Вязнi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Цяпер давай ты, Малуазон!
– пачуўся нечы голас.
Малуазон быў таўстун булачнiк, з яго чэрава вечна насмiхалiся таварышы.
Таўстун завагаўся. Пасыпалiся кепiкi. Тады ён набраўся адвагi i пабег, задыхана сапучы, дробным размераным трушком, ад якога трэслася яго пуза.
Увесь атрад рагатаў
– Брава, брава, Малуазон!
– крычалi апалчэнцы, каб падбадзёрыць бегуна.
Ён адолеў амаль дзве чвэрцi свайго шляху, як раптам з прадухi шуганула доўгая чырвоная пасма полымя. Грымнуў стрэл, i грузны булачнiк з дзiкiм крыкам паляцеў потырч у снег.
Нiхто не кiнуўся яму на дапамогу. Усе няўцямна глядзелi, як ён поўз на карачках па снезе i стагнаў, а калi прамiнуў страшную мясцiну - страцiў прытомнасць.
Куля патрапiла яму акурат у самае мяккае месца.
Па першай разгубленасцi i перапудзе зноў грымнуў смех.
На парозе леснiчоўкi з'явiўся камендант Лявiнь. Ён ужо распрацаваў план атакi.
– Лудзiльшчык Пляншу i яго падручныя!
– звонка выгукнуў ён.
Трое чалавек падышлi да яго.
– Паздымайце з хаты вадасцёкi!
Праз чвэрць гадзiны перад камендантам ляжала дваццаць метраў вадасцёкавых труб.
Ён загадаў асцярожна пракруцiць невялiкую дзiрку з краю ў люку, i калi праз дзiрку можна было пампаваць ваду, радасна абвясцiў:
– Цяпер дамо панам немцам трохi вадзiцы!
Грамавое, усцешанае "ўра", радасныя воклiчы i выбухi шалёнага рогату былi яму адказам. Камендант разбiў атрад на рабочыя групы, якiя павiнны былi падменьваць адна адну кожныя пяць хвiлiн, i скамандаваў:
– Пампуйце.
Жалезнае каромысла запрацавала, усярэдзiне ў рукаве з труб глуха забулькала, i вось ужо гэты булькат рынуўся па прыступках у склеп, нагадваючы плёскат фантана, плёскат
Запанавала чаканне.
Прамiнула гадзiна, потым другая, трэцяя.
Камендант узбуджана хадзiў сюды-туды па кухнi, раз-пораз прыпадаў вухам да падлогi i прыслухоўваўся, намагаючыся зразумець, што робiць чужынец, i пытаючыся ў сябе, цi хутка ён капiтулюе.
Нарэшце чужынец заварушыўся. Было чуваць, як у склепе перасоўвалi бочкi, перагаворвалiся, плёхалi па вадзе.
I вось гадзiне а восьмай ранку з прадухi данёсся голас:
– Мой хацеф хафарыць пан францускi афiцiр.
Не дужа высоўваючы з акна галаву, Лявiнь адказаў:
– Здаяцеся?
– Стаюс.
– У такiм разе спачатку выкiньце зброю.
I тут жа ўсе ўбачылi, як у дзiрку выткнулася i ўпала на снег стрэльба, потым другая, трэцяя - усе шэсць стрэльбаў. Той самы голас крыкнуў:
– Польш няма! Хушэй: мой патануф.
Камендант скамандаваў:
– Адставiць!
Рычаг помпы апусцiўся i замёр.
Калi кухню запоўнiлi насцярожаныя салдаты са стрэльбамi напагатове, камендант нетаропка падняў дубовае века.
Спачатку з'явiлiся чатыры мокрыя галавы, чатыры бялявыя галавы з доўгiмi выцвiлымi валасамi, i вось са склепа адзiн за адным вылезлi шасцёра мокрых, разгубленых немцаў.
Iх схапiлi i звязалi. Потым, баючыся якой-небудзь неспадзяванкi, усе адразу рушылi назад у горад, раздзялiўшыся на дзве групы: адна суправаджала вязняў, другая - Малуазона, якога паклалi на сяннiк, а сяннiк - на жэрдкi.
У Рэтэль вярнулiся з перамогай.
Пан Лявiнь быў узнагароджаны ордэнам за тое, што ўзяў у палон прускi авангард, а таўстун булачнiк атрымаў медаль за раненне ў баi з ворагам.