Змагарныя дарогi
Шрифт:
Ужо 3 лiпеня 1941 году маскоўскi дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусi й iншых заходнiх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Армii й партызанам наступны загад:
"Нiводная лёкаматыва, нiводная чыгунка, нi кiляграм пшанiцы цi лiтр гаручага не мусяць быць пакiнутымi ворагу. Калгасьнiкi павiнны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскiя злучэньнi, конныя й пяхотныя, павiнны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў i дарог, для знiшчэньня тэлефонных i тэлеграфных камунiкацыяў, для паленьня лясоў..."
Няцяжка адгадаць, што маскоўскi кат-душыцель хацеў зрабiць зь Беларусi суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, i то з прычыны маланкавага
Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двумя хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывiцца Харыбда. I не было нiадкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло - арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях нарадзiлася ўсьведамленьне сутнасьцi iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было разьлiчваць толькi й выключна на свае собскiя сiлы.
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
МЕНСК-АЛЬТКIРХ-МАРСЭЛЬ
НЕАДЧЫНЕНАЯ ШКОЛА
I
22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гiтлераўскiя акупанты называлi дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавiцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавiны афiцыяльна было загадана правесьцi ў гарадох акупаванае Беларусi парады вайсковых гарнiзонаў, як нямецкiх, так i беларускiх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.
У Менску, з усходняга боку Галоўнай вулiцы, паблiзу маста на Сьвiслачы, пабудавана была вялiкая трыбуна. Над ёю беларускi бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзiнаццатай гадзiны ранiцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнiлi ходнiкi, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскалiся на шчарбатыя сьцены прывулiчных руiнаў. На трыбуне зьявiлiся высокiя дастойнiкi акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньнi сваiх ад'ютантаў i афiцэраў менскага гарнiзону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капiтанам Мiкулам.
Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афiцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай iшла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю iншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямi на шапках, яўна вырозьнiвалася сярод усяго iншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацiгадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбiраў iх з цэлай Беларусi, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай i вызначанай меркi. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабiла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне.
Бадзёры роўны крок i раўнамерны тахт выклiкалi доўгiя воплескi мянчан, што прыглядалiся з абодвых бакоў вулiцы. Камандзер школы капiтан Ласкутовiч, што вёў калёну, падыходзячы да
Капiтан Ласкутовiч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вiнаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, i чорная калёна юнакоў памаршыравала далей.
II
– Каб яго лiха, як яно нядобра выйшла!
– жалiўся нехта, калi вярнулiся ў Паўночныя Казармы.
– I то-ж падумаць адно, гэтулькi часу маршыравалi, амаль цэлы месяц вучылiся, мазалi на нагах панацiралi, i цяпер во выйшла як на сьмех...
– Каб жа з нашай вiны!
– Тое-ж i балiць, што ня з нашай вiны, а зь ягонай..
– I то-ж, здаецца, такi здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое "стой", каб усе пачулi, цi што?
У гэны вечар кадэты мелi змогу выслухаць каля сёмай гадзiны па менскiм радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусiм аб парадзе. I вось там iзноў пачулi музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж i тое "стой", што было прычынай такой вялiкай няўдач, ды i пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп..
Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Iнструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур'ёзныя выпадкi. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калi ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь вiны рэкрутаў, а зь вiны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калi, казаў той, толькi-толькi пасьпелi паказацца ў людзi. Затое i было крыўдна.
Калi кадэты са Школы Камандзераў БКА турбавалiся такой першай няўдачай, то гэта зусiм зразумела. Усе яны зьявiлiся ў школу ахвотнiкамi ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалi вучыцца, а не бiбiкi, як кажуць, бiць. Гэта быў у бальшынi сялянскi элемэнт. Амаль нiхто зь iх раней ня трымаў зброi ў руках. Усе мелi сярэднюю асьвету й хоць пазьяжджалiся з усiх закуткаў Беларусi, - ад Вiльнi да Гомеля й ад Пiнска да Вiцебска - асноўнае, супольнае, што iх зьвязала, што прывяло ў Менск, было пачуцьцё народнае крыўды й нянавiсьцi да ворагаў, патрыятызм i ахвярнасьць. Гэтая моладзь зь сярэднiх школаў добра ведала, дзе ёсьць крынiцы няшчасьця народу й пастанавiла сваймi сiламi падбаць пра тое, каб iх зьлiквiдаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элемэнтарных, адносiлiся кадэты надзвычай паважна й пiльна.
Гоманам перапоўнiлiся будынкi Паўночных Казармаў у Менску. Жыхары суседнiх вулiцаў ранiцою й папаўднi прыслухоўвалiся прыгожым мэлёдыям беларускiх вайсковых песьняў. Хаця мянчане звычайна прымалi гэтых юнакоў за палiцыю, бо-ж яны насiлi чорную вопратку, аднак хлопцы толькi ўсьмiхалiся, паказваючы з гордасьцю на Пагонi, што мелi на шапках. Мала якая iншая беларуская вайсковая фармацыя мела Пагонi. Яшчэ больш цешылiся, даведаўшыся, што ў хуткiм часе аздобяць свае каўняры Ярылавымi крыжамi на чырвоных палотнiшчах. Магла-б некаму дзiўнай здацца гэткая, ледзь ня дзiцячая любасьць i прывязанасьць да сваiх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасьветчаных у ваенных справах ды ў жыцьцёвай практыцы зусiм зялёных юнакоў. Але-ж якiм, калi ня гэткiм спосабам, маглi яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народу, якая ўзрастала, мацнела i ўкарэньвалася ў сэрцах iхных у меру росту гвалту над беларусамi з боку бальшавiкоў i гiтлераўцаў?