Брамнік заўжды самотны
Шрифт:
Але ўжо праз хвіліну іх «вінгер» — ігрок, які любіць прарывацца да чужых варот па броўцы, падманным фінтом праскочыў абаронцу Жалкевіча (гэх, Жэня, Жэня!) і зрабіў хітрую і дакладную перадачу, якой і пачалася знакамітая чатыроххадовая камбінацыя — нібы з вучэбнага фільма, і замкнуць яе ўжо набягаў усюдыісны Бурэ.
— Я! — закрычаў тады ён, як звычайна крычаць галкіперы, калі бяруць на себе адказнасць за небяспечны эпізод, і рвануўся таму насустрач, па магчымасці закрываючы целам сектар варот. Але ўсё той жа Жэня Жалкевіч, тупа раззлаваны і ўзбуджаны сваім папярэднім пралікам, літаральна скасіў Бурэ проста ў пачатку
Лысы яго чэрап блішчэў ад поту. Масіўныя сківіцы сціскалі свісток. Не марудзячы, ён крыважэрна паказаў на «кропку» — адзінаццаціметровую адзнаку.
Пенальці.
Стадыён падняўся і зароў.
Што ж, падумаў ён. Такія моманты для галкіпера непазбежныя. Гульня ёсць гульня. Толькі не расслабіцца, узважыць усё: хто будзе біць, які спакваля кіне позірк і ў які вугал варот, біць з якой нагі, і, адпаведна з тым, як пачне разбег? Пачуццё самоты раптоўна нахлынула на яго і так жа імгненна адступіла. Так, ён адзін, і гэта нармальна.
Дык, усё-такі — хто? Мяч, тым часам, забраў Стайлз і сам панёс і паклаў яго на «кропку». Урэшце, як і чакалася, да яго «скіраваў» пацярпелы.
Дык вось — Бурэ. Ён і будзе выконваць. Цяпер варта сачыць за ім, за кожным рухам. Так, паправіў мяч, уладкаваў яго на самы кончык адзнакі — усё-такі на некалькі сантыметраў бліжэй да варот. Знаёмая хітрасць. Кінуў імгненны позірк у адзін вугал, у другі. Панізу. Так, хутчэй за ўсё будзе біць нізам у адну з «шасцёрак» — ніжніх зон створа варот ля штангі. Пэўна, ужо прыгадаў, што рост галкіпера, яго, Максіма, рост, больш за сто дзевяноста, і, значыць, ён можа выцягнуць верхні мяч, калі, вядома, прыгадае вугал. А вось ніжні — наўрад. Пайшоў і спыніўся для разбегу.
Што рабіць? Узяць пенальці — для варатара першая і ганаровая справа. Але ж зрабіць гэта заўсёды вельмі цяжка: прыкладна, адзін шанец з дзесяці. Кожны з галкіпераў у такіх непажаданых выпадках выкарыстоўвае свае асабістыя напрацоўкі і хітрасці. Ён раптам успомніў адну з парад трэнера Палыча на гэты кшталт — збіць праціўніка з панталыку — і падумаў: а раптам спрацуе?
Максім хіснуўся ў правы бок, нагнуўся і зрабіў выгляд, што падымае з зямлі ці то каменьчык, ці то страчаны кімсьці шып ад бутсы. Той, хто будзе біць, вырашыць, што варатар кінецца менавіта ў гэты правы ніжні вугал, дзеля чаго цяпер і рыхтуецца, а каб не атрымаць траўму, нешта падбірае з зямлі.
З іншага пункту гледжання — гэта можа быць псіхалагічны падман. Але ў выканаўцы няма часу думаць. Яго падсвядомасць хістаецца ад супрацьлеглых маланкавых паімкненняў, і ... хутчэй за ўсё ён выбірае менавіта супрацьлеглы вугал, а не той, адкуль нешта падабрана.
Варатар Максім Гудаў прыгнуўся і на які момант замёр у чаканні.
Чым будзе біць Бурэ? «Пад’ёмам?» «Пырам?» «Шведкай» — гэта значыць, знешнім бокам ступні, альбо ўнутраным — «шчоткай»? А то яшчэ «паненкай» — знакамітым ударам па навеснай траекторыі даўняга вядомага чэшскага іграка Паненкі?
Урэшце, як бы ён ні біў — галоўнае ўгадаць, у які бок паляціць мяч. Дакладней — у які вугал? Сачыць за разбегам. Так, свісток Стайлза. Разбягаючыся, Бурэ ледзь перамясціўся ў правы ад яго бок. Значыць... будзе біць нізам і ў левы вугал. Верагодна, усяго толькі верагодна. Але.
І ён, на якое імгненне раней, апераджаючы ўдар Бурэ, кінуў цела і
Стадыён зашумеў, узарваўся.
— Так! — закрычаў і ён разам з ім, і радасць выбухнула ў ім, і, высока падскочыўшы, ён секануў рукой паветра. — Так! Я ўзяў пенальці! Так! Выцягнуў з самага вугла!
Упэўненасць спакваля авалодвала ім. І хоць пачуццё самоты засталося, амаль што знікла боязь прапусціць недарэчны гол, якога так прагнуў цяпер увесь саракатысячны натоўп тутэйшых заўзятараў, ды яшчэ ў сто раз большая іх колькасць перад экранамі тэлевізараў. І не меншая колькасць прыхільнікаў яго каманды там, на радзіме, спадзявалася зараз на яго спрыт і ўменне валодаць сабой і сітуацыяй, і, адпаведна, спадзявалася, што ён не прапусціць гол.
Валодаць сабой — вось за што ён увесь час змагаўся. Максім часам небеспадстаўна лічыў, што з нараджэння надзелены хоць і ў малой ступені зародкамі аўтызму, гэтай хваробай стагоддзя, пра якую раней амаль нічога не ведалі, але цяпер, дзякуючы распрацоўкам вядомых псіхааналітыкаў, азнаёміліся многія. І ён раз за разам перасільваў у сабе падсвядомае жаданне схавацца, зрабіцца непрыкметным, незаўважным ад усіх. Тым больш у такія адказныя моманты, як гэтая лёсавызначальная для іх усіх гульня.
Між тым гульня набывала своеасаблівую ўнутраную напружанасць. У гаспадароў пляцоўкі не атрымаўся «хуткі» гол, якога пэўна дабіваўся на ўстаноўцы перадусім іх трэнер, і каманда па ходзе матча змяняла рытм. Барацьба ў асноўным цяпер ішла ў цэнтры поля, дзе асноўная нагрузка прыходзілася на паўабаронцаў. Тут ужо амаль усё вырашала тэхніка прыёму і адпасоўкі мяча ў адзіны рух, пра што ім бесперапынку даводзіў патрабавальны Палыч, і што яны штодня адпрацоўвалі на трэніроўках.
Хвілін за пятнаццаць да перапынку ён ужо двойчы выходзіў на перахват пры падачы корнераў і абодва разы паспяхова. Але расслабляцца не выпадала. Метрах у дваццаці ад яго штрафной пляцоўкі абаронца Віталь Шаўцоў (гэх, Віталь, Віталь!) неабдумана «заваліў» форварда сапернікаў, вопытнага і хітрага і, як ён ведаў, схільнага да сімуляцыі Анры Базэна. Штрафны. І вельмі небяспечны за нападзенне на іграка ў атацы. У дадатак, як і чакалася, Стайлз палез у кішеню і выцягнуў «гарчычнік».
Максім захваляваўся, паказаў абаронцам, каб правільна і хутчэй паставілі сценку, сачыў за тым, што адбывалася ля мяча. Намер біць выказалі двое, яшчэ адзін адцягнуўся крыху назад. Хутчэй за ўсё ён будзе біць верхам і пад распасоўку. Найграная камбінацыя. Стайлз адступіў у бок і свіснуў.
Мяч, хітра закручаны «шчоткай», імкліва вылецеў з-пад удару і пайшоў па крывой у левы верхні вугал варот. І цела яго па загадзе нервовых клетак, якія імгненна аддалі каманду мышцам, ірванулася ў той самы левы верхні, туды, у «дзявятку».
У скачку ён адчуў, як пальцы рукі ў пальчатцы сутыкнуліся з мячом, і той пайшоў уверх, за перакладзіну, на вуглавы.
Сэйв!
Стадыён расчаравана зашумеў.
Пяццю гадамі раней
Спякотным летнім вечарам, а ў наваколлі стаяла ўстойлівая гарачыня, у кватэры дырэктара і адначасова трэнера абласной дзіцячай футбольнай школы Міхаіла Катовіча прагучаў званок. Катовіч зняў слухаўку. Званіў дзіцячы трэнер з раённай спартшколы, яго даўні знаёмы Пётр Сманцар.