Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Мноства элементаў дахрысціянскай ахоўнай магіі сканцэнтравана ў беларускім вясельным абрадзе. Седзячы за сталом на вытрыманым у спрадвечных традыцыях вяселлі, госці часам і не здагадваюцца, што сталі дзейнымі асобамі магічных рытуалаў, народжаных у пракаветныя часіны. Хтосьці з дасведчаных людзей перад застоліцай абавязкова пакропіць святой вадой або абкурыць макам усе куты хаты. Адпрэчваючы злых духаў макам або льняным семем могуць абсыпаць хату і знадворку. Добра засцерагае ад нячысцікаў абведзенае касою кола і пастаўленыя навідавоку зубамі ўгору барана, вілы або граблі. Да вострых рэчаў-абярогаў, якія павінны «злавіць» злыя сілы, належыць і грэбень, што дораць маладой. Хтосьці з кабетаў перад вяселлем сачыў, каб шчыліны ў хаце і надворных будынінах былі пазатыканыя чартапалохам ці колкімі галінкамі агрэсту,
На працягу ўсяго вяселля сурова забараняецца згадваць не толькі нячысцікаў але і смерць, назвы хвароб. Каб не нашкодзіць вясельнікам і не наклікаць бяду на будучае жыццё маладой сям’і, нельга гаварыць пра нябожчыкаў і наогул пра любыя няшчасці. Затое надзвычай карысны ўсеагульны смех застоліцы — ці не самы дзейсны сродак ад цёмных сілаў.
На жаль, няшмат хто захоўвае старажытную беларускую этыку паводзінаў у час хаўтураў. Мая бабуля па маці (або, як казалі даўней, па кудзелі) Аўгіння вучыла нас, унукаў, што, калі ўдзельнікі пахавання кіруюцца з могілкаў дадому, першымі абавязкова павінны ісці старыя. Дзяцей нельга было садзіць за жалобны стол. I наогул, паводзіны на памінках маглі шмат у чым вызначыць лёс родных і сяброў нябожчыка.
Як і іншыя народы свету, нашы пра-пра-прадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады. Чароўную сілу мелі купальскае вогнішча i раса, купанне на світанку пасля купальскае ночы, калі сонца «грала» — разыходзілася на тры і зноў сыходзілася ў адно. Верылі і ў магію лічбаў. 7 азначала чвэртку месяца, колькасць дзён у тыдні-«сядміцы». 4 — чатыры часткі сутак, чатыры пары года, чатыры бакі свету, што мелі сваю колеравую сімволіку. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая — з усходам, чырвоная і чорная — з поўднем і поўначчу. 4 — гэта таксама чатыры пары жыцця: маладосць, сталасць, старасць і смерць, якім адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер здавён успрымаўся як сімвал вядзьмарства, зла, тугі і смутку. Белы азначаў прыгажосць і духоўную чысціню; апрача таго, ён атаясамляўся з матчыным малаком і сімвалізаваў зямлю-карміцельку. Чырвоны здавён быў сімвалам агню і вечнага жыцця. Аб шанаванні гэтых колераў сведчыць наша народнае адзенне і сімволіка.
Магічны сэнс мелі таксама лічбы 9 і 12 — столькі месяцаў адпаведна жылі ў мацярынскім чэраве чалавечае дзіця і жарабя. Лічбу 7 звязвалі яшчэ з колькасцю зорак у Вялікім Возе (Вялікай Мядзведзіцы).
Прашчуры часта ўглядаліся ў бяздоннае начное неба. Зоркі былі знакамі людскіх душ. Прыйшло на свет дзіця, і запаліў Род ці багіня Жыва новую зорку, што будзе гарэць, пакуль не скончыцца нітка жыцця. Адляціць ад цела душа, і скоціцца з неба срэбная слязіна — знічка.
У гэтым беларускім слове схаванае імя паганскага бога пахавальнага агню Зніча. Ён прымаў нябожчыкава цела, а таксама неабходныя ў замагільным жыцці рэчы і ператвараў іх у попел. Сабраны з вогнішча прах палачане клалі ў гліняныя гаршкі і хавалі ў доўгіх, падобных да абарончых валоў курганах. У адной такой магіле спачывалі парэшткі пятнаццаці-дваццаці крывічоў. Пасля хаўтур заўсёды спраўляліся памінкі — «трызна» або «страва». Продкі разумелі, што найлепей ушанаваць памяць мёртвых можна паўнатою ўласнага жыцця.
Да нябожчыка прыляталі Жля і Карна, багіні тугі і пахавальнага плачу. Сама душа трымалася паблізу: глядзела, ці вельмі смуткуюць, слухала, што кажуць на памінках. Калі мала слёз ды гора, — яна раззлуецца і пачне помсціць, таму галасілі сваякі на ўсю шчырасць. Праводзілі чалавека ў іншы свет урачыста і жалобна, але да смутку развітання дамешвалася і радасць: нябожчык сустрэнецца з продкамі, наперадзе ў яго вечнае жыццё.
Крывічы верылі ў рай, што называўся выраем. Гэта казачна прыгожы, напоўнены птушынымі спевамі зялёны сад з павольнаплыннаю ракой. У адрозненне ад хрысціянскага раю, які трэба заслужыць дабрачынным жыццём, паганскі чакаў кожнага. Пекла не існавала, продкі называлі
Можа, таму людзі ставіліся да скону без вялікага страху. Гэта адлюстравалася ў паэтычным параўнанні смерці з нявестаю. Як пяецца ў старадаўняй народнай песні, крывавая бітва — вясельная бяседа, а непрабудны сон у магіле — салодкая ноч на шлюбным ложы. Паміраючы ад ран, малады ваяр просіць перадаць родным, што пабраўся з другою жонкаю, а сасватаў іх востры меч ды калёная страла.
Разам з тым паміраць ніхто не спяшаўся, і кашчавую стараліся абыходзіць як найдалей. Яна ж нястомна пасылала да людзей сваіх спадарожнід і памочніц — ліхаманак. Дванаццаць страхотных, худых і вечна галодных крылатых сясцёр-ліхаманак жылі ў прыцемных сырых сутарэннях. Халадэча, асабліва зімовая, выганяла іх на зямлю, і яны шукалі прытулку ды спажывы ў цёплых чалавечых хацінах. Гора таму, хто не меў надзейнага абярога, не пакрапіў прынесенай ад вешчуна вадою дзвярныя вершнікі. Непрадбачлівы чалавек трапляў у кіпцюры да бязлітасных ліхадзеек, кожная з якіх мела сваё імя і мучыла хворага на свой капыл: Трасея трэсла, Агнея паліла жарам, Лядзея змушала калаціцца ад холаду, Гняцея гняла і адбірала смак да едзіва, Грудзея ўскоквала на грудзі, прымушаючы чалавека хрыпець і керхаць, Глухея закладвала вушы, Ламея ламала косці і круціла сярэдзіну, Глядзея не давала заснуць, прыводзіла з сабою нячысцікаў што пазбаўлялі чалавека розуму… Самая страшная — найстарэйшая сястра Навея. Калі яна завалодае хворым, усялякая надзея на паратунак знікне, і чалавек хутка ператворыцца ў нябожчыка — наўца.
Канчаткова забірала жыццё агідная багіня смерці Яга, з дзяцінства да дрыжыкаў знаёмая нам з чарадзейных казак. Той, хто хоць здалёк убачыць Ягу, страцідь мову; той, да каго яна дакранецца, непазбежна памрэ. Кашчавая, як і Пярун, вымагала крывавых прынашэнняў. Аўтар выдадзенай у 1855 годзе ў Санкт-Пецярбургу кнігі «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» Міхаіл Без-Карніловіч сцвярджае, што побач са святыняю ў гонар Перуна на Валовай азярыне ў Полацку стаяла і капйпча Ягі. Гэтыя звесткі пацвярджае наш знакаміты гісторык, этнограф і археолаг XIX стагоддзя Адам Кіркор.
У хаўрусе з Ягою зазвычай дзейнічалі аднавокае Ліха, Кадук, Карачун, а яшчэ той самы казачны Кашчэй, вядомы ўсходнім славянам, мяркуючы па былінах і археалагічных знаходках з яго выяваю, не пазней чым з IX стагоддзя. Тысячу гадоў таму ў хатах над Палатою бабулі баялі ўнукам пра гэтую каларытную асобу амаль такія ж казкі, якія чулі ў дзяцінстве мы з вамі. Можна ўявіць, як бабуля садзіла малога на калені, брала касцяны грабянец-абярог і, чэшачы ўнучку заблытаныя кудзеры, перад казкаю загадвала загадку: «Цар Канстанцін гонідь коні цераз тын».
У тагачаснага Кашчэя было не толькі прозвішча — Бессмяротны, але і забытае цяпер імя па бацьку — Трыпятовіч. Сюжэт жа і герояў мы добра ведаем. Смелы ды зухаваты хлопец вызваляе з палону ў Кашчэя царэўну, аднак, каб перамагчы паганага, трэба знайсці яго смерць. Кашчэй адно прыкідваецца неўміручым: на дне мора ці на выспе сярод хваляў ляжыць скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, а ў яйку — нарэшце Кашчэева смерць. Шукаючы яе, юнак абавязкова патрапіць на гасціны да Бабы Ягі. Жыве тая ў вясёлай лясной мясціне, закіданай людскімі косткамі. Ягіна хаціна абторканая дванаццаццю (відаць, па колькасці бабіных памагатых — ліхаманак) вастраколінамі, і на кожнай — па чэрапе, толькі адна пустая: чакае галаву самога героя. Апісанне сведчыць, што крыважэрная багіня смерці любіла ахвяры са сцятымі галовамі.
У 80-я гады IX стагоддзя кіеўскі князь Уладзімір Краснае Сонейка вырашыў упарадкаваць заблытаную нябесную іерархію і зрабіць веру падданых дзяржаўнай рэлігіяй. Яго воляю на дняпроўскай строме паблізу княжага хорама падняліся шэсць драўляных багоў-куміраў: Пярун, Хорс, Дажбог, Стрыбог, Мокаш і Сімаргл. Пра пяць першых мы ўжо казалі. Сімаргал вартаваў скарбы і ахоўваў святое дрэва жыцця, ад якога паходзяць усе расліны.
Полацк трапіў тады на нейкі час у залежнасць ад Кіева. Верныя дзедаўскім традыцыям, палачане, пэўна ж, не пагадзіліся з рэформаю, ды знешне мусілі падпарадкавацца.