Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Вы што, сляпы?
Раптам машыну рэзка занесла ўбок і кінула ўпоперак шашы, а шафёр крыкнуў яму ў адказ, што баяцца няма чаго, на дарозе нікога няма, але ён не пацвердзіў, што ўсё добра бачыць.
Тым часам вецер узмацніўся. Шаша, закрытая ад іх сцяной снегападу, цяпер то ўздымалася перад імі, то зноў бегла ўніз, падобная на хвалю з пенай калючага снегу. Майет крычаў шафёру, каб той ехаў цішэй. «Калі б зараз шына спусціла, нам абодвум канец», — падумаў ён. Ён бачыў, як шафёр паглядзеў на гадзіннік і націснуў на акселератар. Стары аўтамабіль адказаў яму, дадаўшы яшчэ некалькі міль у гадзіну, падобна да тых моцных упартых старых, пра якіх кажуць: «Гэта ўжо апошнія: такую пароду мы болей не выведзем».
— Едзьце цішэй, — задыхаючыся, сказаў Майет, але шафёр абярнуўся, усміхнуўся яму і бясстрашна махнуў рукой.
Афіцэры сядзелі за сталом, вартаўнікі стаялі каля дзвярэй, а доктар адказваў на пытанні, якія яму бесперапынна задавалі. Корал Маскер заснула. Гэтая ноч змарыла яе, яна не разумела ніводнага слова з таго, што гаварылася, не ведала, чаму яна тут, была напалоханая і пачала ўжо прыходзіць у адчай. Спачатку ёй прыснілася, нібыта яна — маленькая дзяўчынка і ўсё было вельмі проста і вельмі трывала, усё можна было растлумачыць. А потым ёй прыснілася, што яна старая і аглядваецца на сваё жыццё, ёй ужо ўсё вядома, што правільна і што няправільна і чаму здараецца тое і гэтае, і зноў усё было вельмі проста і падпарадкоўвалася законам маралі. Але гэты другі сон не быў падобны на першы: яна ўжо амаль прачнулася і прымушала сон паказваць тое, што ёй хацелася ўбачыць. І ўсе яе сны праходзілі на фоне размовы, якая здалёк даносілася да яе. У апошнім сне, абароненая старасцю, яна пачала згадваць і падзеі мінулай ночы і дня, і ёй здалося, што ўсё ўладзілася, і Манет прыехаў па яе з Белграда.
Доктару Цынеру таксама дазволілі сесці ў крэсла. Па выразе твару мажнага афіцэра ён зразумеў, што з ілжывым абвінавачаннем было амаль пакончана, — таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькі ківаў галавой, ікаў і зноў ікаў. Палкоўнік Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлівасць і трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён і не хацеў прыносіць падсуднаму празмерных пакутаў. Калі б гэта было магчыма, ён да канца пакінуў бы доктару Цынеру нейкае каліва надзеі. Маёр Петкавіч бесперапынна выступаў з пратэстамі, ён ведаў, гэтаксама як і кожны з іх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасці, каб усё праходзіла згодна правілам, змешчаным у настаўленні 1929 года.
Седзячы спакойна, сціснуўшы кулакі, паклаўшы паношаны мяккі брыль на падлогу каля сваіх ног, доктар Цынер вёў з афіцэрамі безнадзейную барацьбу. Адзінае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб'ектыўнасці гэтага суду — яго ж збіраліся паціху закапаць у зямлю на пагранічнай станцыі, калі сцямнее,
— За ілжэсведчанне мяне не судзілі. Гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала, — сказаў ён.
— Вас судзілі ў вашу адсутнасць, — запярэчыў палкоўнік Хартэп. — І прыгаварылі да пяці год зняволення.
— Лічу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскі суд для вынясення канчатковага прыгавору.
— Ён мае рацыю, — умяшаўся маёр Петкавіч. — Такія злачынствы не ў нашай кампетэнцыі. Калі вы паглядзіце раздзел пятнаццаты…
— Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвінавачанне ў ілжэсведчанні. Застаецца фальшывы пашпарт.
— Вы павінны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства, — хутка запярэчыў доктар Цынер. — Дзе вашы сведкі? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу?
Палкоўнік Хартэп усміхнуўся:
— Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр?
— Не. Я лічу, што будзе больш правільна, калі мы адкладзём суд па больш дробным абвінавачанні, пакуль ён не будзе асуджаны, — я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па больш сур'ёзным абвінавачанні.
— Для мяне гэта тое самае, — сказаў палкоўнік Хартэп. — А як вы, капітан?
Капітан кіўнуў, усміхнуўся і заплюшчыў вочы.
— А цяпер абвінавачанне ва ўдзеле ў змове, — сказаў палкоўнік Хартэп.
Маёр Петкавіч перабіў яго:
— Я ўсё гэта абдумаў. Лічу, што ў абвінаваўчым акце трэба выкарыстаць слова «здрада».
— Ну, добра, хай будзе «здрада».
— Не, не, палкоўнік, цяпер ужо нельга ўносіць папраўкі ў абвінаваўчы акт. Давядзецца пакінуць «удзел у змове».
— Вышэйшая мера?
— І ў тым і ў другім выпадку.
— Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вінаватым ці не прызнаяце?
Доктар Цынер з хвілінку падумаў. Потым сказаў:
— А якая розніца?
Палкоўнік Хартэп паглядзеў на гадзіннік, потым узяў са стала пісьмо.
— На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду.
У яго быў выгляд чалавека, які хоча далікатна, але няўмольна пакласці канец дзелавой размове.
— Я думаю, што маю права на тое, каб пісьмо прачыталі і падверглі перакрыжаванаму допыту салдата, які адабраў гэтае пісьмо.
— Безумоўна, — ахвотна пагадзіўся маёр Петкавіч.
— Я не буду ўскладняць вам справу, — усміхнуўся доктар Цынер. — Я прызнаю сваю віну.
«Але калі б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе, — сказаў ён сабе, — і журналісты ў сваёй ложы занатоўвалі б усё, я б змагаўся за кожны пункт». Цяпер, калі яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прыліў красамоўства, яму ў галаву прыходзілі рэзкія словы і словы, якія маглі выклікаць слёзы.
Ён ужо быў не тым узлаваным чалавекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляйміць місіс Пітэрс.
— Суд аб'яўляе перапынак, — сказаў палкоўнік Хартэп.
У нядоўгім маўчанні было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмі кароткі, ён доўжыўся роўна столькі, колькі спатрэбілася палкоўніку Хартэпу, каб накідаць некалькі слоў на аркушы паперы і пасунуць яго па стале на подпіс абодвум афіцэрам. Двое салдат стаялі крыху вальней.
— «Суд прызнае арыштаваных вінаватымі, — прачытаў палкоўнік Хартэп. — Арыштаваны Ёзеф Грунліх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзіму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзіны, пасля чаго будзе выслана на радзіму. Арыштаваны…»
Доктар Цынер перабіў яго:
— Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?
Палкоўнік Хартэп кінуў погляд у акно — яно было зачынена, зірнуў на вартаўнікоў — іх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалі неразуменне і адчужанасць.