Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:
Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля.
Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з'явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы.
— А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»?
— Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў.
— Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я. — Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя?
— З трынаццатага, — сказала яна. — І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты — жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны — маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок…
Полымя каміна наружовіла яе твар. За вокнамі ўжо залягла глыбокая чорная ноч, і, відаць, пачалася зліва.
— Ах, пан Беларэцкі, я такая шчаслівая, што вы тут, што ёсць поруч чалавек. Звычайна я ў такія вечары голасна спяваю, але я і песень добрых не ведаю, усе старыя, з рукапісных кніг, сабраных дзедам. І там жахі: чалавек цягне па расянцы чырвоны след, а звон, які даўно патануў у дрыгве, гучыць па начах, гучыць…
Прыходзяць дні, адыходзяць дні… -заспявала яна глыбокім дрыжачым голасам.– Прыходзяць дні, адыходзяць дні,На святло наплывае цень.Б'ецца Сказко з Кірдзяём Пацуком,Б'ецца і ноч і дзень.Кроў ад напругі з пазногцяў бяжыць,З шабляў полымя мечуць паны,І ўпаў Сказко, і паклікаў ён:«Дзе ж вы, другі?» Не чуюць яны.Любка Юр'еўна ўчула голас яго,Пазбірала свой моцны род.І «пабеглі есмо» на конях яныДа далёкіх рудых балот.
— А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі:
І яны пілі адзін аднаго,І яны у згодзе жылі.Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй,Пакуль разам у дол не сышлі.Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!
А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося
Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.
Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.
Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям.
Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.
Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі.
— Чуеце?
Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна.
Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет.
Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з'яўляліся зноў.
— Чуеце? Топ-топ-топ…
— Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?!
— Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу.
З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну.
Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора.
Што заставалася рабіць? Ваяваць з тым, каго не бачыш? Я ведаў, што гэта дарэмная справа, але я стукнуў качаргою проста ў тое месца, адкуль чуліся крокі. Качарга прарэзала пустое паветра і са звонам упала на падлогу.
Смешна? Мне было ў той час, як вы здагадваецеся, не да смеху. У адказ на мой дастахвальны і рыцарскі ўдар нешта жаласна і глуха застагнала, пасля пачуліся яшчэ два-тры крокі — і ўсё сціхла.
Толькі тут я ўспомніў, што гаспадыня засталася адна ў гэтай вялізнай цёмнай зале, і заспяшаўся да яе.
Я чакаў, што яна страціла прытомнасць, звар'яцела ад жаху памерла, але толькі не таго, што пабачыў. Яноўская стаяла ля каміна, і твар яе быў суровы, змрочны, амаль спакойны, толькі з тым самым незразумелым выразам у вачах.
— Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго.
— Каго «яго»?
— Малога Чалавека Балотных Ялін.
— А гэта што такое?
— Не ведаю. Але ён з'яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго.
— Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі.
Яна рэзка адкінула галаву:
— Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур'ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека.
— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.
На распутье
2. Лэрн
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
стимпанк
рейтинг книги
Энциклопедия лекарственных растений. Том 1.
Научно-образовательная:
медицина
рейтинг книги
