Знак бяды
Шрифт:
Той дзень, праўда, зверху не сыпалася — болей мяло нізам, надзьмула на падворку даўгую хрыбціну-гурбу — ад дрывотні да самых варотаў хлява, крыху меншую — ля калодзежа і пад тынам. Калодзежны зруб апынуўся ўпоравень з долам, Пятрок ледзьве дабраўся да яго з вядром, але зачарпнуць вады не было як: у зрубе чарнелася вузенькая, бы нара, дзірка-адтуліна. Пятрок пра сабе вылаяўся. Настрой яго быў і без таго кепскі: у хаце толькі што пасварыўся з жонкай — усё праз клопат аб хлебе. Хлеб Сцепаніда ашчаджала, можа, праз меру, дамешвала ў яго бульбу і вотруб'е, і той хлеб ужо неяк стала ўзяць у рот. Хоць, ведама, яна мела на тое прычыну — жыта ў засеку засталося не болей мяшка, а да вясны і першай травы было не меней чатырох месяцаў. Як было не ашчаджаць? Неяк адагнаўшы
Выцягшы з калодзежа лёгкае, са снегам, вядро, Пятрок стуліўся ад ветру і пачакаў крыху, пакуль людзі падыдуць да варотцаў падворка. Пярэдні быў ужо блізка — ладна сігаў шырокім і дужым крокам, на яго плячах чарнелася блішчастая на марозе скуранка, пад пахай ён трымаў такі ж чорны партфель і быў віднейшы за іншых паставай, напэўна, маладзейшы за таго, што ішоў следам. Ужо ля варотцаў Пятрок добра разгледзеў гэтага другога — то быў сярэдняга росту мужчына ў чорным бобрыкавым паліто і высокай, перасыпанай снегам каракулевай шапцы, на яго счырванелым ад ветру твары відаць былі невялічкія падстрыжаныя вусікі. Трэці быў у даўгім чырвонаармейскім шынялі і шлеме з шырокімі апушчанымі вушамі, падпяразаны дзягай з наганам, што ў такт кроку целяпаўся на правым баку.
— Можна да вас, хазяін? Трошкі абагрэцца? — сказаў пярэдні, у скуранцы, падыходзячы да варотцаў.
— Дык чаму ж не! Такая завея, яно канешне, — сказаў Пятрок, мяркуючы пры сабе, што гэта начальства, і, мабыць, не малое: можа, з вобласці, а то і вышэй.
Ён узяўся за верх варотцаў, але расчыніць іх не было магчымасці, варотцы толькі адхінуліся трохі ў глыбокім снезе, і трое захожых адзін за адным неяк прашчаміліся на падворак. Затым ён прывёў іх у сені, дзе ўсе дружна загрукалі намёрзлымі ботамі, абіваючы снег, і, калі расчыніў дзверы ў хату, з-за занавескі з нейкаю трантай у руках выскачыла Сцепаніда і ажно войкнула, згледзеўшы на парозе столькі незнаёмых мужчын. Тут жа яна шаснула назад у запечча. Якраз другі дзень там ляжала хворая Феня: дужа напаў кашаль, нават была гарачка, і яны не пусцілі яе ў школу — жарты, па такой віхуры брысці ў мястэчка. Федзя быў здаравейшы і хадзіў, а яна ляжала, спадзяваліся, можа, паправіцца. Покуль ён поркаўся па гаспадарцы, Сцепаніда распаліла грубку — але ў хаце было сцюдзёнавата і пахла дымам, дровы разгараліся кепска. Ведама, сырая алешына, якая тлела і дыміла, скупа даючы жару.
Пятрок зачыніў дзверы, госці трохі асвойталіся ў хаце; старэйшы, з вусікамі, каб страсянуць, зняў ля печы заснежаную шапку, пад якой аказалася лысая ці чыста паголеная галава, і сцішана сеў на лаве, паклаўшы локаць на ражок стала. Побач сціпла прысеў вайсковец з наганам — гэты шлема не зняў. А трэці, што быў у скуранцы, згледзеўшы квелы агонь у грубцы, адразу схіліўся да яе, прысеў на нізкі ўслончык.
— Э, кепска гарыць! Растопкі мала, га, гаспадыня?
З запечка выйшла Сцепаніда, без хусткі, але ў сваёй аўчыннай камізэльцы, стрымана азірнула гасцей.
— Дзе ж яе ўзяць, растопку? Сырымі во палім.
— Сырымі гэта не дзела, — сказаў незнаёмы і пырнуў мокрыя камлі ў грубцы. — Сырыя трэба не так накладваць. Не клеццю — шатром нада. Я гэтую навуку некалі ў Сібіры прайшоў… Разгарыцца, нідзе не дзенецца.
Папоркаўшы альховыя камлюкі, ён прычыніў дзверцы — не зусім,
— Хазяін, у калхозе састаіш? Ці аднаасобнік?
— У калхозе, анягож, — звыкла азвалася за гаспадара Сцепаніда. — З першага дня мы.
— Ну і як? Зажытачны калхоз?
— А, які там зажытачны! Беднаваты калхоз.
— Удваіх жывяце?
— Удваіх. І дзетак двое. Сынок у школу пайшоў, а дачушка во прыхварэла, кашляе.
Феня і сапраўды закашляла ў запеччы, у хаце ўсе змоўклі, прыслухаліся. Той, што сядзеў ля стала, за ўвесь час не скрануўся нават, толькі на Феньчын кашаль павёў чорным брывом, зірнуўшы на занавеску-радзюжку ля печы. Гэтак жа маўкліва-роздумна ён пазіраў на Сцепаніду.
— Надвор'ечка такое, што прастудзіцца нядоўга, — сказаў ад грубкі той, у скуранцы. Ён зноў расчыніў дзверцы і тонкай альховай палкай папоркаў у агонь, мабыць, перастройваючы дровы па-свойму.
— Анягож, — лёгка падхапіла Сцепаніда. — Абутак, ведаеце, нягеглы. Валёначак няма, у парваных гамашыках бегае, прастудзіла ногі, цяпер другі дзень гарачка, кашляе.
— Нялёгка даецца навука сялянскім дзецям, — роздумна заўважыў госць і павярнуў голены, з моцнымі пашчэнкамі твар да стала. — А вот жа вучацца. Што значыць цяга да ведаў, да святла.
Пятрок падумаў, што, мабыць, цяпер гэты старэйшы па ўзросту, а можа, і па пасадзе штось скажа, але ён не сказаў нічога, усё моўчкі сядзеў пры стале, пазіраючы ў грубку. На ягоным твары ляжаў адбітак задуменнай нерухомасці, стомы, бы якой глыбокай заклапочанасці. Здавалася, ягоная ўвага была скіравана кудысьці далёка ў нейкія свае клопаты, і ў гэтай хаце нішто яго не цікавіла.
— Нічога, цётка, — болей бадзёра сказаў той, ад грубкі. — Выканаем пяцігодку — будзе і абутак, і шмат што яшчэ. Вальней будзе. А пака трэба работаць.
— Дык мы ж работаем. Стараемся. Не складаючы рук. За панамі так не работалі.
— Нам складваць рук нельга. Міравая буржуазія, яна пільна сочыць. Складзем — тут жа і задушаць.
— Што ж мы, не панімаем? Але во адзецца няма ў што. Даўней дык лён быў, а цяпер увесь лён здаём, а сабе нічога. Каб хоць крамніны якой, дзецям на світачкі, — пачала скардзіцца Сцепаніда, мабыць, ужо зразумеўшы, што перад ёй — начальства. Петраку тое не спадабалася — ну нашто яна? Толькі ў хату чужыя, начальства ці не, а яна ўжо са сваімі клопатамі. Не дасць людзям абагрэцца. Ён зважліва стаяў ля дзвярэй, думаючы, што захожыя самі штось скажуць — лезці да іх з пытаннямі было, мабыць, нягожа.
Але Сцепаніда тым часам, мусіць, зусім асмялела і ўжо скардзілася на тое, што дагэтуль не заплочана людзям за здадзеную па нарыхтоўках воўну, Смык трэці раз абяцае, назначае тэрміны, а грошай няма. Пятрок аж паморшчыўся ад няёмкасці — людзі староннія, можа, з Полацка ці нават з Віцебска, скуль ім ведаць тутэйшыя парадкі, нейкага там упаўнаважанага нарыхтовак Смыка. Лысы ля стала ўсё сядзеў нерухома, нават заплюшчыўшы вочы ад ператомы ці, можа, сагрэўшыся ў хаце. Але, аказалася, слухаў і чуў усё і, калі Сцепаніда сказала пра грошы, расплюшчыў вочы і ціха гукнуў таму, што сядзеў ля грубкі:
— Запішыце…
Той расшпіліў партфель і ў сінім невялічкім сшытку напісаў некалькі слоў.
— І гэта… Пад лён даюць самую няўдобіцу, дзе глей, кажуць: вырасце, а які там рост, як засушыць, аберуч не выдзераш, і нізенькі, рэдзенькі, на трэці нумар, не болей…
«Ну, пагнала ўжо! — амаль з болем падумаў Пятрок. — Ужо нагаворыць…»
Госці, аднак, слухалі быццам нават з увагай і не перапынялі. Лысы, ужо расплюшчыўшы вочы, пазіраў на яе быццам бы і без стомы, ва ўпор, хоць і маўчаў. А той, што ў скуранцы, толькі адзін раз перапыніў, спытаўшы, як назва калгаса, і ўжо сам, без напамінку, штосьці пазначыў у сшытку. Мусіць, адчуўшы іхнюю прыязнасць, Сцепаніда выгаварыла шмат што з сваіх крыўд на парадкі ў калгасе, у раёне і нарэшце ўспомніла пра сняданак: «Можа б, зварыць бульбачкі, калі са скваркай?» Лысы ля стала, бы струхнуўшы з сябе нерухомасць, рашуча сказаў «не» і павярнуў галаву да маўклівага, у шынялі, вайскоўца: