Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Кроў, — сказаў Алесь. — Кроў яны прынеслі сюды. Ніколі ў нас так, завешаныя, не забівалі… Ну што ж, будуць мець кроў.
Калі выйшаў лекар, Алесь адвёў яго ўбок.
— Баюся, ён не жылец, княжа. Зламалі тры рабрыны, прабілі галаву. Лёгкае зрушэнне мазгоў. Некалькі кровазліццяў унутр. Але не гэта самае галоўнае… Баюся, што яму адбілі адну нырку. Так што гэта пытанне часу.
— Ён мне брат, пане лекар.
— Я чуў. Але вы памыляецеся, калi лiчыце, што я раблю рознiцу мiж князем i мужыком. Я — лекар.
— Якія-небудзь
— Адцягнуць час… А ўрэшце — хто ведае? Можа і ачуняць. Ён здаровы. Другі памёр бы, не даехаўшы і да дому.
Алесь прывёз з губерні яшчэ двух лекараў. Зроблена было ўсё, але ніхто не абяцаў вылячэння.
Загорскі, калі Стафан апрытомнеў, пытаў у яго, ці не пазнаў ён каго-небудзь з тых, хто напалі.
— Што вы, — сказаў Стафан. — Я і зразумець не паспеў, што здарылася…
Алесь пакутліва думаў, як жа адшукаць, як адпомсціць. І раптам пачуў дзіўнае:
— Ты не турбуйся, браце, — сказаў Стафан. — Што ўжо табе. Кінь. Усе хрысціяне.
Гэта было так нечакана, што Алесь зразумеў: Стафан ні на хвіліну не сумняваецца ў тым, што яго чакае.
Алесь не ведаў толькі аднаго. Якраз калі ён ездзіў у Магілёў, па лекара, Стафан глядзеў на Рагнеду, якая тупала па падлозе ўсё ў тых самых поршніках. І раптам паклікаў Кандрата.
— Зачыні дзверы, — сказаў ён.
Стафан ляжаў у чыстым пакоі, на тым ложку, дзе слалі гасцям. Звычайна да госця, які пасля вячэры ўжо засыпаў, прыходзіла спачатку Марта, а потым Яня і прыносілі апошнюю чарку крупніку:
— Выпі, госцейка, апошнюю дый спі! Пакрыўдзь сябе, каб дому не крыўдзіць.
Госць усміхаўся, выпіваў, цалаваў пані дому ў шчаку і засынаў з думкай, што дом трымаецца звычаю, што гэта харошы дом.
Цяпер нехта павінен быў паднесці чарку і яму. Стафан адчуваў набліжэнне гэтай пані. Ці стане сілы ў адказ на яе пацалунак усміхнуцца? Трэба, каб хапіла.
— Што ты, браце? — спытаў Кандрат.
— Абяцай, што ёй заўсёды будуць і поршні і чаравікі. Што іншым дзецям, тое і ёй.
— Крыўдзіш, Стафан, — сказаў Кандрат. — На тым стаім… Ды ты кінь. Ачуняеш.
— То ты, Кандратка, слухай. Пабажыся, што ўсё забудзеш, калі ачуняю.
— У імя бога, — неахвотна сказаў Кандрат.
— Калі ачуняю — я дарую ім, — сказаў Стафан. — Бацька ў яе будзе, а гэта галоўнае. Мы — хрысціяне.
Малая тупала па падлозе. Поршні на ножках былі як вясёлка.
— Але як памру — няма ім майго даравання.
Рахманыя вочы Стафана сталі раптам такія, што Кандрат спалохаўся.
— Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. І атрымалася так, што для мяне адзін звычай, а для іх — другі. І яны забілі мяне, хоць я нікуды не лез і ведаў, што мы людзі маленькія і павінны араць зямлю, і ў нас дзеці… Дык вось, калі памру — забі.
— Хто? — спакойна спытаў Кандрат.
— Таркайла Тодар, — сказаў
— Скуль ведаеш?
— Голас быў падобны. І Юллян сказаў: "Тарка…ла". А потым стрэлы.
— Добра, — буркнуў Кандрат. — Зраблю. Яшчэ хто?
— Мне здалося, што я пазнаў вочы другога. Але гэта проста каб ведаў і сцярогся. Абяцай, што не будзеш забіваць, пакуль не ўпэўнішся.
— У імя бога… Хто?
— Здаецца, Кроер Канстанцін…
— Чаму Алесю не сказаў?
— Кінь, браце. І так у яго ворагаў многа.
— Я ўсё зраблю, браце, — сказаў Кандрат.
— А цяпер забудзь, — Стафан заплюшчыў вочы.
Няшчасці пачалі сыпацца як з мяха. За некалькі месяцаў бацька, маці, сварка з Ярашам, ліст ад Кастуся, што ў Віктара рэзка пагоршылася здароўе, дзейнасць "Ку-гі", смерць Юлляна Лапаты і зверскае збіццё Стафана.
І, урэшце, як апошняе — новае здарэнне ў Раўбічах: папрок Іллі Хаданскага, што пан Яраш не трымае слова.
Разгневаны Раўбіч паклікаў дачку. Міхаліна сказала, што хоча вярнуць Хаданскаму слова.
— Не будзе гэтага, — сказаў пан Яраш. — Ніколі. Нізашто.
— Я кахаю Загорскага, — сказала Майка.
— Ён вораг.
— Вам — магчыма. Ды і тое не вам, а дурному гонару. Ён сябра вам, каханы — мне, брат — Франсу. Ён ніколі не думаў шкодзіць вам, нягледзячы на незлічоныя абразы. Бо ён чалавек, а вы… вы… вы — дваране, і не больш. Даю слова: ніколі не буду нічыёй жонкай, акрамя як яго. Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім жорсткая. Хай пакора, хай нават рабства, абы пакарацца яму. І ўсё. І на гэтым маё апошняе слова…
Кароткая шыя пана Яраша набрыняла крывёю.
— Убачым, — ціха сказаў ён. — Сілком пад вянец павяду. Гэта і маё апошняе слова…
— Вы можаце, вядома, зрабіць са мною ўсё. Але і я з сабою магу зрабіць усё. Я ведаю, поп згодзіцца вянчаць, нават калі вы прывядзеце мяне ў ланцугах. Ён усім абавязаны вам. Усім, і нават тым, што дваццаць год не служыць па новаму абраду, прыкрываючыся словам "хвароба". Ён ведае, каму ён павінен дзякаваць за тое, што за ім сто разоў не прыйшлі і ён не здох у Салаўках на саломе. Ён "не зрабіў граху", а вы "не паддаліся, не паступіліся гонарам". І таму ён абвянчае. А сведкі, якія будуць бажыцца, што я ішла па сваёй ахвоце, таксама знойдуцца.
Голас яе зазвінеў:
— Я не буду ганьбіць вас і крычаць у храме. І гэта будзе апошняя падзяка за тое, што вы мяне нарадзілі
і з гэтай прычыны цяпер забіваеце… Апошняя. Таму што адразу пасля вяселля я заб'ю гэтага вылюдка. Сына вылюдка і шалёнай сцервы. А потым заб'ю сябе…
— Як хочаш, — сказаў пан Яраш.
Адразу пасля размовы ён загадаў прыставiць да пакояў Мiхалiны верных людзей i сказаў Iллi Хаданскаму, што вяселле будзе праз два месяцы, у канцы кастрычнiка, каб асталося тыднi тры да пiлiпаўкi. Да таго часу ён просiць графа Хаданскага не з'яўляцца.