Ланцуг
Шрифт:
Грыгор саромеецца свайго з маладых гадоў заплямленага лёсу, і таго, што косіць не адзін, а ўпрычэпку з дзедам, бо яму, як блазну, не далі свой уласны цэлы ўчастак… Сорамна, што ён ужо вялікі хлопец, а такі непрыгожы: круглы ў рабацінні твар, адтапыраныя вушы, кароткая шыя і нечакана доўгія — як выпрастацца, да каленяў — рукі. Да ўсяго ж ён сын сапраўднага ведзьмака. Яго бацька Ігнат быў аграмаднага росту мужчына, з барадой да пояса, зімой і летам хадзіў босы і толькі ў белым — як здань; большую частку жыцця пражыў адзін у лесе, у зямлянцы, зімаваў ледзь не разам з мядзведзямі ў адным бярлогу, ведаў мову звяроў, птушак, дрэў (вядома ж, што бяроза і асіна па-рознаму шапацяць лісткамі пад ветрам), а калі паміраў — тры дні і тры
— Грыша, сынок, не ляці так, ты ж старога зацягаў! — просіць Махновачка.
Пятро са сваёй паласы таксама падае голас:
— Грыгор, у травы ног няма, не ўцячэ!
Яны з дзедам разам працуюць на чыгунцы, і ў Пятра ўжо нібы абавязак ім апекавацца.
— Дзед, ідзі адпачні, я дакашу…
— А я не ўтаміўся! — маладым голасам, бадзёра адказвае Мікалай Мірон. Дзе ў чалавека імя, дзе прозвішча, не разбярэш, і яго завуць хто Мікалаем, хто Міронам, як языку зручней. Яму семдзесят гадоў. Узяты ён не так касіць, колькі на падхват: дзе падгрэбсці з бабамі, дзе касу памагчы падладзіць…
Аднак пакуль дзед ні ў чым не саступае маладому. На два Грыгоравых махі ён робіць адзін, а інтэрвал паміж імі не скарачаецца. Пры тым ён паспявае яшчэ перыядычна піць соду ад пякоткі, якую ён называе — жога; спыніцца, дастане пакуначак з газеты, высыпле ў жменю, зап’е вадой з салдацкай біклажкі… На ім чорная чыгуначніцкая форма. Алюміневые гузікі сцёртыя да таго, што ўжо нават не адбіваюць сонца. Душна яму, і ён прыдумаў вентыляцыю: сарочку скінуў, а пінжак адзеў на голае цела, і цяпер з-пад пінжака кусціцца на грудзіне сівы мох. І сам ён падобны на сівы пень. Бываюць у лесе такія пні — стары, але яшчэ моцны, летняе сонца і зімовы мароз выпарылі з яго вільгаць, вятры высушылі, адпаліравалі, і зрабіўся ён цвёрды, як жалеза, стаіць, і будзе стаяць невядома колькі часу, перажыўшы і сваіх спарахнелых суродзічаў, і хілы маладняк.
— Дзед, папі яшчэ соды, — не ўнімаецца Пятро. — Я дакашу за цябе, памагу!..
— А ты ўсім памажы, — раіць ззаду Пятрова жонка Валя. — Ідзі яшчэ брату памажы — яго забыў. Пасля ідзі яшчэ цюрэмшчыку памажы…
Пятро і праўда ўжо цераз край да ўсіх «дабрачы». У яго саладжавая, нечаканая для вясковага мужчыны мянушка — Кветка. Гэта мясцовы прыгажунчык, які памылкова нарадзіўся ў сялянскай хаце. З такой знешнасцю яму трэба было б здымацца ў кіно ці працаваць спецагентам у якім-небудзь непрыкметным куточку буржуазнай Еўропы, пакрысе ўкараняцца, памалу збіраць патрэбныя звесткі… Армію ён адслужыў у Сярэдняй Азіі. У яго альбоме красуецца малады, прыгожы, як кветка, шляхцючок; на галаве замест шаблоннай фуражкі з кукардаю — фарсістая сімпатычная панама. Яна і цяпер на ім. У адрозненне ад Кулініча Пятро ажаніўся рана, адразу пасля службы, узяў старэйшую за сябе на пяць гадоў Валю — гэтую самую, што цяпер, працуючы ззаду граблямі, бурчыць пад нос, не сціхае. Хоць пражылі яны ўжо колькі часу, трое дзяцей-дзяўчынак у іх: Вера, Надзя і чатырохгадовая Любка, — а ладу не было і няма паміж імі. Справа ў тым, што Пятро — горкі п’яніца. Валя яго слабасць тлумачыць так: канечне, ён прыгожы, «кветка», а яна непрыгожая, ён малады, а яна, выматаная дзецьмі, старая, ён добры, асабліва да чужых, а яна паганая… З іншага боку і Пятро ў даўгу не застаецца. Ён ніколі не заве жонку па імені, а толькі мая.
«Ты маёй не бачыў?»
У п’янага ў яго звычка швэндацца па чужых хатах і расказваць, як Валя яго на сабе сілком жаніла:
«Каб мая тады не зацягнула на сябе, дык я б, можа, на машыніста пайшоў вучыцца», — яго няздзейсненая запаветная мара, ездзіць далёка на цягніку, глядзець новыя мясціны,
П’янаму, Валя помсціць яму езуіцкім спосабам — увечары выграбае ўсе грошы з кішэняў, а раніцай не дае пахмяліцца. І толькі калі бачыць, як яму кепска, ёй самой робіцца весялей, мякчэй на душы. «Баліць? — ласкава-зларадна пытае яна. — Хай пабаліць. А не бадзяйся па хатах. А не кажы, што ў цябе жонка паганая».
— Табе трэба той дзед, — бурчыць Валя. — Табе трэба той цюрэмшчык… Табе трэба чужыя людзі… У цябе свая сям’я, трое дзяцей, хата, жонка…
Замест адказу Пятро выцірае панамай мокрую шыю і глядзіць на сонца. Яго русыя валасы кольцамі прыліплі да лоба, а на падбародку падсыхае мутная кропля.
— О пячэ! Як у барханах!..
І праўда, даўно полудзень. Часцей звонкае шорганне брускоў і мянташак аб стальное палатно. Вельмі гучна стракочуць конікі. Сытыя буслы то адзін, то другі закідваюць галовы на спіны і клякочуць. Ад сонца ў вачах на зялёнай траве белыя плямы; усё — абалонь, Прыпяць, затока, пракосы — бачыцца не акрэслена, а праз дрогкую смугу. Жоўта-чорныя сляпні віюцца над людзьмі роем; ад паху людскога поту яны адурэлі да таго, што некаторы сядае на касаўё ці грабільна і, растапырыўшы ад экстазу крыльцы, упіваецца замест цела ў гарачае дрэва.
IV
У абед пацягнуліся ўсе ўніз, у цень, у прахалоду — туды, дзе затока, вербы і машыны. Некаторыя адразу пападалі ад утомы на мяккі мурог пад вербамі, большасць пачала спускацца да вады — як гэта быць на Прыпяці і не пакупацца?
Купанне людзей, што нарадзіліся, выраслі і жывуць сярод лесу і балот, далёка ад вялікай ракі — гэта нешта. Усе яны баяцца вялікай вады, якая рухаецца, плыве, ва ўсіх на генетычным узроўні страх перад ёю, тым больш такой, як Прыпяць. Яны прывыклі да вады стаячай, сажалкавай, кар’ернай, плаваць умеюць у лепшым выпадку па-сабачы і на неглыбокім месцы, каб у любы момант можна было дастаць нагамі дно. Ды і слова яны «купанне» ўжываюць неахвотна, гэта блюзнерства, для малых, а дарослы спаважны чалавек скажа не «пайду купацца», а «пайду мыцца».
У кожнага ў руцэ кавалачак мыла. Жанчыны не ідуць у ваду зусім, мыюцца з берага. Што да дзяцей, дык тым ужо і наказваць не трэба: самі асцерагаюцца, і купанне для іх — легчы ў прыбярэжную ваду на жывот, а галавой на мелкае, ці, як пішуць, на плыткае, — нібыта і купаешся, хвалі цябе з галавой накрываюць, нагамі ў вадзе боўтаеш — і разам з тым у вір не зацягне.
Мужчыны з чырвонымі загарэлымі шыямі, з белымі жыватамі і нагамі, усе ў аднолькавых чорных трусах мочаць сабе пад пахамі, жменямі чэрпаюць ваду, абмываюць трохі пот — і давай хутчэй церціся мылам. Мыла не хоча даваць пену ў рачной вадзе. Доўга і старанна, па некалькі разоў, шаруюць галовы. Усё гэта пасля будзе называцца:
«А што мне твая Прыпяць, я ў ёй сто разоў плаваў!»
Самыя смелыя заходзяць па шыю — пастаіць трохі, не ведаючы, што рабіць далей, галава над вадою, сам крэкча, нібыта ад асалоды — «вух ты! харашо!» — а ў вачах трывога… Пастаіць — і назад, на бераг, а адтуль хутчэй за вербы, у лазняк, выкручваць трусы — абавязковы рытуал! — ці купаешся ты, ці мыешся, ці рыбу ловіш, гэта самая першая, неабходная справа.
Збоку ад купальшчыкаў, вышэй па рацэ Грыгор вельмі асцярожна, перастаўляючы ногі, як на лыжах, зайшоў па калені, потым па пояс, па шыю і паплыў наразмашку. З берага на яго глядзелі з асуджэннем. Ён заплыў на самую сярэдзіну, нырнуў, высунуўся па грудзі, пастаяў так, памагаючы сабе рукамі, затым, відаць, засаромеўся, што ўсе на яго пазіраюць, лёг на спіну і ціха паплыў назад да берага.