Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Немец зноў хістаецца, хапаючыся рукой за шчаку, але так нічога і не вымавіўшы — ні ад болю, ні ад страху. Зацятая ўпартасць яго і ва мне адгукаецца непадуладным міжвольным гневам. Нейкая жывёльная нянавісць так і падмывае заехаць яму па мордзе, як гэта зрабіў Кротаў, і я, адчуваючы, што не стрымаюся, кажу старшаму лейтэнанту:
— Ладна, кіньце вы!
Стары, які тым часам даганяе нас, відаць, цяміць ужо, у чым справа, і ўслужліва лезе ў кукурузу. Здзьмухнуўшы з сухара снег, ён зважліва падносіць яго раз’ятранаму
— Прэч! Прэч, гады! Злыдні! Сволачы! Я вас усіх зараз!
Ротны хапаецца за кабуру, і я ледзьве спыняю яго:
— Ладна. Не трэба! Пайшлі.
Працінаючы ўсіх трох ненавісным позіркам, Кротаў неахвотна пераходзіць у правую каляіну.
«Вось жа гад фашысцкі!..» — думаю я, прыадстаўшы і назіраючы ззаду за проставалосым гітлераўцам. Валасы ў таго чорныя, відаць, жорсткія, да вушэй ён і не дакранаецца, нібы не адчуваючы марозу. За ўсю дарогу не сказаў ніводнага слова, ні разу не зірнуў нам у вочы, але ва ўсёй яго постаці адчуваецца небяспечны, стоены вораг. Пасля гэтага здарэння з сухаром я трохі насцярожваюся і перасоўваю свой ППС на грудзі: ці мала што можа выкінуць яшчэ гэты злыдзень!
Стэп заціхае к ночы, але ўсё ж мноства прыцішаных гукаў сведчыць аб прысутнасці наўкола вялікае сілы вайны. Ідзе наступленне, водгукі яго раз за разам даносяцца да слыху ў прыглушаным танкавым гуле, далёкіх выбухах. Недзе на поўдні, за Кіраваградам, усё палыхае край неба: агністае зарава на небасхіле то шырэе, разгараючыся, то паціху вузее. Аднекуль даносяцца невыразныя галасы людзей, пэўна, непадалёку праходзіць дарога. Скрозь у стэпе стоены рух, сцішаны грукат і людзі. У кукурузе, аднак, мы не шмат вакол сябе бачым.
5
Шашок даганяе нас, калі ўжо ўсталёўваецца ноч і ў высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі. Сярод іх на поўную моц ззяе месяц. У стэпе відна, хоць збірай іголкі. Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі; ярка бялее снегавы дол; наўкола мроіцца ў прыцемках кукурузны абшар. На краі яго мы з Кротавым заўважаем рухавую постаць. Каня амаль не відаць у кукурузным зарасніку, толькі паверх яго сунецца коннік. Мы спыняемся і чакаем. Ну, вядома, — гэта старшына.
— Фу, думаў не даганю ўжо, — з прыкметнай палёгкай ад таго, што пазбыўся адзіноты ў начным полі, кажа Шашок і прытрымлівае каня. — Ну як, не паразбягаліся фрыцы?
— Не разбягуцца, — кажу я.
Старшына скіроўвае каня па левай каляіне і блізка пад’язджае да немцаў. Кротаў на хаду азіраецца (здаецца, ён ужо паспакайнеў) і з хвіліну ўглядаецца ў старшыну і яго каня.
— Ну што, не адкалолася?
— Не адкалолася, — ахвотна адказвае Шашок. — Заўпарціўся разведчык. Не хацелася скандал учыняць.
Усё зразумела: Шашок на тым самым мухортым коніку, на якім і прыехаў у
— Я б таму каню лепш кулю ў вуха, чым вам аддаваць, — кажа Кротаў.
Шашок не адказвае, прапускае міма ўвагі гэтую адкрыта непрыязную заўвагу і развязна крычыць на немцаў:
— Шнэль! Шнэль, вашу матары! Затапчу, фашысты!
Ён і сапраўды падсцёбвае повадам каня. Задні немец кідаецца з каляіны, проставалосы адхіляецца ад конскае храпы. Старшына задаволена рагоча.
— А, палахліўцы, такую вашу… Саступай дарогу рускаму воіну!
— Ану, канчай! — пагрозліва азіраецца Кротаў. — Спярша вазьмі ў палон, а пасля будзеш канём таптаць.
Шашок прыціхае і зверху ўніз насцярожана аглядвае ротнага.
— А вам што, шкада?
— Не шкада. Агідна!
— Значыцца, зашчышчаеце? Немцаў зашчышчаеце?
— Ідзі ты…! — узрываецца Кротаў. — Хочаш дзела прышыць? Не баюся я вас!
— Так, так! — Шашок шматзначна сціхае, нешта затаіўшы ў сабе, і далей ціха едзе сабе за ўсімі.
Немцы пераглядваюцца, відаць, штось зразумеўшы з гэтае сваркі, і мне робіцца няёмка перад імі. От яшчэ знайшлі месца лаяцца! Ну, але ўсё гэты Кротаў… Вядома, ён цяпер злосны, таму і сапраўды можа нарабіць сваркі.
Толькі, відаць, я дарма непакоюся, пасварыцца як мае быць яны не спраўляюцца. На чарговай танкавай паваротцы ў кукурузе нам сустракаюцца людзі.
Гэта сувязісты. Абвешаныя шпулькамі з кабелем, тэлефоннымі апаратамі, са зброяй на грудзях, яны палахліва кідаюцца ўбок з каляін, калі бачаць нас. Пасля, мабыць, пазнаўшы сваіх, нясмела выходзяць з рэдзенькае кукурузы і заміраюць на дарозе. Позіркі іх чамусьці трывожна скіраваны ўбок.
— Што такое? — пытаецца Кротаў, калі мы набліжаемся да іх.
Сувязісты топчуцца на месцы, рухі іх дужа скутыя, галасы сцішана ўстрывожаныя.
— Там немцы, — урэшце зацята паведамляе адзін з карабінам на шыі.
— Ледзьве не напароліся, — ахвотней дадае другі, не адрываючы позірку ад прыцьмелае кукурузнай далечы.
Два другія моўчкі ўзіраюцца туды. Я таксама пазіраю наперад.
— Ідзі ты, хлопец, ведаеш куды! — злуецца Кротаў. — Адкуль тут ім узяцца? Вунь дзе немцы, — паказвае ён назад, на зарава над Кіраваградам.
— Канешне, — не вельмі ўпэўнена пацвярджае Шашок. — Я надвячоркам тут ехаў — нікога не было.
Сапраўды, адкуль тут узяцца немцам, ужо амаль што ў глыбокім тыле палка? Батальёны далёка наперадзе, калі б што, дык ужо даўно заўважылі б і прынялі якія меры.
— I танк. Стаіць, кукурузай абкладзены.
«Тыгр»! — быццам не чуючы нашых пярэчанняў, у нейкім няўцямным трансе бубніць сваё сувязіст.
Кротаў са знарочыстай праставатасцю ў голасе пытаецца:
— Танк?
— Танк.