Вока тайфуна
Шрифт:
Ён прыцягнуў да сябе абмяклае цела, адчуў слабую цеплыню і заторгаў трос (гэта й былі тыя рыўкі, што адчуў на караблі старшына), а пасля, абхапіўшы мінёра левай рукой, пачаў прасоўвацца па гэтым тросе, з усёй сілы працуючы нагамі.
Гэтая раптоўная пяшчота да суперніка была, як ён думаў, зусім не для яго, а для той… Усё адно як быццам гэта ён ратаваў яе… А ўвогуле ён і сапраўды дзеля яе… гэтага смаркача… і гатовы быў з лёгкім сэрцам заплаціць за гэта адзіным, што ў яго было.
Ён спрабаваў прывесці яго да прытомнасці, і гэта яму ўдалося. Лепей бы не ўдавалася. Бо твар мінёра зноў не па-чалавечы перакасіўся.
— Толечка.
— Су… сутар… Зноў. — У мінёра падламіліся плечы.
Прыўзняўшы яго, мічман нагамі стаў здымаць, сцягваць з яго боты. Ён біўся над гэтым неймаверна доўга, але боты, у рэшце рэшт, усё ж такі пайшлі на дно. І тады мічман нырнуў, ледзь не знепрытомнеўшы ад ледзянога абруча, які сціскаў чэрап, адшукаў скурчаную, цвёрдую, як дрэва, нагу Кані і моцна, мабыць, да крыві, укусіў яе. Нага тарганулася.
…Хутка яны ўжо цягнуліся да карабля. Мінёр, хаця й слаба, таксама боўтаў нагамі. А пасля трос нацягнуўся, ледзь не вырваўшыся з рук, і пацягнуў іх убок. Сцяпан зразумеў: іх цягнуць. Да карабля. Разам з замацаванай мінай.
Трос слізгацеў у задубелых руках, яны спаўзалі да яго канца і хутка зноў апынуліся побач з мінай. Дубавец упёрся ў яе нагамі, замкнуў рукі вакол пояса суперніка і так, страціўшы апошнія сілы, чапляючыся хутчэй таму, што ніякая моц не магла расціснуць іхнія зведзеныя, скурчаныя пальцы, яны павіснулі на тросе, павольна набліжаючыся да далёкага, вельмі далёкага карабля.
Мічман адчуваў пад пахаю холад троса, замком рук — шырокія грудзі мінёра, нагамі — яго бязвольныя ногі. Валы раз-пораз накрывалі іх, але ён ведаў, што вочы ягоныя гараць не ад марской солі. Занадта цёпла было вачам.
Нікнучы галавою, ён адчуваў, што робіцца цяплей і ўнутры.
Перад вачамі зыбка ўставалі, увесь час чаргуючыся, майскія сопкі, рабізна пяску на перакатах маленькай беларускай рачулкі, печкуры, што пакусваюць за пальцы босых ног у цёплай вадзе, пяшчотныя жаночыя локці ў далонях. І зноў, нібы пасля ўдару, цяжар нерухомага цела ў замку рук, цела, якога нават коштам жыцця нельга было выпусціць у цёмнае прадонне горка-салонай купелі, якая неразрыўна звязала іх.
А цеплыня лілася і лілася па шчаках. І ўставалі перад вачамі мядовыя таполі, ружовы лотас на азёрах вострава Пуцяціна, жанчына, што стаіць па плечы ў зялёнай крыштальнай вадзе… і цела яе хісткае, бо па вадзе змяіцца рабізна… І трэба сціскаць рукі, каб не адступіць, хаця ўсё незваротна скончана, скончана, скончана.
…Апошнія кроплі цеплыні стынулі на веях.
…Згасала прытомнасць. І апошняе, што ўбачыў чалавек, быў ледзяны хаос, успененыя грабяні валоў, пена, што рвецца з іх у неба, і снег, снег, снег… снег…
…У снежным буране нічога не было відаць за кармой.
— Колькі ўсё ж гэтыя чэрці паспелі стравіць? — сам сабе, дужа ціха сказаў Андрэй Сцівен.
— Апошня, — таксама дужа ціха адказаў кубічны, нязмерны па ўсіх габарытах Красоўскі.
У белым свісцячым вэлюме праз нейкую хвіліну цьмяна паказаўся, заскакаў на хвалях чорны шар. Людзей не было відаць.
Толькі дужа напружыўшы вочы, Сцівен, здалося яму, заўважыў на чорным дзве галавы, якія быццам прыкіпелі да міны. Бліжэй падцягваць яе было падобна смерці. Старлей цяжка ўздыхнуў, убачыў камандзіра, што стаяў ля кармавога клюза і таксама сачыў за ходам выбаркі-адцяжкі, і сказаў:
— Дазвольце ў ваду?
— Адзін?
— Дый я, бадай, з ім таксама, — хрыпата
…Калі Дубаўца і Каню абвязалі прыплаўленым з карабля пяньковым канцом, Сцівен толькі з нечалавечым намаганнем адарваў ад троса іхнія зведзеныя, заледзянелыя пальцы. Лёд пакрываў іхнія галовы, лёд, які зліпся з мокрага снегу. Потым боцман стаў адцягваць міну далей, а Сцівен паплыў з двума нерухомымі да карабля. Падтрымліваючы над вадою іхнія галовы, хаця сам ужо нінавошта не спадзяваўся. Потым яны павіснулі на канцы за кармой. Потым дзесяткі рук падхапілі іх і выцягнулі на палубу.
І ўсе былі неймаверна здзіўлены, калі мічман на нейкае імгненне апрытомнеў і, спяшаючыся сказаць, пакуль зноў не накаціла бяспамяцтва, — магчыма, апошняе, — прахрыпеў:
— Каню… Каню ратуйце Ка-ню.
…Каня наглытаўся вады, і фельчару ў лазарэце давялося тры гадзіны вазіцца з ім, а мічман, калі яму ўлілі шклянку спірытусу, ачнуўся, але адразу ж зноў заснуў.
Ён не чуў, як за карму спусціліся на плоціку Красоўскі з мінёрам, не чуў, як іх усцягнулі на палубу, як карабель даў ход. Ён не чуў нават таго, як праз некалькі хвілін за кармой разрэзаў штармавую ноч тытанічна-магутны выбух. Выбух, які раздзёр нават гэты непраглядны снег. Ускінулася над базальтавымі валамі і да самага неба выцягнутае, калматае, падобнае на даурскую папаху воблака.
Ён не чуў гэтага. Ён спаў, і перад вачамі ягонымі плылі праявы, светлыя і незваротна страчаныя. Ён спаў і плакаў, плакаў, плакаў у сне.
Ачнуўся ён толькі наступным вечарам і некаторы час не мог прыпомніць, што адбылося. Дробна вібрыраваў корпус карабля — і ён зразумеў, што карабель. Слаба тхнула спірытусам — і ён зразумеў, што лазарэт.
Ва ўсёй істоце быў шчасны, вызвалены, адлучаны спакой. Як тады, калі яны ўрэшце вырваліся са страшнага вока тайфуна. Цішыня. Не трэба ні за чым ганяцца. І нічога не вернеш. І сам ты стаў іншы пасля вока тайфуна. Дый ці трэба нешта вяртаць?
"Дурнічка ты. Дурачка, — падумаў ён. — Ну, вось і нa табе. Атрымай. Ці будзе ён трымаць так моцна, як… А, усё адно… Я ўсё ж адпомсціў табе. Н-на".
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на суседняй койцы Каню. Той шырока, ласкава ўсміхаўся, паглядаючы на яго. І раптам адвёў вочы на ілюмінатар, які лізала зялёная хваля, і сцепануўся.
— Ты аб чым? — спытаў мічман.
— Во каб гэта зноў. Ды зноў такое купанне. Бр-р.
— Не каркай, — сказаў Дубавец, каб схаваць збянтэжанасць. — А то ведаеш, як было? Плыве чалавек у шлюпцы — крушэнне было. Два дні без вады, пяць без ежы. І ўзмаліўся богу: "Пашлі ты мне хаця які карабель, любы, на які твая божая воля". І праўда — карабель. Той махаць. У апошні момант яго з лайнера заўважылі, паднялі. Той матросам: "Як назва лайнера, каб было мне за каго бога маліць?.." А яму адказваюць: "Тытанік". — Памаўчаў. — А наконт купання што? Загадаюць — і купацца палезеш.
— Не загадаюць.
— У тым і справа, што не загадаюць. Тады б яшчэ брыкацца можна было. Сказаць, што запаленне "всегдалишнего" нерва… Сам палезеш.
Зноў трэба было саромецца словаў і хавацца. Але ён, іншы цяпер, не мог забыць начной цеплыні на шчаках, з ім ніколі не было такога, і таму ён з залішняй разухабістасцю сказаў:
— Ты за мяне ні зараз, ні… ну, ніколі не перажывай, хлопец. Добра? Нічога такога не здарылася.
Каня не зразумеў, аб чым гэта ён. Аб начной купелі? Аб міне?