Палескія рабінзоны
Шрифт:
І яны зноў пайшлі бадзяцца.
З кожным днём хлопцы слабелі ўсё болей і болей. Разам з гэтым псаваўся і ўвесь іх настрой. Часта ў іх наогул ніякага настрою не было – ні добрага, ні кепскага, – а так, нейкая абыякавасць.
Ім здавалася, што яны гэтак усё сваё жыццё бадзяюцца і будуць век бадзяцца; яны забываліся на свой дом, на тое, што павінны прыйсці бандыты і надыходзіць рашучы момант.
Нарэшце аднаго разу Віктар заўважыў, што ўвечары ён чамусьці пачаў дрэнна бачыць. Дзівіўся, цёр вочы – нічога не памагала.
– Што гэта такое можа быць? –
– Гэта, мусіць, курыная слепата, – сказаў Мірон. – Яна бывае тады, калі чалавек марнее ад дрэннага харчавання.
Яны ўжо і хадзіць не мелі ахвоты. Часам па некалькі гадзін ляжалі нерухома.
Аднаго разу яны гэтак ляжалі пад кустом на палянцы і мутнымі вачыма пазіралі навакол. А дзень быў ясны, прыгожы. Уверсе шчабяталі птушкі, унізе гулі розныя мухі, жукі, мільгалі матылі.
Раптам па-за кустамі ціхенька хруснула. Уздрыгануліся хлопцы, азірнуліся: у кустах стаіць казуля, зграбная, прыгожая. Задраўшы галаву з невялікімі рагамі, на якіх было па два атожылкі, яна скубла маладыя парасткі, і на шыі яе відаць была белая пляма. Кожны момант яна азіралася, уздрыгвала і была гатова знікнуць.
Умомант ад млявасці ў хлопцаў і следу не засталося. Яны захваляваліся, напружыліся. Кожны з іх добра ведаў, што ад гэтага можа залежаць іхняе жыццё і што яны маглі страляць цяпер з падпоры, а гэта была ўжо зусім іншая справа.
– Асцярожней, асцярожней! – шаптаў Віктар, бо памятаў, як Мірон у той раз зачапіўся і паляцеў. Але Мірон сам добра разумеў адказнасць моманту.
– Цаляй добра, не спяшайся! – даваў загады Віктар. – Страляць па камандзе.
Віктар даў досыць часу, каб прыцэліцца, і шапнуў:
– Плі!
Грымнулі стрэлы, падскочыла казуля і кінулася ў лес. Наткнулася на дрэва, захісталася.
Хлопцы ў бяспамяцці ўскочылі і кінуліся за ёю. Казуля хісталася і спатыкалася, але бегла наперад; хлопцы ледзь паспявалі за ёй. Звалілася яна, ускочыла, зноў пабегла. Зноў звалілася.
Хлопцы былі побач ужо і скончылі яе пакуты адзіным стрэлам. З якой радасцю глядзелі яны на першы вынік свайго «сапраўднага» палявання!
Казуля ляжала на баку, выцягнуўшы тонкія ногі.
– Самец! – сказаў Віктар. – Самкі не маюць рагоў.
Цяпер іх ужо не палохала далейшая праца: яны мелі дасканалы нож. Мігам разабралі жывёліну і ўрачыста вярнуліся дадому з мясам і скурай.
Зажылі нашыя героі «па-людску». Нават страву маглі згатаваць у бляшанцы ад патронаў. Ажылі хлопцы, павесялелі. Прайшла ў Віктара і курыная слепата. І ўжо не абыякавымі вачыма глядзелі яны навакол і на сваю будучыню.
XX
Падрыхтоўка да сустрэчы. – З вуголлем у пушчу. – «Насарог». – Выратаванне каштоўнай жывёлы. – Запасны агонь.
Нарэшце надышоў час, калі трэба было распачынаць падрыхтоўку: надаць жыллю акурат такі выгляд, які яно мела раней, калі былі тут бандыты, агонь загасіць, а самім выбраць другое месца, дзе яны будуць сядзець і чакаць. Месца гэтае
Па іх меркаваннях, два тыдні павінны былі скончыцца паслязаўтра, але гэта не значыла, што бандыты акурат прыйдуць у гэты дзень. Яны маглі з'явіцца і раней, а больш магчыма, што пазней. Невядома, колькі часу прыйдзецца сядзець і пільнаваць. А як быць з агнём?
– Пойдзем спачатку знойдзем сабе месца для назірання, а там пабачым, што рабіць, – пастанавілі хлопцы і пайшлі на другі востраў.
Востраў быў вялікі. Калі спыніцца каля берага, то будзеш бачыць толькі гэтую частку, а бандыты могуць перабрацца зусім у іншым месцы. Калі выбраць назіральны пункт у глыбіні вострава, дык наогул берага не будзеш бачыць.
– Нельга спадзявацца, – разважаў Мірон, – што мы акурат убачым, кудой яны прыходзяць, і ўцячом, пакінуўшы іх тут. Трэба меркаваць, што мы раней убачым іх тут, будзем сачыць, як яны пойдуць назад, і выберамся ўжо следам за імі. Таму я прапаную выбраць месца як мага бліжэй да бабровых хатак, куды яны, безумоўна, павінны прыйсці.
– Я ўпэўнены, – казаў Віктар, – што яны пераходзяць у тым месцы, дзе мы заўважылі нібы кладку. Толькі мы не ведаем, як гэта яны робяць. Калі там пільнаваць, мы гэта ўбачым.
– Але яно рызыкоўна, – не згаджаўся Мірон. – А што, калі не там? Тады яны могуць прыйсці і нават пайсці, а мы нічога і ведаць не будзем. А бадзяцца па лесе небяспечна: яны могуць раней заўважыць нас, як мы іх.
Віктару ўсё здавалася, што праход павінен быць там. Але, з другога боку, і разважанні Мірона былі слушныя. І Віктар пакуль што згадзіўся з ім.
На тым беразе, каля якога стаяла бабровая хатка, пачыналася высокая сухая града. Спачатку яна была вузкая і ішла ўздоўж бабровай ручаіны, а потым пашыралася і гублялася ў глыбіні вострава. На ёй рос прыгожы бор з рэдкімі стройнымі соснамі, а па баках ішлі зараснікі алешыны, арэшніку.
– Калі схавацца ў гэтым арэшніку, вось за той купінай, – казаў Мірон, – дык мы будзем бачыць усю гэтую граду. Яны абавязкова павінны прайсці па ёй, калі пойдуць да свайго склада.
– Месца добрае, – сказаў і Віктар. – Нам нават зручна будзе ісці па хмызняку за імі ўслед, бо па чыстым бары было б рызыкоўна.
Тут і вырашылі зрабіць назіральны пункт. Было крыху вільготна на зямлі, але хлопцы мелі дзве скуры.
– Давай зробім рэпетыцыю, – сказаў Віктар. – Я тут сяду, а ты прайдзіся па градзе і паглядзі, ці можна заўважыць.
Віктар сеў, а Мірон адышоўся крокаў на дваццаць убок. Арэхавыя сцябліны без галля дазвалялі досыць добра бачыць, што робіцца на градзе. А вось як адтуль?
– Ну, як? – нецярпліва запытаўся Віктар.
– Пачакай, – махнуў рукою Мірон і некалькі разоў прайшоўся ўзад і ўперад. Вярнуўшыся назад, ён сказаў: – Калі ведаць ці падазраваць, што там нехта ёсць, то заўважыць можна, а так, мне здаецца, не павінны звярнуць увагі, асабліва калі не рухацца.