. З Арманцьера прыехаў палкоўнiк, пастарэлы, згорблены, прыбiты горам. Да зяця ён аднёсся прыхiльна, i яго прысутнасць прымусiла жыхароў Пон-дэ-Лёра быць ветлiвымi з Геркулам Дзюрукам.
* * *
Нiхто б не паверыў, што пасля такой драмы мадам Фраман выйдзе замуж за Дзюрука. Я нават спадзяваўся, што яна наогул перастане з iм сустракацца, бо сам быў моцна закаханы ў Мацiльду Фраман. Нельга сказаць, што яна была прыгожая. У яе аблiччы было нешта схематычнае. Нос i падбародак стваралi як бы два падобныя трыкутнiкi, нарысаваныя вельмi ж бо правiльна, затое насмешлiвыя вочы i рыжыя валасы падкрэслiвалi белiзну твару, ад якога веяла цяплом i душэўнай мяккасцю. Зусiм юная ўдава архiтэктара Фрамана (будаўнiка завода ў Кеснэ), яна са свайго дома зрабiла рай для халасцякоў i асаблiва для тых, хто, як я, любiў музыку. Убачыўшы, што яна не парвала сваёй дружбы з мулатам, я паспрабаваў без канкрэтнага абвiнавачвання, паколькi ў мяне не было належных фактаў, пераканаць яе. Усмiхнуўшыся, яна сказала:
– З гэтага нiчога не будзе, дарагi доктар... Розум мне сведчыць, што вы гаворыце слушна, але...
– Але што? Вас зачаравалi?
– Ваша праўда, доктар... Тут нейкая магiя.
Праз год пасля смерцi Бланш яна стала, нягледзячы на бурныя пратэсты ўсiх яе сяброў, другой уладаркай замка Клеры. Пон-дэ-Лёр асудзiў яе рашэнне. Новую сям'ю Дзюрукаў грамадства не прызнала, i мы страцiлi цудоўную гаспадыню дома. Мулат, якi затаiў злосць за маю да яго варожасць, забаранiў жонцы карыстацца маiмi медыцынскiмi паслугамi. Я перастаў з'яўляцца да iх. Ад слуг мы ведалi, што жывуць яны як быццам шчаслiва. Муж i жонка час ад часу разам прыязджалi ў Парыж. Дзюрук арганiзаваў каля сябе невялiчкую фабрыку харчовых кансерваў i гэтым займаўся. Праз некалькi месяцаў пра iх забылi.