Драбы (на белорусском языке)
Шрифт:
– Харунжы Яго Каралеўскае Мосьцi, Ежы з Чэрвiцы!
Фёдар моўчкi, ледзь прыкметна ўсьмiхаючыся, разглядаў маляўнiчую постаць Харунжага.
Не дачакаўшы адказу, Харунжы прамовiў iзноў:
– З Божае Ласкi Кароль Польскi й Вялiкi Князь Лiтоўскi Ўладыслаў Ягайла жадаюць заўтра ранiцаю, пасьля раньняе ймшы, бачыць Яснавяльможнага Пана Ваяводу ў Вавэлi!
Фёдар iзноў прамаўчаў, забаўляючыся нарастаючай разгубленасьцю Харунжага. Бядак пачаў тылам пасоўвацца да дзьвяроў, не спускаючы вачэй зь Фёдаравага твару, нiбы баючыся чагось неспадзяванага зь яго боку.
Раптам iзноў зьявiўся Пашкевiч, i, насунуўшыся, як гара, на перапалоханага Харунжага, прарычэў:
– Скончыў, Пане Харунжы? Дык
Харунжы бокам высьлiзнуў з пакою й бегма кiнуўся да выхаду з гэтак страшнага закутка ў Кракаве.
Пашкевiч са злосьцяй плюнуў яму ўсьлед i, зварочваючыся да Фёдара, прамовiў, не хаваючы пагарды:
– Вось такiмi блазнамi абкружыў сябе гэты няшчасны чалавек, каторы носiць Карону Польшчы, а нядаўна быў Гаспадаром Лiтоўскiм! Усе найлепшыя й найвыдатнейшыя Рыцары адсунутыя ў цень... Нават сам Жындрам з Машкевiц - гэты слаўны Ваявода й майстар вайны - у няласцы... Аднаго мяне ён яшчэ якась церпiць i давярае...
* * *
На Каралеўскую нараду Ваявода Фёдар зьявiўся добра падрыхтаваным, дзякуючы ўсё таму-ж Пашкевiчу.
Кароль вачавiдку быў ня ў добрым настроi, пагэтаму, скарацiўшы ўсе фармальнасьцi, адразу перайшоў да справы. Прачытаўшы лiсты й граматы ад Вiтаўта, заявiў:
– Мы, як i нашы Брат, жадаем мiру памiж нашымi дзяржавамi! Але словы й дзеяньнi нашага Брата Вiтаўта не заўсёды супадаюць мiж сабою. Наша церпялiвасьць вялiкая, а й ёй можа наступiць канец. I вось, пасьля доўгага малiтоўнага прашэньня, Усемагутны Бог паслаў на нас сваю ласку й мудрасьць. Мы рашылi згодна й па-хрысьцiянску ўладзiць усе спрэчныя пытаньнi, а таму прапануем нашаму Брату наступнае: Для супольнага дабра Польшчы й Вялiкага Княства Лiтоўскага, абодва бакi павiнны пайсьцi на ўступкi! Князь Вiтаўт мусiць вызначыць над сабою зьверхнiцтва Кароны, i нiчога ня чынiць бяз згоды Караля ў пытаньнях суадносiнаў з суседзямi. Мы-ж, са свайго боку, адмовiмся ад так неабходнага нам адпачынку, i возьмем на сябе цяжкасьць валадараньня Лiтвой i яе Людам, дбаючы роўна аб дабрабыце як земляў Каронных, так i Лiтоўскiх. Уступкi будуць вялiкiя з абодвух бакоў, i пагэтаму нiхто ня будзе ў крыўдзе.
Ад такой "някрыўды", Фёдар толькi ўсьмiхнуўся, бо ведаў, што Ягайла мае зайздросную й фальшывую душу, ды спадзяваўся чагось падобнага.
– Ваш Каралеўская Вялiкасьць, - адказаў ён, - аб такiх справах я гутарыць не ўпаўнаважаны. Толькi сам Гаспадар Вялiкi Князь можа вырашыць i пастанавiць аб вызнаньнi Лiтвой зьверхнiцтва Кароны Польскае! Я-ж усё дакладна перакажу Майму Гаспадару, i буду прасiць Яго Высокасьцi, каб вырашыў гэтае пытаньне згодна Гонару, Справядлiвасьцi й Годнасьцi!
Ягайла адразу адчуў, што Фёдар хацеў сказаць, падкрэсьлiваючы гонар, справядлiвасьць i годнасьць. Вочы Караля звузiлiся, а пальцы нэрвова забарабанiлi па сталу, i, не варочаючыся да папярэдняе прапановы, ён прамовiў:
– Застаючыся паўнаўладным Гаспадаром у межах Вялiкага Княства, наш Брат Вiтаўт можа рабiць, што хоча, са сваiмi падданымi, але мусiць загарантаваць Прысягаю недатыкальнасьць асобаў Веры Польскае й Народнасьцi, таксама як i iхную маёмасьць! Мы, ад сябе, абяцаем ня чынiць розьнiцы мiж Рыцарамi Польскiмi й Драбамi Лiтоўскiмi, Шляхтаю Польскаю й Баярамi Лiтоўскiмi, у судох, узнагародах i службе. Нават болей, мы дамо Шляхецкiя Граматы й прывiлеi ўсiм Драбам, Баярам i Чэлядзi Высокай зь Лiтвы!
– Ваша Каралеўская Вялiкасьць ведаюць самi, - запярэчыў Фёдар, - што Гаспадар Вялiкi Князь гарантыяў даць ня можа! Пад прысягаю цi безь яе!
– Як ня можа? Чаму?
– успыхнуў Кароль.
– Бо ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, ад дзядоў i прадзедаў, iснуюць Суды Копныя, Суды Царкоўныя й Суд Гаспадарскi Вялiкакняжы,
– Я прымушу яго!
– ускрыкнуў Ягайла.
– Гэта немагчыма, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!
– рашуча адрэзаў Фёдар. Лiтва ўжо ачуняла ад Ворсклы...
– Ваявода! Цi ты думаеш, што маеш дзьве галавы?..
– Не, Ваша Каралеўская Высокасьць, адну!
Ягайлу надзвычайна зьдзiвiла адвага й рашучасьць, зь якiмi Ваявода Фёдар адстойваў правы сваёй Бацькаўшчыны. Ён, трохi памаўчаўшы й гледзячы проста ў вочы адважнаму пасланьнiку, запытаўся, стараючыся захапiць зьнянацку:
– Цi ведама табе, Ваявода з Грозава, што твой Гаспадар вядзе патаемныя перамовы з гэрэтычнымi Чэхамi? З тымi самымi Чэхамi, якiх пракляў Найсьвяцейшы Айцец у Рыме! Супраць якога выступае Хрысьцiянскае Войска Сьвяшчэннай Iмпэрыi, на загад Ратысбонскага Сойму!
– Не! Мне гэта невядома!
– прызнаўся Фёдар.
– Дык вось, перадай нашаму Брату Вiтаўту, што мы дамагаемся прыпыненьня гэтых ганебных перамоваў! Мы дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт на чале Хрысталюбiвых Лiтоўскiх Драбаў прыяднаўся да Войск Сьвяшчэннай Iмпэрыi й прыклаў усе свае сiлы й стараньнi да хутчэйшага зьнiшчэньня Гусытскае Гэрэзыi й пакараньня вiнаваўцаў!
– Я ўжо сказаў Вашай Каралеўскай Вялiкасьцi, што аб гэтых перамовах нiчога ня ведаю, таму й гутарыць не магу!
– але тут Фёдар успомнiў, што ў Полацку на нарадзе прысутнiчаў Князь Жыгiмонт Карыбут, каторы прыехаў з Чэхii, але прамаўчаў, бо зразумеў, што Вiтаўт сапраўды аб чымсь дамаўляецца з Чэхамi, але стараецца трымаць гэта ў таямнiцы.
– Слухай, Ваявода, апошняе нашае жаданьне, i перадай свайму Гаспадару! Мы хочам мiру, i таму дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт прысьпешыў Хрышчэньне Лiтвы, бо аж сорам падумаць, што Сваяк Хрысьцiянскага Караля сам застаецца паганiнам i не дапускае да Хрышчэньня ўвесь свой вялiкi Народ, каторы толькi аб тым i думае, ды зь нецярпеньнем чакае таго моманту, калi зможа прыняць Дабраслаўленьне Божае.
– Ваша Каралеўская Вялiкасьць моцна памыляецца!
– запярэчыў Фёдар, уражаны такой абразай.
– Iнакш я не магу вытлумачыць сабе таго, што Ваша Мiласьць забылiся цi не заўважылi, што Лiтва ўжо спрадвеку Хрысьцiянская, i Гаспадар Вялiкi Князь - Хрысьцiянiн! I таму ня можа быць i мовы аб паўторным Хрышчэньнi!
– Ён мусiць!
– закрычаў у гневе Ягайла.
– Ён гэтага ня зробiць, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!
– Я прымушу яго!... Я зруйную Лiтву!... Я...
– захлiпнуўся гневам Кароль.
У насталай цiшы пачуўся моцны голас Ваяводы Фёдара:
– У такiм разе, я, Фёдар, Ваявода з Грозава - упаўнаважаны ад Яго Высокасьцi, Гаспадара Вялiкага Князя Лiтоўскага, Вiтаўта Кейстутавiча, падняць рукавiцу Вашае Каралеўскае Вялiкасьцi! I даставiць яе ў Трокi!
Ягайла йзноў уважлiва прыглядзеўся да Фёдара, нэрвова пацiраючы двома пальцамi сабе пераносьсе (знак найбольшага здэнэрваваньня). Гэты горды й бязстрашны Лiтовец, адначасна падабаўся й злаваў яго. У памяцi Караля ўсплылi ўспамiны з маладосьцi. Ён прыпомнiў, як яшчэ зусiм нядаўна, сам стаяў на чале вось такiх-жа, як гэты Ваявода, Драбаў. Ганарыўся iх адвагай i мужнасьцю. А яны, у сваю чаргу, нягледзячы на ягоную жорсткасьць, сябелюбства й хваравiтую недаверлiвасьць, верна яму служылi. Цяпер усё зьмянiлася. Кароль адчувае, што ў сэрцы гэтага Ваяводы, пасланьнiка яго роднае неабдымнае Лiтвы - голасна крычыць пагарда й зьнявага да свайго былога Гаспадара. На адзiн момант у сэрцы Ягайлы варухнулася пачуцьцё сораму, але толькi на адзiн момант. Ледзь прыкметна ўсьмiхнуўшыся, ён прамовiў: