Калядны харал
Шрифт:
Скрудж, скаланаючыся ўсё больш, падабраўся да магілы і, паглядзеўшы туды, куды паказваў Дух, прачытаў на занядбаным помніку ўласнае імя: Эбенэйзер Скрудж.
— Дык гэта я ляжаў на тым ложку? — усклікнуў ён, падаючы на калені.
Дух перавёў палец на яго, а потым зноў на магілу.
— Не, Дух! О не! Не!
Палец Духа не варухнуўся.
— Дух! — крычаў Скрудж, хапаючыся за яго саван. — Паслухай мяне! Я не той, кім быў раней! Я не буду тым, кім мог бы зрабіцца, не сустрэўшыся з Духамі! Навошта мне гэтыя мроі, калі надзеі больш няма?
Першы раз прывідная рука зварухнулася.
— Добры
Рука спачувальна задрыжала.
— Я буду ўсім сэрцам шанаваць Каляды і паспрабую цэлы год быць добрым, як у калядны час. Я буду жыць мінулым, цяперашнім і будучыняй. Усе тры духі будуць умацоўваць маю душу. Я не забуду іх урокаў. О, скажы, што я магу сцерці напісанае на гэтым камяні!
Скрудж роспачна ўчапіўся ў прывідную руку. Дух паспрабаваў вызваліцца, але Скрудж, прагнучы выратавацца, не адпускаў. Дух, аднак, аказаўся мацнейшым і адштурхнуў яго.
Падняўшы рукі ў апошнім маленні за свой лёс, Скрудж убачыў, як убранне здані змянілася: яно зморшчылася, асела — і Дух ператварыўся ў слупок ложка.
Страфа пятая. Чым усё скончылася
Так-так! І гэты слупок ложка быў яго! І ложак быў яго, і пакой быў яго. Але самым цудоўным было тое, што будучыня, якую можна палепшыць, таксама была яго!
— Я буду жыць мінулым, цяперашнім і будучыняй! — паўтарыў Скрудж, выкараскваючыся з ложка. — Усе тры духі будуць умацоўваць маю душу! О, Джэйкаб Марлі! Хай жа славяцца святыя нябёсы і Каляды! Я кажу гэта ўкленчыўшы, стары Джэйкаб, укленчыўшы!
Добрыя намеры так узрушылі і натхнілі Скруджа, што голас яго дрыжаў і амаль адмаўляўся слухацца. Яшчэ размаўляючы з Духам, стары моцна разрумзаўся, і твар яго быў мокры ад слёз.
— Ніхто яго не сарваў! — крычаў Скрудж, хапаючыся за полаг ложка. — Ніхто яго не сарваў, вось кольцы і ўсё астатняе! Полаг на месцы, я на месцы, і цені таго, што можа здарыцца, яшчэ не позна развеяць! Я развею іх! Я дакладна ведаю, што развею!
Скрудж ніяк не мог даць рады касцюму: выварочваў яго, надзяваў дагары нагамі, блытаў рукавы і штаніны і вычвараў кучу іншых бязглуздзіцаў.
— Ну і што мне цяпер рабіць? — смеючыся і плачучы, усклікнуў Скрудж, змагаючыся з панчохамі, як Лаакаон са змеямі. — Я лягчэйшы за пёрка, я шчаслівейшы за анёла, я весялейшы за хлапчука-гарэзу! Я бесклапотнейшы за выпіваку! Вясёлых Калядаў кожнаму дому! Шчаслівага Новага году ўсяму свету! Гэй-гэй! Ура! Гэй-гоп!
Ён праскакаў у гасцёўню і цяпер стаяў там, зусім задыхаўшыся.
— Вось і рондаль з кашай! — крычаў Скрудж, зноў падымаючы вэрхал і соўгаючыся ля каміна. — А вось і дзверы, праз якія прыйшоў дух Джэйкаба Марлі! Вось кут, у якім сядзеў Дух Сёлетніх Калядаў! А праз гэтае акно я бачыў прывідаў-блукальцаў! Усё правільна, усё як мае быць, усё гэта насамрэч было! Ха-ха-ха!
Смех быў цудоўны, проста выдатны, асабліва для чалавека, які ўжо столькі гадоў не
— Яшчэ б ведаць, які сёння дзень, — прамовіў Скрудж. — Цікава, колькі часу прабавіў я разам з Духамі? Я ўжо ні ў чым не ўпэўнены. Зусім як дзіця. Але нічога. Гэта ж дробязь. Гэта цудоўна — быць дзіцем! Гэй! Ура! Гэй-гоп!
Але тут царкоўныя званы перарвалі Скруджавы скокі, зазваніўшы так гучна, як не званілі ніколі раней. Бім-бом-бум, дзінь-дзілі-дон. Дон-дзілі-дзінь, бум-бом-бім! Цуд, які цуд!
Скрудж падбег да акна, адчыніў яго і высунуў галаву вонкі. Ніякага туману, ніякае імжы, ясна, светла, бадзёра, мітусліва, холадна, мароз, які змушае кроў танчыць пад сваю дудку, залатыя блікі сонца, сіняе неба, салодкае свежае паветра, вясёлыя званы. Цуд, які цуд!
— Які ў нас сёння дзень? — пракрычаў Скрудж хлопчыку, што ў святочным убранні бадзяўся ўнізе і аглядаўся па баках.
— Чаго? — перапытаў хлопчык, бязмежна здзівіўшыся.
— Які ў нас сёння дзень, мой дарагі сябра? — паўтарыў Скрудж.
— Сёння?! — усклікнуў малы. — Дык сёння ж Каляды!
— Каляды? — прамармытаў Скрудж. — Значыць, я іх не прапусціў. Духі справіліся за адну ноч. Яны могуць усё, што захочуць, няма ніякіх сумневаў. Ніякіх. Гэй, мілы хлопча!
— Чаго вам?
— Ці ведаеш ты гандляра птушкай праз вуліцу, на рагу? — спытаў Скрудж.
— А як жа! — адказаў хлапчук.
— Якое кемлівае дзіця! — узрадаваўся Скрудж. — Проста цудоўны хлопец. Можа, ты яшчэ ведаеш, ці прадалі яны тую шыкоўную індычку, што вісіць на вітрыне? Толькі не маленькую, а самую вялізную.
— Тую, якая памерам рыхтык з мяне? — перапытаў хлопчык.
— Што за разумнае дзіця! — усклікнуў Скрудж. — Адно задавальненне з такім паразмаўляць. Так-так, жэўжык, менавіта яе!
— Не прадалі, вісіць яшчэ, — адказаў хлопчык.
— Праўда? — перапытаў Скрудж. — Тады ідзі і купі яе!
— Ды ну вас! — заявіў малы.
— Не-не, я сур’ёзна, — сказаў Скрудж. — Ідзі і купі яе, і папрасі, каб прынеслі сюды, а я ўжо скажу, куды яе адправіць. Вяртайся да мяне з крамным служкам — і атрымаеш шылінг. Справішся за пяць хвілін — атрымаеш паўкроны!
Хлопчык куляй кінуўся ў крамку. Калі хто ўмее спускаць курок хаця б напалову так хутка, дык цаны няма такому стралку.
— Я адпраўлю яе Бобу Крэтчэту, — прашаптаў Скрудж, пацёр рукі і выбухнуў смехам. — А ён і ведаць не будзе, чый гэта падарунак. Яна ж разы ў два большая за Малога Ціма. Нават Джо Мілер [13] не прыдумаў бы такога жарту — адправіць Бобу індычку!
Почырк, якім ён надпісаў адрас, быў не зусім роўны, але неяк з гэтай справай разабраўшыся, ён спусціўся адчыніць уваходныя дзверы і дачакацца прыходу крамнага служкі. Стоячы ўнізе, Скрудж зачапіўся позіркам за дзвярны малаток.
13
Джо Мілер (1684–1738) — ангельскі актор, аўтар выдадзенага ў 1739 годзе зборніка жартаў і анекдотаў пад назвай “Досціпы Джо Мілера” (Joe Miller's Jests), які прадаваўся па шылінгу за асобнік.