Дзікае паляванне караля Стаха
Шрифт:
Мы ўвайшлі ў пакойчык, дзе пахла мышамі, і струмені вады адразу пабеглі з нашай вопраткі на падлогу. Я глянуў на свае ногі і жахнуўся: яны амаль па калена былі ў бурай кашы, як у ботах.
Бабуля толькі галавою паківала.
— Бачыце, я адразу сказала, што гэта тая жахлівая твань. Вы, пане купец, павінны паставіць свечку за тое, што так лёгка абышлося. — І яна адчыніла дзверы ў суседні пакоік, дзе жарка палаў камін. — Добра абышлося. Скідвайце адразу ж вопратку, сушыцеся. У вас ёсць што апрануць з сухога?
Сак мой, на шчасце,
Паглядзела на яго сінюю спіну і сказала непрыхільна:
— Ты, малец, ад мяне не вельмі адварочвайся, я старая баба. І пальцы на нагах не падціскай. На вось, пераапранайся лепей хутчэй.
Калі мы пераапрануліся і трохі сагрэліся ля каміна, бабуля паглядзела на нас глыбока запалымі вачыма і сказала:
— Ну, вось і добра. Ты, малец, пойдзеш зараз з Янам начаваць, тут табе будзе нязручна. Ян!
Ян з'явіўся. Гэта быў падслепаваты чалавек год шасцідзесяці з доўгімі сівымі валасамі, носам, вострым, як шыла, запалымі шчокамі, з вусамі, якія звісалі да сярэдзіны грудзей.
Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з'явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу.
Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва «мушкет».
Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі. Такія стрэльбы звычайна б'юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп.
І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў.
Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная.
«Добрая дапамога для гаспадыні», — з горыччу падумаў я.
А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў «апартаменты». Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.
Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!
Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія,
Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, — уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма — вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне — мастацкай работы выгінастыя краты.
Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен — яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія — ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці — вісюлькі яе абабіты больш чым напалову.
Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну.
Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў:
— Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля… можа, пан хоча вячэраць?
Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў.
— Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды.
Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам:
— Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любіць людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволіць прысутнічаць за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады.
— Як, — здзівіўся я, — хіба гаспадыня не вы?
— Я ахмістрыня, — з годнасцю сказала старая. — А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям'і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем'яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем'яў.
— Што ж гэта за сям'я? — неасцярожна спытаў я. — І дзе я?
У старой гневам спалыхнулі вочы:
— Вы ў маёнтку Балотныя Яліны. А гаспадароў вам сорамна не ведаць. Гэта Яноўскія. Разумееце вы, Яноўскія! Няўжо вы не чулі?