Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Афарызмы, часам вельмі порсткія: «Для самаўпэўненасці чалавеку шмат не трэба — хопіць яе адной», «Зусім розныя рэчы — салдату хацець стаць маршалам, а яфрэйтару лічыць, што ён генерал».
Дзіцячы фальклор — Брыль піша нямала пра дзяцей і для іх.
«Малая, што пяты месяц ходзіць у першы клас:
— Было ў мяне трохі двоек, але ўжо звяліся».
«Хлопчык са шклянкай недапітага ліманаду:
— П'еш — салодкі, а вып'еш — салодзенькі».
Роздум, замалёўкі, думкі пра творчасць другіх, пра сваю...
«Толькі чытаю. Колькі цудоўных кніг! Купіў пазаўчора «Ни дня без строчки» Алёшы і «спраўляў урачыстасць» чытання.
Ён здаецца мне блізкім, як перад гэтым Рэнар, ён гаворыць пра такое прыватнае, нязначнае, толькі сваё, а мне цікава, радасна, я адчуваю сябе на вяршыні шчасця».
Альбо яшчэ:
«Падвойная работа думкі: чытаеш,
Гэта «падвойная работа» дала вельмі асабовую, змястоўную прозу пра Талстога («Двойчы пра тое самае»), Чэхава («Мой Чэхаў»), пра Лермантава, Тургенева, Шаўчэнку, Горкага, Чорнага, Лынькова, пра сяброў па пяру: Панчанку, Скрыгана, Янкоўскага, Вітку, Кавалёва, Адамовіча, У. Калесніка, нататкі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, пра польскіх, украінскіх, эстонскіх калег. А добрае слова Брыля пра маладых літаратараў! Не сказаць каб пра многіх. Але ж тыя, пра каго яно сказана — не аўтары выпадковых літаратурных удач, таленавітыя, сапраўдныя пісьменнікі: Міхась Стральцоў, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук.
Думка пісьменніка халастога ходу не ведае. Не слізгае па паверхні, а імкне ў глыбіню.
«Сум палёў і раўненне на вечнасць. Гэта — глыбіннае, што адчуваю тут, у Палужжы.
А зверху, верхнія адчуванні — пахі і колеры летняга росквіту, спатканні з блізкімі людзьмі, абавязковыя пачастункі. Найлепш — з дзецьмі і «меньшими братьями», якія тут так блізка да чалавека».
І характэрная заўвага: «Трэба раней уставаць і працаваць больш».
Працаваць перад судом свайго сумлення, пад яго кантролем. «Трымаючы раўненне» на высокія ідэалы чалавецтва, «на вечнасць». І на свае, выпрацаваныя жыццём і літаратурным вопытам крытэрыі: «Першым у пераліках я не быў ніколі. Але самім сабою — амаль заўсёды. І гэта — самае надзейнае, маё».
«НАД КНІГАЮ БЫЦЦЯ...»
Вядомасць, прызнанне, некалькі дзесяткаў кніг, шырокі круг інтарэсаў, сябры, вучні. «Блажен, кто вовремя созрел...» І пасеяна, і зжата. І не стамляецца рука сейбіта. Як і продкі паэта, што «спрадвек гібелі» «над кнігай быцця», сцвярджаючы кожны дзень сваё чалавечае званне, свой талент ствараць жыццё на зямлі, так і паэт Рыгор Барадулін, няўтомны нашчадак земляробаў, рупліва, што пчала (нездарма і кніга яго выбранага называлася «Свята пчалы»), робіць сваю справу. Але... Як і яго продкі, заўсёды ў непакоі. Які як будзе ўраджай? «Аб'явяць, як прысуд: паэт.../ І дакажы няўмольнай зале...» («Як проста ўсё было тады...»). Тыя, шматлікія барозны, папярэднія багатыя ўраджаі — яны абавязваюць. А так жа лёгка, вольна было ісці па цаліку, весці першую сваю баразну:
Як проста ўсё было тады: Эпітэтаў не шкадавалі І дадавалі: малады У маладой таксама зале. І голас мой звінеў званчэй, Плыў верш мой Качарам да качак, Маланкі бліскалі з вачэй У маладых маіх слухачак. «Як проста ўсё было тады...»Была я таксама з тых слухачак. Равесніц. А, дарэчы, паняцце гэтае па волі часу разумелася тады дастаткова шырока. З інтэрвалам так гады ў тры-чатыры. У сорак чацвёртым — сорак пятым пайшлі ж у школу і тыя, хто павінен быў бы ў нармальны мірны час пайсці ў сорак першым, сорак другім, сорак трэцім. І гэта не магло не накласці свой адбітак. Усе былі больш сталымі. Усе раўняліся на тых, хто быў старэйшы па гадах. Хто больш усвядомлена ведаў цану ўрокам вайны. Хто цвёрда і памятліва засвоіў гэтыя жорсткія ўрокі. Аднак — дзякуй дыялектыцы шчаслівага таго ўзросту — не страціў ні маладога наіву, ні свежасці эмоцый.
«Як захлынуўся ад радасці жаўранак,/ Славячы сонца вясновага дня» — ну каму ж у тыя светлыя гады было невядома гэтае беспрычыннае, сталае адчуванне радасці, гэтае сонечнае, светазарнае светаадчуванне. І так адпавядала яму тое, што пісалі паэты пакалення: Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін, Анатоль Сербантовіч, Уладзімір Паўлаў. І, канечне, Рыгор Барадулін. Называю толькі паэтаў з бліжэйшых мне курсаў філфака (журналісты былі тады аддзяленнем і трывала лічыліся філфакаўцамі). Інтарэс да паэзіі быў незвычайны — флюіды яе, здавалася, былі ў самім паветры,
З гэтымі рэмінісцэнцыяй або без іх, Рыгор Барадулін — з'ява ў паэзіі. З добрым запасам трываласці ў дасягнутым і вельмі актыўным сённяшнім. Піша, перакладае, рэдагуе. Шчодры, як сапраўдны талент, дае пуцёўку ў творчае жыццё многім, не будзе ленавацца, спасылацца на занятасць.
Рыгор Барадулін ніколі не праміне выпадку паспрыяць, каб хутчэй выйшла таленавітая кніга паэта — ці з ліку творчых равеснікаў, ці з плеяды старэйшых. Зноў жа — з сапраўднай зацікаўленасцю, з асэнсаваннем свайго грамадзянскага, літаратурнага доўгу. Праца — таксама творчасць. Не служба. А час — катэгорыя няўмольная. Страчанае не вяртаецца.
Паэт гэта вельмі добра адчувае. Свядома, мабыць, толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Натуральна. Не будзем шукаць у яго відавочна выяўленыя, скажам, гегелеўскія «знешне-быццё», «па-за сабой-быццё», «сабе-быццё» або іншыя формы гнасеалагічнага стану. У Рыгора Барадуліна традыцыйныя формы мастацкага часу. У ранняга Барадуліна — час канкрэтны, часцей за ўсё час імгненняў, фіксаваных момантаў уражанняў:
З-пад нахмураных броваў даспелага жыта палыхае блакіт азёр. Васільковы спакой. Смутак верасу сіні. «З-пад нахмураных броваў...»Час у ранняга Барадуліна сінкрэтычна звязаны з прасторай, у ім першароднасць і вечнасць прысутнічаюць як нешта, што існуе само па сабе, як неўсвядомленая дадзенасць, як натуральны дар жыцця. Падзея фіксуецца як бы з лёту.
Люблю твой нораў, сцішаны і грозны, Таксама промню кожнаму жадзён. Ты павядзеш плячом — шчабечуць вёсны, Другім — завеі капыцяць загон. Я слухаю з табой пчаліны звон. Дзевятым валам узняла барозны І сына сейбіта ўзяла ў палон. «Зямля»І нават час у гістарычных і дакладна вызначаных межах ён абавязкова разамкне вобразным рашэннем:
Маўчы, ўсыпальня каралёў... Вякі Прыціхлі Пад геральдыкай нямою. Спытае нехта: — Быў кароль які, Калі пісаў паэт,— Ojczyzno moje. «Адаму Міцкевічу»Праўда, тут ужо не так разамкнёнасць часу, як выхад у «вялікі час» («вякі прыціхалі»), у час пераемны, у вечнасць. Выхад, які так адчувальны ў творчасці сталага Рыгора Барадуліна: