Ідылія ў духу Вато
Шрифт:
— Я ненавіджу смерць, — сказаў ён, — я ненавіджу яе.
— А як ты змагаешся з ёю?
— Глядзі.
На новым палатне быў лес, светла-зялёная, пранізаная сонцам папараць. І ў ёй, бы ў зялёных аблоках, быццам зусім не дакранаючыся да зямлі, сутыкнуліся два магутныя кані, счапіліся ў апошняй
Гэта было зроблена з такою дзікай экспрэсіяй, з такім драматызмам, што міжвольна прыходзіла думка: адзін з іх, той, што ў чорным, нікуды не ўцячэ.
Гэта Ян Прыгожы дабіваў Балотнага Уладара.
Дзяўчына ўздыхнула:
— Ты ведаеш, што ты геній?
— У мяне няма часу на тое, каб стаць ім.
І, апусціўшы штору, быццам адрэзаў:
— Спі.
— Пачакай, я яшчэ пабуду з табою… Трошкі. Я не хачу спаць.
— Добра, — у яго загарэліся вочы. — І я таксама.
Яны яшчэ каля гадзіны гаварылі. І гэта былі ўспаміны, словы аб мінулым каханні, аб тым, што кожны з іх перажыў потым.
Пасля гэтага ён адкінуў рог коўдры, паправіў халаднаватую прасціну, узбіў падушку.
— Кладзіся. Я ў суседа, за сцяной. Яго няма. Трэба будзе — пастукай.
Яна запытальна глядзела на яго. Ён паставіў на начны столік графін з вадою, талерку з яблыкамі.
— Піжама ў шафе, калі хочаш.
Твар яго здаваўся каменным. Ён узяў з шыфаньера прыбор для галення, развітаўся і выйшаў.
Яна ляжала ў ложку і доўга чакала. Ён не вярнуўся.
А ў гэты час ён пастукаў у пакой трэцяга суседа і сказаў яму:
— Ты прасіў у мяне брытву?
Добрыя блакітныя вочы пад белымі вейкамі заміргалі:
— Калі? А-а… добра, мне якраз патрэбна.
І хлопец пайшоў у суседаў пакой.
Ён пагасіў святло, выцягнуўся пад коўдраю,
У цемры праплыў перад яго вачыма белы твар, прызыўныя цені вачніц, голыя рукі паўзверх коўдры.
"Вось яна лягла. Вось упалі на падлогу туфлі. Вось яе глыбокі ўздых. Божа, як я кахаю, як жадаю яе!"
Ён да болю сціснуў зубы.
"Кахаю… І забіваю? Не, яна маладая, здаровая. Гэтыя гады праляцелі над ёй краем. Яна яшчэ можа быць шчаслівай, знойдзе сябра, дзяцей…"
Зноў вырастаў у душы страх.
"Як быццам прыпадак? Выбіць акно? Не. Памыліўся. Горш за ўсё, што яго так і не было за гэты дзень. Толькі прадчуванне. Можа, я перабольшваю? Можа, пайсці да яе?"
Ён чыркнуў запалкай. Трапяткі агеньчык выхапіў з цемры точаную, амаль безвалосую, прыгожае формы руку.
"Жыць бы табе і жыць, рука…"
У цемры мігцеў агеньчык папяросы.
"Здаецца нехта ходзіць па пакоі? Магчыма, прыйдзе сябра, у яго ключы. Адчыніць. А, д'ябал…"
Нейкае падабенства рэўнасці нарадзілася ў сэрцы.
"Пайсці? Не".
А потым усё гэта перастала быць праблемай.
Так яны ляжалі без сну, кожны ў сваім пакоі. Толькі вузкая перагародка, але ўсё адно што акіяны.
"Працаваць, працаваць, працаваць. Толькі працаваць. Гэта адно".
Успыхваў чырвоны светлячок.
"Смерць, я не баюся цябе! Я кідаю табе выклік. Я чалавек… Хоць сёння, як грубая жывёла, адштурхнуў тую, што на руках насіў бы ўсё жыццё… Але ж я кахаю яе. Я кахаю яе, кахаю, кахаю!.."
Ён ляжаў, гледзячы ў цемру. А на начным століку нястомна цікаў гадзіннік, адбіваючы бег часу.