Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:
ляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: «Варона забі…»
Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма.
— З'ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць.
— Чаму заўтра? Можа, ён з'явіцца якраз сёння.
— Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах.
Мы пайшлі разам да Балотных Ялін і там даведаліся, што Надзея Раманаўна не адна. У яе сядзеў пан Гарабурда. Яноўская за апошнія дні ўнікала мяне, а калі мы сустракаліся — адвяртала пацямнелыя, сумныя, як асенняя вада, вочы.
Таму я праз ахмістрыню выклікаў яе ў ніжнюю залу, дзе Рыгор змрочна глядзеў на святога Юрыя, такі самы магутны і высокі, як статуя. Яноўская выйшла, і Рыгор сарамліва падцягнуў пад крэсла ногі, бо натаптаў на падлозе. Але голас яго па-ранейшаму быў грубы, калі ён звяртаўся да яе, толькі ў глыбіні нешта непрыкметна дрыжала.
— Слухайце, ясная пані. Мы знайшлі караля Стаха. Гэта Варона. Дайце мне пару стрэльбаў. Заўтра мы скончым з імі.
— Дарэчы, — перабіў я, — я памыліўся тады. Я пытаўся ў вас, ці не ведаеце вы чалавека, прозвішча якога пачынаецца з «Лікол…». Зараз я пытаю, ці не ведаеце вы чалавека, мянушка якога «Лікол», проста «Лікол»? Гэта самы небяспечны чалавек у гэтай бандзе, магчыма, нават натхніцель.
— Не! — раптам крыкнула яна, засунуўшы кончыкі пальцаў у рот. Вочы яе пашырыліся, застыглі ў тузе. — Не! Не!
— Хто ён такі? — змрочна спытаў Рыгор.
— Пашкадуйце, пашкадуйце мяне! Гэтага не можа быць… Ён такі добры, шчыры. Ён трымаў Свеціловіча і мяне на каленях. Тады наш дзіцячы язык не мог вымавіць яго імя, мы яго перакручвалі, і з гэтага нарадзілася мянушка, якой мы называлі яго толькі між сабою. Нямногія ведалі яе.
— Хто гэта? — няўмольна сказаў Рыгор, рухаючы каменнымі сківіцамі.
І тады яна заплакала. Плакала ўзахлёб, як дзіцёнак. І праз рыданні нарэшце вырвалася:
— Пан Лікол… пан Рыгор Дубатоўк.
Я быў уражаны ў самае сэрца. Я аслупянеў, я задыхаўся:
— Не можа быць! Што вы! Такі добры чалавек! І, галоўнае, якая яму карысць!
А памяць паслужліва падсунула словы аднаго з мярзотнікаў пад дрэвам: «Любіць старажытнае». І нават невядомае «ічкі на…» з ліста Свеціловічу раптам заканамерна ператварылася ў любімае прыслоўе Дубатоўка: «Балеснічкі нашы, што гэта робіцца на зямлі?!»
Я працёр вочы, адагнаў ачмурэнне:
— Не, не можа быць. Якая яму карысць, ён зусім і не спадчыннік пані.
І тут адгадка бліскавіцай шуганула ў маёй галаве:
— Пачакайце тут, Надзея Раманаўна. Пачакай, Рыгор. Я прайду да пана Гарабурды. Пасля мне трэба будзе перабраць рэчы Бермана.
— Добра, — сумна
І я пабег па сходах. Думкі мае ішлі ў двух кірунках. Першае: Дубатоўк мог дамовіцца з Берманам (толькі чаму ён забіў яго?). Другое: Гарабурда таксама мог неяк залежаць ад Дуботоўка.
Ірвануў дзверы. Насустрач мне з крэсла ўстаў пажылы мужчына з гамерычнымі ляжкамі. Ён здзіўлена глядзеў на мой рашучы твар.
— Прабачце, пан Гарабурда, — рэзка кінуў я, як у вір скокнуў. — Я павінен паставіць перад вамі адно пытанне. Пра вашы адносіны з панам Дубатоўкам. Нашто вы далі гэтаму чалавеку так заўладаць вамі?
Ён выглядаў як спайманы на месцы крадзяжу. Нізкі лоб яго пачырванеў, вочы замітусіліся. Але, відаць, па маім твары ён зразумеў, што жартаваць са мною нельга.
— Што зробіш… Вэксалі, — замармытаў ён.
І зноў я трапіў у мішэнь, мецячы ў неба:
— Вы далі пану Дубатоўку вэксалі пад маёнтак Яноўскай, які вам не належыць.
— Гэта была такая мізэрная колькасць грошай. Усяго тры тысячы рублёў. Псарня патрабуе так многа…
Усё пачынала ставаць на сваё месца. Пякельны план Дубатоўка яснеў у маіх вачах.
— Па тэстаменту Рамана Яноўскага, — замармытаў ён, абіраючы дрыжачымі пальцамі нешта з візіткі, — устаўлена такая субстытуцыя. Спадчыну атрымліваюць дзеці Яноўскай… — І жаласна глянуў мне ў вочы. — Іх не будзе. Яна ж памрэ… Яна хутка памрэ… П-пасля іх — муж. А яна вар'ятка, хто з ёй ажэніцца?… Пасля, наступная прыступка, апошнія Яноўскія. А іх няма, няма пасля смерці Свеціловіча. А я сваяк Яноўскіх па пралцы, з жаночага, так бы мовіць, боку. Калі не будзе дзяцей і мужа — палац мой. — І ён заенчыў: — Але як я мог чакаць? Я ўвесь у вэксалях. Я такі няшчасны чалавек. І большасць папер скупіў пан Рыгор… І яшчэ тры тысячы даў. Зараз ён тут будзе гаспадаром.
— Паслухайце, — холадна кінуў я, — тут была, ёсць і будзе толькі адна гаспадыня, пані Надзея Яноўская.
— Я не спадзяваўся на спадчыну. Яноўская ўсё ж магла выйсці замуж… І я даў Дубатоўку даўгавое абавязацельства пад забеспячэнне палаца.
— Добра. Сорам з вамі нават не начаваў. Але няўжо вы не ведаеце, што гэта нядзейсны з фінансавага боку ўчынак? Што гэта крымінал?
— Не, не ведаю. Я быў рады.
— А вы ведаеце, што вы штурхнулі Дубатоўка на жахлівае злачынства, якому і наймення на чалавечай мове няма. Чым вінавата бедная дзяўчына, што вы пажадалі пазбавіць яе жыцця?
— Я падазраваў, што гэта злачынства, — разрумзаўся ён. — Але мая псарня…
— Гніда вы! Рук толькі пэцкаць не хочацца. Вамі будзе займацца губернскі суд. А пакуль што я сваёй уладай засаджу вас на тыдзень у сутарэнне гэтага дома, каб вы не маглі папярэдзіць іншых мярзотнікаў… Пакуль скончыцца гэтая справа.
— Гэта гвалт, — заскуголіў ён.
— Што вы ведаеце пра насільства? — кінуў я яму. — Што вы ведаеце, смоўж?
Праз паўгадзіны Рыгор заштурхнуў Гарабурду ў скляпенне без акон пад цэнтральнай часткай будынка. Жалезныя дзверы з грукатам зачыніліся.