Закрываўленае сонца
Шрифт:
– Нi было чаго, мусiць.
– А тое, што пазабiралi з маёнткаў, ад асаднiкаў, дык дзе яно падзелася.
– Мусiць сабе ў свой саюз завязьлi.
– Ну дык от, значыцца... Калi ў iх тамака так добра, такi рай, як кажуць, усяго ўволю, дык нашто iм наша? Мусiць хрэн там у iх, галота адна, во...
37
Дападлiвыя й пранырлiвыя прасачылi як першапачатковая лагодная ўсьмешка "народнае ўлады" зьмянiлася на грымасу, а ўжо пасьля цi раз сьцiналiся вусны й шчэрылiся зубы. Працавiты селянiн лiтоўскi моцна натужваў свае мускулы, шчодрым потам палiваў сваю дзялку. Вера ў даброты людзкiя й боскiя трымала верх
– Як добра папрацуiм i ўродзiць, дасьць Бог, дык будзiць i iм, i нам, казаў цi адзiн узмужнелы гаспадар.
– Нашто-ж тады было браць зямлю, каб на ей нi папрацаваць? А як забяруць усё, дык хто тады задарам працаваць для iх будзiць?
– мяркаваў iншы.
Зьвезенае збожжа цi то саматугам, цi ў супалку ў гумнах малацiлi. I ня ўсьпелi каторыя зьвярнуць яшчэ пазычанага насеньня, як шырака адчынiлася прагавiтая лапа "вызвольнiка". Львiная доля сабранага плёну ў арганiзаваных карагодах хурманак, абавязкова з чырвоным сьцягам на пярэдняй, паехала на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Лёзунгi над хурманкамi абвяшчалi: "Датэрмiнова выканаем план нарыхтовак дзяржаве!", "Збожжа дзяржаве!", "Да здравствует велiкiй..."
На ссыпным пункце ў Гацях маскаль з васпаватым тварам i чырвоным носам выдаваў адпаведныя квiты, дзе апроч колькасьцi прывезенага збожжа напiсана было й па колькi "руб" плацiлi за яго ў канторы сельсавету. Параўнаўшы цану, якую дзяржава плацiла за збожжа, з той цаной, што тая-ж самая дзяржава брала за гатовы хлеб у савiм "сельпо", людзям зь няўцямнасьцi прапорцыi цэнаў адбiрала мову. Адылi, калi парадзелi на дарогах хурманкi з пузатымi зрэбнымi й кужэльнымi мяхамiй чырвонымi сьцягамi ды лёзунгамi, а падаўжэлi на чыгунках цягнiкi, што валаклi народнае дабро ў "саюзную Гiрманiю", узрастаў на вёсках цiск, каб аддавалi "лiшкi мяса, збожжа, яек, малака, мёду й iншага дзяржаве"
Зьбянтэжаныя бальшавiцкаю нагласьцю, спрацаваныя сяляне сьпяшылi цяпер у сельсавет, дзе на прамiласьць боскую прасiлi, каб забралi назад дараваную iм зямлю. "Народная ўласьць", каторая, здавалася, ад самага памятнага дня "вызваленьня" мела адну мэту свайго iснаваньня, - напярэймы бегла дапамагаць сялянам, - цяпер быццам зьдзiчэла.
Дападлiвыя й пранырлiвыя спанатрылi, што баромэтрам новых парадкаў быў ня хто iншы, як свае-ж собскiя атожалкi, Сабакевiч i Шпунт, перадусiм першы.
– Глядзiце на Ромкавага гаспадара. Як ён галаву нiзка дзержыць, дык нам лепi будзiць, а як паднiмаiць яе дык нам тады хоць ты бакамi рабi, гаварыў, аглядаючыся пераз плячо, Антось Дзяркач.
У той час, калi валачылi на дарогах "нарыхтоўкi дзяржаве", высака трымаў Сабакевiч Косьцiк сваю галаву. У вадзiн вечар на твары Косьцiкавага бацькi Паўлюка загаспадарылi сьвежыя сiнякi. Таленавiты сын прывёў да бацькавае клецi вызначаныя сельсаветам хурманкi, што забралi "лiшкi збожжа дзяржаве".
Наконт крыку й ляманту, што адбываўся пасьля ў Паўлюковай хаце, дый наконт яўнага Косьцiкавага доказу адданасьцi ўладзе, а не свайму бацьку, доўга ня сьцiхалi Лiтоўцы. I ўжо тады, робячы выснавы, нейкi нядошлы патрыёт былай "моцарствовай" заўважыў: - Казалi Палякi, калi iх вывозiлi, каб ня цешылiся зь iхнай бяды. I праўда. Паглядзiце навакол сябе: калi так сын бацьку робiць, дык чакай чалавек дабра якога...
Позная восень назаляла зяблым
Зазiмак сыпнуў сьвежым, дробным сьнегам. Дагледзеўшы сваю сьцiплую гаспадарку, Пракоп прычынiў вароты ў гумно, думаў, што на зiму варта было-б сабаку мець. Калi пойдзе сьцюжа наводля леташняй, могуць падкапацца пад хлеў ваўкi й выцягнуць дзьве авечкi, што на расплод трымаў. Задуманы, пасьпяшыў у хату, дзе Мiкола сьнеданьне рыхтаваў. Паволi выцер за дзьвярмi боты, увайшоўшы ў хату ўзяўся рукi мыць.
– Зiма ўжо, мусiць, возьмiцца, - сказаў.
Мiкола зiрнуў на бацьку, дастаў зь печы аладкi, ўзяўся падаваць на стол, ля якога сядзеў Янук.
– Паедзiш, тата, сёлета ў Пiрасечана?
– спытаў малодшы Бахмач.
Бацька няўцямна зiрнуў на сыма.
– Ты што, кепiкi робiш зь мяне? На кiм гэта паеду?
У бацькавым голасе прасмыкнула нотка горычы, прыгадалася зьняважлiвае панiжэньне на тым сходзе, дзе Захаруку так званую прэмiю далi. Кот мяўкаў пад сталом, калi Бахмачы ўзялiся спажываць аладкi з мачанкаю. У гэны момант пачулiся за дзьвярмi крокi.
– А гэта-ж хто так рана?
Адчынiлiся дзьверы й на парозе зьявiўся Косьцiк Сабакевiч. Апрануты ў чырвоны, вышываны нацыянальнымi ўзорамi сьпераду кажушок, сiнiя савецкiя галiфэ порткi, чорную шапку астраханку, блiскучыя хромавыя боцiкi, дзяцюк высака трымаў галаву й глядзеў проста ў вочы. Адно хуткае й зыркае вока магло спасьцерагчы, што адсутнiчаў у Косьцiкавых шэрых вачох зласьлiвы аганёк.
– Здароў, Пракоп, Мiкола, Янук!
– прывiтаўся голасна.
– Можна зайсьцi?
Гучэла гэта нiякавата. Груба-шурпаты голас прызвычаiўся загадваць i не спадарожнiчала яму лагоднасьць. Пракоп глядзеў на арганiзатара калгасаў зь няўцямнасьцю, аладка з мачанкай спынiлася на паўдарозе ў рот. Зьбянтэжаныя сыны пазiралi то на бацьку, то на Косьцiка.
– Ды ўжо-ж заходзь, - адказаў Пракоп.
– Пекных сыноў маiш, Пракоп, - сказаў Сабакевiч, сядаючы воддаль ад стала на зэдлiку ля сьцяны.
Працэс спажываньня аладак зноў спынiўся на пару часiнаў. Сыны зiрнуллi на бацьку, пасьля на Косьцiка. Пракоп-жа адно пазiраў на прыйшоўшага.
– Прабач во, што нiма чым пачаставаць, - сказаў Пракоп.
– Нiчога, дзякую, я заўтракаў, - адказаў дзяцюк.
– Калi, гэта самае, ходзiш за якiмi лiшкамi, цi тым, - як яго чэрцi завуць?
– кулем, цi яшчо якой трасцай, дык можаш мой парог мiнуць, бо нiчога ў мяне нiма. Калi-ж...
– Да нет, Пракоп, я не за тым. От пабяседаваць зайшоўся да толька таво, - паясьнiў Сабакевiч.