Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
Цару не спадабаліся крайнія прыгоннікі. Валуеў ледзь не памыліўся, але хутка спахапіўся. Пачаў крытыкаваць іх, пачаў хваліць меншасць, заўважаць у іх “зрелость и образование, беспристрастие и правильность взглядов”. І зноў паварот.
Ён дапускаў, што яго могуць зваць “флюгерам”. Што ж, флюгера не ломіць ніякі вецер. І ён гаварыў пра неабходнасць свабоды друку, але не разумеў пад гэтым “поўнага прастору для развіцця матэрыялізму і дэмакратычнай прапаганды”. Гаварыў пра неабходнасць уступак палякам, але казаў, што польскае пытанне можна вырашыць не ў Варшаве, а толькі ў Маскве і ў Пецярбургу.
Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў
Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.
І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва “агульным збавіцелем”?
Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.
...Коні мясілі брудны снег на Ліцейным. Дворнікі ледзь паспявалі зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Стаяў сокры, відаць сухотны, італьянец, прадаваў з латка гіпсавых напалеонаў і бісквітных голых жанчын. Па статуэтках кроплямі сцякала вада. Дырэктар успомніў, што на Беласточчыне ўзнікла дзіўная секта пад назвай “напалеонаўшчына”. Людзі патаемна збіраліся і маліліся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакінулася і на Пскоўшчыну. Ідыёцкая краіна! У што б ні верыць, абы не ў добрыя намеры імператара. Сектантаў Валуеў ненавідзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнікаў. Уся гэтая публіка хай сабе і руская паходжаннем не была рускай. Назву “рускі” маглі з поўным правам насіць толькі тыя людзі, што моляцца ў Ісакіі (хаця ён і змрочны, як склеп), у дварцовай і Канюшаннай царквах. Трохі падазроныя былі нават людзі, што маліліся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магільня імператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкіх штучак вялікага
Пятра.
Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім “родным квасам”. Гэта называецца краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое,
што ён нібыта сказаў, што калі аб’явяць волю, то ён закрычыць “ура”. Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.
Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і “падкопах пад карэнне”.
Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.
Вось нядаўна яны шумелі аб “Заходнім краі”. Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі “Колокола”. Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.
Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо,
66
П.А.Валуеў. “Отрывки из дневника”.
Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі. Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.
Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў тым горш для іх.
Пакуль яны яшчэ не павешаныя, яны думаюць. Якая лухта! Нібы справа тут у самадзяржаўі! Дарослыя людзі займаюцца тым, што гуляюць у цацкі!
Яму дастаўляла асалоду думаць, што яны з іхнім сацыялізмам не больш як сляпыя шчанюкі, што сутнасць няўхільнага гістарычнага працэсу зразумеў толькі ён, Валуеў. Гэта ўзвышала яго ў сваіх вачах амаль да ўсяведнага бога, а іх рабіла цацачнай справы людцамі, якім пакуль што дазваляюць чыніць сёе-тое з таго, што яны хочуць.
Ён здзівіўся б, калі б яму сказалі, што на самай справе любяць Расію яны. Так, ён пагарджаў ёю, але ж ён узвышаў яе і намерваўся ўзвышаць усю астачу свайго жыцця.
Узвышэнне, на яго думку, заключалася ў тым, каб усе баяліся. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад’емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна – да паўстання і адкрытай разні. Калі ён двума гадамі пазней пачаў разумець гэта, было позна.
Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну. Ён, Валуеў, знішчаў нават некаторыя дакументы, якія “падлягалі забыццю ў інтарэсах Расіі”.
Якую такую Расію ён меў на ўвазе, вядома было аднаму толькі богу.
Калі гонар краіны не залежыць ад дзеянняў асобных людзей, то што можа яго знішчыць? А калі залежыць, то вінавата ў гэтым не краіна, а людзі.
...Будучы міністр праязджаў паўз нігілістычнае кубло, жарсткавата звузіўшы вочы. Яны не любілі Расіі, не “споспешествовали” яе велічы. Расію любіў ён.
...Карэта спынілася ля пад’езда міністра дзяржаўных маёмасцяў. На прыступках ганка чыста. Добра, што не прамочыць ногі. І яшчэ лепей было б, каб не давялося сустрэць міністрэсу, Пелагею Васільеўну. Рэдка даводзіцца сустракаць больш з’едлівых і злосных жанчын. Валуеў быў амаль упэўнены, што гэта шматгадовае жыццё з ёю сапсавала міністру характар, які і без таго быў не цукар. І яшчэ міністрэса была кар’ерысткай, больш нават, чым муж.