Блакит
Шрифт:
Сёньня я ня ведаю пісьменьнікаў, у тым ліку і сярод крытыкаў, літаратураведаў, хто сістэмна сочыць за літаратурным працэсам, больш-менш поўна знаёміцца з публікацыямі ў літаратурна-мастацкіх выданьнях, навінкамі сур’ёзных выдавецтваў. Магчыма, цалкам аддаюцца напісаньню ўласных, вядома ж, геніяльных твораў, магчыма, ня маюць патрэбы чытаць, як у тым анекдоце: “я не чытацель, я пісацель”, ці проста заядае лянота, і абмяжоўваюцца праглядам, зачапіўшыся за нешта позіркам па дыяганалі, каб быць у курсе, з разумным выглядам, калі ўзьнікне патрэба, падтрымаць гаворку. Ніколечкі не перабольшваю: ёсьць творцы, якія, здаецца, у найлепшых прыяцельскіх, мо нават сяброўскіх стасунках, але не прачыталі адзін у аднаго ніводнага радка. Сам сустракаў такіх. Нашы старэйшыя калегі і таварышы былі зусім іншыя. Да глыбокай старасьці Янка Брыль з траўмаваным, фактычна адным вокам чытаў ня толькі практычна ўсё, што зьяўлялася ў беларускай, але і даволі сістэмна сачыў, што робіцца ў рускай, польскай, украінскай літаратурах, і да ўсяго меў патрэбу час ад часу вяртацца і перачытваць для душы любімую класіку. Тое ж можна сказаць і пра Пімена Панчанку. Нават у нямоглым стане ён ніколі не раставаўся з кнігай. Неяк я зьвярнуў увагу, што бальшыня кніг у ягонай бібліятэцы, а найперш класічныя прыкметна зачытаныя,
Ледзь ці ня чвэрць стагоддзя ў мяне захоўваецца ліст ад Пімена Емельянавіча, і ня ведаю, што з ім рабіць. Пасьля сьмерці Панчанкі сталі абнародаваць нават ягоныя звычайныя сьвяточныя паштоўкі-віншаванкі, якімі абменьваліся тады ўсе больш-менш выхаваныя інтэлігентныя людзі, і ўзьнікала думка надрукаваць ліст у “ЛіМе” ці ў якім часопісе. Стрымлівала: раптам успрымуць як нясьціпласьць, бахвальства – ліст жа ў прынцыпе мае прыватны характар, і невядома, прызначаўся ён ці не калі-небудзь для абнародаваньня... Зараз, пішучы гэтыя нататкі пра Пімена Емельянавіча, прыгадаў і адшукаў той ліст, уважліва перачытаў і вельмі засумняваўся і ў ягоным прыватным характары, і ў тым, што ён ні ў якім разе не прызначаўся патрапіць у друк. Зьвярнуўся па параду да Сяргея Законьнікава, які больш за каго ведаў Панчанку ў апошні перыяд ягонага жыцьця, і той адназначна заявіў, што ліст трэба абавязкова надрукаваць, бо і сам факт напісаньня, і ягоны зьмест яскрава характарызуюць Панчанку як чалавека і даюць дакладнае ўяўленьне пра ягоныя погляды на літаратуру, дый ня толькі літаратуру... І яшчэ ня надта вялікі аптыміст Сяргей выказаў цьвёрдую ўпэўненасьць, што абавязкова наступяць часы, калі вялікі паэт і патрыёт Пімен Панчанка будзе запатрабаваны, уся ягоная спадчына, у тым ліку і эпісталярная, сабрана па крупіцы, выдадзеная ў шматтомным Зборы твораў, на які ў цяперашніх уладаў не знаходзіцца ні жаданьня, ні грошай, хоць мінула ўжо паўтара дзесятка гадоў, як Народнага паэта ня стала і амаль столькі ж, як ўрад заявіў пра выданьне поўнага збору ягоных твораў. І яшчэ Сяргей папярэдзіў ні ў якім разе не дапускаць у лісьце аніякіх купюраў, паправак, скарачэньняў, што я і раблю:
«Дарагі Валянцін Уладзіміравіч!
Пішу Вам, бо прачытаў Вашую аповесьць “Вырай” і быў узрушаны. Па тэлефоне я размаўляць не люблю і ня ўмею, як і друкаваць не люблю на машынцы.
Аповесьць добрая, праўдзівая, таленавітая.
Я, стары пісьменьнік, дзіўлюся з маладых і ня надта маладых, якія сорак гадоў пражылі пасьля вайны, а ўсё пішуць пра вайну, а пра сучаснасьць два-тры творы і ўсё. Фактычна і Чыгрынаў, і Сачанка, і Пташнікаў, і Далідовіч, і Дамашэвіч (ня кажучы ўжо пра Шамякіна і Навуменку) ды і многія маладзейшыя – гэта гістарычныя пісьменьнікі ці пісьменьнікі гістарычнай тэмы. А Леў Талстой, Дастаеўскі, Тургенеў, Чэхаў, Шолахаў – пісьменьнікі свайго часу. А ў нас такіх, як Распуцін, Шукшын, Бялоў, Абрамаў няма, а яны патрэбны.
Цудоўны ў Вас атрымаўся Антось (мне яго пачуцьці вельмі блізкія, бо ўзрост, а як Вы пра ўсё даведаліся – дзіўна. Хаця і пішу дурнавата: Вы ж сапраўдны пісьменьнік). І тэма харошая, і псіхалогія праўдзівая, і сітуацыі вельмі жыцьцёвыя. А сатырычна-іранічныя ўстаўкі, як разрывала нявестка беларускія дзіцячыя кніжкі ды і іншыя, вельмі добрыя.
Удалася Вам і Клаўдзя. Харошыя таксама і эпізадычныя тыпы, асабліва Ленка. Сквапнасьць і амаральнасьць дзяцей таксама пераконвае. Хоць эпізод, як сьпілоўвалі Серафімавіч і Макар старую ліпу – не зусім пераканальны. На 66 ст. напісана, што ліпа, якую зрэзалі, напамінала Макару “казачнага многарукага волата” – не праўдзіва і не да месца, вось каб так падумала Ленка, то гэта было б праўдзіва.
Лішняе слова “настальгія”. Ёсьць беларускія вызначэньні. А таксама “мярзотна” – штучнае слова. Яно зьявілася ў час вайны, калі машыністкі перакладвалі з рускага “мерзавец – мярзотнік”. Яшчэ Кузьма Чорны сьмяяўся: “Мярзотнік? Што ён мерзьне?”
На сэрцы, на душы можа быць у такім стане агідна, брыдка, а чалавек – агіднік, нягоднік.
Прабачце за гэтыя крытычныя дробязі.
Бо калі я падумаў, то і сьпіленьне ліпы для такіх людзей (дзяцей) – рэч натуральная. Тым больш ліпа, буслы, бусьлянка гэта ж у добрым сэнсе сімвалічна і бяз гэтага не абыйсьціся.
Да месца і публіцыстычныя адступленьні, накшталт: “Толькі чалавеку абмежаванаму, асьлепленаму ўласнай значнасьцю, здаецца, што мясцовыя людзі нічога не заўважаюць, ні пра што не здагадваюцца, усё даруюць. Ого, як бачаць, як здагадваюцца! З лёту ўгледзяць, што ты за птах, чаго варты, на свой аршын прымераюць тваю існасьць”.
Я правёў маленства ў вёсцы (Бягомлі), быў вясковым настаўнікам пяць гадоў і таму пра Вашыя словы магу сказаць: сьвятая праўда! Мне сьмешна глядзець на некаторых нашых людзей (у тым ліку і пісьменьнікаў), якія сябе лічаць самымі разумнымі, самымі хітрымі, самымі лоўкімі...
Віншую
Ваш Пімен Панчанка. 2 лютага 1986 г.»
Можаце сабе ўявіць настрой і пачуцьці аўтара, удастоенага гэтакай увагі і такой ацэнкі самога Панчанкі, патрабавальнага, скупога на пахвалы. Тым ня менш атрыманьне ліста было для мяне трохі загадкай. Аж пакуль не пазнаёміўся, трохі спазнаў Пімена Емельянавіча. І тады зразумеў, што напісаць ліст нават асабіста незнаёмаму аўтару было для яго натуральным рухам душы. Я ня раз заўважаў, што для яго было вялікай радасьцю, ледзь ці не асабістым шчасьцем і ўзнагародай натыкнуцца ў сьвежым нумары часопісу на нізку ці хоць адзін добры верш, аповесьць, апавяданьне, адкрыць для сябе таленавітага і персьпектыўнага аўтара. І наадварот, страшэнна засмучаўся, калі трапляліся непраўдзівыя, каньюктурныя, халтурныя падробкі, асабліва калі гэтым займаліся ня бездары і графаманы, а вядомыя аўтары. Ён не стрымаўся і публічна ў друку высьцябаў масьцітага Антона Бялевіча, ня менш масьцітую Эдзі Агняцьвет дый іншых за сьвядомае адступленьне ад праўды жыцьця, несур’ёзнае стаўленьне да сваіх пісьменьніцкіх абавязкаў. Ня раз быў сьведкам, як прасьвятляўся ягоны твар, лагаднеў, узрушаўся голас, калі гаворка заходзіла пра нейкую новую таленавітую публікацыю. Я ведаў, што ён званіў знаёмым аўтарам, хоць і не любіў тэлефона, дзяліўся радасьцю з сябрамі і, пэўна ж, я быў не адзін, каму ён пісаў свае лісты-водгукі...
У апошнія свае гады Пімена Емельянавіча прыкметна стамлялі працяглыя гаворкі, і мы стараліся і па часе, і лішні раз не назаляць яму, аднак ён праз Зою Кірылаўну перадаваў: нешта хлопцаў даўно не чуваць... Ідучы к адзінаццаці на працу, часам сустракаў яго на лавачцы ў скверыку ў двары, падсядаў на хвілінку і, бывала, гэтая хвілінка доўжылася да абеду, а то і больш. У ня надта прыдатнае для прагулак надвор’е часам заўважаў яго на балконе, віталіся, ён запрашаў зазірнуць на хвілінку, заходзілі ў кабінет, і зноў трапляў на працу а другой палове дня – добра, што сам быў начальнікам, а начальства, як вядома, не спазняецца, а затрымліваецца. У ягоным кабінеце, пэўна, круглыя суткі не змаўкаў радыёпрымач, і Пімен Емельянавіч дзе ўважліва, дзе ўпаўвуха, дзе міма вуха слухаў і нашыя разьняволеныя, і розныя забугорныя галасы, меў на ўсё, што адбываецца, свой погляд. Канечне ж, усім сэрцам і душою ён вітаў нацыянальнае адраджэньне, галоснасьць, але ў адрозьненьне ад упалых у эйфарыю маладзейшых, нас у тым ліку, шмат што яго насьцярожвала, выклікала трывогу. А найперш – ці зможа наша непадрыхтаванае грамадства ўправіцца з бязьмежнай дэмакратыяй і татальнай галоснасьцю, ці не пацягнуць яны за сабой анархію і разброд, уседазволенасьць і распусту, ці не пачнецца дэвальвацыя і размываньне спрадвечных маральных прынцыпаў і каштоўнасьцяў? Нам, захмялелым ад свабоды, гэтыя страхі падаваліся надта ж гіпатэтычнымі, не прымаліся блізка, не ўспрымаліся як верагодныя, рэальныя ў бліжэйшай, дый аддаленай персьпектыве, і ён ня надта настойваў на сваім, вельмі хацеў паддацца нашаму аптымізму, аднак, адчувалася, гэта яму ня вельмі ўдаецца. Абмеркаваўшы нейкія надзённыя палітычныя праблемы, гаворка зноў і зноў вярталася да блізкіх, набалелых тэмаў літаратуры, культуры, маралі і этыкі, якія ўсё вастрэй і вастрэй сталі вытыркоўвацца ў творчым і грамадска-палітычным жыцьці. Яго па-ранейшаму вельмі непакоіла фанфаронства, пыхлівасьць, месіянства, канечне ж, з прыстаўкай “ілжэ”, самаўлюбёнасьць, калі ўласную персону хочацца велічаць не інакш, як на “Вы”. Усё гэта агіднай пошасьцю працягвала множыцца ў інтэлігенцкім асяроддзі, і сярод пісьменьнікаў, і сярод новай дэмакратычнай эліты. Па ягоным глыбокім перакананьні, гэта да дабра не прывядзе – адверне людзей, выкліча непрыязь і недавер. Панчанка дараваў, ставіўся з разуменьнем да шмат якіх людскіх слабінак, сам быў не сьвятым, не аскетам, але ў яго, гранічна сьціплага, простага, даступнага, абсалютна натуральнага ў любых сітуацыях і стасунках, заўсёды выклікалі непрыйманьне, сьмех, нават агіду тыя, хто пачынаў глядзець на ўсё звысоку, лічыць сябе самым разумным, самымі таленавітым, самым заслужаным, самым недаацэненым. Разам з тым гэтыя, на ягоную думку, няшчасныя, хворыя людзі выклікалі ў яго глыбокі смутак, спачуваньне, паколькі быў перакананы, што захворваньне на нарцысізм і непамерную амбітнасьць заўсёды прыводзіць творчых людзей да разбурэньня асобы, дэградацыі таленту. Яны калі не разумеюць, то недзе глыбока ў душы адчуваюць, што Бог трохі абдзяліў іх, даўшы некаму трохі больш таленту, чым ім, таму імкнуцца падмануць і Бога, і час, і саміх сябе, каб паймець пры жыцьці тое, што звычайна праходзіць пасьля...
Як чалавек мудры ён рэдка калі быў абсалютна катэгарычным, аднак заўсёды заставаўся цьвёрдым і непахісным у адстойваньні сваіх непарушных маральных прынцыпаў. Толькі адзін прыклад. У свой час, відаць, ня без пратэкцыі вельмі ўплывовай установы, пачалі афармленьне дакументаў на прысваеньне даволі вядомаму літаратару званьня Народнага. Даведаўшыся, Пімен Емельянавіч тут жа пазваніў сакратару ЦК Кузьміну і ў катэгарычнай форме заявіў: калі гэта здарыцца – ён, Панчанка, публічна адмівіцца ад званьня Народны паэт. АТК добра ведаў Панчанку, не сумняваўся, што той не жартуе і не палохае, і тут жа сам паехаў да яго на кватэру даведацца, у чым справа, і зьняць пытаньні. АТК не хацеў даваць веры, і тады Пімен Емельянавіч расказаў даўнюю гісторыю, калі яны з Броўкам зайшлі да гэтага таварыша і зьнячэўку дужа напалохалі яго: той літаральна выхапіў з карэткі машынкі нейкую паперчыну, борзьдзенька, перавярнуўшы тыльным бокам, падсунуўшы пад стос іншых. Гаварылі пра сёе-тое, потым гаспадар загаварыўся па тэлефоне ля ўваходых дзьвярэй, а тым часам ім так карцела хоць адным вокам зірнуць на тую дужа сакрэтную паперчыну. Не ўтрымаліся, неўпрыкмет заглянулі – і аслупянелі, убачыўшы вядомы злавесны псеўданім, па даносах якога фабрыкаваліся справы на пісьменьнікаў... Пытаньне са званьнем было зьнятае, ініцыятарам сказалі, што разгляд пераносіцца на пазьнейшы няпэўны час...
Гэтую гісторыю расказаў мне Кузьмін, калі, выконваючы нейкі час абавязкі ягонага памочніка, я выказаў зьдзіўленьне і недаўменьне, чаму ён змушае прыдумваць розныя прычыны, каб не прымаць гэтага літаратара. АТК глянуў на мяне доўгім дапытлівым позіркам, сказаў, што ў гэтага чалавека рукі па локці ў крыві, а рвецца ён да яго, каб выклянчыць званьне Народнага. Я зьдзівіўся, не хацеў даваць веры, і тады ён расказаў мне... Потым пачуў яе і ад самога Пімена Емельянавіча, які ў дадатак прызнаўся, што ня мог падтрымліваць былых цёплых сяброўскіх стасункаў з Аркадзем Куляшовым, калі той стаў вадзіцца, супрацоўнічаць, нават сааўтарнічаць на кіношнай ніве з паплечнікам сумнавядомага Бэндэ Кучарам. Ад поўнага разрыву з сябрам уратаваў толькі той факт, што Кучар у 1941 вывез за лінію фронту сям’ю Куляшова, і той быў абавязаны яму...