Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
— Ты… гэна… чаго?
Фокуснік устаў, пакруціўся перад Піліпам, як перад краўцом.
Дзіркі ў вопратцы былі проста артыстычныя. Ніхто ніколі не бачыў такога прыгожага рыззя.
— З імі ды з маім талентам нам цяпер срэбра, а не медзь даваць будуць. Зажывём, Піліпе. Я — фокусы, ты — дошкі на галаве ламаць будзеш…
Рыбакі моўчкі круцілі на запясцях кісцяні. Даўно памірыліся і вырашылі ісці разам. Іліяш маўчаў, пазвоньваючы кантарам. Толькі сказаў нечакана:
— А дрэнна, што кінулі.
— Ну і ляжаў бы зараз забіты, — сказаў Пятро. — Не ўжо, трэба аб раскошы забыць. Досыць.
— А хрэн з ім, — зарыпеў Баўтрамей. — Скончана роля. Добра, што падрабілі.
— Я мянялай буду, — сказаў Мацей.
І тут усіх здзівіў жанчынападобны Ян. Сказаў Мацею:
— Евангелля палову мне давай.
— Н-нашто?
— Ты сабе нейкага Луку знойдзеш, — аблічча было юродскае. — Я — Марку нейкага. Пойдзем — будзе чатыры евангеллі. Падправім. Што мне вашы мужыцкія заняткі? Я — прарок. Ісціны хачу, благадаці, славы Божай.
— А дулю, — сказаў Мацей.
І ўбачыў, што ўвесь хаўрус з кісцянямі, Пятро, Андрэй і Якуб, сталі супраць яго сценкай.
— Н-ну.
— Дык… Ну вось, і пажартаваць нельга, — сквапна рухаючы вуснамі, Мацей падзяліў рукапіс Іуды напалам і змахлярыў, падкінуў сабе яшчэ аркушаў дваццаць, раздзёр ніткі. — Бярыце.
— Пайшлі, — сказаў Піліп. — Скора і разыдземся.
Усе рушылі дарогаю прэч ад зарыва. Ішлі моўчкі. Толькі Якуб Алфееў, як заўсёды недарэчы, пачаў спрабаваць голас. Бурсацкая світка біла яго па пятах, асавелыя вочкі глядзелі ў чырвонае, дрыготкае неба.
— М-ма, м-ма-ма, м-мма-ма… кх… кх… Тфу… Горра… Го-о-ра… Гора табе, Серазін… Го-ра… Гора табе, Віфсаіда.
І так яны зніклі за ўзгоркам. Некаторы час яшчэ даносіўся мядзведжы, яловы голас. Пасля засталіся толькі цішыня і зарыва.
РАЗДЗЕЛ ХLVІІІ СІВАВУСЫ
Беларуская песня
…схапіў святое распяцце і так стукнуў ім па чэрапе святога айца, што той адразу адправіўся ў пекла.
Сярэдневяковая навела
Серазіну і Віфсаідзе, гэта значыць Гародні, сапраўды было гора. Забойства і сеча не спыняліся, а, наадварот, нібыта набіраліся сілы і злосці. Забівалі ўсіх, ледзь не да колавай загваздкі. І калі значная частка жанок і дзяцей уратавалася з дамоў, адзначаных крыжамі, у гэтым была вялікая заслуга сівавусага.
Гародзенцы ведалі, куды, у выпадку чаго, уцякаць тым, хто не можа трымаць у руках зброі. Пад горадам лабірынтам цягнуліся старыя, даўно спустошаныя і закінутыя каменяломні. Самы блізкі ўваход у іх быў з вуліцы Стрыхалёў, і менавіта туды кінуўся напаўапрануты, спалоханы натоўп жанчын, старых і дзяцей. Толькі б спусціцца пад зямлю, а там — лаві за хвост вецер, за месяц не знойдзеш.
Лотр, аднак, таксама памятаў аб вуліцы Стрыхалёў і даслаў туды чалавек сорак прыспешнікаў. Безабаронны натоўп сустрэлі мячамі. І, пэўна, бойня не мінула б і слабых, каб не нарваўся выпадкова на брыдоту сівавусы з невялічкім атрадам мяшчан. Яны змялі мечаных, выкінулі іх з вуліцы і
На абодвух канцах вуліцы Стрыхалёў віравала сеча. Людзі спінамі прыкрывалі ўцекачоў і павольна, па меры таго як натоўп уцягваўся ў тупік, адступалі. Адступалі і падалі. З таго канца, дзе біўся сівавусы, кіраваў «крыжамі» і сам секся ў першых радах закуты ў сталь Рыгор Гародзенскі, а ў міру Гіляр Балвановіч. Куды падзелася ягоная друзласць. Нездарма яго параўноўвалі з нападаючым кракадзілам: толькі што было бервяно, і вось — страла. Ён арудаваў мячом са спрытам і ўмельствам.
Сівавусы думаў, што ўсе ўжо забітыя, што яны засталіся адны. Ён не схільны быў дарэмна геройстваваць і вырашыў, што і яны адступяць у катакомбы следам за жанчынамі.
І якраз у гэты момант зараўла дуда. Раўла няспынна, трывожна, грозна. Значыцца, людзі былі жывыя.
— Бач, — здзекаваўся Грынь. — У слове ісціны… Са зброяй праўды ў правай і левай руцэ… Карынфянін.
— Хрэн Вельзевулаў, — выплёўваў лаянку сівавусы.
Побач з ім біліся мяшчане — майстры з Разьбярнага Кута, пераважна каталікі. І хаця яны спявалі псалмы іншай веры — сівавусы разумеў іх як братоў:
Не ўбаюся полчышчаў, што абступілі мяне!
Пачуй мя, Пане Божа, уратуй мя, Божа мой!
Былі ў іх беларускія твары. Яны біліся разам з ім і гінулі як належыць. Хай сабе словы псалмаў былі лацінскія.
Узляталі над іхнімі галовамі двухручныя даўжэзныя мячы, і пяціліся яны не ад недахопу мужнасці, а таму, што было іх мала.
З глыбіні пекла ўзлямантаваў я да цябе,
і голас мой быў пачуты.
— Каталіцкія свінні, — лаяўся Балвановіч. — Дзе вашы… мулы ватыканскіх блудніц?!
— Закрый пашчу, прыблуда, — раўнуў сусед сівавусага.
Яны сышліся каля тупіка. Сышліся ўдвух. Іншыя перасталі быць. І вось так, плячо да пляча, прыкрываючы апошніх уцекачоў, пачалі адступаць, думаючы аб людзях і яшчэ аб дабрадзейнай цемры, куды за імі не пасмеляцца торкнуцца. Па вусах і грудзях сівавусага сплывала кроў, сусед быў не лепшы. На сярэдзіне завулка ён упаў, прыўзняўся на руках і натужна прахрыпеў апошнія словы псалма:
І хвалі абступілі мяне.
Упаў галавою на брук.
Сівавусы ведаў: бегчы нельга, хаця нікога ўжо не было за яго спіною і дзверы зеўралі чорнай пашчай. Добра, што тут можна біцца — многа што адзін супраць дваіх… Вось зараз адступіць, спусціцца спіною да мяжы між святлом і цемрай, і тады кінуцца ў змрок, і тады…
…Нейкі грукат аддаўся за ягонай спіною. З аркі над тупіком упалі краты, якімі ў небяспецы перагароджвалі вуліцы: прабраўшыся па дахах, пастараўся нехта з ворагаў. Сівавусы адчуў спіною іхні холад і зразумеў, што гэта канец.