Альбатрос
Шрифт:
Пiркс хацеў запалiць - палiлi амаль усе, i было бачна, як дым сiнiмi стужкамi ляцiць угару, да вентыляцыйных адтулiн. Ён шукаў па ўсiх кiшэнях цыгарэты i не мог знайсцi. Хтосьцi - ён нават не бачыў хто - усунуў яму ў руку адкрыты пачак. Ён запалiў. Камандор сказаў:
– Калега Мiндэл, - на iмгненне ён прыкусiў нiжнюю губу, - поўны ход.
Мiндэл спачатку, вiдаць, быў разгублены, але нiчога не прамовiў.
– Даць папярэджанне?
– спытаў чалавек, якi сядзеў побач з камандорам.
– Ага. Я сам. Дайце.
Ён падцягнуў
– "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4". Iдзём да вас поўным ходам. Знаходзiмся на гранiцы вашага сектара. Будзем праз гадзiну. Паспрабуйце выйсцi праз аварыйны люк. Будзем каля вас праз гадзiну. Iдзём поўным ходам. Трымайцеся. Трымайцеся. Канец.
Ён адштурхнуў мiкрафон i ўстаў. Мiндэл гаварыў па ўнутраным тэлефоне ля супрацьлеглай сцяны:
– Хлопцы, праз пяць хвiлiн поўны ход. Ага, так, - адказваў ён таму, хто быў на другiм канцы провада.
Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:
– Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвiлiны наш карабель прыбавiць хуткасць. Мы атрымалi сiгнал SOS i спяшаемся...
Нехта зачынiў дзверы. Мiндэл дакрануўся да пляча Пiркса.
– Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.
Пiркс хiтнуў галавой. Два жэ - гэта для яго нiчога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослiвасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнiк крэсла, у якiм сядзеў пажылы тэлеграфiст, i зноў чытаў праз яго плячо:
"Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзiны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк зацiснула пэнкаючымi шпангоўтамi кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе i выйсцi кропка канец".
Мiндэл выхапiў у яго з рук спiсаны бланк i пабег у другi пакой. Калi ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, i ўсе адчулi, што iх целы набрынялi цяжарам.
Увайшоў камандор - ён ступаў з вiдочным высiлкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьцi падаў яму вiсячы мiкрафон. У руках ён трымаў скамячаны лiсток апошнюю радыёграму з "Альбатроса". Камандор выпрастаў лiсток i доўга пазiраў на яго.
– "Тытан" Марс - Зямля "Альбатросу-4", - прамовiў ён нарэшце.
– Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвiлiн. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзiн коска два кропка пакiдайце карабель. Пакiдайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.
Чалавек у расшпiленым кiцелi, якi быў замянiў маладога сувязiста, раптам ускочыў i паглядзеў на камандора, якi падышоў да яго. Тэлеграфiст зняў з галавы слухаўкi, аддаў iх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойлiва хрыплiвы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелi.
У кабiне стаялi людзi, якiя лёталi ўжо шмат год, але гэткага нiхто з iх яшчэ не чуў. Той, чый голас чуўся з рэпрадуктара, змешаны з працяглым шумам, нiбыта адгароджаны сцяной агню, крычаў:
– Альбатрос - усiм - раствор - рулявая рубка - тэмпература -
Голас перапынiўся, i стаў чутны толькi шум.
З рэпрадуктара даносiлася нейкае рыпенне. Было цяжка ўстаць, аднак усе паднялiся, згорбiўшыся, абапiраючыся на металiчныя сцены.
– "Балiстычны восем" Месяцу Галоўнаму, - пачуўся моцны голас.
– Iду да "Альбатроса-4". Дайце мне дарогу праз сектар 67, iду поўным ходам, манеўраваць пры абыходах не магу. Прыём.
Некалькi секунд панавала маўчанне.
– Месяц Галоўны да ўсiх у сектарах 66, 67, 68, 46, 47, 48 i 96. Аб'яўляю сектары закрытымi. Усе караблi, якiя не iдуць поўным ходам да "Альбатроса-4", павiнны неадкладна застопарыць i паставiць рэактары на халасты ход, а таксама запалiць пазiцыйныя агнi. Увага, "Парыў"! Увага, "Тытан" Марс - Зямля! Увага, "Балiстычны восем"! Увага, "Кобальд сем нуль два"! Да вас звяртаецца Месяц Галоўны! Адкрываю вам вольную дарогу да "Альбатроса-4". Усякi рух у сектары вядучага радыуса пункта SOS прыпыняецца. Пачынайце тармазiць у нанапарсеку ад пункта SOS. Сачыце, каб тармазныя агнi ў аптычным радыусе "Альбатроса" былi патушаныя, бо яго экiпаж ужо мог пакiнуць карабель. Хай пашанцуе. Хай пашанцуе. Канец.
А зараз адгукнуўся "Парыў" - марзянкай. Пiркс услухоўваўся ў пiшчанне сiгналаў:
"Парыў Марс - Месяц да ўсiх хто iдзе на дапамогу Альбатросу чатыры кропка ўвайшоў у сектар Альбатроса кропка праз 18 хвiлiн буду ля яго кропка ў мяне перагрэўся рэактар коска пашкоджана сiстэма ахалоджвання кропка пасля выратавальных работ мне патрэбна медыцынская дапамога кропка пачынаю тармазiць поўным заднiм ходам кропка канец".
– Вар'ят, - прамовiў нехта, i тады ўсе, хто стаяў да гэтага часу нiбыта статуi, пачалi шукаць вачыма таго, хто гэта сказаў. Пачулася кароткае, гнеўнае мармытанне.
– "Парыў" з'явiцца першы, - сказаў Мiндэл i зiрнуў на камандора.
– Яму самому патрэбна будзе дапамога. Праз сорак хвiлiн...
Ён змоўк. Рэпрадуктар усё хрыпеў i хрыпеў. Раптам праз трэск пачулася:
– "Парыў" Марс - Месяц да ўсiх, хто iдзе на дапамогу "Альбатросу-4". Знаходжуся ў аптычным радыусе "Альбатроса". "Альбатрос" дрэйфуе прыблiзна па элiпсе Т-348. Карма напалiлася да вiшнёвага колеру. Сiгнальных агнёў няма. "Альбатрос" не адказвае на пазыўныя. Спыняюся i распачынаю выратавальныя аперацыi. Канец.
У другiм пакоi адгукнулiся зумеры. Мiндэл i яшчэ адзiн мужчына выйшлi. У Пiркса ад напружання здранцвелi ўсе мышцы. Божа! Як хацелася яму быць там! Вярнуўся Мiндэл.
– Што там?
– спытаўся камандор.
– Пасажыры пытаюцца, калi можна будзе танцаваць, - адказаў Мiндэл. Пiркс нават не пачуў гэтага. Ён пазiраў у рэпрадуктар.
– Ужо хутка, - спакойна адказаў камандор.
– Уключыце мне аптычную сувязь. Мы падыходзiм. Праз некалькi хвiлiн павiнны ўбачыць iх. Калега Мiндэл, дайце другое папярэджанне - мы будзем тармазiць на фарсажы.