Калядны харал
Шрифт:
Пляменніца Скруджа ў жмуркі не гуляла. Яе ўладкавалі ва ўтульным куце на зручным фатэлі, падсунуўшы ўслончык для ног; Скрудж і Дух стаялі за яе спінай. Але да гульні ў фанты яна далучылася і ўразіла ўсіх, калі трэба было гаварыць кампліменты на кожную літару алфавіту. А ў гульні “Як, калі і дзе”, да таемнай радасці пляменніка Скруджа, яна пераўзышла ўсіх сваіх сёстраў, хаця Топер можа пацвердзіць, што яны таксама былі надзвычай здагадлівыя. Гасцей было каля дваццаці, і ўсе яны ўдзельнічалі ў гульнях, нават Скрудж — у радасным запале ён забываў, што яго голас не далятае да чужых вушэй, і час ад часу выкрыкваў свой адказ, які амаль заўсёды быў
Дух вельмі радаваўся добраму настрою Скруджа і сачыў за сваім спадарожнікам з такой прыхільнасцю, што той пачаў, нібы хлопчык, выпрошваць дазволу застацца ў пляменніка да канца вечара. Але Дух адказаў, што гэта немагчыма.
— У іх тут новая гульня! — угаворваў Скрудж. — Ну яшчэ паўгадзінкі, Дух, усяго паўгадзінкі!
Гульня называлася “Так і не”: пляменнік Скруджа загадваў слова, а астатнія мусілі яго адгадаць. На ўсе пытанні ён мог адказваць толькі “так” альбо “не”. Дзякуючы шквальнаму агню пытанняў, што пасыпаліся на яго, гульцы даведаліся, што Фрэд загадаў жывёліну, прычым жывёліну, якая існуе дасёння, хутчэй агідную, чым наадварот, жывёліну дзікую, жывёліну, якая часам раве, і буркоча, і нават нібыта размаўляе, жыве ў Лондане, прагульваецца па вуліцах, але за грошы не паказваецца, ніхто яе не водзіць за сабой і не трымае ў звярынцы, яе мясам не гандлююць на рынку, і гэта не конь, не асёл, не карова, не бык, не тыгр, не сабака, не свіння, не кот і не мядзведзь. Пасля кожнага новага пытання пляменнік выбухаў рогатам і разышоўся так, што перадаць немагчыма: нават ускочыў з канапы і пачаў тупаць нагамі. Раптам поўненькая сястра падхапілася, як і ён, з крэсла, гэтак жа затупала нагамі і са смехам выкрыкнула:
— Я ведаю! Я адгадала, Фрэд! Я ведаю, хто гэта!
— І хто ж? — закрычаў Фрэд.
— Гэта твой дзядзечка Скру-у-у-у-удж!
І гэта напраўду быў ён. Прысутныя пачалі навыперадкі захапляцца адказам, хаця хтосьці трохі паабураўся, сцвярджаючы, што разважаў у правільным кірунку, але адказ “не” на пытанне “Гэта мядзведзь?” скіраваў яго ў іншы бок.
— Скрудж падарыў нам сёння добрую нагоду парадавацца, — сказаў Фрэд, — і таму нельга не аддзячыць яму і не выпіць за яго здароўе. Бакалы з глінтвейнам ужо чакаюць, калі мы падымем іх і вып’ем за дзядзечку Скруджа!
— За дзядзечку Скруджа! — падхапілі ўсе.
— Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага году гэтаму старому, дзе б ён цяпер ні быў! — працягнуў пляменнік Скруджа. — Ён не захацеў прыняць маіх пажаданняў, але нягледзячы ні на што, хай яны збудуцца. За дзядзечку Скруджа!
Незаўважна для сябе дзядзечка Скрудж так развесяліўся, а на сэрцы ў яго зрабілася так лёгка, што, калі б Дух даў яму яшчэ трошкі часу, ён абавязкова падняў бы тост за здароўе ўсёй сябрыны, якая не здагадвалася пра яго прысутнасць, і падзякаваў бы ёй, хай сабе і бязгучна, у адказ. Але як толькі пляменнік скончыў прамову, уся карціна знікла, і Дух са Скруджам прадоўжылі сваё падарожжа.
Шмат чаго яны пабачылі і шмат куды трапілі, шмат дамоў наведалі і паўсюль прынеслі шчасце. Дух падыходзіў да хворых — і тыя весялелі, да вандроўнікаў у далёкіх краінах — і тыя адчувалі цяпло дому, да людзей, што церпяць нягоды, — і тыя знаходзілі сілы трымацца і спадзявацца на лепшае, да нястачы — і яна рабілася багаццем. У прытулках для жабракоў, у турмах, у лякарнях — ва ўсіх
Доўга цягнулася гэтая ноч — Скрудж нават засумняваўся, што яна была толькі адна. Здавалася, за той час, які ён прабавіў з Духам, прайшлі ўсе калядныя святы. Дзіўным здавалася і тое, што, хаця сам Скрудж за гэтыя гадзіны вонкава не змяніўся, Дух старэў проста на вачах. Заўважаючы змены ў абліччы Духа, Скрудж нічога не казаў, пакуль яны не пакінулі дзіцячае свята ў вечар на Вадохрышча. Тады, стоячы на адкрытым паветры побач з Духам, Скрудж убачыў, што той зусім пасівеў.
— Няўжо жыццё духаў такое кароткае? — спытаў Скрудж.
— На гэтай зямлі жыццё маё нядоўгае, — адказаў Дух. — Сёння ноччу яно заканчваецца.
— Сёння?! — усклікнуў Скрудж.
— Так, апоўначы. Чуеш? Мой час блізкі.
У гэты момант гадзіннік на званіцы прабіў тры чвэрці дванаццатай.
— Прабач, калі я не маю права задаваць такое пытанне, — пачаў Скрудж, пільна ўзіраючыся ў адзежы Духа, — але я бачу пад крысом твайго ўбрання штосьці дзіўнае і табе не належнае. Што гэта — птушыная лапа ці кіпцюры?
— Хутчэй кіпцюры, бо на іх зусім няма плоці, — скрушна адказаў Дух. — Зірні.
Ён расхінуў складкі свае адзежы, і Скрудж убачыў дваіх дзяцей, няшчасных, жахлівых, агідных, брыдкіх і ўбогіх. Яны ўкленчылі ля ног Духа і ўчапіліся за край яго мантыі.
— О, паглядзі на іх, чалавеча! — усклікнуў Дух. — Паглядзі, паглядзі на іх!
Гэта былі хлопчык і дзяўчынка, зжаўцелыя, замораныя, нахмураныя, ваўкаватыя, пакорлівыя ў сваёй знявазе абадранцы. Чыясьці зморшчаная рука, нібыта старасць, загарнула іх у лахманы, высушыла і сказіла рысы іх твараў, якія пяшчотнае юнацтва мусіла наліць жыццём і разрумяніць свежымі фарбамі. Там, дзе мелі панаваць анёлы, стаіліся дэманы і злавесна аглядалі наваколле. Ніякія змены, ніякія выраджэнні, ніякія вычварэнні чалавецтва ніводнае эпохі пачынаючы з часоў загадкавага і чароўнага стварэння свету яшчэ не спараджалі такіх брыдотных і вусцішных пачвараў.
Скалануўшыся, Скрудж адхіліўся. Гэтыя істоты з’явіліся перад яго вачыма зусім нечакана, і калі ён паспрабаваў сказаць, што яны мілыя дзеці, словы захраслі ў яго горле, не жадаючы ўдзельнічаць у мане такога неймавернага размаху.
— Гэта твае дзеці, Дух? — толькі і змог выціснуць Скрудж.
— Яны — дзеці Чалавека, — адказаў Дух, пазіраючы на іх уніз. — І яны чапляюцца за мяне, ратуючыся ад сваіх бацькоў. Хлопчык — гэта Невуцтва. Дзяўчынка — Нястача. Сцеражыся іх абодвух і ўсяго, што з імі звязана, але больш за ўсё сцеражыся хлопчыка, бо на яго ілбе напісана “Пагібель” — і хлопчык напраўду прынясе яе, калі надпісу не сцерці. Адмаўляй гэта! — ускрыкнуў Дух, працягваючы рукі ў бок горада. — Выкляні тых, хто будзе папярэджваць! Выкарыстай невуцтва і нястачу дзеля свае мэты і распаўсюдзь іх! І чакай канца!
— Няўжо ў іх няма падтрымкі ці прыстанку? — запытаў Скрудж.
— Хіба ў нас не хапае турмаў? — пацікавіўся Дух, зноў звяртаючыся да Скруджа з яго ўласнымі словамі. — А працоўных дамоў?
Гадзіннік прабіў дванаццаць.
Скрудж азірнуўся, шукаючы Духа, але таго ўжо не было. Калі гудзенне апошняга ўдару сціхла, Скрудж успомніў прадказанне старога Джэйкаба Марлі і, падняўшы вочы, убачыў, як велічны прывід, захутаны ў плашч з капюшонам, плыве яму насустрач, як плыве над зямлёю туман.