Ваўкалакi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Дзядзька, i што яны ўвесь час так стаяць будуць?..
– у дрыготкiм голасе быў непрыхаваны жах.
– Ды не. Пастаяць i пойдуць. Яны чакаюць цяпер.
– Каго чакаюць?!
– Не каго, - усмiхнуўся дзядзька.
– Замовы чакаюць. I шкада ж iх... З чалавека ў звера перавярнуцца - не дай Божа.
– А я чуў, - распiхваючы ўсiх, да вазка пад'ехаў Антось, - што раней можна было назад у чалавека перавярнуцца. Нават адзiн князь быў... Мне Iгнась Забалоцкi - са збяднелых Забалоцкiх, не з тых, у каго маёнтак, - Iгнась расказваў пра Ўсяслава Чарадзея. Сёння воўк - заўтра чалавек. Адсюль у Кiеў воўкам бегаў.
– Гэтыя назад у людзей самi
– У даўнейшыя часы, можа, i ўмелi, а тут цi забылiся, цi праклён якi над iмi. Раз вяселле шукаюць - не могуць. Iх людзьмi толькi такiя, як мы, могуць зрабiць.
– Як?!
– слова вырвалася ва ўсiх, i дружкi, нязвыкла цiхiя, уважлiвыя да дзядзькавых слоў, збiлiся яшчэ шчыльней.
– Яно i проста, ды... Ат!
– Дзядзька махнуў рукой.
– Бачыце, заўсёды да вяселля, заўсёды. Зразумела, зрэшты - вяселле ж самая што нi на ёсць чалавечая справа. Сям'я ладзiцца, гаспадарка, людзi ладзяцца! Вось як у цябе, - Мiкiта павярнуўся да Змiтрака.
– Дзядзька!..
– зазвiнеў голас маладога.
– Кажы, дзядзька, як iх у людзей перавярнуць! А то пра мяне ён!..
– I правiльна, пра цябе. А iм мы не дапаможам. Шкада iх, бачыш, чакаюць?
Мiкiта раптам выскачыў з вазка i прайшоў колькi крокаў да тых, што чакалi.
– Няма ў нас нявесты, чуеце?
– гукнуў ён.
– I скрыпкi няма! Не дапаможа вам мая замова. Не верыце? То слухайце! I вы слухайце, - павярнуўся ён да дружыны.
Мiкiта набраў поўныя грудзi паветра i закрычаў:
– Цi не досыць жа вам хадзiць, людзей смяшыць, сабак дражнiць?! Iдзiце лепш дамоў!
Рэха ўзляцела да вяршалiн соснаў, палунала там, дробненька паскакала ў кустах - i знiкла ў гушчары. I ўсiм здалося, што тых, каму рэха прызначалася, яно абмiнула. Бо тыя стаялi ў каменнай маўклiвасцi, па-ранейшаму чакалi.
– Казаў жа я...
– павярнуўся i пайшоў да вазка дзядзька.
– Не пайшоў туды голас, не захацеў у бок паляны iсцi. А пасля замовы трэба было на скрыпцы зайграць. Нi маладой, нi скрыпкi...
– Зараз!..
– устаў у сядле Змiтрок, i як не пазнаць было яго - рашучага, злога, прыгожага.
– Зараз, дзядзька, i маладая будзе, i скрыпку ў рукi возьмеш! Чакайце, хлопцы, тут чакайце!
I ён сцебануў каня i памчаў проста на тых, што павiнны былi таксама чакаць, мусiлi чакаць, бо цяпер ён не збiраўся шкадаваць нi сябе, нi каня, нi сваю маладую, каханую. Не шкадаваць дзеля iх. Дзеля будучых людзей.
– Стой!..
– крыкнуў наўздагон дзядзька Мiкiта, але дарэмна.
Тыя, на каго ляцеў Змiтрок, ажылi, усе ўтрох адбеглiся ўлева, зноў спынiлiся. Пошчак слабеў, глухнуў, урэшце зусiм сцiх. Дружына маўчала, бо гаварыць не было чаго.
I тут тыя, шэрыя, маўклiвыя, незямныя, раптам лёгка i бязгучна зрушылi з месцаў, выцягнулiся ў шнурок - морда да хваста - i слiзганулi ў гушчар, злiлiся з iм, растварылiся.
– Сто-ой!..
– высокiм, не голасам, падгалоскам закрычаў-заплакаў самы маладзенькi з дружыны, малодшы брат Змiтракоў Васiлька, прымусiў здрыгануцца людзей, коней, дрэвы.
– Сто-о-й!..
I захвастаў свайго конiка, зусiм спудзiў яго, сялянскага конiка, паскакаў у дрэвы, у гушчар з кустамi, засталася ад яго адно магерка, збiтая суччам. Ды недалёка праскакаў Васiлька, спынiўся, не ведаючы, у якi бок гнацца за тымi, i заплакаў, па-дзiцячы, няўцешна.
Пяць машын вяселля, пяць "Жыгулёў", убраных каляровымi стужкамi, папяровымi кветкамi, паветранымi шарамi, гэтае зiмовае поле, на якiм павiвалася лёгенькая замець i кацiлiся доўгiя, абгладжаныя вятрамi сумёты,
I тут гэтую заспакоенасць, што легла перад новым выбухам вiншаванняў i абавязковай мiтуснi, парушыў крык дзяўчынкi на руках у маладой:
– Сабака, сабака!
Малая паказвала пальцам у акенца, i ўсе сапраўды ўбачылi метраў за пяцьдзесят, якраз пасярод дарогi, вялiкага сабаку. Нават дужа вялiкага сабаку - шэрага, з лабастай галавой, густой сiвой поўсцю, тоўстым хвастом. Сабака стаяў, высока ўзняўшы прыгожую галаву, i глядзеў на машыны. I па нерухлiвай упэўненай постацi яго адразу адчувалася, што ён гэтых машын не баiцца. Ён нават чакае, каб яны пад'ехалi да яго як мага блiжэй. I ад таго, што ён вось гэтак чакаў, вадзiцель першай машыны адразу ж нацiснуў на тормаз i нават заглушыў матор. Пасталi, зразумела, i астатнiя.
– Што гэта за сабака такi... дурны?
– няўпэўнена спытаўся вадзiцель, дзядзька маладога - Мiкола.
– Стаiць як слуп. Га, Дзiма?
Малады не адказаў нiчога, адчынiў дзверцы, вылез з машыны на дарогу, i хутка каля яго апынулася амаль усё вяселле. I амаль нiхто не ведаў, у чым справа, таму галасы гучалi моцна i бязладна, кожны перабiваў суседа, смех i крыкi былi як на кiрмашы. I, мусiць, доўга не маглi б маладыя з дзядзькам увесцi ў вушы вяселлю пра дзiўнага сабаку, каб не малая, Святланка, тая, што першая ўбачыла яго - незразумелага i вялiкага. Пакуль сваякi з гасцямi спрабавалi давесцi адзiн аднаму i ўсяму свету нешта вельмi важнае, пакуль таўклiся, некаторыя нават спрабавалi пайсцi ў скок, бо ўсё ж вырывалiся з агульнай гаманы слабенькiя гукi музыкi з радыёпрыёмнiка, - Святланка адразу пабегла проста да сабакi. I нiхто спачатку не заўважыў гэтага, нават дзядзька з маладымi, бо iх штурхалi, распытвалi, не пакiдалi ў спакоi, i малая ўжо ладна адбеглася, калi закрычала Iрына, будучая Дзiмава жонка. I тады ўсе ўбачылi, што малая каля сабакi зусiм блiзенька. Вось тут прыцiснула ўсiх да зямлi цiшыня, якая раптам аказалася неверагодна цяжкай.
– Святланачка, стой!
– звiнеў крык маладой, але малая быццам i не чула.
А сабака стаяў зусiм нерухлiва, i Мiкола, дзядзька, ужо ўскочыў у "Жыгулi" i ляснуў дзверцамi, каб газануць i паляцець ратаваць малую, - ды тая, бы ў нечым пераканаўшыся, павярнула назад сама. Яна бегла i нешта крычала, i сабака за ёй не гнаўся, не варушыўся, таму Мiкола зноў заглушыў матор i выскачыў з машыны на дарогу. I толькi як малая падбегла да людзей, усе ўрэшце зразумелi, пра што крычала яна:
– Зусiм не страшны!.. Харошы! Давайце з сабой яго возьмем!..