Ланцуг
Шрифт:
Стаялі, выкурвалі па цыгарэце, заварочвалі назад — ішлі ўжо ў прыцемках, сапраўды за рукі ўзяўшыся. Шчаслівы, што аддаляемся ад праклятага месца, я ўслых разважаў, што вось праз год, усяго! — скончу тэхнікум, станем мы жыць у лесе, можа нават у той жа казарме, ці пабудуем церам-катэдж — няважна; я буду хадзіць на паляванне, па рыбу ў кар’ер, па грыбы, чытаць кнігі і пісаць «літаратуру», ты — чакаць мяне, радавацца маім поспехам, завіхацца па гаспадарцы, гатаваць мне абеды, вячэры і сняданкі…
Ты адзін раз толькі перабіла, сказала —
— А армія? — спытала ты ціха.
— Што армія? Ну, армія…
Вярталіся ў свой ад усяго свету зацішны куточак, да нашага калодзежа пад грушай. Пілі з кансервавай бляшанкі на палцы смачную, зубаломную ваду. Моцна пахла грыбным жніўнем і калодзежнай нізіннай сырасцю. Недзе далёка гул цягніка ці то прыбліжаўся, ці то аддаляўся.
Мы сядалі на зруб. Ты абдымала мяне за плечы — не як дзяўчына хлопца, а як «сябар сябра» (ты так пішаш).
— Дык табе Гаўрыла нічога не расказвае пра оргіі? — шаптала ты, садыстка мая малая. — Так брыдка, праўда? Фу, як нецікава… Нейкія оргіі, — а галасок твой дрыжэў, а слова гэтае смакавалася, сліна зглытвалася… І бляск тваіх вачэй у месячным святле, і дыханне, і міжвольнае, рэфлексіўнае, як падрыгванне жабінай лапкі, сціскванне маіх пальцаў выдавалі цябе з галавой. — Ты не слухаеш? Табе нецікава?
— Мне брыдка, — шчыра адказваў я.
— Тады што табе цікава?
— Мне? Толькі пра нас з табою. Пра наша будучае жыццё ў адзіноце. Пра футбол, кнігі, пра зіму, кар’ер, пра лес, пра зжатае поле, калодзеж, грыбы… Пра чыгунку… Пра розныя краіны заморскія, якія мы з табою абавязкова ўсе аб’ездзім — каб пераканацца, што лепш за Беларусь усе адно няма…
Менавіта так я і казаў, і яшчэ сабраўся многа чаго пералічваць. Твой пацалунак закрыў мне рот.
— Ты многа любіш… Хіба можна так многа любіць?
Раздзел ХХ. «Белага лета крыло»
«Заўтра Валянціну трэба ад’язджаць у горад.
Сёння іх апошняя сустрэча. Невыносна цяжка пісаць гэтае слова — апошняя! Гануля ўся ў прадчуванні чагосьці значнага, але непапраўнага, важнага і разам з тым наканаванага.
Кранутае агнём рабін лета саступае настырнай, няўмольнай восені. Хутка дажджы, халады, адзінота… Ці вытрымае Ганна? Яна нават не ўяўляе свайго існавання без каханага. Трывога, непакой, тужлівы гнёткі сум навальваўся на дзяўчыну і золкім туманом агортваў душу.
Задоўга да прызначанага часу яна чакала каханага на іхнім улюбёным месцы. Вось і знаёмыя, родныя крокі на вузкай сцяжынцы, і між дрэў замільгала яго куртка…
— Мой дарагі, любы!»
Усё гатовы дараваць табе за гэтыя словы, за інтанацыю іх, нават калі яны выскачылі ў цябе выпадкова — ведаеш, бывае,
«… — Няўжо мы больш не ўбачымся, Валянцін?!
— Не кажы так, Ганна! Не ўяўляю будучыні без цябе!
— Я таксама, Валянцін!
Гарачы шэпат закаханых заглушыў шум акружаючага лесу. Вусны іх зліліся ў доўгім, гарачым пацалунку. Дзяўчына не магла высіліцца з нечакана ўчэпістых абдымкаў хлапца. Ды і не мела намеру вызваляцца…
І калыхалася, як на нябесных арэлях, спелая поўня над імі… Невыказна-салодкі віхур закружыў, падхапіў іх і панёс, панёс туды, да зор… Поўня наблізіла свой круглы, цікаўны твар і схілілася над імі… Зоркі гайдаліся, целы спляліся, у вушах гучала сімфонія кахання!!!
…А потым радасныя, ашаломленыя, уражаныя незямным адчуваннем, развітваліся яны, і давалі клятву не жыць адно без аднога…
Паехаў! Усё асірацела без яго. Ганна вырашыла, чаго б ёй тое ні каштавала, чакаць. Колькі спатрэбіцца, хоць цэлую…
А яшчэ праз месяц дзяўчына даведалася, што неўзабаве ў Валянціна вяселле з нейкай там гарадской. Якая вераломная здрада! Гэтага Ганулька нават не чакала.
Плач пад ігрушай…»
Канец.
Вось так.
Значыць, так яно ўсё адбывалася? Тым скончылася? А я і не ведаў. Лясная краска, дзікая архідэя ахвяравала ўсю сваю прыгажосць, маладосць і цноту легкадумнаму донжуаністаму прайдзісвету — мне, які толькі і трымаў у галаве пакарыстацца нявіннай дзяўчынай, а потым спакойна адчаліць на ўласнае вяселле, пакінуўшы бедную плакаць? Некалі адна матрона, паважаная маці сямейства, гартаючы альбом, тыцнула пальцам у выцвілую фотакартку ваеннага пад засвечанай пальмаю і пры мне — маладым тады яшчэ чалавеку, пры мужы, пры дарослым сыне, пры 10-гадовай унучцы і 80-гадовай сваёй матцы — задуменна, гулліва працягнула:
— Гэта ж быў час, адмірал да мяне заляцаўся… Не давала, дурная… А цяпер і рада, ды не трэба нікому…
Так і ты, даруй.
Было — і прайшло! Усё, забудзь! Не трэба гэтых падтасовак у памяці, гэтых раскаянняў, не трэба заднім розумам ні перад сабой, ні перад кім апраўданняў! Гісторыя з матронай табе нічога не нагадвае, Люда? Напрыклад, люстэрка? Паглядзі ў яго ўважліва — і ты не ўбачыш там, як ні напружвай зрок, ні поўні, ні салодкай віхуры, ні гайдання неба, ні зліцця вуснаў і целаў… Словам — нічога. Табе не разгледзець там дэталяў нашай апошняй сустрэчы, бо яе проста не было. Ты на яе не прыйшла.