Сэрца на далоні
Шрифт:
Натуральна, што яны не вытрымалі — адскочылі ўбок. Праз люстэрка Славік убачыў, як адзін выхапіў пісталет.
«Страляюць? Вось гэта здорава! Зусім як у кіно». Хутка ён убачыў, што міліцыянеры ўскочылі на матацыкл. Гоняцца. І хлопца апанавала новае пачуццё — азарт гоншчыка-ўцекача. Ён засвістаў, загалёкаў, як той каўбой на кані:
— Ану, злавіце!
Убачыўшы, што матацыкл адстае, ён знарок прытармазіў газам, даў ім пад'ехаць бліжэй. Зноў убачыў цераз люстэрка, як той, што сядзеў у калысцы, дастаў пісталет. Тады зноў ірвануў уперад так, што з-пад колаў паляцеў ледзяны пыл.
Міліцыянераў
Кіламетраў праз пятнаццаць — дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хітрая і моцная.
Насустрач ішоў ГАЗ-69. Славік спачатку нічога не падумаў: ці мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце «газік» нібы занясло — ён стаў пасярод дарогі.
— А-а! — Славік завыў, як дзікун. — Вы так?! А мне як?! Мне як?!
Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалі нервы ў міліцыянера, які сядзеў за рулём: ірвануў машыну да кювета, і Славік праскочыў і гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як «газік» вылазіць са снегу, паварочваецца, і амаль радасна галёкнуў:
— А што, укусілі?
Начальнік раённай міліцыі, чалавек добры і спакойны, заключыў:
— П'яны. Не гані, Пятро. Нікуды не дзенецца. А то яшчэ разаб'ецца, дурань. — Начальнік шкадаваў п'яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкі шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. І ён націснуў на газ.
Славік раптам адчуў, што «Масквіч» як бы знясіліўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такі нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкі. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. І Славіка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы інерцыю, не здолее праскочыць вузкі мост, што ў яго не хопіць сілы ўтрымаць руль і ён зляціць у рэчку, праломіць лёд…
Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. І ў той жа міг Славік адчуў, што машына, нібы раз'юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Ірванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцілася на месцы, адарвалася ад зямлі і па спіралі ўзнялася ў паветра. Адзін віток, другі, трэці… Пры кожным вітку стрымгалоў ляцелі падстрыжанымі вяршалінамі ўніз старыя вербы.
37
Зося, пачуўшы званок, таропка адчыніла дзверы, убачыла Антона Кузьміча аднаго і спалохалася.
Яна чакала яго колькі дзён і… баялася. Ён таксама трохі сумеўся і нейкі міг стаяў за дзвярамі, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велічны, у багатай «баярцы», шалікавы каўнер з нейкага адмысловага футра заінеў наперадзе і, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькі пакункаў. Марозам і снегам, водарам елкі, святочным пахам пакупак і яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, і ў яе закружылася галава. Яна адступіла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачыніў дзверы. У калідорчыку не было ўключана святло, і яны апынуліся ў паўзмроку.
Зося мацала па сцяне, шукала выключальнік і ніяк не магла знайсці. Антон Кузьміч цераз яе галаву працягнуў руку і адразу ўключыў святло, але
Антон Кузьміч засмяяўся:
— Гэта на шчасце.
Яна не зразумела, што на шчасце, ці тое, што нешта разбілася, ці тое, што яны стукнуліся, але таксама засмяялася.
Ён сказаў тут жа ў калідорчыку, трошкі ўрачыста, трошкі афіцыйна:
— Віншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю… Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамі. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў… павіншаваць… І маленькі падаруначак прыміце…
Ён працягнуў адзін з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:
— Што вы! — але ўзяла і прытуліла да грудзей, як нешта самае дарагое.
— Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункі. Люблю прынесці хоць маленькую радасць.
— Маленькую?!
Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасіць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад ім, скрыжаваўшы на прыціснутым да грудзей падарунку рукі, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.
Антону Кузьмічу таксама зрабілася няёмка.
— Ну, прабачце, — сказаў ён. — Яшчэ раз віншую. Шчасця вам і здароўя… Мой першы клопат…
Тады яна расставіла рукі, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступіла да яго і раптам… прыпала тварам да халоднага паліто, да пахучай поўсці каўняра.
Ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.
— Што з вамі?
Яна адказала не адразу. Праз нейкі момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлівасці, без збянтэжанасці, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмі блізкія людзі.
— Са мной? Нічога. — І гэтак жа проста папрасіла, упершыню на «ты»: — Нахіліся, я пацалую цябе, — і паднялася на пальчыках.
Нечаканая гэтая просьба чамусьці не здзівіла Антона Кузьміча, і ён без вагання нахіліўся і сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы — перашкаджалі пакункі. Ёй захацелася ў адказ павіншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблівага?
А яна гэтак жа нечакана і раптоўна — жанчыну ніколі нельга зразумець! — выслізнула з яго рук, павярнулася і, нічога не сказаўшы, пайшла ў пакой.
Антон Кузьміч неўразуменна паціснуў плячамі і ціхенька, нібы ў кватэры спала дзіця, выйшаў.
38
Яны сядзелі ў кабінеце ў Яраша. Кірыла — у старым скураным крэсле, схіліўшыся, закрыўшы твар рукамі; Валянціна Андрэеўна — на краі жорсткай канапы, на якой аглядалі хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвілінку, на момант і тут жа падхоплівалася, нецярпліва камечачы мокрую хусцінку, ломячы пальцы рук. Падыходзіла да стала, нервова перастаўляла на ім канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмічнай ракеты. Баязліва дакраналася да чорнай скрынкі танометра. Адны і тыя ж рухі кожны раз. Потым кідалася да прыадчыненых дзвярэй і напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цішыню бальніцы. Хоць увогуле цішыні не было. Угары, над імі, хадзілі, гаманілі, ляпалі: хворыя страчалі Новы год.