Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)
Шрифт:
18
Мiндоўг прыехаў у Альканы ў сярэдзiне жнiўня. Ужо снапы стаялi на iржышчы за вёскай, гаi пачалi жаўцець да бабiнага лета, вада ў Нёмане несла апалае лiсце, i ўсе - ад дзяцей да аховы - настроiлiся на блiзкае вяртанне ў Наваградак. Рукля i Рэпiк за лета падраслi, i князь задаволена здзiвiўся, параўнаўшы леташнiя засечкi на вушаку з новымi. "Калi кожны год на далонь прыбаўляць, - пажартаваў ён, - дык хутка галовой столь праб`еце!" Сустрэча ўзрадавала i Агну: хата запоўнiлася, выраўняўся малаўцямны парадак - паланёная цётка i дзецi сястры. Цяпер за сталом сядзеў бацька яе прыёмных дзяцей, яе муж, гаспадар, ён кроiў хлеб, на лаўцы ляжаў ягоны меч, на сцяне вiселi яго шлем i панцыр; людзi, што заходзiлi ў хату, кланялiся яму, садзiлiся да стала з ягонага дазволу. I калi б увайшоў, прыкладам, князь Даўмонт, ён таксама прысеў бы да стала з дазволу гаспадара, а без дазволу стаяў бы пры парозе. Ёй спадабалася, як ён
Падаючы на стол, слухаючы аповяд Мiндоўга пра надбудову ў Наваградку каменнай вежы, ягоныя разлiкi пра тысячы камянёў i валуноў, што патрэбныя для будоўлi каменнай замкавай сцяны, пра тысячы вазоў i вознiкаў, якiя гэтыя камянi з палёў у Наваградак павязуць, Агна прыгадала даўнiя неацэненыя раней княжыя ўчынкi. Узгадалася, як Мiндоўг разам з сынамi паўтараў за Вандай i Малгажатай польскiя прыслоўi, падаючы дзецям прыклад цiкаўнасцi; як спаў на лаўцы, укрыты свiткай, а не палез у цяпло на палацi; як пяшчотна прыгадваў сваю мацi; як знарок смешна расказваў пра свае страхi, калi ўцякаў ад полаўцаў. Яна ўважлiва ўзiралася ў князя i раптам зразумела чаму Даўмонт i iншыя князi не любяць i баяцца Мiндоўга. Не за тое, што ён забiваў. I яны тут не лепшыя, i яны забiвалi без шкадавання. Iх бацькi, дзядзькi i яны самi саступiлi яму. Волi ў яго было больш. Цяпер яны яго кметаў вылiчваюць - у яго тысячы, у iх сотнi, вось, значыць, i сiла ў яго. Але калiсьцi не было ў яго наваградскiх кметаў, а была, як у iх, - ашмянская дружына ў трыста коней, ды ён стаў вялiкiм князем, а яны засталiся ўдзельнымi. Ён прымусiў iх слухаць сябе. Ён i яе прымусiў прыняць сваю волю. Але ў яе нi кметаў, нi коней, нi братоў з мечамi, яна - адна, адзiнокая жанчына, на месцы памерлай сястры. У iх конi, кметы, дзiды, дзядзькi i браты - i ўсе яны слухаюцца князя, хоць ненавiдзяць яго. У князя не забралi жонку - нi першую, якая нарадзiла Войшалка, нi Марту. Ён забiраў. Ён i са смерцю паспрачаўся - узяў замест Марты, якую забралi багi, яе, Агну, падобную на сястру i аднае з ёю крывi... Яны шэпчуцца процi яго, але баяцца выступiць збройна. Сядзяць у сваiх гарадзiшчах, церпяць, чакаюць, калi ён памрэ. А ён жывучы, ён шмат каго перажыў, i гэтых, хто чакае, на злосць iм перажыве. Ён не верыць iм, бо яны клянуць яго шэптам, а хто шэпчацца за плячыма, той i б'е ў спiну, а трэцяга вока нават у вялiкага князя няма. Яна павiнна быць для князя як трэцяе вока.
Адвячоркам Агна пайшла з князем да Нёмана. Упершыню яны прагульвалiся разам. На луг сiвымi пластамi напаўзаў туман, шэрымi ценямi рухалiся ў тумане спутаныя конi, вакол вогнiшча грудзiлася варта, ад стадолаў далятаў вясёлы смех, а дзесьцi далёка за вёскай нехта спяваў сумную песню, у адзiноце праводзячы барвовы захад. Яны спынiлiся на беразе i доўга глядзелi на адлюстраванне ў Нёмане першых зорак. Абодва адчувалi, што ў гэтую хвiлiну памiж iмi загадкава сцiраецца мяжа раз'яднанасцi; патрабавалiся нейкiя важкiя словы, каб адзначыць у памяцi гэты iх першы сямейны вечар.
– Князь, - пачала Агна, - беражы сябе. У цябе за спiнай чыйсьцi цень. Гэта нядобры цень, а Рэпiк i Рукля яшчэ дзецi. Мне часцяком бывае страшна. Я хачу ў Наваградак, там спакайней...
Мiндоўг уважлiва яе слухаў.
– Добра, - зразумеў ён недасказанае.
– Буду сцерагчыся.
Але гэтае абяцанне было недастатковым адказам на абвешчаную вернасць. Агна чакала шчырасцi.
– Я з дзяцiнства жадаў улады, - сказаў Мiндоўг.
– Я звыкся з уладай i, пэўна, не здолею ад яе адмовiцца, пакуль не памру. I жыццё склалася гэтак, што мой першы сын на трыццаць гадоў старэйшы за сярэдняга. Гэта азначае, што я Войшалка любiў i на яго спадзяваўся. Трыццаць гадоў у мяне быў адзiн сын, i я доўга не жанiўся пасля смерцi першае жонкi. Потым я зразумеў, што спадзяюся дарэмна: ён хутка ўспыхвае, i хутка гасне. Сухая салома. Ён - то ваяр, то манах. Быць адважным ваяром для князя мала, быць шчырым манахам - нельга.
Яны пацiху пайшлi ўздоўж ракi да краю лугу.
– Цяпер, -
– Ты думаў, - спытала Агна, - што i мне ўсё зразумелае, як ёй?
– Не, гэтак я не думаў, - шчыра адказаў князь.
– Марта была надзейная жонка. Дванаццаць гадоў мы прабылi разам. Раптам яе не стала. Такое рабiлася на сэрцы, нiбыта ў бiтве стаю голы сярод апранутых у браню. Яе няма, ты ёсць вось i ўсё, што тады бачыў. Хоць, - удакладнiў Мiндоўг, - не зводзiцца адказ да аднаго слова. Шмат усяго сыходзiцца разам. Была i такая прычына: нашто Руклю i Рэпiку браты ад нальшанскага князя? Не можа Нальшча быць асобнай зямлёй. Марта баялася вайны памiж яе i тваiмi дзецьмi ў будучынi. Няма радасцi быць жорсткiм, але яшчэ горш пакiдаць жорсткiя справы для сыноў. Я не вырашу iм давядзецца вырашаць. Улада вышэй за князя. Князь памiрае, а зямля i ўлада застаюцца. Мы ў гасцях ва ўлады. Узяў уладу - яна загадвае. Толькi дурань думае, што ўлада - гэта ён сам. Улада i табе будзе загадваць, калi мяне не будзе. Пра гэта я нiколi не забываюся. А пра тое, цi будзеш ты мне сябрам, цi адолее цябе варожасць - не думаў. А кiм станеш?
– спытаў ён.
– Былi месяцы, Мiндоўг, - сказала Агна, - ненавiдзела цябе. Цяпер - не, адышло. Пра сваё жыццё думаю, i змяёй для цябе не буду. Буду, як была Марта.
Князь памаўчаў, прымаючы такое прызнанне.
– Хай так, - усмiхнуўся князь.
– Ты сказала лепш, чым я мог пачуць...
19
Ваявода Сiрвiд Рушковiч чакаў прыбыцця да войска вялiкага князя - было неабходна здымацца ў паход. Для дзесяцi тысяч верхавых i тысячы цяглавых коней навокал Слуцка не хапала выпасаў, i ўжо здарылася бойка памiж полацкiмi i наваградскiмi стаёўнiкамi за пожнi. Усе дружыны сабралiся, затрымлiваўся толькi Трайнат, але ганцы дакладвалi, што жамойцкi полк вырушыў i ў хуткiм часе падыдзе. Нарэшце ад Мiндоўга прыбыў Астап з загадам iсцi да Прапошаска, там князь ачолiць войска.
У той жа дзень Астап з'явiўся ў Даўмонтавым намёце. Гэта была iх першая сустрэча пасля зiмовай паездкi разанца па Агнiну маёмасць. Па злым бляску ў вачах крэўскага князя Астап зразумеў, што Трайнат паасцярогся адкрываць мсцiўцу ўсю задуму. Цяпер Даўмонт адчуваў разгубленасць. З Астапавай просьбы неадкладна паслаць вестуна да жамойцкага князя, Даўмонт зразумеў, што замест непрыяцеля перад iм стаiць хаўруснiк. Ганец павiнен перадаць Трайнату: сустрэча праз два днi каля вусця Сулы. Таму, казаў Астап, заўтра Даўмонт мусiць зняць з паходу дружыну i паспяшаецца да Сулы. Далейшае яны абмяркуюць разам з Трайнатам.
Як ён здыме з выправы полк - Даўмонт ведаў. Ён мог проста павярнуць свой абоз i пайсцi, i хто б спынiў, хто б спытаў з яго пасля помсты? Але такi рашучы сыход затойваў небяспеку - раптам ваявода Сiрвiд пашле вестуна паведамiць свайму князю, што Даўмонт разам з дружынай знiклi. Ён вырашыў адказаць хлуснёй на хлусню вялiкага князя. Мiндоўг год таму спасылаўся на волю багоў, Даўмонт палiчыў вартым паказаць, што таксама чуе iхняю волю.
I таму ў ноч напярэдаднi паходу Даўмонт пераказаў дружыне трывожны сон. Прыснiлася яму, быццам у полi граяла над яго дружынай чарада варон i адляцела ў бок Нальшчы. Старыя кметы ацанiлi сон як злавесны: чарада варон - чорныя вестуны да iхных сем'яў, пойдуць далей - усе ў гэтым паходзе загiнуць. Настрой няпэўнасцi захапiў усiх. Тады князь абвясцiў ваяводзе Сiрвiду, што ў паход iсцi не мусiць - багi далi кравянам знак вяртацца дадому. "Сам глядзi!" толькi i адказаў, нiбы папярэджваючы благiя наступствы, незадаволены Сiрвiд, але пярэчыць процi нябеснага знаку ўстрымаўся. Усё войска знялося i пайшло да Прапошаска. Крэўскi полк рушыў зваротным шляхам.
Астап пакiнуў Сiрвiда пасля першага пераходу, калi ўпэўнiўся, што Даўмонтаў адыход не абудзiў падазрэнняў. Маючы завадных коней, ён прасядзеў у сядле ад зары да зары i апынуўся на месцы сустрэчы крыху пазней за крэўскага князя. Ранкам да вусця Сулы прыбыў Трайт з сотняй жамойтаў. Князi павiталiся i ўселiся на беразе для апошняй рады. "Час прыйшоў, - сказаў Трайнат, - цяпер наперад!" - "Куды ж яшчэ!" - весела пацвердзiў Даўмонт. Трэба было нешта сказаць i Астапу. Ён вырашыў падагрэць сваiх абодвух суразмоўцаў: "Праз дзень будзе позна!" На прырэчным пяску ён накрэслiў размешчанне князева селiшча ў Альконах, паказаў, дзе брод, стадолы, выпас, двор, каморы аховы, месцы начной варты, галоўныя i патаемныя вароты. Разважыўшы над малюнкам, яны азначылi надзейную, як iм здалося, паслядоўнасць сваiх дзеянняў.