Малады дубок
Шрифт:
Прызнацца, Андрэй нават не рад быў, што ссек гэты дубок: мала што можа стацца! Быць не можа, каб хто не бачыў, як ён пхаўся ўночы з лесу. А языкі ў людзей доўгія. Пад уплывам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухваўся, што робіцца на дварэ.
Кожны гук, шум, аброненае кім на вуліцы слова прымушалі трывожыцца і думаць ліха ведае што. І якая гэта схованка - гумно? Усякі дурань першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прыйшлі на памяць тыя здарэнні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякія падобныя рэчы якраз у гумнах... Трэба перахаваць, і чым скарэй, тым
– Што гэта, Андрэй, на цябе сягоння сну няма?
– пыталася жонка.
– Так, не спіцца.
І, памаўчаўшы, Андрэй сказаў:
– Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзеліся гэтага дубка.
– Можна ж схаваць так, каб не знайшлі.
– Вось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?
– Схаваеш заўтра - будзе часу, а цяпер спі.
Жонка адвярнулася да сцяны і праз хвіліны дзве зайграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезлі ў галаву. А што, калі хто ўдасць яго? Прыйдзе ўраднік, стражнікі з аб'ездчыкам і леснікамі, зробяць вобыск і, напэўна, знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэнні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шлапакі, накінуў на плечы кажух і выйшаў на двор.
Якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася да зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім змрокам. І ўсё вакол было так глуха, так нема, усё роўна як закамянела або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скаланула: здаецца цяпер, каб і золатам абсыпалі, не пайшоў бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісці туды, у такую цемрадзь! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважваліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Якімавым хлевушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз жа пачуўся кароткі адказны водклік старой авечкі: «Ідзі да мяне!» - ды часамі ў свінушніку ціха стагнала праз сон свіння такім змарнелым, стомленым галаском, усё роўна як бы ёй заставалася тры чвэрці да смерці.
Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэтая маўклівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу, і ён пайшоў у хату.
«Сягоння яшчэ можна быць смелым», - думаў Андрэй, кладучыся на палок і ўкручваючыся ў дзяругу. «Пакуль тое ды сёе, то яшчэ ёсць часу схаваць, а цяпер можна спаць смела». Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубок. На гэтых думках Андрэй і заснуў. І прысніўся яму сон. Здаецца, прыйшоў ляснік Максім Заруба, у чыім абходзе ён высек дубок. Прыйшоў не злосны, як можна б чакаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як вымазаны мукой.
– Адабраў, брат Андрэй, ты ад мяне кавалак хлеба!
– сказаў Максім.
– Ад цябе я гэтага не спадзяваўся, - сказаў і невядома дзе дзеўся.
Андрэй стаяў, як аглушаны. Хацеў сказаць слова - язык не варушыўся; хацеў бегчы за Максімам - ногі не слухалі. І, цяжка застагнаўшы, Андрэй абудзіўся.
Ноч, доўгая, жудасная, трывожная ноч яшчэ цяжка аблягала зямлю. Толькі што адспявалі другія пеўні, і сяло ўсё спала цяжка і глыбока. Андрэй ляжаў і тросся - так узбунтаваў яго гэты сон, і ён быў ясны, жывы і страшны. Цяжка выказаць, што рабілася цяпер на душы ў Андрэя.
За ўсе тыя часы, як ён убачыў гэты пракляты дубок, і аж да цяперашняй хвіліны Андрэй ні разу не падумаў аб тым,
І чаму ж ён прысніўся, і прысніўся так нядобра? Цяпер Максім ні на момант не сходзіў з вачэй Андрэя. Андрэй успомніў, што яны з Максімам калісьці сябравалі, разам гадаваліся, разам былі на прызыве, у адзін год жаніліся і потым ужо разышліся не з-за якога ліха, а так проста разлучыліся, а сходзіліся - кожны з іх мог смела паказаць вочы адзін другому. І Андрэй першы раз пачуў, што нейкая сцяна вырасла ў гэтую ноч між ім і Максімам. Андрэю было чагосьці шкада. Чаго? Ён і сам не ведаў.
Гэта была цяжкая і неспакойная ноч у жыцці Андрэя.
IV
– Ну, што ў цябе чуваць? Парубкі ў лесе няма?
Максім пачуў, што па спіне ў яго запоўзалі мурашкі, нейкі холад прабег па ўсім целе. Маленькае замяшанне, і Максім цвёрда сказаў:
– Усё ў парадку.
– Ну, то хадзі ж, я табе пакажу, які ў цябе парадак.
Сказаўшы гэта, аб'ездчык, сярэдніх год чалавек, правая рука ляснічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лесніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжаў. Залажыўшы руку за спіну і моцна сціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб'ездчыкам. Ён добра ведае, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.
«Вядзі, няхай цябе сляпога водзяць. Кланяцца табе не буду і прасіць тваёй ласкі не стану. Што будзе, то будзе», - думаў, ідучы, Максім.
– Ці не будзеш ласкаў зірнуць, - гаварыў тым часам аб'ездчык, прывёўшы лесніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб'ездчык добра націкаваў гэтае месца, і ў яго наперад усё было разлічана. Нават яго далікатная прамова да лесніка была абдумана раней, каб злосна пацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём ссечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца, і вакол стаялі дрэвы, ды дзе-нідзе тырчалі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб'ездчыка поглядам чалавека, які нічога не цяміць і чакае тлумачэння.
Аб'ездчык зірнуў на Максіма. Ледзь значная ўсмешка прабегла па губах лесніка. Нават елкі, якім на гэтым месцы было крыху прасторней, здавалася, усміхаліся, пазіраючы на аб'ездчыка - такую дурную ён меў міну ў гэтую хвіліну.
– Што за чорт?
– сказаў ён.
– Тое самае месца, а дзе ж пень?
– Мала тут пнёў?
– спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дуба і паказваючы рукою на старыя пні.
– Ды і сам, пан, стаіш як пень, - не вытрымаў Максім, каб не пасмяяцца з аб'ездчыка.
– Ты мне кпінак не строй!
– крыкнуў аб'ездчык і забегаў вакол лесніка, як ганчак, вынюхваючы сляды.
Улучыўшы мінуціну, ляснік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У адным месцы мох адхіліўся, і з-пад яго свяціўся свежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэтую лысіну. Аб'ездчык, як каршун, зірнуў на лесніка.
– А на чым стаіш, ягамосцю?
Максім пачуў, што ён прапаў.
– Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.
Аб'ездчык раптоўна падскочыў да лесніка, штурхануў яго ў грудзі і капануў нагою мох. Пень раскрыўся.