Ніжнія Байдуны
Шрифт:
— Во-во! Давай!.. Пане божа, ты мяне ствожыл, а я цябе намалёвал, спшэдал і пянёндзы пшэпіл!..
Таксама, відаць, успомнілася ці не з маёнтка, з парабкоўскага фальклору.
Наша маці, калі ўжо і старая была, магла часамі заспяваць, прадучы ці шыючы, не толькі роднае «Учора не быў, сягоння не быў», не толькі расейскае «Все люди живут, как цветы цветут», але і такое вось «польскае»:
Сядзем, паедзем, каханне маё, ніц не паможа плаканнё тваё, ніц плаканнё не паможа — стоён коні,Дзядзька Алісей заходзіў у нашу хату адзін раз, напрыклад, з такою прыгаворкай:
Прыйшоў, прыдыбаў казёл пад акенцо: «Ці прадуць, ці вядуць дзеўкі вераценцо?..»Гэта — тады, калі ў хаце былі скудзельніцы, хоць і даўно ўжо не дзеўкі, пра якіх далей гаварылася так:
І прадуць, і вядуць, вераценца шумяць. А як прасці не хоча — за казла яе аддаць.Іншым разам былі прыгаворкі яшчэ больш недарэчы — абы вясёлыя. Скажам, такая, пра пераборлівую паненку:
«Святая пакрова, пшыедзь хоць на пары коней — дальбуг жа, не пуйда!» А потым, дзеўкай насядзеўшыся: «Свенты Дамініку, пшыедзь хоць на едным коніку — дальбог жа, пуйда!»
Таксама сумесь беларускага з польскім, нават і са святамі: праваслаўнымі Пакровамі і каталіцкім Дамінікам.
Было і румынскае: «Нушты русешты, нумот румэнэшты» — «Не разумею па-расейску, толькі па-румынску». Была і тая «фумея» — на цётку Зосю, яго гаспадыню.
Былі ў дзядзькі і словы свае: «гамталязікі» — пра аладачкі або піражкі, «ахламенька» — пра сала ці каўбасу, «камінарнік» — пра франтаватага кавалера або пра мужа наогул…
Лаяўся ён з натуральнай і шчодрай свабодай. Любімая прымаўка, і да мужчын, і да жанчын аднолькава: «Будзь дуг, на…ы ў шапку!» Гутарачы з нашай маці на зусім сур'ёзныя, жыццёва важныя тэмы, ён гаварыў:
— Дзеўкі мае, Катрыно, зрабілі ў хаце цэлую краму: паліца вобуву — чаравікі, туфлі, снягоўцы. Што ні заробяць — тарпу ў князя капаючы, на жніве, на бульбе — усё на с…, усё на сябе! Шура адны боты зрабіў — і ўсё. А гэта? Зіна сабе, Ліда сабе. Ды ўжо і Жэнька, глядзі ты, ладнае курвяня.
— Каб табе, Алісейка, язык нечага аблез! Ну як жа можна так — на сваё, на такое харошае?
Маці нават плявалася, без усякай, вядома, надзеі, што праз два-тры словы такога ці горшага не пачуе.
Тут, з жанчынай, у яго было яшчэ нейкае далікацтва, а поўная свабода — у мужчынскай кампаніі.
У Цімоха Ярмоліча, я гаварыў ужо, быў меншы брат, Ёсіп. Калі яны з Цімохам падзяліліся, Ёсіпу прыйшлася бацькава хата. Яна стаяла глухой сцяной да вуліцы, а ён захацеў павярнуць яе фронтам дый адарваць такім чынам ад сяней, каморкі і хлява, якія ўзяў з падзелу Цімох. Сабраў Ёсіп усю вёску мужчын, узялі мы той апусцелы ды раскрыты зруб на добрыя друкі і, пад каманду Асечкі, заўсёды найбольш ахвочага да талакі, толькі хацелі напяцца рвануць угару і панесці — пачуўся натужны голас дзядзькі Алісея:
— Перанясенне машчэй з бардака ў паліцыю!
Большасць чула такое ўпершыню, сказана яно было пад руку, настрой гурту і так прыўзняты, узбуджаны, — што ж, грымнуў рогат, і хата зноў асела на стары падмурак. Шчасце яшчэ, што не зусім набок.
У блазнаванні сваім ён быў заўсёды лёгкі, рухавы. Што мне цяпер успомнілася, дык гэта наша «вострая брама». Андрэю
— Святая, вострая, негабляваная! Амін, амін!..
Гора ў жыцці яго было многа. Два разы гарэў. Другі раз так, што «і попел развеяўся, і каменне патрэсканае». Без пары памерла «фумея», дабрадушная цётка Зося, а потым Зіна, старэйшая замужняя дачка. У акупацыю другую дачку, Ліду, разам з яе Сяргеем, малымі дзецьмі і Жэнькай, найменшай і найспраўнейшай дзядзькавай дачкой, якая гасціла тады ў Ліды на хутары, карнікі арыштавалі ў блакаду і вывезлі ў Германію. Там яны ўсе і пагінулі з дзецьмі, — ніхто не скажа дзе — у лагеры якім ці ад саюзніцкіх бомбаў. А тады яшчэ, і зусім дабіваючы старога бацьку, з фронту прыйшло, што загінуў і Шура, адзіны сын.
Зусім аглухлы, дзядзька Алісей апошні свой час хадзіў палявым вартаўніком. Закурваючы з ім, вясёлы брыгадзір Васіль Кураўка крычаў старому ў самы твар:
— Ты ўжо толькі дарогаю, дзядзька Алісей, хадзі!.. Дарогаю, кажу, хадзі!! А то павалішся дзе-небудзь, і не знойдзем!..
Уцяміўшы, што да чаго, стары спачатку смяяўся, а потым махаў рукою: «Ат, адзін чорт!» Але і то, здаецца, весела. І тупаў полем ці дарогаю далей. Пакуль зусім не натупаўся.
У адрозненне ад старэйшага брата, Сцяпана, з яго гарадскім вучылішчам, дзядзька Алісей, што закончыў толькі царкоўнапрыходскую, ахвотна і многа чытаў. Пры Польшчы з кнігамі ў вёсцы было вельмі туга, у акупацыю тым больш, а потым ужо ён, як сам гаварыў, прысмактаўся да нашага клуба, дзе памалу расла сабе ладная бібліятэка.
І яшчэ адно — самае сімпатычнае ў ім — дзядзька любіў дзяцей. За што, вядома, і яны яго любілі. Не толькі сваіх і не толькі свае.
ПРАЛЛЯ І ВАРТАЎНІК
Баба прадзе, мама прадзе, і маленькай унучцы зрабілі нарэшце маленькую прасніцу. Тыдзень таму назад, і Анечка ўжо добра смыкае. Слініць тую кудзелю, нібы клюючы яе губкамі, і нітку цягне, вядзе. Нават сказала, задаволеная ўдачай:
— Во, як я ві-ва-ла-а!
Прыйшоў дзед Алісей. Стаіць у парозе, прыпёршыся плячом да вушака. Спачатку штосьці гаварыў, а цяпер вось глядзіць на маленькую праллю, сам сабе ўсміхаецца, а потым ціха кажа бабулі:
— Катрыно! Га?
І паказвае ёй кіўком галавы на ўнучку.
А тая Анечка нібы і не чуе, не бачыць нічога — вядзе сабе, смыкае з усёй пацешнай сур'ёзнасцю чатырохгадовай памочніцы.
Стары памалу, нібы непрыкметна ды так сабе, здымае сваю ягнячую шапку-каўпак, прыплюшчвае вока, прыцэльваецца і спрытна кідае на праллю. Папаў! — нітка перарываецца паміж кудзеляй і ручкай. Гэта ўжо не ўпершыню, і ўчора так было, і Анечка злуецца, смешна, «па-даросламу»:
— Алісей ты! Ты мне ніколі прасці не даеш!