Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Цяпер было зразумелым і адсутнасць наведнікаў на млыне, і тое, што разбегліся ўсе млынаровы памагатыя…
— Ды я зараз гэтых бунтаўнікоў, як хмызы, пакладу! — бушаваў Амерыканец. — Нас шасцёра, калі слуг палічыць, пораху хапае — зараз я ім учыню бунт! Яўхім, кліч майго фурмана! Зброю даставай, якая ёсць! Перастраляю гадаў!
Агалінскі з шабляй у адной руцэ, з пісталетам у другой кінуўся на двор, за ім у восеньскую зорную ноч — зоры ажно гронкамі звісалі, — вылецелі Пранціш і Лёднік. Прафесар утрымаў Агалінскага, які ўжо быў гатовы страляць
— Ваша мосць, гэта не проста халопы, якія разбягуцца ад стрэлу. Гэта людзі, спалоханыя да таго, што перасталі баяцца смерці. Яны ўзброеныя віламі і косамі, супраць якіх нашыя шаблі — як трэскі… Дазвольце я напачатку з імі перагавару. Мне даводзілася падчас пошасцяў сустракацца з натоўпамі паляўнічых на ведзьмаў.
Пан Гервасій грэбліва страсянуў з сябе руку доктара, як быццам гэта быў гідкі павук.
— Без тваёй парады абыдуся, баязлівец!
— А гэта не парада, вашамосць. Гэта адзінае разумнае выйсце, — рэзка заявіў Лёднік і, не чакаючы выбуху гневу ад суразмоўцы, выйшаў за браму і гукнуў назад:
— Зачыняйце і не высоўвайцеся! Не страляць, пакуль не дам знаку!
Бубнеў спалоханыя малітвы Хвелька, яму дапамагаў млынар… Пранціш прыпаў да шчыліны між дошкамі, цэлячыся са стрэльбы ў прыхадняў: доктар стаяў, скрыжаваўшы на грудзях рукі, падманліва спакойны. Людзі з паходнямі, узброеныя хто чым, спыніліся перад ім. Наперадзе быў худы высокі мужык з запалымі светлымі вачыма, якія гарэлі фанатычным агнём.
— Аддайце нам вядзьмарку!
— Вы ведаеце, што нападаеце на самога пана Гервасія Агалінскага, які спыніўся ў гэтым доме? — спакойна спытаўся Лёднік, і Агалінскі пацвердзіў сваю прысутнасць градам выкшталцоных праклёнаў, сярод якіх самым прыстойным было «дзеці карослівай сучкі».
— Супраць яснавяльможнага пана нічога не рабіцьму, — высокі мужык, нібы ў пацвярджэнне слоў стукнуў у зямлю сваймі віламі, што смешным чынам прыпадабнялася мажардомскаму стуканню жазлом у паркет на знак пачатку балю. — Але мы не хочам, каб вашыя мосці тую вядзьмарку звезлі, і нашы людзі ад ейных сурокаў змарнелі. Пан Агалінскі наш гаспадар і суддзя — вось няхай тут жа і асудзіць пачвару! А мы прысуд выканаем!
Натоўп за ягонай спінай загуў… Некалькі чалавек, як і правадыр, відавочна адрозніваліся ад звычайных змарнелых халопаў — замест сярмягаў вывернутыя поўсцю наверх кажухі, за паясамі — шаблі. Лясныя людзі… З гэтымі дамовіцца цяжка.
— Чаму вы вырашылі, што Саклета вінаватая ў пошасці?
— А хто яшчэ? — выгукнуў адзін з мужыкоў, узброены звычайнай сякеркай. — Яна чараўніцтвам з дзяцінства жыве! Сам бачыў, як чорнага ката пад кола млына кідала! А як дала зёлак маёй жонцы, дык тая праз тыдзень плямамі чырвонымі пайшла. А тады і я, і ўся вёска!
Мужык тыцнуў пальцам сабе ў твар, дзе сапраўды красавалася раздрапаная да крыві пляма.
— Вядзьмачка яна! Хоча, каб усе былі такімі страхотнымі, як сама. Бачыў пан, што да аблічча яе чырвоны змей прысмактаўся? Усе ведаюць — Яўхім ейную матку цяжарнай узяў,
— Жорнаў на шыю — і ўтапіць! — зараўлі прыхадні.
— Чакайце, спадарства! — доктар падняў руку, і крыкі сціхлі. — Я — доктар. Дайце мне час, і я вылечу ўсіх.
— А яна зноў на нас хворасць нашле! — выкрыкнуў нехта.
— Калі я прыбяру з яе твару «чырвонага змея», вы паверыце, што Саклета — не вядзьмачка? Яна ж, мусіць, у царкву ходзіць, прычасце бярэ…
— Ты, можа, сам вядзьмак! — выгукнуў нехта з натоўпу, і вілы наставіліся на Лёдніка, як на загнанага ваўка.
— Доктар, не мянці языком! Я тут пан, мне і вырашаць! — выкрыкнуў Агалінскі з-за плоту. — Бунту не пацярплю, але і чараўнікоў пакрываць не збіраюся!
Людзі ўхвальна загулі. Лёднік уладна загадаў прыхадням:
— Мы зараз параімся! Чакайце тут выраку! — і зайшоў у браму. Да доктара зараз жа падляцеў Агалінскі.
— Ты што тут узяўся камандаваць, клісцірнік пракляты? Хто ты такі? Вядзьмак вядзьмачку ратаваць узяўся? Ды я цябе…
Агалінскі выхапіў з-за пояса бізун і замахнуўся. Лёднік пераняў панскую руку і так сціснуў, што пан вохнуў.
— Я, вашамосць, прысягу сваю вам памятаю і гатовы сплаціць. Але пан памыляецца, калі думае, што я дазволю хоць адзін бізун ад тае смяротнае дозы загадзя выпрабаваць на свае скуры. І я не дазволю аддаць на смерць гэтае няшчаснае дзяўчо…
Лёднік кіўнуў у бок Саклеты, якая нават не плакала, не спрабавала схавацца, а пакорліва стаяла каля бацькі, апусціўшы галаву, падобная ў белай хустцы на зламаную кветку.
Пранціш зараз жа падляцеў да Лёдніка, гатовы астудзіць пал Агалінскага шабляй.
— Я ўсё ўладжу сам, ваша мосць, — цвёрда сказаў Амерыканцу доктар. — Я бачыў праявы пошасці і пазнаў хваробу. Нічога звышнатуральнага. Прашу толькі яснавяльможнага пана не ўмешвацца — урэшце, гэта мужыцкая справа, не вартая вашых высакародных клопатаў.
Агалінскі, якога Лёднік адпусціў, адскочыў назад і выхапіў шаблю. Ноздры яго раздзімаліся, і ён бы кінуўся на доктара, каб быў трохі больш п’яны, але, відаць, яшчэ памятаў, што сам звязаны прысягай наконт здабыцця спадчыны доктара Дзі, таму толькі пагардліва сплюнуў.
— Гэта я табе таксама прыпомню, паскуднік!
Фурман і Хвелька паглядалі на млынароўну з нянавісцю і страхам, і, падобна, гатовыя былі зараз жа перакуліць яе цераз плот.
Доктар строга папытаўся Саклету:
— Кідала ката пад млын?
Дзяўчына з безнадзейнай абыякавасцю кіўнула галавой:
— Звычай такі, вашамосць. Млын жа без гэтага круціцца не будзе, вадзянік ставы паламае…
Лёднік толькі з прыкрасцю рукой махнуў.
— Вось ён, партрэт беларускага духу… Даведнік па травах з лацінскімі назовамі — і кот у ахвяру вадзяніку. А на аперацыю па выдаленні свайго ўпрыгожання на шчацэ ты згодная, ці свята верыш у ягоную неабходнасць дзеля паспяховай знахарскай практыкі?
Саклета ўпала перад доктарам на калені і пачала палка цалаваць таму руку: