Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
— Ты хто? — спытаў гаспадар.
— Хрыстос, — машынальна адказаў ён.
Гаспадар нават не асабліва здзівіўся.
— І цуды можаш?…
— Сёе-тое магу.
— Тады зрабі дзеля мяне… Вось і памінальнічак падрыхтаваў, ды ў храм пакуль не наважваўся… Ну, ужо цяпер!…
— Што?
— Я табе… сала кавалак дам. А ты за гэта зрабі, каб… Вось тут усё… Каб у Янкі… карова здохла і ў Рыгора… і ў Андрэя, і ў другога Андрэя… і ў Навума, і ў Васіля, і ў Волеся, і ў Яўгена, і асабліва ў Ладыся, паскуды, ерэтыка.
Хрыстос уздыхнуў і ўзяў памінальнік.
— А… сала?
— Не трэба. Ісцінна кажу табе, сёння ж уздадуць
Пайшоў. Жанчына пры гуках апошніх словаў разагнулася была, успамінаючы нешта даўняе і цёплае, але так і не ўспомніла і зноў схілілася да градак.
Цяпер ён ішоў проста да плошчы. Няма чаго было хавацца ад людзей. І тут жыццё нанесла яму страшны, пад сэрца, удар. Хаця б ведаць, што ён здраджаны шчаслівымі і добрымі: «Каб карова здохла…» Вось і ўсё, што дало ёй жыццё. Чалавека, які хлусіць і каецца, святошу, які хрысціцца шырэй за ўсіх, а сам… Тоне сябра, а такі святы, хлуслівы смярдзюк, толькі што аблізаўшы моцнаму ўвесь азадак, кажа яму з берага: «Спачуваю, братачка, спачуваю, але нічым памагчы не магу. Ты лепей на дно хутчэй спускайся».
…Амаль ля самай плошчы ён размінуўся з трыма ўзброенымі манахамі. Яму было ўсё адно, куды яны ідуць, ён не азіраўся і не бачыў, што яны ўвайшлі ў дом гаспадара.
РАЗДЗЕЛ ХХІV ДОКАЗНАЯ ІНКВІЗІЦЫЯ
Каяўся ў грахах Вавілон і Навухаданасор, цар ягоны… І, кажуць, Навухаданасор, каючыся, пасыпаў сабе галаву попелам і пылам. Але пыл той быў пылам разбітых ім гарадоў, а попел — попелам спаленых ім ахвяр.
Сярэдневяковы беларускі апокрыф
Хрыстос выйшаў на плошчу пад абшчынны дуб і, уражаны, ледзь зноў не кінуўся ў завулак. Гэткае відовішча заўсёды прымушала ягоныя ногі рухацца нібы самастойна.
Пад дубам доўгім глаголем стаялі сталы. За імі сядзелі людзі ў дамініканскіх расах. Убаку сядзеў над жароўняй кат, чысціў трэсачкай пазногці. Чалавек пяцьдзесят людзей, закутых у латы, пакарбаваныя крыжамі — чэрнь на срэбры, — абкружала стол: духоўная варта, гвардыя царквы.
Некалькі «гвардзейцаў» атачылі маленькую купку людзей. Паўсюль шныпарылі служкі ў расах. Цягалі лаўжы і паленні пад пяць дубовых слупоў, укапаных у зямлю з падветранага боку.
Апосталы стаялі наводдаль, і Хрыстос пайшоў да іх. Баяцца асабліва не было каго. Іх трынаццаць, усе ўзброены, танна жыцця не прададуць у выпадку чаго.
Ён страшэнна не любіў ордэн псоў Пана Бога. Вынюхваць, шукаць, караць — вось у чым бачаць яны служэнне Богу. Шкада, што нельга напасці і разагнаць гэтую падлу. Слабыя сілы. Каб жа яшчэ быў тут вясковы народ! Але гэта не горад, жыхары, відаць, у жаху пахаваліся. Стаіць маленькая купка людзей. Можа, сваякі схопленых.
Хрыстос падышоў да сваіх.
— Доказная інквізіцыя засядае, — невядома каму растлумачыў дурыла Якуб, — святая служба.
Вочы Хрыстовы сустрэліся з вачыма Іуды. Той быў толькі зеленаваты, і шкаляр зразумеў, што Раввуні відавочна не па сабе.
— І сюды дабраліся, — сказаў іудзей. — Дзвесце пяцьдзесят год паўзлі. Дацягнулася святая служба… А я нібыта сам помню.
— У нас яна доўга не працягне, — буркнуў Тумаш. — Не бойся. Цябе не дамо.
Яны ўбачылі, што перад святым сінедрыёнам стаіць скручаны мужчына з маладой сівізною. Злое, рэзкае аблічча, глыбокія вочы.
Апосталы глядзелі на яго і
Былі і правілы: «Адзін даносчык — не даносчык» (у Германіі нядаўніх часоў на гэта не звярталі ўвагі, што сведчыць аб безумоўным прагрэсе), але падсудны мог прызнаць праўду даносу. «Нельга два разы прымяняць адно катаванне». Але можна было яго «перарываць і пачынаць зноў». «Прызнанне і самаасуджэнне — кветка дазнання». Але калі чалавек не прызнаваўся і на прэнгу, яго лічылі «моцна западозраным у ерасі» і выпускалі пад нагляд.
Страшна было тое, што на тагачасных беларускіх землях машына шматвяковай хлусні і звыклай крывадушнасці сутыкнулася з першабытнай, язычаскай яшчэ праўдзівасцю большай часткі людзей. Люд у вёсках не замыкаў дамоў (хіба што ўначы, ад звера), сведчыў толькі сваім словам; за аблудныя сведчанні — забівалі. Але ўжо тады сярод найбольш блізкіх да храма людзей пачынала буяна расцвітаць хлусня, крывая прысяга, ілжэсведчанні, даносы — усё тое, што народ непаразумела называў «душою рыгнуў».
За пару стагоддзяў гэтаму паспяхова навучылі цэлую грамаду. Як не паверыць пасля гэтага, што вера і догма змякчаюць норавы?!
— Гаварыў ганьбавальныя словы на Пана Бога? — спытаў камісарый суда. — Зневажаў?
Чалавек, відаць, быў старой рошчыны. Не зразумеў, чаму ён павінен хлусіць.
— Я яго не лаяў. Нашто мне зневажаць яго? Я пра другое…
Ён прызнаваў тое, што казаў калісьці. Не ўвесь учынак, а частку яго, тое, што было сапраўды. Ён не ведаў, што досыць і часткі, што астатняе дахлусяць за яго.З усіх бакоў на гэты адзіна чалавечы твар глядзелі морды. Знясіленыя бяссоннымі начамі, або тлустыя, пергаментныя, або налітыя крывёй, — але ўсё адно морды. Кожная — не аблічча, не «вобраз Божы», не адзнака Высокай Істоты, не Твар, а менавіта os porci, свінячае рыла без сораму і сумлення… Чакалі.
— Я не лаяў, — паўтарыў мужчына. — Пустое месца не лаюць. Я проста казаў, што не дазволіў бы Ён такіх пакут добрым, каб быў.
— Адвядзіце… Па агавору сазнаўся… Наступны…
Падвялі шляхцюка. Вельмі пацертая вопратка ў пыле розных дарог, збітыя чобаты. Відаць, бяздомнік. Маленькі, нягеглы сабою, ужо ў гадах. Тварык з кулачок, рэдкія вусы, галодныя і вартыя жалю вочы.
— Імя, — перад шляхцюком камісарый здаваўся асабліва сытым, няспешным, грамагласным, як асёл.
— Варган Будзіміраў пан Коцкі, — усміхнуўся чалавечак.