Рытуал Масгрэйваў

на главную - закладки

Жанры

Поделиться:

Рытуал Масгрэйваў

Рытуал Масгрэйваў
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Артур Конан Дойл

Рытуал Масгрэйваў

У характары майго сябра Шэрлака Холмса мяне заўсёды здзіўляла адна непаслядоўнасць: хаця ў яго быў самы адпрацаваны і метадычны спосаб мыслення ў свеце, хаця ён аддаваў перавагу сціпламу і строгаму стылю адзення, ва ўсіх астатніх звычках ён быў неахайным чалавекам, які мог давесці да вар’яцтва любога суседа. Трэба сказаць, я сам у гэтым не такі ўжо традыцыяналіст. Бязладная праца ў Афганістане ўзмацніла маю схільнасць да неўпарадкаванага ладу жыцця і зрабіла мяне больш абыякавым да чысціні, чым належыць доктару. Але ўсяму ёсць межы, і калі я бачу чалавека, які захоўвае цыгары ў вядзерцы для вугалю,

тытунь — у персідскай пантофлі, а лісты, на якія яшчэ не адказаў, прышпільвае сцізорыкам па цэнтры каміннай дошкі, то адчуваю сябе неверагодна акуратным чалавекам. Яшчэ я заўсёды трымаўся меркавання, што ў стральбе варта практыкавацца выключна на свежым паветры, і калі Холмс у адным са сваіх дзівакаватых настрояў сядае ў фатэль, бярэ рэвальвер, сто патронаў Боксэра і пачынае ўпрыгожваць процілеглую сцяну дзірачкамі ад куляў, што ўтвараюць патрыятычныя ініцыялы V.R., я вельмі сумняюся, што гэта ідзе на карысць атмасферы ці выгляду нашага пакоя.

У нашым пакоі заўсёды стаяла мноства хімікатаў і нейкіх крымінальных рэліквіяў, якія часта блукалі ў прасторы і апыналіся ў самых нечаканых месцах — у найлепшым выпадку знаходзіліся ў маслёнцы. Але самым жахам былі яго паперы. Ён проста панічна баяўся знішчаць дакументы, асабліва звязаныя з яго мінулымі справамі, але толькі раз на год ці два збіраўся з сіламі і прыводзіў іх у парадак, бо, як я згадваў дзесьці ў гэтых бязладных нататках, выбухі яго неўтаймоўнай энергіі, калі ён рабіў тыя неймаверныя цуды, што праславілі яго імя, чаргаваліся з перыядамі апатыі, і тады ён лянотна валяўся з кнігамі ці скрыпкай, не адыходзячы ад канапы далей за стол. А таму месяц за месяцам паперы збіраліся, пакуль кожны кут не загрувашчваўся пачкамі рукапісаў, якія нізашто нельга спаліць ці перасунуць без адмысловых распараджэнняў іх уладальніка.

Адным зімовым вечарам мы разам сядзелі ля каміна, і я насмеліўся намякнуць Холмсу, што калі ён закончыў уклейваць у нататнік аркушы з асобнымі запісамі, наступныя дзве гадзіны варта прысвяціць таму, каб ператварыць наш бярлог у нешта больш падобнае да жытла. Ён не мог не прызнаць маю просьбу справядлівай і з кіслай мінай пайшоў у сваю спальню, адкуль хутка выцягнуў вялікую бляшаную скрыню. Паставіўшы яе ў сярэдзіне пакоя і прысеўшы побач на зэдліку, ён адкінуў века, і я ўбачыў, што скрыня на траціну запоўненая паперамі, перавязанымі чырвонай стужкай і раздзеленымі на асобныя пачкі.

— Тут нямала справаў, Ўотсан, — сказаў ён, гарэзліва гледзячы на мяне. — Калі б вы ведалі ўсё, што я хаваю ў гэтай скрыні, вы папрасілі б адтуль нешта дастаць, замест таго каб хаваць туды новыя дакументы.

— Дык гэта справаздачы па вашых ранніх справах? — зацікавіўся я. — Даўно хацеў здабыць запісы тых часоў.

— Так, дружа, усё яны зробленыя яшчэ да таго, як мой біёграф праславіў мяне, — ён асцярожна і вельмі пяшчотна даставаў са скрыні пачак за пачкам. — Не ўсе яны былі паспяховымі, Ўотсан. Але сярод іх хапае досыць займальных задачак. Вось запісы пра забойцаў Тарлетана, а вось — пра справу Вамберы, гандляра віном, і пра прыгоду старой рускай жанчыны, і яшчэ — пра алюмініевую мыліцу, вось поўная справаздача пра кульгавага Рыкалеці і яго гнюсную жонку. А вось... — о, гэта для сапраўдных гурманаў!

Ён засунуў руку на самае дно сховішча і выцягнуў драўляную скрынку з высоўным векам — у такой дзеці трымаюць цацкі. Адтуль ён дастаў пакамечаны аркуш, старадаўні масянжовы ключ, драўляны калок з прывязаным да яго матком і тры заржавелыя металічныя дыскі.

— Ну, дружа, што вы думаеце пра гэты пакунак? — спытаў ён, смеючыся з выразу майго твару.

— Цікавая калекцыя.

— Надзвычай цікавая, а звязаная з ёй гісторыя падасца вам яшчэ цікавейшай.

— Значыць, у гэтых рэчаў ёсць гісторыя?

— Больш за тое, яны і ёсць гісторыяй.

— Што вы маеце на ўвазе?

Холмс

дастаў рэліквіі адну за адной і выклаў іх на стол. Потым перасеў у фатэль і зіхоткімі ад задавальнення вачыма зноў іх агледзеў.

— Усё гэта я пакінуў на памяць пра справу, звязаную з рытуалам Масгрэйваў, — адказаў ён.

Ён не раз згадваў пра гэтую справу, але я ніколі не мог сабраць дэталі ў адно цэлае.

— Буду рады, калі вы раскажаце пра яе, — сказаў я.

— І пакіну ў пакоі ўсё як ёсць? — гарэзліва пацікавіўся ён. — Вашая ахайнасць, Ўотсан, не вытрымае новых выпрабаванняў. Але мне будзе прыемна, калі вы дадасце гэты выпадак у свой летапіс, бо некаторыя акалічнасці робяць яго ўнікальным у крымінальнай гісторыі не толькі нашай, але і іншых краінаў. Апісанне маіх сціплых дасягненняў без гэтай вельмі незвычайнай гісторыі будзе няпоўным.

Вы, пэўна, памятаеце, як справа “Глорыі Скот” і мая размова з няшчасным джэнтльменам, пра якога я вам расказваў, упершыню прымусіла мяне задумацца пра занятак, які зрабіўся цяпер сэнсам майго жыцця. І вось перад вамі я, чыё імя вядомае паўсюль і чыё меркаванне што да сумнеўных справаў як грамадскасцю, так і афіцыйнымі ўладамі прызнаецца як найвышэйшы апеляцыйны суд. Нават у раннія часы нашага знаёмства, калі я займаўся справай, якую вы ўганаравалі назвай “Эцюд у пунсовых тонах”, я ўжо меў сур’ёзную, хай сабе і не надта прыбытковую практыку. Не думаю, што вы ўяўляеце, як цяжка мне было спачатку і колькі давялося чакаць хоць нейкага поспеху.

Калі я ўпершыню прыехаў у Лондан, я зняў кватэру на Мантэгю-стрыт ля самага Брытанскага музея і чакаў там свайго лёсу, займаючы ўвесь вольны час (а было яго нямала) вывучэннем тых галінаў навукі, якія маглі спатрэбіцца. Час ад часу мне трапляліся нейкія справы, збольшага дзякуючы знаёмствам старых аднакурснікаў, бо ў апошнія гады майго навучання ва ўніверсітэце пра мяне і мае метады хадзіла мноства чутак. Трэцяя мая справа датычыла рытуалу Масгрэйваў, і цікавасць, якую выклікаў гэты незвычайны ланцуг падзеяў, а таксама папярэджаныя мной сур’ёзныя наступствы сталіся першым крокам да становішча, якое я займаю сёння.

Рэджыналд Масгрэйв вучыўся ў адным каледжы са мной, і калісьці мы нават былі знаёмыя. Ён не лічыўся сярод студэнтаў асабліва папулярным, хаця яго так званая пыха здавалася мне не больш як спробай схаваць празмерную прыродную сарамлівасць. У яго было надзвычай арыстакратычнае аблічча: хударлявая фігура, высакародны нос, вялікія вочы, апатычныя і тым не менш вытанчаныя манеры. Ён сапраўды быў нашчадкам аднаго з найстаражытнейшых родаў каралеўства, хаця і малодшай яго галіны, якая дзесьці ў шаснаццатым стагоддзі аддзялілася ад паўночных Масгрэйваў і пасялілася ў заходнім Сасэксе. Іх маёнтак Харлстан належыць, відаць, да найстарэйшых жылых дамоў графства. Здавалася, што на твары гэтага чалавека адбілася месца яго нараджэння, і калі я глядзеў на яго паставу і бляклы востры твар, мне адразу ўспаміналіся шэрыя аркады, вокны з папярочкамі і ўсе гэтыя паважныя рэшткі феадальнай крэпасці. Раз ці два мы завязвалі размову, і мне прыгадваецца, што ён заўсёды выказваў гарачую цікаваць да маіх метадаў назірання і высноваў.

Я не бачыў яго гады чатыры, пакуль аднаго ранку ён не зайшоў у мой пакой на Мантэгю-стрыт. Ён амаль не змяніўся і быў апрануты як малады свецкі леў — зрэшты, дэндзі ён быў заўсёды — і захоўваў усё тыя ж спакойныя і далікатныя манеры, якімі вылучаўся раней.

— Як маецеся, Масгрэйв? — спытаў я, сардэчна паціснуўшы яму руку.

— Магчыма, вы чулі пра смерць майго беднага бацькі, — адказаў ён. — Гэта здарылася два гады таму, і мне, безумоўна, давялося прыняць на сябе маёнтак Харлстан. Апроч гэтага, я яшчэ і дэпутат ад свае акругі, а таму жыццё маё вельмі насычанае. Як я разумею, вы, Холмс, вырашылі прымяніць здольнасці, якімі так нас уражвалі, на практыцы?

Комментарии:
Популярные книги

Город Богов 3

Парсиев Дмитрий
3. Профсоюз водителей грузовых драконов
Фантастика:
юмористическое фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Город Богов 3

Вернуть Боярство

Мамаев Максим
1. Пепел
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.40
рейтинг книги
Вернуть Боярство

Газлайтер. Том 5

Володин Григорий
5. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 5

Маршал Советского Союза. Трилогия

Ланцов Михаил Алексеевич
Маршал Советского Союза
Фантастика:
альтернативная история
8.37
рейтинг книги
Маршал Советского Союза. Трилогия

Стеллар. Заклинатель

Прокофьев Роман Юрьевич
3. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
8.40
рейтинг книги
Стеллар. Заклинатель

Неверный

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.50
рейтинг книги
Неверный

Убивать чтобы жить 9

Бор Жорж
9. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 9

Адвокат вольного города 3

Кулабухов Тимофей
3. Адвокат
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Адвокат вольного города 3

Шериф

Астахов Евгений Евгеньевич
2. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
6.25
рейтинг книги
Шериф

Архил...?

Кожевников Павел
1. Архил...?
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Архил...?

Охотник за головами

Вайс Александр
1. Фронтир
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Охотник за головами

Надуй щеки! Том 5

Вишневский Сергей Викторович
5. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
7.50
рейтинг книги
Надуй щеки! Том 5

Неудержимый. Книга IV

Боярский Андрей
4. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга IV

Идеальный мир для Лекаря 6

Сапфир Олег
6. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 6