Ланцуг
Шрифт:
Тым часам на беразе затокі пад вербамі жанкі ладзілі полудзень. Цёплае малако ў бутэльках з газетнымі затычкамі, бляшанкі рыбных кансерваў, сала, мяса з коўбіка, гуркі, свежыя і вараныя яйкі, зялёная цыбуля, хлеб — у кожнай сям’і адно й тое ж, як салдацкі харчпаёк, а ўсё адно здаецца, што ў суседа смачнейшае. Не паспелі пад’есці, як на рацэ затарахцеў матор, паказалася сіняя лодка з трыма мужчынамі. Праехала паўз бераг і завярнула ў затоку. Падчаліла акурат да таго дальняга, чаратовага беражка.
Па беларускай завядзёнцы іх спачатку дружна абгаварылі — мы тут працуем, а яны сярод белага дня рыбку
— Хай ловяць на здароўе, яны шкоды не робяць…
— Хіба мы для іх косім? — для сабе…
— Бачыш, уночы іх ганяюць, дык яны ўдзень…
— Наловяць, у Кіеў завязуць…
— А што тут маторкаю да Кіева?
Дзеці сабраліся ў чародку і пайшлі глядзець. Кулініч, на хаду дажоўваючы, таксама.
Людзям з гэтага берага, з-пад навіслых над вадой вербаў, відаць, як яны там ловяць. Утрох, дзіўнай снасцю — такім шырокім трохкутным брэднем. Двое з бакоў за палкі цягнуць, трэці ззаду прыціскае камель да дна.
— Ніжай, ніжай, ніжай! — даносіцца адтуль знаёмае Кулінічава.
— Гэта «крыга», — тлумачаць недасведчаным знаўцы.
Бачна, як зводзяць разам палкі, выцягваюць тую «крыгу», ніз змыкаецца, і ўвесь улоў — твой. Як у вялізным мяху. Блішча срэбра ў сетцы, залацяцца ліні, лупяць хвастамі, выгінаюцца зялёныя шчупакі, ходырам усё ходзіць! Так, не перабіраючы, разам з малькамі і ракамі, нясуць і ссыпаюць у лодку.
Людзі зайздросцяць, дзівяцца:
— Во як лавіць трэба…
— А мы з «кабыламі»…
— Сядзім у балацянках, нічога не ведаем…
Цяпер ужо і дзецям зразумела — смешныя яны са сваімі прымітыўнымі донкамі, грузіламі і здохлымі ад спёкі чарвякамі ў бляшанках. Канечне ж, і яны да абеду спрабавалі — але нічога не закідваецца, не хоча ляцець, блытаецца, рвецца, а калі і выцягваецца, дык клубок «барады», корань аеру ці камяк прыдоннай травы. Цяпер яны ўсё ведаюць. Канечне ж, справа ў снасцях. Ды калі б нам… Дайце такую «крыгу», ды маторку, мы б!..
Усяго разы тры зацягнулі браканьерчыкі — і больш не трэба, паўлодкі рыбы. У каламутнай вадзе з дна падымаюцца бурбалкі, усплываюць на паверхню прытаптаныя расліны, напалоханыя рыбіны, якім пашанцавала выжыць, пускаюць кругі.
— Хоць бы дзецям далі па рыбінцы…
— Хто ж то дасць?
— Дзе ж тут усім напасешся…
— На нас на такую прорву дзве лодкі дай — мала будзе…
З павешанымі насамі дзеці пайшлі назад. Кулініч застаўся, пачаў прыкурваць — з выглядам чалавека, які свой абавязак выканаў, а вы ўжо тут самі разбірайцеся. На лодку ён нават не пазірае — рыбы я вашай не бачыў, шчасце такое…
— Эй, памочнік! Лаві!
Два шчупакі метровай даўжыні адзін за адным бохнуліся на бераг, як дзве палянякі, заскакалі ў траве, тоўстыя, у жоўта-зялёных крапінах, з белымі жыватамі і чорнымі спінамі. Кулініч нават дзякую не сказаў. Абыякава, на калене, з страшным хрустам — на другім беразе чуваць было, пераламаў рыбінам хрыбетнікі, злупіў сцізорыкам паску кары з лазіны, уздзеў праз жабры, і так і прыцягнуў — хвастамі па траве, да свайго табара. Кінуў — і адразу ж адвярнуўся. Каса яго зацікавіла, кальцо пачаў правяраць, цаўё мацаць, ручку падцягваць.
Махновачка ззяе ад гонару. Калыша Васілька:
— А дзе наш татачка, пакажы… А вось наш татачка, рыбку злавіў… Паглядзі якую… І ты,
— Пачысціць і я магу, — ні да кога не звяртаючыся, сказаў дзед. Бо, калі шчыра, які б ні быў, а выхадзіўся ён. А так занятак, з рыбаю валэндацца, з галлём, з вогнішчам, з юшкаю…
Пасля абеду сонца пайшло спускацца. Вербы ўжо не даюць цень машынам, і два шафёры, што нараўне з усімі махалі косамі, пайшлі ў каторы раз заводзіць маторы і шукаць новага ценю.
Расы няма ў паміне, трава цяжкая, шорсткая, косы слізгаюць па ёй, а дзе проста шоргаюць, як па дроце. Усё часцей перакуры. Усё большае патрэба прамачыць вадой горла і заадно лішні раз паглядзець на сонца, якое з чырвонага робіцца малінавым, мяккім; промні не свецяць, а сцелюцца. Вось палавіна яго ўжо схавалася за дубы з буслянкамі. Яшчэ трохі — і зусім знікла. Цені ад блізкага хмызняку, ад дубоў ляглі на луг.
Людзі збіраліся да сваіх шалашыкаў. А тры касы ўсё яшчэ пасвіствалі: Кулініч, Пятро і Грыгор заканчвалі дзедаву долю.
V
Які доўгі быў дзень!..
Каля вогнішча ў Кулініча на юшку і на чарку сабралася цэлая кампанія. Толькі Пятро Кветка адмахнуўся: «Мне з вашай кроплі толькі рот памачыць, а крыку ад маёй будзе…» Там у яго свой агеньчык, і Валя топчацца.
Юшку ядуць з аднаго вядра, сагнутымі ў кручок алюміневымі лыжкамі. Чуюцца толькі мірныя гукі сёрбання, абсмоктвання костак і пляскат далоні то ў лоб, то па плячы, то па карку. Камар’ё! Дзед зварыў без бульбы, затое цыбулі, лісту, перцу і солі напёр. Але юшку ж нічым не сапсуеш, рыба ўсё лішняе ўбярэ.
Грыгору дасталася, ці сам ад сціпласці знарок выбраў, шчупаковая галава — зубатая, як акула, з цвёрдымі жабернымі пласцінамі. Ён яе старанна, па костачцы разбірае, і калі агонь у кастрышчы ўспыхвае весялей, відаць на яго безыменным пальцы сціплую татуіроўку: маленькі, расплывісты, быццам шарыкавай ручкай намаляваны, крыжык. Выпіць яму не налілі, проста забылі, а ён, канечне, змоўчаў. Увогуле, Грыгора не заўважаюць, не звяртаюцца, не гавораць з ім, як бы і няма яго.
Паеў трошкі, голад спатоліў і маўчком падаўся да свайго шалашыка. Хоць бы хто паклікаў яго, папрасіў застацца. Так і ляжыць недзе адзін, у цемры, з камарамі, забыты-пакінуты…
Махновачка, якая да таго часу пакарміла і ўкалыхала сына, неўпрыкмет узяла недапітую бутэльку, пайшла туды.
— На, каўтні, сыночак, хай і табе пашчаслівее… Не глядзі на іх, не слухай, хай сабе брэшуць, а ты жыві, такі малады…
Ноч, зоры, цёплая зямля…
Па ўсім лузе рассыпаліся чырвоныя кропкі вогнішчаў. Чуваць, як унізе вада ласціцца аб бераг. Тонка, соладка пахне прывяленая, а к ночы зноў акрыялая трава. Шыпіць сала, капае з яго і патрэсквае тлушч на вуголлі.
Размякчэлыя ад спіртнога, ад такой прыгожай ночы, людзі адчувалі кожны адно і тое ж — паўнату жыцця, якога так многа вакол, якое і ў стракатанні конікаў, і ў гэтай цыбуліне, у хрумсце, з якім яе грызуць, і ў тым, як чарка перадаецца з рук у рукі, і ў вогнішчы, якое гарыць сабе, падымаецца дымок над ім, а полымя кідае водбліскі на твары і выхоплівае з цемры няроўны круг пакошы.